Зьезд беларусаў Вялікай Брытаніі

Скончыўся гімнам

Штогадовы зьезд Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) адбыўся 22 чэрвеня ў залі Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру. Адкрыла зьезд старшынька Галоўнай управы ЗБВБ спн.Лёля Міхалюк. Яна папрасіла прысутнага айца Аляксандра Надсана памаліцца за посьпех зьезду. У сваёй малітве а.Надсан успомніў Уладыку Мікалая, Мітрапаліта Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Справаздачу здала спн.Міхалюк. Яна прывітала новых чальцоў ЗБВБ, са смуткам паведаміла пра сьмерць пяці доўгагадовых сяброў. Старшынька распавяла пра ўдзел Управы ў зьезьдзе беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, у розных інтэрнацыянальных спатканьнях, аб прывітальнай тэлеграме, дасланай ад імя ЗБВБ каралеве Вялікай Брытаніі Лізавеце ІІ з нагоды яе залатога юбілею. Потым пачаўся выбар новай Галоўнай Управы. Старшынькай аднагалосна пераабралі спн.Міхалюк. Сакратаром — А.Сеньку. Скарбнікам — С.Піткевіча. Зьезд скончыўся сьпяваньнем гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Сяброўкі ЗБВБ прыгатавалі пачастунак, пры чарцы віна хутка прайшоў час, і ўжо трэба было разьяжджацца да розных куткоў Англіі.

Сыльвэстар Будкевіч, Кавэнтры


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0