Народжаныя кнігай
Ці чытаюць беларусы кнігі? Не сьпяшайцеся з адказам. Хоць яшчэ зусім нядаўна мы, роўна як і таджыкі, малдаване, літоўцы, былі тымі, “што болей за ўсіх чытаюць на сьвеце”. У СССР літаратура сапраўды адыгрывала не апошнюю ролю ў жыцьці грамадзтва. Кніжныя паліцы мелі ў сваіх цесных кватэрах і рабочы заводу халадзільнікаў, і дацэнт Берасьцейскага пэдінстытуту. Існавала багатая “букіністычная мафія”, людзі падпісваліся праз бацькоў-вэтэранаў на льготныя кніжныя сэрыі (кшталту “Подзьвігу”), атрымлівалі кнігі па спэцталёнах ад здачы макулятуры; па вёсках шныгалі круцялі, шукаючы дарэвалюцыйныя выданьні, і г.д. У мудрым савецкім фільме “Масква сьлязам ня верыць” былі намаляваныя схемы паводзінаў “саветыкуса”. Там ясна паказана, што ў СССР чытаць кнігі было модна, гэта была прыкмета прыналежнасьці да “эліты”, спосаб прасоўваньня па службовай лесьвіцы. Чытаньне “Трох таварышаў” у грамадзкім транспарце было спробай “падчапіць” мужыка. Дарэчы, на думку нямецкага філёзафа Георга Ліхтэнбэрга, людзі, якія шмат чытаюць на вуліцы, звычайна мала чытаюць дома.
Камуністычны ўрад усяляк заахвочваў да чытаньня1 , бо кнігі спрыялі ідэалягізацыі грамадзтва. Але ён пільна сачыў, каб не пашыралася мода на Оруэла і Ермаловіча. Дый дазволеныя кнігі большасьць савецкіх людзей чыталі павярхоўна, “па дыяганалі” і пераважна ў школе. У гэтым пераконвае тэлегульня “Хто хоча стаць мільянэрам?” на ОРТ. Горш за ўсё ўдзельнікі адказваюць на пытаньні, што тычацца мовы й літаратуры. Дастаткова “падкінуць” што-небудзь пра творчасьць Чэхава або часьціны мовы — і ўсё, капец марам пра мільён. Або ўзяць сьвяткаваньне 200-гадовага юбілею Пушкіна ў Расеі, калі мінакам на вуліцы прапаноўвалі прачытаць што-небудзь з клясыка на памяць. І сьмех, і грэх з тых “дэклямацыяў” і тупаватых бездапаможных усьмешак… Дый мы, беларусы, ня лепшыя за расейцаў: зладзьце аналягічнае міні-апытаньне пра Купалу пад вокнамі сваёй кватэры.
Сёньняшняя разруха ў краіне, калі людзі ня бачаць сьвету белага за працай, трацячы грошы пераважна на прадукты харчаваньня2 , і мараць аб вольнай гадзіне, не заахвочвае да набыцьця дарагіх кніг і чытаньня — напружаньня розуму і вачэй. Калі выпадае вольны час, усе цягнуцца да тэлевізара, які даўно перамог папяровыя носьбіты інфармацыі ва ўсім сьвеце.
Нехта запярэчыць: кнігарні ў нас зусім не пустыя, сталічны кніжны кірмаш па суботах ломіцца ад пакупнікоў, дый айчынная сецература (літаратура ў Інтэрнэце) пакрысе разьвіваецца.
Што чытаюць беларусы?
Сёньня ад чытаньня мастацкіх кніг не пабагацееш, а ад падручнікаў, даведнікаў і дапаможнікаў карысьць у гэтым сэнсе ёсьць. Разумеюць гэта і выдаўцы, таму ў наш час можна без праблемаў набыць і брашуры пра гадаваньне трусоў, і “дапаможнік па кампутарах для чайнікаў”, і слоўнікі па філязофіі й мэдыцыне, і кнігі па псыхалёгіі службовых адносінаў, маркетынгу, дызайне і г.д. Часам здаецца, што акром вучэбнай і даведачнай літаратуры людзі нічога не чытаюць.
Аднак попыт на слоўнае мастацтва ёсьць, бо мода на чытаньне захоўваецца. Адно прозьвішчы зьмяніліся. Раней супэрпапулярнымі былі Дзюма і Агата Крысьці, Стругацкія і Салжаніцын, цяпер — Акунін і Марыніна (або Праханаў і Пэрэс-Рэвэртэ, Пярумаў і Муракамі, Букоўскі і Ўліцкая). Мода на Пялевіна адновіцца, ледзьве ён напіша нешта новае. Толкіена і Ролінг зноў пачнуць пытацца ў крамах, калі на экраны выйдзе працяг “Валадара пярсьцёнкаў” і “Гары Потэра”.
Беларусы чытаюць модныя кніжкі: дэтэктывы і прыгодніцкую літаратуру, кнігі па тэлесэрыялах (раней — “Багатыя таксама плачуць” і “Твін Пікс”, цяпер — “X-files”), жаночыя раманы, інтэлектуальнае чытво накшталт Джойса або Ісігуры… Выпускніцы філфаку дурэюць ад манеры апавядаць Тацяны Талстой. Толькі не кажыце, што модныя мастацкія тэксты вас не цікавяць, — сьмешна не чытаць Эка або Кінга толькі таму, што вас насьцярожвае, што на новы раман першага ўжо каторы год ідзе падпіска і колькасьць ахвотных набыць кнігу няспынна павялічваецца, а другога вы лічыце кумірам людзей зь нездаровай псыхікай, аўтарам трохграшовых раманаў у кідкіх вокладках. Сьмешна чытаць толькі “клясыку”. Ці не адсутнасьць асабістага густу хаваецца за гэтым? Трэба імкнуцца ахапіць усю літаратуру, разумець спэцыфіку жанраў і чытаць, атрымліваючы асалоду і выхоўваючы эстэтычны густ, бо сапраўдная прыгажосьць можа падпільноўваць нас, як пісаў Борхес у эсэ “З нагоды клясыкаў”, і на “выпадковых старонках пасрэднага аўтара”. Дзякуючы кнігам мы спазнаём душы сучасьнікаў — японцаў і італьянцаў, амэрыканцаў і палякаў, іх трывогі і надзеі, іх разуменьне прыгажосьці. Чытаючы Кундэру і Петравіча, я атрымліваю асалоду ад выкшталцоных тэкстаў і адчуваю сваю эўрапейскасьць. Пакуль іхныя кнігі можна адкрыта набыць у нашай краіне, я ніколі не назаву беларускае грамадзтва “ізаляваным”, а сябе — вязьнем дыктатуры.
Цалкам згодны з Акудовічам, які ў адным зь нядаўніх інтэрвію сьцьвярджаў, што беларусы паўсталі як нацыя толькі дзякуючы чытаньню нацыянальнай мастацкай літаратуры, чытаньню, якое вынікала з глыбокай унутранай патрэбы. “Нашаніўцы” пачатку стагодзьдзя здолелі задаволіць патрэбу простага люду ў рознабаковай інфармацыі. Яны ўвялі моду на чытаньне кніжак, найперш — сваіх, сфармавалі, уласна, беларускую чытацкую аўдыторыю.
Ці ёсьць у Беларусі модныя літаратары?
Без сумневу. Узяць хоць бы Караткевіча або Глёбуса. Першы зрабіў супэрмікс з дэтэктыву і нацыянальнай гісторыі, другі напісаў кнігу, якую бацькі хаваюць ад дзяцей. Але, нягледзячы на магутны ўнутраны патэнцыял сёньняшняй беларускай літаратуры, дзясяткі аўтараў працуюць толькі для некалькіх дзясяткаў тысячаў удзячных чытачоў. Беларуская сецература прадстаўленая некалькімі сайтамі, якія з рознай пэрыядычнасьцю абнаўляюцца. Сайт таго ж Глёбуса не працуе каторы месяц, пэрсанальнай старонкі Сыса або Навуменкі не было й няма. Іншага і быць не магло ў краіне, дзе кніжны рынак на 90% кантралюецца чужаземцамі, што распаўсюджваюць тут ня толькі якасныя пераклады сусьветнай літаратуры на сваёй мове, але й папулярызуюць уласную модную літаратуру. Нават калі заўтра мы будзем мець незалежнае дэмакратычнае беларускае грамадзтва, усё адно ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў давядзецца чытаць Місіму і Павіча па-расейску, бо адны Сёмуха, Шупа і Хадановіч усяго не перакладуць. Аднак ужо сёньня мы мусім мець на руках распрацаваныя праекты і гатовыя тэксты, каб было што запускаць у вытворчасьць і друкаваць заўтра. І тады мы ня будзем зьдзіўляцца, як гэта ўкраінская пісьменьніца А.Забужка дыктуе ўмовы перакладу сваіх “Палявых дасьледаваньняў украінскага сэксу” расейскім перакладчыкам, маскоўскія стадыёны равуць пад стылёвы “Океан Ельзи”, а “Народная воля” ўсё друкуе “Я не паэта” і “Выйдзі” пад загалоўкам “Малавядомыя вершы Купалы”.
Павал Абрамовіч
1 У 1934 г. у СССР было надрукавана 3085 твораў савецкіх пісьменьнікаў накладам у 40 млн. 135 тыс. экз., а ў 1953 г. сьвет пабачыла 4285 твораў агульным накладам у 198 млн. 327 тыс. асобнікаў. Такім чынам, сярэднегадавыя лічбы — 3685 твораў накладам у 119 млн. 231 тыс. экз. У разьліку на два дзесяцігодзьдзі гэта 73 тыс. 700 твораў накладам у 2 (!) млрд. 384 млн. 620 тыс экз. (Дабрэнка Я. Фармаваньне савецкага пісьменьніка. Сацыяльныя і эстэтычныя вытокі савецкай літаратурнай культуры. С.-Пб.,1999).
2 Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, у ліпені—верасьні 2001 г. сярэднестатыстычная беларуская сям’я траціла штомесяц 56% сямейнага спажывецкага бюджэту (88401 руб.) на харчаваньне, а на культуру, адпачынак і спорт — толькі 2485 руб. (Кур’ер. 2001. № 5).