Праект захопу неабмежаванай улады

Drang nach Osten

Працяг. Пачатак у № 22, 24.

Першыя намёкі на тое, што Лукашэнка праз аб’яднаньне з Расеяй хоча стаць новым крамлёўскім уладаром, зьявіліся ў прэсе ўзімку 1995 г. Пасьля сустрэчы з Аляксандрам Сьцерлігавым, лідэрам ультранацыяналістычнага Кангрэсу расійскіх суполак, Лукашэнка быццам бы заявіў, што Беларусь у ягонай кар’еры — пройдзены этап.

Патаемныя спадзяваньні цяжка пацьвердзіць дакумэнтальна, але Лукашэнкава бачаньне “саюзу”, патрабаваньні да расійскага кіраўніцтва, якія ён вылучаў перад падпісаньнем кожнага інтэграцыйнага пагадненьня, спосаб яго зьяўленьняў на расійскай палітычнай сцэне, а таксама эфэкт ад палітычных акцыяў сьведчаць, што ў Лукашэнкі былі такія амбіцыі. Жаданьне адыгрываць большую ролю ў расійскай палітыцы не пакідала яго.

Пасьля Лукашэнкавай перамогі на рэфэрэндуме ў лістападзе 1996 г. зьявілася ідэя пераўтварыць супольнасьць Беларусі й Расіі ў цесны палітычны саюз дзьвюх дзяржаваў. Ініцыятыва належала Ельцыну, чый ліст да беларускага калегі, датаваны студзенем 1997-га, зьмяшчаў падрабязныя прапановы наконт аб’яднаньня. Як і ў часе папярэдняй інтэграцыйнай кампаніі, на саюз з Лукашэнкам Ельцына штурхалі ўнутраныя палітычныя прычыны. Ён ня мог нічога зрабіць з пашырэньнем NATO на ўсход і, каб падтрымаць у грамадзтве ілюзіі пра геапалітычную магутнасьць Расіі, меў патрэбу ў такіх рэклямных кроках.

Лукашэнка з ахвотай адгукнуўся на гэтыя прапановы, хоць тое, як ён гэта зрабіў, наўрад ці задаволіла Ельцына. У лютым 1997-га кіраўнік Беларусі выступіў на сходзе камуністаў-артадоксаў пад назвай “Кангрэс народаў СССР”, які праходзіў у Менску, і ўрачыста паабяцаў, што саюз Расіі й Беларусі будзе першым крокам да аднаўленьня Савецкага Саюзу. А празь некалькі тыдняў абвясьціў тры ўмовы, на якіх Беларусь была гатовая аб’яднацца з Расіяй: сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі мусяць быць цалкам захаваныя; беларускія прызыўнікі не павінны служыць за межамі краіны; саюз мае быць узаемавыгадным.

Было відавочна, што Лукашэнка зацікаўлены не ў зьліцьці дзьвюх дзяржаваў, а ў максымальна цеснай канфэдэрацыі — палітычным утварэньні, якое дазволіла б яму ўвесь час маніпуляваць надзеяй на пасьпяховы фінал аб’яднаньня. (Дарэчы, гэта пацьвердзілася ўжо на першым этапе Лукашэнкавай прэзыдэнтуры: пытаньне аб “эканамічнай інтэграцыі”, вынесенае на рэфэрэндум 1995 г., дало ладны PR-эфэкт, які ствараў Лукашэнку імідж галоўнага інтэгратара.) Паводле азначэньня, канфэдэрацыя — гэта наднацыянальны саюз, які грунтуецца на роўнасьці ўдзельнікаў, што захоўваюць самастойнасьць у сваіх унутраных справах. То бок Лукашэнка ўзаконіў бы сваю прысутнасьць на расійскім палітычным полі, але пазьбегнуў бы ўмяшаньня звонку ў беларускія справы. Якой бы абсурднай ні здавалася думка, што Расія добраахвотна адмовіцца ад істотнай часткі свайго сувэрэнітэту на карысьць саюзу з суседам, меншым за яе па насельніцтве ў 15 разоў, такое аб’яднаньне ледзь не ажыцьцявілася ў красавіку 1997 г. Чарнавы варыянт дамовы аб стварэньні саюзу Беларусі й Расіі прадугледжваў перадачу сымбалічных паўнамоцтваў у галіне абароны, бясьпекі, фіскальна-грашовай палітыкі і г.д. найвышэйшай радзе саюзу — наднацыянальнаму органу, у які ўваходзілі па 4 прадстаўнікі ад кожнай краіны: прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, старшыні верхняй ды ніжняй палатаў нацыянальных парлямэнтаў — і адзін сакратар, які абіраўся васьмю сталымі чальцамі. Пастановы найвышэйшай рады прымаліся простай бальшынёй. Такім чынам, чатыры галасы зь беларускага боку плюс голас старшыні расійскай Думы Генадзя Селязьнёва, камуніста і даўняга паплечніка, забясьпечвалі Лукашэнку перавагу ў новым саюзе як дэ-факта, так і дэ-юрэ. Заставаліся два дні да падпісаньня праекту дамовы, якая прадугледжвала такую структуру саюзных органаў улады, але інфармацыя аб ёй раптам пратачылася ў расійскія СМІ. Усчаўся палітычны скандал, у часе якога лібэралы на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Анатолем Чубайсам і Барысом Нямцовым зьвінавацілі камуністаў і Лукашэнку ў змове з мэтай адхіліць Ельцына ад улады. Павагаўшыся колькі дзён, Ельцын загадаў перапісаць дамову. У выніку яна ператварылася ў чарговы фармальны пакт. Гэты інцыдэнт праясьніў стратэгію і матывы галоўных палітычных актораў Расіі й Беларусі ў інтэграцыйнай гульні.

Расійскія камуністы й нацыяналісты адкрыта падтрымлівалі Лукашэнку, бо самі былі ня здольныя дасягнуць жаданых палітычных мэтаў. Яны складалі бальшыню ў Думе і кантралявалі шэраг рэгіёнаў, але ня мелі харызматычнага лідэра, сымпатычнага шырокім колам грамадзтва, і таму заставаліся вечнымі аўтсайдэрамі ў палітычнай барацьбе. Шмат хто зь іх бачыў гэткім лідэрам Лукашэнку. Нават калі ягоныя шанцы заваяваць Крэмль шляхам удзелу ў выбарах былі не такія вялікія, заставалася магчымасьць прыдумаць якую-небудзь інтрыгу, аналягічную той, што амаль удалася была на пачатку 1997-га. Канфэдэрацыя была зыходным пунктам, які задавальняў і камуністаў, і Лукашэнку. Такім чынам яе адэпты, застаючыся другараднымі асобамі ў расійскай палітыцы, дзякуючы каапэрацыі зь беларускім прэзыдэнтам маглі атрымаць перавагу ў наднацыянальных органах. Але пэрспэктыва далучэньня Беларусі да Расіі ў якасьці аднаго з рэгіёнаў руйнавала гэты палітычны праект, бо ператварэньне Беларусі ў суб’ект фэдэрацыі аўтаматычна паніжала б статус Лукашэнкі да рангу звычайнага губэрнатара.

Узмацняючы альянс з камуністычнай і нацыяналістычнай апазыцыяй, Лукашэнка адначасова шукае падтрымкі расійскіх рэгіянальных лідэраў. Ад 1996 г. ён езьдзіць па расійскіх регіёнах, падпісвае дамовы аб эканамічным супрацоўніцтве і актыўна прапагандуе “беларускую мадэль” разьвіцьця сярод жыхароў расійскай правінцыі. У сваіх прамовах Лукашэнка незавуалявана крытыкуе Ельцына і эканамічны курс ягонага ўраду. Асабліва зьедліва ён гэта робіць у тых рэгіёнах, дзе кіраўніцтва падзяляе ягонае непрыманьне крамлёўскай палітыкі.

Гэтая рыторыка зазвычай выклікала ў расійцаў захапленьне. Краснадарскі губэрнатар Мікалай Кандраценка, самы заўзяты камуніст сярод расійскіх губэрнатараў, блізкі з Лукашэнкам па стылі кіраваньня і нават супольнай мянушцы “бацька”, вітаў яго як настаўніка:У наш час цяжкіх выпрабаваньняў беларусы паказваюць прыклад таго, як мы павінны жыць. Мы шчасьлівыя, што ў славян ёсьць такі лідэр, як Аляксандар Лукашэнка. Нам, славянам, патрэбны такія кіраўнікі, каб мы маглі абараніць сваіх дзяцей і ўнукаў.

Усьведамляючы патэнцыйную небясьпеку ператварэньня альянсу Лукашэнкі з камуністамі ў выбуховую сумесь, расійскія лібэралы й іхныя саюзьнікі ў крамлёўскай адміністрацыі выступалі супраць расійска-беларускага саюзу. Аднак, проста ганьбячы Лукашэнкавы палітычныя пляны, гэтыя палітыкі не маглі разьлічваць на посьпех. Яны адчувалі настроі грамадзтва, якое ўсё больш і больш прасякалася ідэяй расійска-беларускай інтэграцыі, і абралі для атакі гатоўнасьць самога Лукашэнкі да аб’яднаньня. Яны настойліва цьвердзілі, што адзіным рэальным спосабам інтэграцыі ёсьць ліквідацыя беларускай дзяржавы і далучэньне да Расіі шасьці яе абласьцей як асобных суб’ектаў фэдэрацыі альбо, у крайнім выпадку, уключэньне Беларусі ў склад Расіі як рэспублікі, роўнай паводле статусу Татарстану ці Башкірыі. Лёгіка была простая: немагчымы раўнапраўны саюз паміж краінамі, адна зь якіх па насельніцтве ў 15 разоў большая за другую (прыблізна такая ж розьніца паміж дзьвюма часткамі новай Югаславіі — Сэрбіяй і Чарнагорыяй; гэтая фэдэрацыя бадай спыніла сваё існаваньне ў канцы 90-х, калі Чарнагорыя, прагнучы большага сувэрэнітэту, увяла сваю валюту, стварыла мытні і нават войска; зусім нядаўна быў афіцыйна выведзены з ужытку тэрмін “Югаславія”). Іншыя аргумэнты на карысьць інкарпарацыі Беларусі ў Расію зводзіліся да таго, што Канстытуцыя апошняй не дапускае ніякай іншай формы аб’яднаньня, а таксама што інтэграцыя моцна ўдарыць па расійскім бюджэце. Тагачасны кіраўнік ельцынскай адмінстрацыі Анатоль Чубайс сфармуляваў гэтую пазыцыю наступным чынам: “Я ня думаю, што мы можам ажыцьцяўляць наша ўзьяднаньне зь Беларусяй на аснове поўнай роўнасьці бакоў. Я ня згодны. Няма роўнасьці, і сёй-той павінен гэта зразумець. Узяць любыя парамэтры: наша насельніцтва ў 15 разоў большае, наш бюджэт у 50 разоў большы, наш ВУП у 68 разоў большы… Калі адкінуць дыпляматыю і назваць рэчы сваімі імёнамі… формула простая: мы павінны гаварыць не пра аб’яднаньне роўных партнэраў, а пра звычайнае ўваходжаньне Беларусі ў склад Расіі.

Барыс Нямцоў, калега Чубайса ў бытнасьць першым віцэ-прэм’ерам Расіі ў 1997—98 г., разьвіў ягоны пункт гледжаньня ў даволі саркастычнай манеры: “Падчас інтэграцыі мы меркавалі, што мытня будзе расійскай, а ён (Лукашэнка — рэд.) зробіцца сэнатарам Рады Фэдэрацыі, губэрнатарам. Калі гэта ня так, то гэта не адна краіна. Гэта павінна быць зразумела ўсім. Я сказаў яму: “Добра, няхай будзе сапраўды адзіная дзяржава, гэта ў нашых супольных інтарэсах: мы пампуем нафту, перш за ўсё праз “Дружбу”, нашы газаправоды ідуць празь Беларусь, а твой чортаў “Белтрансгаз” ня плаціць нам ні капейкі, ты амаль цалкам жывеш за наш кошт, і мы сытыя табой па горла. Мы заплацім табе сто мільёнаў, але возьмем тут усё пад свой кантроль”. Я кажу яму як эканаміст: “Ты будзеш сябрам Рады Фэдэрацыі: калі ласка, вось ваша ганаровае месца, сядайце. Калі хочаш, мы зробім цябе намесьнікам сьпікера, нам ня шкода”. Ён гаворыць: “Вы звар’яцелі? Я ж такі самы, як Ельцын!” У якім сэнсе? Ён гэтак жа блага гуляе ў тэніс, гэта праўда. Ува ўсім астатнім ён зусім не такі. Ельцын — цар усяе Русі, а ён хто?”

Зразумела, такія заявы рабіліся з усьведамленьнем таго, што Лукашэнка ніколі ня згодзіцца на “нямецкую мадэль” узьяднаньня. Уносячы ноткі такога кшталту ў дэбаты вакол інтэграцыі, Лукашэнкавы апанэнты маглі ўстаўляць ёй палкі ў колы, пакуль трываў іхны палітычны ўплыў. Адмаўленьне ельцынскай адміністрацыяй праекту канфэдэрацыі прымушала Лукашэнку сьцішыць свой імпэт. Сутыкнуўшыся зь немагчымасьцю хуткага ажыцьцяўленьня сваіх плянаў, контратакаваны з усіх бакоў у СМІ, ён вымушаны быў перайсьці да абароны правоў Беларусі на незалежнасьць і сувэрэнітэт. Гэтая зьмена ў рыторыцы ня сьведчыла пра зварот Лукашэнкі да нацыяналізму ці пра ягонае расчараваньне інтэграцыйным праектам. Гульня ў незалежніка была якраз спробай выратаваць гэты праект бяз рызыкі для наяўнай палітычнай базы, якая магла зьнікнуць у выпадку простага паглынаньня Беларусі Расіяй. Паказальна, што Лукашэнка пачаў ствараць сабе вобраз будаўніка нацыянальнай дзяржавы, калі крамлёўскія лібэралы перашкодзілі падпісаньню першай рэдакцыі саюзнай дамовы 1997 г. і агучылі ў СМІ свае патрабаваньні што да ўваходжаньня Беларусі ў склад Расіі.

“Ёсьць межы, якіх я ня маю права пераступаць. Перш за ўсё гэта датычыць дзяржавы — незалежнасьці й сувэрэнітэту нашай рэспублікі. Мы ня можам далучацца ні да якай іншай краіны ў якасьці рэгіёну або правінцыі. Нашы людзі, які б саюз мы ні стварылі, не павінны ехаць ваяваць у “гарачыя кропкі”. І найважнейшае, любы саюз мусіць быць раўнапраўны”.

“Кожны раз, калі Менск праяўляе натуральнае жаданьне пашырыць дыялёг з нашымі заходнімі партнэрамі, а таксама з Украінай, гэта выклікае дзіўную рэакцыю ў некаторых расійскіх палітыкаў… Мы не зьбіраемся аб’ядноўвацца ні з кім на правах зямлі, княства ці правінцыі”.

Апроч таго, Лукашэнка абвінаваціў аўтараў “інкарпарацыйнага” праекту ў адмысловым процістаяньні інтэграцыі й сьвядомым вылучэньні непрымальных для яго прапановаў з мэтаў не дапусьціць ніякага аб’яднаньня ўвогуле: Сёньня расійскае кіраўніцтва не гатовае да саюзу. Яно запатрабавала ад Беларусі далучыцца да Расіі. Мы ня можам зрабіць гэтага цяпер. У нас ёсьць Канстытуцыя, якая забараняе нам гэта. Сёй-той хацеў бы зьнішчыць саму ідэю аб’яднаньня і гаворыць: “Давайце ўключым Беларусь у склад Расіі”. Але ж такога не было нават у Савецкім Саюзе. Мы былі рэспублікай. І, скажу я вам, у нас было ня менш сувэрэнітэту, чым цяпер”.

У дадатак да ўсяго Лукашэнка пачаў актыўна супраціўляцца ідэі правядзеньня ў Расіі й Беларусі рэфэрэндуму адносна саюзу, баючыся, што Расія сфармулюе пытаньне так, каб ухваліць інкарпарацыю Беларусі. Ягоная контраргумэнтацыя была простая: беларусы двойчы выказваліся на рэфэрэндуме за саюз, першы раз у 1991 г. і другі — у 1995-м, таму няма патрэбы ладзіць яшчэ адно галасаваньне. Гэты довад быў слабы з праўнага пункту гледжаньня: на рэфэрэндум 1991 г. выносілася пытаньне пра захаваньне ледзь жывога СССР, а ў 1995 г. гаворка ішла толькі пра эканамічную інтэграцыю. Калі ж Лукашэнка так настойваў на непарушнасьці Канстытуцыі 1996 г., дык мусіў браць пад увагу яе палажэньне, якое абвяшчала Беларусь незалежнай дзяржавай, што імкнецца да нэўтральнага статусу. Фактычна процідзеяньне рэфэрэндуму было палітычным манэўрам з мэтай прадухіліць непажаданы вынік інтэграцыі й забясьпечыць сабе прастору для манэўру ў перамовах наконт аб’яднаньня.

Хоць Лукашэнка шмат гаварыў пра “братнюю дружбу” паміж двума народамі, яго неаднаразова вінавацілі ў намеры ашукаць Расію ў часе пераразьліку бягучых і пратэрмінаваных даўгоў. На гэта ён неяк заявіў, што насамрэч Расія вінаватая Беларусі мільярд даляраў штогод. Сярод пунктаў выстаўленага Лукашэнкам расійцам рахунку значыліся затраты на ахову дзяржаўнай мяжы, абслугоўваньне комплексаў проціпаветранай абароны паблізу Ганцавічаў і Вялейкі, якія быццам бы забясьпечвалі ахову расійскай паветранай прасторы “ад Кіева да Рыгі”, і стварэньне толькі трыма беларускімі прадпрыемствамі сама меней 1,2 млн. працоўных месцаў у Расіі дзякуючы супрацоўніцтву з расійскімі пастаўшчыкамі і падрадчыкамі.

Віталь Сіліцкі

Працяг будзе.

Гэты артыкул — урывак (газэтны варыянт) з дасьледаваньня “Палітычная эканомія беларуска-расійскай інтэграцыі”, якое будзе цалкам надрукаванае ў кнізе “Беларуска-расійская інтэграцыя”, што выйдзе з друку ў ліпені ў выдавецтве часопісу “Arche”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0