Ельцынскі прэцэдэнт

Барыс Ельцын прыехаў у Беларусь, каб вярнуць сабе страчаную палітычную вагу. А Сямён Домаш на мінулым тыдні, наадварот, афіцыйна падаў у адстаўку з пасады старшыні “Гарадзенскай ініцыятывы”.

Гэты крок не назавеш нечаканым: ужо амаль год ён ня браў удзелу ні ў палітычнай, ні ў грамадзкай дзейнасьці. Як схапіў яго інфаркт перад выбарамі, гэтак ён і зьнік. Хвароба пазбавіла Домаша абавязку браць удзел у млявай кампаніі Ганчарыка. На нейкі час ён зьнік з поля зроку журналістаў. І калі нейкі рэпарцёр адшукаў Сямёна Домаша ў больніцы, той хораша распавядаў, што “трэба лячыцца, каб добра вылечыцца”. Некаторыя меркавалі тады, што хвароба Домаша была “дыпляматычнай”.

Людзі, блізкія да Домаша, сьведчаць: гэта ня так. Наадварот, пасьля інтрыганскага вылучэньня “адзінага кандыдата”, пасьля бясслаўнае паразы 9 верасьня Домаш зламаўся. Ад крыўды на партыі, якія так лёгка здрадзілі таму, каго так доўга намаўлялі ўключыцца ў палітыку. Ад крыўды на грамадзкія ініцыятывы, якія напавер аказаліся на чвэрць абсаджаныя афэрыстамі і абібокамі. З пасьлявыбарчай дэпрэсіі Домаш ня можа выйсьці дагэтуль.

А сэрца ў яго паправілася. Калі мінулай восеньню ягоныя паплечнікі хацелі на пасьлявыбарчым уздыме стварыць вакол Домаша й “Рэгіянальнай Беларусі” новую партыю ці рух, праект так і застаўся на паперы. Домаш згоды ня даў. Увесну ён ужо сам паспрабаваў разгарнуць гэты праект. Ды нічога не ўдалося: ня стала былога энтузіязму, у адсутнасьць лідэра зусім расталі сродкі.

Сам палітык у камэнтары для “НН” адзначыў, што ён, хоць і сышоў з пасады кіраўніка “Гарадзенскай ініцыятывы”, зусім пакідаць грамадзкую дзейнасьць не зьбіраецца. У адстаўку ён ідзе, бо, у адрозьненьне ад большасьці сяброў аб’яднаньня, ня бачыць сэнсу ва ўдзеле ў выбарах у мясцовыя органы самакіраваньня й ня будзе браць у іх удзел. Дык ня хоча замінаць.

Разам з Домашам “Гарадзенскую ініцыятыву” пакінуў яго намесьнік, прафэсар мэдыцыны Алесь Астроўскі. “Ініцыятыва” ад 1999 г. аб’ядноўвала тры дзясяткі партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, прафзьвязаў. Астроўскі быў блізкі да Домаша. Разам з Уладзімерам Кудзінавым і Андрэем Кусельчуком летась у ліпені ён да апошняга пераконваў Домаша не здымаць сваёй кандыдатуры. Алесь Астроўскі зьбіраецца прысьвяціць сябе распрацоўцы ідэалягічнае плятформы апазыцыі і гатовы для гэтага ўтварыць новую грамадзкую арганізацыю. Былы дэпутат-палітвязень Уладзімер Кудзінаў эміграваў ва Ўкраіну. Жыве там у Крыме, пачынае сваю справу. Андрэй Кусяльчук, былы рэдактар “Głosu znad Niemna”, пасьля — прэс-сакратар Домаша, рыхтуе да запуску інтэрнэт-партал Горадні. Хоча, каб ён выйшаў ня горшы за ўжо існы аналягічны партал Берасьця.

Хто стане новым кіраўніком “Ініцыятывы”, пакуль ня вызначана.

Домаш пайшоў у бізнэс. Чаго зычым і многім нашым палітыкам.

Бізнэсам ня грэбуе і Ельцын. Справы “сяброў” былі галоўнай мэтай візыту цара Барыса ў Беларусь. Ён прывёз прапанову далучыць нашу авіякампанію “Белавія” да расейскага “Аэрафлёту”.

Ельцын любіў і любіць уладу. У свае гады ён бы яшчэ не адмовіўся заняць пасаду кіраўніка саюзу Расеі й Беларусі. А ўлада любіць тых, хто яе прагне.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0