Беларуская Аўтакефалія на ростанях

20 чэрвеня ў Таронта памёр мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы за мяжой (БАПЦ) уладыка Мікалай. Ягоны наступнік ставіць задачу актывізацыі дзейнасьці БАПЦ на бацькаўшчыне.

“Беларусы Канады i ўсяго сьвету ў глыбокiм смутку. 20 чэрвеня на 86-м годзе жыцьця ў Таронта памёр уладыка Мiкалай, архіяпіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Мы страцiлi вялiкага i добрага чалавека, спакойнага i ўраўнаважанага, сьцiплага i адданага. Усё сваё жыцьцё ён служыў Богу i людзям, стварыў i ўмацоўваў аўтакефальную Беларускую праваслаўнаю царкву. Усе, хто ведаў гэтага адметнага ў беларускай гiсторыi чалавека, нiколi яго не забудуць. Вечны пакой i добрая памяць”, — піша Рада Згуртаваньня беларусаў Канады. “Асірацела ўся нашая беларуская сям’я. Уладыка Мікалай быў чалавекам добрым, ветлівым, перад вачыма — ягоная цёплая ўсьмешка. А галоўнае — ягоная працавітасьць, ягоны патрыятызм і ягоная вялікая вера ў дабрыню людзей. Меў вялікі Божы дар, умеў трымаць людзей вакол сябе, і, напэўна, гэта было найважнейшым у гэтым моманце нашай гісторыі, калі нам так патрэбнае яднаньне. Няхай яму будзе вечны спакой”, — так разьвіталася з уладыкам Мікалаем старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

Наступнікам уладыкі Мікалая стаўся ягоны намесьнік, мітрапаліт Аляксандар (Салагуб). Яшчэ ў траўні ён абвесьціў пра свой хуткі візыт на Бацькаўшчыну (заплянаваны на канец лета — пачатак восені) і пра тое, што ён бярэ пад юрысдыкцыю БАПЦ парафіі і сьвятароў Беларускай народнай праваслаўнай царквы, якія паўлегальна дзейнічалі ў Беларусі. Спроба зрабіць Аляксандра ўладыкам была яшчэ пры жыцьці Мікалая, у часе Сабору БАПЦ, што адбыўся на пачатку чэрвеня ў Гайленд-Парку (Нью-Джэрзі, ЗША). Мітрапаліт Мікалай у Саборы ўдзелу ня браў.

Падчас выбараў узьнікла дыскусія. Разглядаліся дзьве кандыдатуры: япіскапа Каліфарнійскага і Заходнеэўрапейскага Яна і япіскапа Аляксандра. Перавагу аддалі другому, бо Ян — з паходжаньня сэрб. Сабор таксама абраў Раду БАПЦ і Кансысторыю.

За ўсю гісторыю БАПЦ уладыка Аляксандар Салагуб — ці ня самы адукаваны яе ярарх. Акрамя таго, ён пабіў усе рэкорды, калі ў красавіку 2000 г. за тры (!) тыдні са сьвецкага чалавека зрабіўся біскупам.

Па-ранейшаму актыўная і другая частка БАПЦ, якой кіруе ўладыка Ізяслаў. Яна выдае газэту “Царкоўны пасланец”, якая шмат гадоў распаўсюджваецца ў Беларусі. У Інтэрнэце створаны сайт БАПЦ. Вялікую частку працы выконвае кіраўнік Кансысторыі Барыс Данілюк, былы афіцэр Беларускай Краёвай Абароны, сын вядомага праваслаўнага сьвятара Хведара Данілюка.

Пакуль цяжка сказаць, ці здолее Аўтакефальная царква перанесьці сваю дзейнасьць у Беларусь. Па словах а.Івана Спасюка, цяпер у краіне налічваецца каля 70 незарэгістраваных прыходаў БАПЦ. Аднак яны зусім малалікія і ня маюць сваіх храмаў. Існуе і адзін прыход, які па-ранейшаму ўваходзіць у Беларускую народную праваслаўную царкву.

Улады адмаўляюць прыходам БАПЦ у рэгістрацыі. Аднак мітрапаліт Аляксандар спадзяецца знайсьці выйсьце, напрыклад зарэгістраваць прыходы ў Дзярждэпартамэнце ЗША, як раней гэта рабіла Праваслаўная царква Чарнагорыі.

Раскол БАПЦ на эміграцыі не пераадолены, ён доўжыцца 20 гадоў і замінае ў справе пераносу яе дзейнасьці на Бацькаўшчыну.

Алег Тачоны


ДАВЕДКА

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ) была ўтворана ў 1920-х гадах у БССР. Яе ачольваў мітрапаліт Мэльхісэдэк (М.Паеўскі). У выніку бальшавіцкіх рэпрэсій БАПЦ была ліквідавана. Адрадзілася яна ў гады другой сусьветнай вайны. У 1942 г. у Менску прайшоў Усебеларускі царкоўны сабор, на якім БАПЦ была адроджана. У 1944 г. епіскапат БАПЦ выехаў на эміграцыю, дзе ў 1946-м увайшоў у склад Расейскай замежнай праваслаўнай царквы. У 1948 г., з дапамогай ярархаў Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, у Заходняй Нямеччыне была адноўленая БАПЦ. Яна існавала ў Заходняй Эўропе, ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Пасьля сьмерці мітрапаліта Андрэя (Крыта) у 1983 г., у 1984 г. Царква раскалолася на дзьве часткі зь япіскапамі Мікалаем (жыў у Таронта) і Ізяславам (у Брукліне) на чале. Прычыны расколу былі хутчэй асабістымі. Акрамя таго, на эміграцыі дзейнічае шэраг беларускіх праваслаўных прыходаў, не падначаленых БАПЦ, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха. Яшчэ адна эміграцыйная структура, якая называе сябе Беларускай народнай праваслаўнай царквой, зь сярэдзіны 90-х спрабавала перанесьці сваю дзейнасьць у Беларусь.

 

Мітрапаліт Мікалай (Міхал Мацукевіч, 21 траўня 1917 — 20 чэрвеня 2002) нарадзіўся ў Самарскай губэрні, дзе ягоныя бацькі былі ў бежанстве. На Палесьсе, у Моталь, вярнуліся ў 1921 г. Служыў у польскім войску, браў удзел у нямецка-польскай вайне 1939-га, быў паранены. Падчас нямецкай акупацыі апынуўся ў канцлягеры. Пасьля вайны жыў у Ангельшчыне, пасьля пераехаў у Канаду, браў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці. Адчуўшы пакліканьне, стаў праваслаўным сьвятаром. 10 сакавіка 1968 г. быў хіратанізаваны на япіскапа. З 1984 г. кіраваў адной зь дзьвюх частак БАПЦ. У пачатку 90-х наведаў Беларусь, сустракаўся зь мітрапалітам Філарэтам.

Мітрапаліт Аляксандар (Аляксандар Салагуб) нарадзіўся ў Баранавічах у 1962 г. У 20 гадоў выйшаў з камсамолу, пажадаўшы прысьвяціць сябе служэньню Богу. За гэта трапіў пад рэпрэсіі, змушаны быў працаваць вартаўніком. Скончыў у Маскве Духоўную сэмінарыю і Акадэмію, асьпірантуру, абараніў дысэртацыю па багаслоўі. Скончыў таксама Экумэнічны інстытут Сусьветнай рады цэркваў у Жэнэве. З 1994 г. быў сакратаром прадстаўніцтва Маскоўскага патрыярхату пры патрыярху Антыяхійскім у Дамаску, потым сакратаром япіскапа РПЦ Гур’я ў Парыжы. Пэўны час адказваў за сувязі з Ватыканам, неаднаразова сустракаўся з Папам Рымскім. Выступіўшы з выкрыцьцём ярархаў-гомасэксуалістаў у РПЦ, у 1999 г. сышоў у БАПЦ, пераехаў у Амэрыку. У 2000 г. зрабіўся япіскапам, намесьнікам кіраўніка БАПЦ, кіраўніком Місійнага аддзелу.

Мітрапаліт Ізяслаў (Іван Бруцкі) нарадзіўся 22 студзеня 1926 г. у в.Белавуша на Століншчыне. Скончыў польскую пачатковую школу. Падчас нямецкай акупацыі быў вывезены на працу ў Нямеччыну. З 1947 г. жыў у Канадзе. Скончыў Манітобскі ўнівэрсытэт, па спэцыяльнасьці інжынэр. З 1962 г. жыве ў ЗША. У 1979 г. быў высьвечаны архіяпіскапам Мікалаем на сьвятара. 22 лютага 1981 г. хіратанізаваны ў япіскапы мітрапалітам Украінскай праваслаўнай царквы Мсьціславам і архіяпіскапам Арэстам. На III Саборы БАПЦ у Манчэстэры ў траўні 1984 г. абраны мітрапалітам часткі БАПЦ. Жыве ў Брукліне (ЗША).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0