паэзія
Славамір Адамовіч
Усё, пра што ты думаеш...
Усё, пра што ты думаеш,
ёсьць у тваёй галаве:
высокае жыта за студняй,
цэбар, вада ў ім
зялёная і чорныя галавасьцікі — заўтра ўжо камары...
...ёсьць у тваёй галаве:
камізэля абходчыка
жоўтая, салодкі дым паравоза, рэйкі
Лібава-Роменскай, дрэва лісткі маладыя
прыліплі да пальцаў школьніка...
...ёсьць у тваёй галаве: рыжы кажух
дзеда і калаўрот на гарышчы, леташнія
кілбаскі сухія ў вялікім кашы, фасоліны
залацістыя ловіш у малацэ, на прыпечку
гостраць нож, сякера ў калодзе, строгая
баба Грася на зэдліку расплятае сівую
касу,
тулава пеўня скача і кроў з гарляка
пырскае
па хлярафіле дварышча і сьвежых
альховых трэсках...
...ёсьць у тваёй галаве: рызьнік сонечным
днём узьехаў на панадворак забраць
старызну гадоў; белыя ізалятары
часоў электрыфікацыі бацька твой б’е
натхнёна, а потым крышыць курам
зь вераю, што пачнуць яны несьціся
гарадзкімі
белымі-белымі яйкамі...
...усё, пра што ты думаеш, ёсьць
у тваёй галаве:
ранкам раса першабытная,
рыбіны цела пругкае,
на выгане парнакапытныя,
па бруку рыдван грукае,
сабака яшчэ цёпленькім
зайца бярэ ў гнязьдзе,
і крапаюць верхнія кропелькі
па ніжняй вадзе.