Наталка Бабіна

Пастка для крата

Працяг. Пачатак у №23.

...Студэнтка менскае Палітэхнікі Яніна знаходзіць на сваім лецішчы труп невядомага чалавека. Назаўтра яна ледзьве ня робіцца ахвяраю невядомага забойцы. Пакінуўшы каханка-спэцслужбіста Андрэя рабіць на лецішчы вобшук, яна выпраўляецца да сваіх знаёмых — старых вартаўнікоў Анупрыя і Збышка...

Ля геадэзічнай вышкі — наша звычнае месца. Упершыню разгаварыліся мы таксама тут. Гэтым двум барадатым старым з такімі прыгожымі тварамі даўней належала ўся ваколіца: зямля, аддадзеная цяпер пад лецішчы, лес, кавалак балота... Мяне ўразілі іхныя жыцьцёвыя гісторыі — і пра тое, чаму ў аднаго брата польскае, а ў другога рускае імя, і пра нормы вырубкі лесу ў Сіблагу, і пра сьпяваны шэптам гімн “Ешчэ Польска не згінэла”, якім пачыналася кожная раніца ў Варкуце, і пра тое, як страшна бывае ноччу ў пустой хаце, дзе не чуваць болей ні дзіцячага сьмеху, ні сьпеваў, якія чорныя ў ёй куткі...

Мне падабаюцца гэтыя дзяды. Дзіўна, але яны таксама маюць да мяне нейкі сантымэнт. А я ж дачніца, адна з тых, хто адабраў іхную зямлю. На добры толк яны мусілі сустракаць нас выкапаным кулямётам ці, прынамсі, сібірскай лаянкай. Але гэтага не было. Анупры і Збышак нікога не чапалі і нават “працавалі вартаўніком” (удвох на адну стаўку) у нашым дачным пасёлку.

Пад ветрам, што сьвістаў над логам і гнаў падбітыя шэраньню аблокі, якія раз-пораз праціналіся сонечнымі прамянямі, мы сядзелі ўтрох пад геадэзічнай вышкай, на сухім густым бадыльлі, пілі з абдзертых алюміневых чарачак “Абсалют” і глядзелі ўдалячынь — туды, дзе між пасамі лясоў зьбягалі з пагоркаў разараныя загоны, перамяжаючыся руньню. Мне далі зялёны позьні агурок з кавалкам самапечанага хлеба, і пах гэтай ежы чамусьці зрабіў мяне амаль шчасьлівай... Словы, што зрэдчас гаварыліся, адносіў той, што сьвістаў над логам...

Калі я вярнулася на сваё лецішча, міліцыянты ўжо сканчалі ператрус. Ці чароўная падтрымка “Абсалюту” была таму прычынай, ці што іншае, але я вырашыла не казаць ім ні пра сьлед ля кустоўя, ні пра тое, што гэты сьлед мне сказаў. Пабачылі міліцыянты яго самі — то добра, не — яшчэ лепш... Яны ж мне нічога не казалі пра свае знаходкі, чаго я буду перціся з сваімі?

Увечары вярнуўся бацька, і я распавяла яму пра мерцьвяка ў нас на лецішчы. Пра стрэл у калідоры змаўчала — зрэшты, я ж і Андрэю пра яго нічога не сказала! Забылася?.. Мы прагаварылі з татам да позьняй ночы, але нічога вартага ўвагі так і не надумалі.

А ноччу я бачыла Сон.

Мне сьнілася, што рэха ня раз — ня раз — ня раз пойдзе і прыйдзе. Маленькія біполі вады сьцякуць па шкле, а ядловец адшукае ў пяску іёны азоту. Але не зарыпіць ганак таго дому. Не загучаць далёкія песьні. Ня ўстане з труны тая жанчына, ня возьме цэпу. Ня ўдараць крыгі ў старыя палі, не паплыве млын па рацэ, не закрычыць на ім спалоханы певень... Не загалосіць сьнег пад санкамі. Пар ад пысы каня не асядзе на дрэве. Кроў не праліецца. Загніваючы, яна будзе стаяць і стаяць, аж пакуль не закрычыць дзіка цела, не зараве, палохаючы ўсіх... Мне сьнілася, што гэты немы лямант, гэты жахлівы крык — мой лёс.

Дзень дыплёмнага праектаваньня

Я прачнулася. Сэрца калацілася, пальцы ў курчах сьціскалі коўдру, твар быў мокры ад сьлёзаў. О, такі сон! Устаючы, я ўжо ведала, што так проста ён мяне не адпусьціць. І сапраўды, доўгая прысмоктка сну цягнулася за мной увесь ранак: я ведала тую раку і тыя берагі, смак кавалка яечні, які я клала ў рот, нагадваў мне смак іншай яечні, холад аконнага шкла — холад іншага шкла... Я сноўдалася па пакоях, прыслухоўваючыся да сябе, і не магла сабрацца ды пайсьці ў бібліятэку, як плянавала. Рыпеньне ключа ў замку прагучала гімнам вызваленьня — гэта быў Андрэй, і ён меўся мне дапамагчы.

Калі вам сасьніцца штось невыноснае, шэрыя вочы вашага каханка пададуцца яшчэ больш глыбокімі, пах яго скуры — яшчэ больш родным, а моц ягоных рук — неаборнай. Цяпло ягонага цела станецца адзіным надзейным паратункам...

Ня ведаю, хто як праводзіць дзень дыплёмнага праектаваньня. Я як што і праектавала, дык толькі не дыплём...

Калі Андрэй сышоў на кухню варыць каву, я высьлізнула з-пад коўдры, дастала з шафы панчохі зь дзіркай ад кулі і маляўніча расклала на ложку. Вярнуўшыся з падносам, Андрэй утаропіўся ў іх:

— Гэта што? Інсталяцыя?

— Нешта накшталт. Асабліва стылёва інсталяваная дзірка.

Адставіўшы паднос, Андрэй прыгледзеўся да дзіркі ды раптам спалохаўся. Я гэта выразна бачыла, хоць звычайна ён добра валодае тварам. Ён нават крыху зьбялеў.

— Хтось страляў у мяне ўчора ранкам. У акадэміі. І нейкі падшыванец у куртачцы за мной шпегаваў... Што адбываецца, Андрэю? Я пакуль што не палохаюся, але доўга так не працягну.

— Яня! — Андрэй моцна прыціснуў мяне да сябе. — Ня думай пра гэта. Проста ня думай.

— Лёгка сказаць!

— Вельмі хутка ўсё высьветліцца, я ўсё раскапаю — абяцаю.

— Хто гэты забіты з нашага лецішча? Ці ягоная асоба дасюль удакладняецца?

Андрэй неяк скоса зірнуў на мяне і падаў кубак кавы.

— Не, ужо вядомая. Мянцей Міхаіл Міхайлавіч, дваццаці шасьці гадоў, мянчук, жанаты, ёсьць дзіця. Прыватны прадпрымальнік — меў агенцтва юрыдычных паслугаў. Рэгістрацыя фірмаў, нерухомасьць...

— Што ты так глядзіш? Ня ведала я такога чалавека, ніколі не рэгістравала фірмаў і нерухомасьці не купляла. Чаму ён апынуўся ў нас? І, дарэчы, што з той сякеркай, якой мяне ўдарылі? Адкуль яна там узялася?

— На ёй не напісана. З выгляду сякера як сякера. Адбіткаў пальцаў ніякіх. У выходныя будуць апытваць жыхароў пасёлку...

— Дык, значыцца, на трэці дзень сьледзтва ў актыве толькі асоба забітага?

Андрэй зноў неяк дзіўна паглядзеў на мяне, але нічога не сказаў. Паціснуў плячыма і пачаў зьбірацца.

Мы выйшлі разам — ён падвёз мяне да бібліятэкі, куды я цяпер ужо была ў стане пайсьці.

Уся гэтая гісторыя здарылася не да часу: сэсія на носе. Гэтыя два факты — забіты на лецішчы і неабходнасьць хоць як атрымаць дыплём — увесь час блыталіся ў маёй галаве, і я не магла спыніцца ні на адным, ні на другім. То на старонках “Мікрасхематэхнікі” сярод тырыстараў, транзыстараў і дыёдаў раптам мільгалі мутныя вочы памерлага, то на сярэдзіне лягічнай пабудовы, што яднала віжа ў куртачцы, труп Мянцея, стрэл у пустым калідоры Палітэхнікі і сьлед на градах ля кустоўя, я раптам уздрыгвала і пачынала як ашалелая пісаць у сшытку — словам, дзень у бібліятэцы мяне так выматаў, што, выйшаўшы адтуль у змрок, я адчула настойлівую патрэбу разьвеяцца і трохі акрыяць. Шлях мой вёў у “Піцэрыю”. Там заўжды музыка, там смачныя італьянскія піцы і сыры (вось што мне зараз патрэбна!), там напэўна пабачу знаёмых: увечары, калі лекцыі сканчаюцца і цемра расьцякаецца сьцежкамі студгарадка, у “Піцэрыі” бавіць час палова Палітэхнікі...

Зьнішчыўшы цудоўную мацарэлу з памідорам, я адчула палёгку, быццам выратавалася ад вернай пагібелі. Сёрбнула соку, агледзелася. Час яшчэ не надышоў: палова столікаў была вольная і бармэн Пятро (ён кіўнуў, сустрэўшы мой позірк) спакойна падлічваў нешта на калькулятары, ведучы пальцам па доўгім слупку лічбаў. А вунь махае мне рукой наш староста-Кароста. Гэтую мянушку ён атрымаў зь лёгкай рукі Дуба. Хоць з адным такім дзеячом вы напэўна сутыкаліся ў жыцьці — тып даволі распаўсюджаны. Псуе навакольнае асяродзьдзе горш за алюміневы камбінат. Яны заўжды сярэдняга росту, досыць укормленыя, з круглымі пысамі і кароткімі тупымі насамі. Прадметы іх асаблівага гонару — густыя вусы і “пінжак з карманамі”, набыты ў модным буціку не за свае грошы.

На першай бульбе Кароста сьлёзна прасіў, каб мы абралі яго старастам. Мы і абралі: хочацца чалавеку адзначаць прысутных у журнале — няхай сабе адзначае. Ніхто не здагадваўся, што гэтае легкадумства вылезе нам бокам. Асабовы склад нашай групы быў тады занураны ў салодкія мроі закаханасьцяў, што ўспыхнулі яшчэ раней, чымся адбыліся знаёмствы. Вечаровыя туманы зь Бярэзіны, магнэтычныя вогнішчы на беразе, танцы ў пуні, калі дождж ідзе й на поле ня гоняць, начныя размовы пры сьвятле газьніцы — усяго гэтага зь лішкам хапала для прыгожага і поўнага жыцьця. Менш за ўсё думалася тады пра нейкага старасту.

Але як вярнуліся ў Менск... Дзе толькі распачынаецца чарговае глупства з удзелам шырокіх масаў — там Кароста са сьпісам у руках кантралюе і арганізуе студэнцкую моладзь. Дурных ягоных прэтэнзіяў не пералічыць. Але больш за ўсё дастае ён тых, хто жыве ў інтэрнаце: займеў там таемную пасаду галоўнага дзяжурнага і амаль неабсяжную ўладу. Што праўда, часам наш Кароста прыходзіць на заняткі зь ліхтаром пад вокам, але гэта не ратуе нас ні ад адзіных палітдзён, ні ад нудных прамоваў, ні ад удзелу ў бэпээсэмаўскіх мітынгах...

Кароста выцер вусы сурвэткай, падхапіў сваю тэчку з цудоўнай сьвіной скуры ды зьняўся зь месца. Праходзячы паўзь мяне, ён падміргнуў з паганенькай усьмешачкай:

— Прывітаньне Андрэю!

Тоўстая яго дупа віхлялася, як у недасьведчанай прастытуткі.

— Трэба Андрэю тваё прывітаньне, як лысаму грэбень, — хмыкнула я ўслед.

Дзьверы зноў расчыніліся, і ўвайшоў Канстанта.

Гэта яшчэ адзін мой аднагрупнік. Увогуле ён Косьця, але зноў-такі зь лёгкай рукі Дуба інакш як Канстанта яго ніхто не называе. Ён ня езьдзіў з намі на бульбу, і ўпершыню мы пабачылі гэтага зграбнага бялявага хлопца ў акулярах на першых занятках па “вышцы” — вышэйшай матэматыцы. Тады сама пазнаёміліся і з нашым выкладчыкам, Аляксандрам Ісакавічам Фрэбэргам.

— Ну-с, панове туняядцы, хуліганы ды алькаголікі,— сказаў Фрэбэрг, паклаўшы партфэль на стол,— а зараз дасьледуем меру вашай дурасьці. Прашу выказвацца!

Ён задаваў пытаньне за пытаньнем. Мы, хто на старце, хто на сярэдзіне, хто ў паўфінале, паступова адсейваліся. Фрэбэрг з нас кпіў. Нарэшце на дыстанцыі застаўся толькі бялявы хлапец. Яго акуляры паблісквалі, дарагая аправа кідала ў куткі сонечныя блікі. Ён выйшаў да дошкі. Формула за формулай узьнікалі на ёй і сьціраліся напаўсухой анучай. Выраз твару выкладчыка зьмяніўся.

— Што ж, малады чалавек, нядрэнна. Нават вельмі нядрэнна. У вас неблагія шанцы. Дазвольце пацікавіцца, як вас зваць?

— Канстанты Міклашэвіч,— хлопец паправіў акуляры.

— Канстанты? Хм. Адэпт нацыянальнага руху, значыцца? Мы выйдзем шчыльнымі радамі? Дазвольце старому чалавеку даць вам адну параду...

Канстанты пачырванеў.

— Зрэшты,— працягваў стары чалавек, якому было ніяк ня болей за трыццаць пяць, пільна разглядаючы твар адэпта,— у мяне яшчэ будзе для гэтага час. Сядайце, Канстанты. Пачнём, панове туняядцы. Прашу адкрыць сшыткі.

Канстанта апраўдаў сваю мянушку. Цягам усіх гэтых год ён заставаўся сабой — сьвядомым беларусам, сталым удзельнікам пікетаў і акцыяў, і ад яго палымяных прамоваў даводзілася хавацца таксама, як і ад мітынгаў Каросты. Але, пасьмейваючыся з палкасьці нацыяналіста і перакладаючы ягоныя кантрольныя на расейскую ў працэсе сьпісваньня, мы разумелі: надыдзе час, калі можна будзе атрымаць добры ганарар за ўспаміны пра знакамітага Міклашэвіча.

Нашыя “навуковыя” працы прыдатныя былі адно на тое, каб паставіць “птушачку” ў адпаведнай графе пляну працы з студэнтамі, а тады грубку распаліць. Канстантавы ж друкаваліся ў часопісах Англіі і Расеі. Ён выйграваў алімпіяды. Ён выступаў на навуковых канфэрэнцыях. Ён быў надзеяй сусьветнай навукі, і мэтры, слухаючы яго, перапытвалі адзін аднаго, ці дакладна яны зразумелі той ці іншы беларускі матэматычны тэрмін. І на іхных тварах сьвяцілася поўнае задавальненьне. Фрэбэрг быў Канстантавым навуковым кіраўніком.

І вось цяпер надзея сусьветнай навукі, азіраючыся, стаяла на парозе піцэрыі з такім выглядам, нібыта раптам захварэла на склероз. Я памахала Канстанту. Ён неяк няпэўна падышоў і мэханічна сеў у крэсла. Белыя яго валасы былі ўскудлачаныя.

— Ты выглядаеш, нібы ня еў шэсьць дзён,— заўважыла я.

— Ня шэсьць. Толькі тры.

— Што так? На катэдры грошай ня плацяць? Ці ў інтэрнаце сала скончылася?

— Я больш не працую на катэдры. І не жыву ў інтэрнаце.

Працяг будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0