Карасёў – “два”!

За ўдзел у дэманстрацыі дырэктарка запатрабавала паставіць дзесяціклясьніку-“зуброўцу” “два” па паводзінах

Паставіць гадавую двойку па паводзінах дзесяціклясьніку Антону Карасёву запатрабавала на паседжаньні пэдагагічнае рады дырэктарка менскай гімназіі №13 Вольга Чарнавусава. Прычынай сталася тэлефанаваньне зь міліцыі: праваахоўныя органы паведамілі, што юнак — сябар руху “Зубр” — удзельнічаў 19 красавіка ў акцыі “Так жыць нельга”. Настаўнікі ня мелі прэтэнзіяў да пасьпяховасьці і паводзінаў Антона, але за нездавальняючую адзнаку прагаласавалі безь пярэчаньняў. Пасьля гэтага, кажа Вольга Карасёва, маці Антона, ад хлопца запатрабавалі забраць дакумэнты з гімназіі.

Дырэктарка аргумэнтавала свае дзеяньні тым, што Антон парушыў статут навучальнае ўстановы, дзе напісана: гімназістам удзельнічаць у палітычных акцыях забаронена. Аднак у статуце гэтай навучальнай установы няма ніводнага слова пра ўдзел у палітычных акцыях. Там запісана: “Вучань абавязаны /.../ дастойна паводзіць сябе ў гімназіі і за яе межамі”. І ўсё! Што ж “недастойнага” было ва ўдзеле Антона ў акцыі “Так жыць нельга”? Мерапрыемства, вядома, не было дазволенае ўладамі, але ўдзел у ім — гэта праява грамадзянскай пазыцыі. Пагатоў, у пункце 11 “Задачы гімназіі” адна з мэтаў гэтай установы фармулюецца як “выхаваньне ў вучняў грамадзянскасьці, патрыятызму, адказнасьці перад сабой і грамадзтвам”.

Размаўляць з карэспандэнтам “НН” спн.Чарнавусава адмовілася: “Радыё “Свабода” карыстаецца неправеранай інфармацыяй. А я на гэтую тэму буду гаварыць толькі з вучнем і ягонымі бацькамі. Афіцыйныя камэнтары дам толькі “Настаўніцкай газеце”.

Загадчыца аддзелу дашкольнай і сярэдняй школьнай адукацыі Менскага гарадзкога ўпраўленьня адукацыі Ала Фралова зазначыла: “Гімназія сапраўды мае права паставіць вучню нездавальняючую адзнаку за паводзіны па-за школай ці гімназіяй — калі ён зьдзейсьніў злачынства ці правапарушэньне. Аднак бацькі могуць апратэставаць няправільную, на іхную думку, адзнаку: яны мусяць напісаць заяву, потым будзе створаная камісія, якая разгледзіць правамернасьць адзнакі”.

У Праваабарончым цэнтры “Вясна” “НН” паведамілі, што выключыць Антона Карасёва з гімназіі за “двойку” па паводзінах ня маюць права: падставай для выключэньня можа быць толькі кепскае навучаньне (“тройкі” па прадметах).

У гімназіі №13 ужо зьявіўся загад пра вучняў, выключаных зь яе па выніках навучаньня. Прозьвішча Карасёва там не фігуруе. Праўда, нездавальняючую гадавую адзнаку за паводзіны Антону ўсё ж паставілі. Дырэктарка школы патрабуе, каб бацькі Карасёва самастойна забралі дакумэнты з гімназіі. Антон адмаўляецца рабіць гэта: “Хачу вучыцца далей”, — кажа ён.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0