Сяргей Кавалёў: “На Хатаба ў нас валяць усё”

Праваабаронца і дэпутат Думы разважае пра тэракты ў Расеі

Існуюць дзьве асноўныя вэрсіі таго, хто стаяў за тэрактамі верасьня 1999-га, падчас якіх загінулі больш за 300 расейцаў. Лічыцца, што выбухі ў Маскве і Валгадонску зладзілі або тэрарысты-чачэнцы, або маскоўскія спэцслужбы. Дагэтуль няма пераканаўчых доказаў, якія пацьвярджалі б тую ці іншую вэрсію.

— Дык хто ж узарваў дамы ў Маскве і Валгадонску ў верасьні 1999 г.?

— Калі б мы ведалі, не было б сэнсу зьбіраць грамадзкую камісію для высьвятленьня абставінаў трагедыі, якая пакінула па сабе звыш трохсот ахвяраў і ўскалыхнула сьвет.

— Камісія — грамадзкая, а не парлямэнцкая. Чаму Дума не захацела весьці сьледзтва па гэтай справе?

— Мяне гэта таксама дзівіць. Я гэта тлумачу рэшткамі савецкай псыхалёгіі, якіх не пазбаўленая большасьць дэпутатаў Думы. Яны ня дужа вераць, што маюць нейкую рэальную сілу. Таму ўвесь час аглядаюцца на тое, чаго хоча выканаўчая ўлада. Шмат хто зь іх падазрае, што ўлада датычная тых трагічных здарэньняў і будзе незадаволеная, калі нехта паспрабуе дазнацца праўду. Зрэшты, у Думе, калі мы абмяркоўвалі магчымасьць стварэньня парлямэнцкай камісіі, аж 180 чалавек (прапанова была б прынята пры 226 галасах “за”) гэтую ідэю падтрымалі. Супраць галасавалі 20. Большасьць папросту схавала галаву ў пясок і не галасавала ўвогуле.

— Але Дума не захацела стварыць і камісію для разбору прычынаў выбуху на “Курску”. Нікому ж ня прыйдзе ў галаву, што спэцслужбы ці ўлада маглі быць прычынаю тае катастрофы.

— Так, але матывы, якімі кіраваліся дэпутаты ў выпадку з “Курскам”, таксама лёгка зразумець. “Курск” патануў, яго каманда загінула з прычыны жудаснага развалу на флёце, неймавернай безадказнасьці камандаваньня. І вы хочаце, каб цяпер парлямэнт склікаў камісію, якая дасьледуе акалічнасьці справы ды ўрэшце абвесьціціь, што атамаход за мільярд даляраў разваліўся на кавалкі, людзі загінулі, бо ў нас у войску бардак? Найвялікшай таямніцай у Савецкім Саюзе было і цяпер у Расеі застаецца тое, што ў нашай эканоміцы і Ўзброеных сілах пануе такое бязладзьдзе. Шараговы дэпутат Думы выдатна ўсьведамляе, што ніякая парлямэнцкая камісія для расьсьледаваньня трагедыі “Курску” не патрэбная, бо яе праца прынясе Расеі толькі ганьбу і кампрамэтацыю. Лепей ужо гэтага не варушыць.

— Выбухамі ў Маскве і Валгадонску цяпер займаецца камісія, у якую ўваходзяць юрысты й дэпутаты, ня дужа прыемныя сёньняшнім расейскім уладам. Якую вэрсію здарэньняў вы лічыце найбольш праўдападобнай?

— З самага пачатку і да сёньня былі дзьве асноўныя вэрсіі. Паводле адной, арганізатарамі выбухаў былі нейкія чачэнскія тэрарысты, згодна зь іншай — маскоўскія спэцслужбы. Ніякіх фактаў, якія пацьвярджалі б першую вэрсію, няма…

— Але ж адразу пасьля выбухаў у Маскве міліцыя арыштавала шмат чачэнцаў, у тым ліку нейкага рабочага фабрыкі “Чырвоны суконшчык” і ягонага стрыечнага брата. У Стаўрапалі судзілі пяцёх жыхароў Паўночнага Каўказу, абвінавачаных у падрыве дому на Кашырскай шашы ў Маскве…

— Рабочага даўно выпусьцілі, бо ён ня меў да тэрактаў ніякага дачыненьня. Тыя небаракі са Стаўрапалю атрымалі шматгадовыя прыгаворы — цяжка толькі сказаць, за што, бо з выбухамі ў Маскве яны таксама ня мелі нічога супольнага. Наша афіцыйная прапаганда ўвесь час цьвердзіць, што за тымі тэрактамі стаяў Хатаб, чачэнскі камандзір, які ўжо на тым сьвеце. Аднак на Хатаба ў нас валяць усё. Гэта праўда, што ён у Чачні кіраваў вучэбным лягерам, дзе вучылі сапёраў. Але што з гэтага вынікае? На сьвеце тысячы такіх лягераў. У Магадане я сустракаў сотні спэцыялістаў па выбуховых рэчывах, што, працуючы ў шахтах, зрабіліся сапраўднымі прафэсіяналамі ў гэтай справе.

У любым разе, да сёньняшняга дня не ўдалося знайсьці ніводнага істотнага доказу, які пацьвярджаў бы існаваньне так званага “чачэнскага сьледу”.

— Застаецца другая вэрсія — спэцслужбы?

— На яе карысьць таксама няма пераканаўчых доказаў. Наймацнейшы аргумэнт “за” вынікае са старога правіла, якое прымушае пытацца: “Каму гэта было выгадна?” Чачэнцам, напэўна, не. Крамлю, ягонаму сёньняшняму гаспадару — так. Выбухі дамоў узьнялі хвалю ўсеагульнай нянавісьці да чачэнцаў. Расейцы прызналі неабходнасьць вайны на Каўказе. Уладзімер Пуцін сваім жорсткім выказваньнем наконт “тэрарыстаў, якія ўзарвалі нашы дамы”, імгненна заваяваў папулярнасьць, дзякуючы якой зрабіўся прэзыдэнтам. Гэта ён бацька другой чачэнскай вайны. Але адказ на пытаньне “Каму гэта было выгадна?” можа быць толькі зачэпкай для сьледзтва, але не аргумэнтам для суду. Суду неабходныя доказы. А іх няма.

— Дом на Кашырскай шашы выбухнуў 13 верасьня. За 2 дні да таго міліцэйскі патруль прыйшоў праверыць падвальнае памяшканьне, у якое — як выявілася потым — ужо тады было закладзена некалькі сотняў кіляграмаў гексагену. І тады невядома адкуль там зьявіўся афіцэр міліцыі, які забараніў людзям з патруля заглядаць у падвал, кажучы, што там “працуюць нашы”…

— Добра. Усе мы чулі пра таго афіцэра. Чулі пра вартаўніка, які акурат перад выбухам вынес з дому сваё адзеньне. І пра ягоную напарніцу, якая гэта заўважыла і потым загінула пры таямнічых абставінах. І пра дзіўныя “вучэньні” супрацоўнікаў ФСБ у Разані, якія ў жылым доме падлажылі ці то мяшкі з цукрам, імітуючы гексаген, ці то сапраўднае выбуховае рэчыва з сапраўдным запалам. Такіх чутак, вэрсіяў безьліч. Аднак, каб іх пацьвердзіць ці абвергнуць, трэба дасьледаваць дакумэнты, дапытаць сьведкаў. І якраз гэтым будзе займацца нашая камісія.

— А чаму тыя, хто вядзе сьледзтва па гэтай справе ў пракуратуры, ФСБ, дасюль гэтага не зрабілі?

— Адкуль вы ведаеце, што не зрабілі? Можа, яны правялі вельмі скрупулёзнае расьсьледаваньне. Адно што да сёньняшняга дня маўчаць пра ягоныя вынікі; грамадзтва ня ведае, да якіх высноваў яны прыйшлі.

— Увосень 1999-га вы казалі, што ня хочаце дапускаць думкі, нібыта арганізатарам тэрактаў маглі быць расейскія ўлады. Сёньня вы зьмянілі сваё меркаваньне?

— Не, я па-ранейшаму спадзяюся, што гэтая вэрсія выявіцца няслушнай.

Апроч аргумэнтаў, якія сяк-так яе пацьвярджаюць, ёсьць і такія, што ёй супярэчаць.

— Напрыклад?

— Уявіце сабе палкоўніка ФСБ, які атрымлівае загад: узарваць дом, забіць сто суайчыньнікаў. Але ж гэты палкоўнік не дурны. Ён будзе прасіць пісьмовага пацьвярджэньня загаду. А ніводзін кіраўнік не падпішацца пад нечым такім. Можна, вядома, знайсьці палкоўніка, на якога маецца нейкі істотны кампрамат. Аднак такі чалавек ведае, што пасьля таго, як ён выканае жудасны загад, яго самога заб’юць. Так што ладзіць тэракты з дапамогай спэцслужбаў было б неймаверна складана. Дый мне ня хочацца верыць, што нашая ўлада, якая б яна ні была, здольная для дасягненьня нейкіх палітычных мэтаў забіць некалькі сотняў расейцаў.

— А Фэдэральная служба бясьпекі супрацоўнічае з вамі? Адказвае на вашы пытаньні?

— Яны ня могуць не рэагаваць, бо я пасылаю ім запыты як дэпутат Думы і яны, згодна з законам, мусяць мне адказаць на працягу двух тыдняў. Яны вытрымліваюць тэрміны, але да гэтага часу шлюць нам адпіскі. Аднак мы павінны быць цярплівыя і настойлівыя. Калі мы здолеем давесьці ўладам, ФСБ, што нашая камісія бесстароньняя, што мы хочам добра зрабіць сваю справу, можа, нам удасца пераканаць іх супрацоўнічаць з намі. Бо гэта ж яны перш за ўсё павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб высьветліць, хто ўзарваў дамы, хто забіў звыш 300 бязьвінных людзей.

Гутарыў Вацлаў Радзівіловіч, “Gazeta Wyborcza”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0