З усёй краіны

Падманваюць жанчынаў

Дзьве жыхаркі Крычава наняліся ў Расею (Хімкі, Маскоўская вобл.) працаваць гандляркамі на рэчавым рынку, а апынуліся ў капцюрох сутэнёраў. Пару месяцаў іх сілком трымалі ў Маскве, прымушаючы працаваць прастытуткамі і штодзень абслугоўваць па некалькі дзясяткаў кліентаў. А баба, якая іх наймала, абяцала не па-беларуску вялікія заробкі, прымальныя ўмовы працы і іншыя жыцьцёвыя выгоды… Нядаўна дзяўчатам пашчасьціла ўцячы ад сваіх катаў. Гэта ўжо другі такі афіцыйна зарэгістраваны выпадак з крычаўскімі жанчынамі за апошні год.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Школы зачыняюцца, настаўнікаў звальняюць

З 1 верасьня будуць зачыненыя беларускія Тушкаўская пачатковая школа і Хамічынская школа-сад. 6 настаўнікаў і 7 тэхнічных супрацоўнікаў застануцца бяз працы. Па веды чатыром 6—7-гадовым дзецям з Тушкава давядзецца хадзіць за 5 кілямэтраў у Горкі ці ехаць на калгасным аўтобусе ў вёску Добрая. А 22 хамічынскія вучні будуць шторанку езьдзіць аўтобусам у суседнія Маслакі. Закрыцьцё гэтых школаў дазволіць за верасень—студзень 2002 г. ашчадзіць 6,5 млн. рублёў. У Горацкім раёне ёсьць яшчэ тры пачатковыя школы (у Нікуліне, Старасельлі і Ходараўцы), дзе вучацца ад 18 да 34 вучняў. Але сёлета зачыняць болей нічога не плануюць. Адно звольняць 27—30 настаўнікаў і каля 190 перавядуць на няпоўную стаўку.

Źniali dźviery

U baranavickaha pensijanera skrali… dźviery. Jany byli padvojnyja — dziela bolšaje biaśpieki. I, adamknuūšy niejak ranicaj unutranyja, dziadźka ūbačyū, što vonkavyja nočču niechta źniaū.

Novyja prajaznyja

Baranavicki aūtapark sa žniūnia ūvodzić novyja prajaznyja kvitki dla lhotnikaū. Ciapieraka, nabyvajučy ich, tre budzie pakazvać dakumenty na lhoty. Na veteranskim prajaznym budzie stajać litara “V”, proźvišča dy imia ūładalnika i numar paśviedčańnia. U školnikaū — litara “Š”, numar škoły, imia j proźvišča. Da prajaznoha tre budzie jašče daviedka sa škoły. Studenty j navučency atrymajuć kvitki ź litaraj “U”. Na ich taksama musiać być paznačanyja numar studenckaha, nazva VNU j proźvišča. Robicca heta, kab prajaznyja nie pieradavalisia inšym asobam.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Улез у шкоду

У Івацэвічах з памятнага знаку, пастаўленага ў памяць ахвяраў другой сусьветнай вайны, зьніклі пяць плітаў з імёнамі нябожчыкаў. Скраў іх 23-гадовы беспрацоўны Зьміцер Грыгаркевіч. Ён аддзіраў 25-кіляграмовыя пліты ўначы і насіў па адной дадому. Дзьве пабіў на кавалкі й здаў скупшчыку каляровых мэталаў за 23500 рублёў. Тры астатнія, схаваныя ля гаражоў, зьніклі.

Цяпер Зьміцер мусіць адседзець пяць месяцаў у вязьніцы й заплаціць каля двух мільёнаў рублёў.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Альбом гурту “Верасень”

Горацкі фольк-гурт “Верасень” запісаў першы кампакт-дыск. У яго ўвайшлі 10 беларускіх народных песень і некалькі аўтарскіх твораў. Манера выкананьня — лірычная, зь мяккім гумарам. Завецца альбом “Старонка”.

Натальля Кіраенкава, Горкі

Шахматны турнір
у Бараўлянах

У пасёлку Лясны браты Віктар і Кастусь Марозы зладзілі шахматны турнір. Удзел у ім узялі 11 чалавек. Усе гульцы, згодна зь беларускай традыцыяй, выступалі пад імёнамі, а не пад прозьвішчамі. Атмасфэра на спаборніцтвах панавала сяброўская — усе былі задаволеныя: і хто выйграў, і хто прайграў. Адзіная дзяўчына, Юлія, перамагла амаль усіх мужчынаў і заняла прызавое другое месца. Гульні вырашана зрабіць традыцыйнымі. Было б добра, каб і ў іншых мястэчках і вёсках падтрымалі гэтую ініцыятыву.

Валер Бадун, Лясны

“Вэтэраны Адраджэньня”
ў Любонічах

7 ліпеня ў Бабруйску сябры абласной суполкі грамадзянскай ініцыятывы “Вэтэраны адраджэньня” зладзілі выезд у вёску Любонічы. Вэтэраны наведалі месца, дзе калісьці стаяў храм Божай Маці “Жываносная крыніца”, разрабаваны ў часы калектывізацыі, наведалі майстэрню вясковага мастака Ўладзімера Аўсяніка. Завяршыўся выезд купаньнем у рэчцы і гарбатай у вясковай хаце, за якой абмяркоўваліся пляны далейшае дзейнасьці.

Віктар Качан, Бабруйск

Капаюць Глускі замак

Працягваюцца раскопкі Глускага замку, пабудаванага больш за 300 год таму. У свой час ён належаў маршалку Вялікага Княства Літоўcкага Аляксандру Палубінскаму, потым Радзівілам. Калісьці на яго тэрыторыі быў вялізны касьцёл. Час і людзі не пакінулі ад замку аніякіх сьлядоў: цяпер на тым месцы стадыён, аточаны землянымі валамі. Але пад зямлёй рэшткі старадаўніх умацаваньняў захаваліся. Іх і дасьледуе ўжо шосты год археоляг з Інстытуту гісторыі Ірына Ганецкая. Сёлета капаюць у правай частцы замчышча. Не стае працоўнай сілы: школьнікі, аб якіх папярэдне дамовіліся з кіраўніцтвам аддзелу культуры райвыканкаму, не былі гатовыя да пачатку раскопак. Даводзіцца шукаць добраахвотнікаў сярод мясцовых жыхароў.

Ігар Кірын, Глуск

ад’езд тыдня

Беларускі страцілі шанавальніка

Бэрнар Фасье, пасол Францыі, пакінуў краіну ў сувязі са сканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў. Трэці ў гісторыі дыпляматычных адносінаў пасол Францыі ў Беларусі запомніўся выкшталцонымі камплімэнтамі. “Беларусь найбагацейшая краіна, бо ні ў якай іншай няма столькі гожых жанчын”, — нястомна паўтараў ён у сваіх інтэрвію.

 

Шэйман падбірае кадры пад сябе

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Міхал Сьнягір пераведзены на пасаду пракурора Менскай вобласьці. Колішні пракурор Меншчыны пайшоў на пэнсію. Раней пракурор Менску Мікола Купрыянаў быў прызначаны намесьнікам генпракурора, а ягонае месца заняў Мікола Кулік, які адказваў у пракуратуры за ўнутраную бясьпеку. Ператварыўшы пракуратуру ў адну з самых уплывовых структураў краіны, Шэйман фармуе пад сябе і апарат.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0