На якое возера паехаць
Восем парадаў на адпачынак
У Беларусі налічваецца 20 тысячаў рэк і ручаёў, больш за 10 тысячаў азёраў, 143 вадасховішчы і амаль 1500 буйных, так бы мовіць, рэспубліканскага значэньня, сажалак. На якіх зь іх можна купацца безь небясьпекі для здароўя? Можна, вядома, выбірацца “туды, куды й людзі”: тэмпэратура вады на Нарачы цяпер +18…+19оС, на Вілейскім вадасховішчы — +21…+22оС, на Менскім моры — +21… +22оС. Аднак жа ня ўсе любяць быць “у кучы”. Як выбраць сабе здаровае і экзатычнае месца для адпачынку?
Плыткія азёры
Няма возера, стаўка ці ракі, зусім непрыдатных для купаньня. На дазвол ці забарону купацца ў вадаёме ўплываюць нават умовы надвор’я, якія могуць істотна пагоршыць якасьць вады. Напрыклад, неглыбокае возера ў сьпёку можа стаць непрыдатным для купаньня проста таму, што вада возера добра праграецца па ўсёй глыбіні, пачынае цьвiсьцi, губляе празрыстасьць, можа стаць спрыяльным асяродзьдзем для разьвіцьця хваробатворных бактэрыяў (як Камсамольскае возера ў Менску, азёры Дахнарскае, Званае, Расна на Полаччыне i iнш.). У цёплай вадзе могуць завесьціся ўсялякія кішэчныя палачкі, а таксама глісты.
Дзьве трубы ў адно возера
Непажадана купацца ў азёрах, разьмешчаных у межах гарадоў: тут можа быць мноства крыніцаў забруджваньня рознага паходжаньня. Так, у Мёрскае возера, як зафіксавалі эколягі, вялi дзьве трубы: з адной бегла вада павышанай тэмпэратуры (37оС пры тэмпэратуры вады ў возеры 16—18оС), з другой, наадварот, — панiжанай тэмпэратуры (12оС), але вельмі мінэралізаваная (з утрыманьнем соляў каля 980 мг/л).
Заазер’е пад Бялынiчамі
Ня ўсе азёры маюць добрую на выгляд і на вобмацак ваду. Напрыклад, вада можа быць брунатнай ад паступленьня гумiнавых кiслотаў i жалеза. У такую ваду і сам не захочаш палезьці. Прыкладам, возера Заазер’е ў Бялынiцкiм раёне (глыбіня каля 12 м). Хоць хімічна вада ў ім вельмі чыстая, зь нізкім узроўнем мінэралізацыі (да 17,0 мг/л), аднак яна мае кіслае асяродзьдзе (рН 5,0). Дабрацца да самога возера складана, бо месьціцца яно між балотаў верхавога тыпу. Тут няма рыбы і вельмі бедная расьліннасьць. Заазер’е практычна не наведваюць рыбакі і турысты, таму яно захавала амаль першабытны выгляд.
Судабле
Дно возера можа быць пясочным, зручным для купаньня, а можа быць зь вялікім слоем глею, цi сапрапэлю (да 10—20 м) — пераважна ў дастаткова старых азёраў, дзе шмат біямасы расьліннага паходжаньня і разнастайных мікраарганізмаў (фітаплянктон, зоаплянктон, заабэнтас). Усе яны жывуць вельмі нядоўга і, адміраючы, павялічваюць глеісты слой. Чым больш плыткі вадаём і чым большы відавы склад мікраарганізмаў і расьліннасьці ў ім, тым хутчэй “старэе” возера. У такі вадаём зойдзеш па калена — і перапэцкаешся так, што доўга не адмыешся. Напрыклад, у возеры Судабле на Смалявiччыне слой сапрапэлю — да 30 мэтраў.
З дрыгвяністымі берагамі
У возера могуць быць топкія, дрыгвяністыя берагі, што таксама не спрыяе купаньню. На такіх азёрах апалыя дрэвы і галіны, што паступова апускаюцца на дно, таксама пагражаюць сур’ёзнай небясьпекай купальшчыкам, асабліва аматарам даваць нырца. Такое возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне.
Нарач, Рычы, Кромань, Швакшты
Ня ўсе азёры прыдатныя для адпачынку і зь іншых прычынаў: не падрыхтаваныя пляжы, месцы для купаньня, кемпінгі, дзе маглі б спыніцца турысты, няма падрыхтаваных месцаў для вогнішчаў, няма біяпрыбіральняў ці хоць бы проста прыбіральняў. Гэта тычыцца нават азёраў, разьмешчаных побач з буйнымі гарадамі, пасёлкамі (Расона, Сянно, Лукомскае, Мёрскае, Лепельскае, Балойса, Заслаўскае вадасховішча і інш.). Найбольш прыстасаваныя ў гэтым сэнсе для адпачынку — азёры на тэрыторыі нацыянальных паркаў і заказьнікаў агульнадзяржаўнай і мясцовай значнасьці. Самыя вядомыя зь іх — Нарач і Сьвіцязь, Рычы (Браслаўская група), Кромань (Налібоцкая група), Сосна (Шумілінскі раён), Чарбамысла (Полацкі раён), Вялікае Астравіта (Полацкі раён), Вялікія Швакшты (Пастаўскі раён), Белае (поўдзень Берасьцейскага раёну).
Нацыянальныя паркі, запаведнікі, заказьнікі, помнікі прыроды — гідралягічныя, батанічныя, азёрныя, рачныя, водна-балотныя, журавіньнікі — усе адзначаныя на спэцыяльнай аглядна-тапаграфічнай мапе (маштаб 1:500000), якая выйшла ў 1996 г.
“Чорны сьпіс” азёраў
У “чорны сьпіс” Паазер’я супрацоўнікі навукова-дасьледчай лябараторыі возеразнаўства залічваюць 26 азёраў: Даўбле, Навята, Пагошча, Сьвятца — у Браслаўскім раёне; Вялікае, Забельскае, Мушкацкае, Пятроўскае, Сетаўскае — у Глыбоцкім раёне; Мёрскае, Асінаўка — у Мёрскім раёне; Задзеўскае, Кавалькі — у Пастаўскім раёне; Лесава, Люхава, Мядзьведжына, Сердава, Саланец — у Полацкім раёне; Сянно — у Сеньненскім раёне; Баярскае, Лукомскае, Хоцькаўскае — у Чашніцкім раёне; Круглік, Лескавічы — у Шумілінскім раёне. Сюды ж можна далучыць Белае і Чорнае азёры ў Бярозаўскім раёне: гэтыя вадаёмы не адпавядаюць гаспадарча-пітным, культурна-побытавым і рыбнагаспадарчым нормам.
Самая мяккая вада —
у Брэдне
Самае нізкамінэралізаванае возера Беларусі — Брэдна, што ў Расонскім раёне. Тут вада амаль дыстыляваная — усяго каля 14,0 мг соляў на адзін літар. Невысокае ўтрыманьне соляў (ад 14 да 40 мг/л) маюць азёры Вялiкае Астравiта, Вельле, Дубок (Полацкі раён), Стрэчна (Мёрскі раён), Белянец (Расонскі раён). А вось вада ў азёрах Мугірына, Турасы і Паўазер’е (Вушацкі раён), Шылава (Полацкі раён) падобная да мінэралкі. Мінэралізацыя ў іх сягае 500—700 мг/л.
Ад нас шкода
Тое, што вы выкарыстоўваеце азёры для купаньня і адпачынку, шкодзіць вадаёму. Кожнае возера можа “прыняць” за сэзон толькі пэўную колькасьць адпачывальнікаў, у залежнасьці ад плошчы возера, ягонай глыбіні, чысьціні. Так, Сьвіцязь, напрыклад, разьлічана на арганізаваны адпачынак 2000—2500 чалавек за год, неарганізаваны адпачынак 40000 чалавек за год. У пэрыяд актыўнага лову рыбы тут могуць бяз шкоды для возера адпачываць з вудай 5—10 чалавек у дзень. А туды народу наяжджае... Таму адпачывайце ашчадна. Бо азёры Белае, Сялява, Сьвіцязь, Сянно, нават пры іхных вялікіх памерах і запасах вады, за 50 гадоў даведзеныя да такога стану, што купацца ў іх стала небясьпечна: якасьць вады вельмi блiзкая да шкоднай для здароўя.
“Дзікуны” мусяць паводзіць сябе на возеры цывілізавана: карыстацца прыбіральняй, паліць загадзя нарыхтаваны сушняк, пакідаць машыну ў аўтакемпінгу.
Штрафы
Штрафы за лоўлю рыбы ў запаведных месцах, самавольныя парубкі і раскладаньне вогнішча ня там, дзе трэба, складаюць ад 3 (мінімум) да 50 базавых адзінак, а пры вялікай шкодзе (вогнішча, якое перарасло ў пажар; браканьерства) парушальніка могуць прыцягнуць нават да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці. Паркавацца ў запаведных зонах можна толькі ў вызначаных для гэтага паркоўках.
Аркадзь Шанскі
Азёры робяцца плыткімі і цёплымі
Азёры робяцца больш плыткімі і цёплымі ў сувязі з глябальным пацяпленьнем у апошнія 13 гадоў. Сярэдняя чэрвеньская тэмпэратура паверхневага слою вады ў Нарачы ў апошнія гады складала +17,3оС, у ліпені +19,3оС, у жніўні — +19,4оС. Яшчэ 50 гадоў таму яна была зазвычай на 0,7—1,5оС ніжэйшая. Між тым, пацяпленьне прыводзіць да павелічэньня выпарэньняў з воднай паверхні. Гэта адна з прычынаў раптоўнага паніжэньня ўзроўню вады ў Нарачы, поруч зь меншай колькасьцю ападкаў і, адпаведна, зьмяншэньнем прытоку ў апошнія гады.
Азёры — унікальны прыродны скарб: яны зьмякчаюць клімат, спрыяюць падтрыманьню прыроднага балянсу. А іх эстэтычную каштоўнасьць немагчыма ацаніць ані ў рублях, ані ў далярах. Ільвіная доля фінансаў на ахову азёраў паступае зь небагатых мясцовых бюджэтаў. З агульнадзяржаўнага фонду фінансуецца толькі 10% прыродаахоўных мерапрыемстваў.
Супрацоўнікі навукова-дасьледчай лябараторыі возеразнаўства геаграфічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту мяркуюць, што апошнія гады антрапагенная нагрузка на азёры паменшала. Раней з палёў (разам зь сьцёкамі) у азёры трапляла вялікая колькасьць фосфару і азоту, што пагаршала якасьць вады. Праўда, па меры росту сельгасвытворчасьці зноў расьце шкода ад сельскай гаспадаркі: у азёры больш вымываецца ўгнаеньняў з палёў. Так, у 1994 г. было ўнесена 701 тыс. т угнаеньняў, а ўжо ў 1995 г. гэты паказьнік зьменшыўся да 512 тыс. т. Але ад 1996 г. гэтая лічба ў цэлым патроху расьце (летась яна склала 788 тыс. т).
Большая частка нашых азёраў утвораная ледавіком каля 9—10 тысячаў гадоў таму. Пераважная бальшыня іх (90%) маюць плошчу да 0,5 км2. Самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае (да 53,7 м). Самае вялікае па плошчы — Нарач (80 км2). За Нараччу ў пяцёрку найбольшых уваходзяць Асьвейскае (52,8 км2), Чырвонае (43,6 км2), Лукомскае (36,7 км2), Дрывяты (36,1 км2).