“Чалавек-павук” у Менску

Гарадзкая казка

Цягам дваццаці гадоў у Злучаных Штатах круцілі папулярны мультсэрыял “Чалавек-павук”. Нарэшце зьнялі блякбастэр, які займеў у сусьветным пракаце такі посьпех, што пачалася ўжо работа над працягам. Сюжэтам гэтая гарадзкая казка практычна ня розьніцца ад іншых такога кшталту — пра Бэтмэна або Супэрмэна. Той самы няўклюдны, але вельмі разумны падлетак у акулярах (Тобі Магуайр, які здымаўся раней у “Правілах вінаробаў” і “Плезантвілі”). Тое ж неверагоднае здарэньне, якое ператварае яго ў звышчалавека. Тая ж гібель сваяка, якая вымушае героя помсьціць злачынцам і змагацца з крымінальным сьветам. Той самы геній-вучоны, які ў выніку навуковага экспэрымэнту ператвараецца ў непераможнага монстра (у нашым выпадку — у Зялёнага Гобліна, якога граў Уільям Дэфа, што бліскуча выканаў быў ролю Хрыста ў фільме Марціна Скарсэзэ “Апошняя спакуса”). Тая ж прыгажуня, за жыцьцё якой у фінале адбываецца жудасная бойка з процьмай разбурэньняў і спэцэфэктаў. І, нарэшце, той самы Нью-Ёрк, ператвораны ў поле бітвы паміж двума пярэваратнямі — добрым, у чырвона-сінім касьцюме, і мярзотным — у зялёным. Абодва ў вольны ад “працы” час выглядаюць нармалёвымі людзьмі, а ў “працоўны” лётаюць над асфальтам: Чалавек-Павук — чапляючыся за сьцены гмахаў, Зялёны Гоблін — на аэрадынамічным прыстасаваньні.

Блякбастэр як тыповае спараджэньне постмадэрнізму не абыходзіцца без спасылак на папярэднія касава-пасьпяховыя карціны. У “Чалавеку-павуку” можна ўгледзець падабенства і з “Тарзанам”, і з “Маскай”, і з “Запаветам доктара Мабузэ”. Безумоўна, у апошняй бойцы сьпярша благі лупіць добрага, а потым наадварот. Безумоўна, сын забітага злачынцы клянецца адпомсьціць за сьмерць бацькі (у наступнай сэрыі). “Чалавек-павук” розьніцца ад папярэдніх блякбастэраў хіба якасьцю спэцэфэктаў і бліскучым апэратарскім майстэрствам.

Творам мастацтва такі фільм назваць цяжка. Але ж прыемна бавіць час у кінатэатры, сочачы за прыгодамі пярэваратняў! Для Беларусі “Чалавек-павук” ня стане такой эпахальнай зьявай, як “Тытанік” чатыры гады таму. У адрозьненьне ад амэрыканцаў, наш глядач мае цьмянае ўяўленьне пра гэтага мультгероя. Але карысьць ад дэманстрацыі “Чалавека-павука” можа быць: фільм падказвае, як зрабіць беларускі блякбастэр. Трэба нашых мультыплікатараў, што ад галечы паразьбягаліся хто куды, засадзіць за стварэньне мультсэрыялу. Каб гадоў дваццаць прывучалі гледачоў да нейкага вобразу. За той час эканамічная сытуацыя ў краіне выправіцца, зьявяцца багатыя людзі з грашыма на кіно. Вось тады і пойдзе ў сусьветны пракат зьбіраць касу які-небудзь “Чалавек-дамавік”.

Ягор Конеў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0