Нота

Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

У інтэрвію маскоўскай газэце “Известия” 10 ліпеня 2002 году міністар замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі Ігар Іваноў закрануў праблему Калінінградзкай вобласьці. Ён выказаўся за стварэньне “транзыту”, які дасьць магчымасьць свабоднага праезду грамадзянаў РФ у Калінінград праз тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

На пытаньне, як разумець панятак “транзыт”, міністар адказаў: “Рух праз тэрыторыю Літвы ад адной расейскай мяжы да другой”.

Аднак міністар замежных справаў Расеі ня можа ня ведаць, што Літва, акрамя мяжы з Калінінградзкай вобласьцю, ня мае другой мяжы з Расеяй – яна мяжуе зь Беларусьсю. Трэба меркаваць, што менавіта гэтую мяжу і мае на ўвазе міністар.

Такая заява кіраўніка расейскага замежнапалітычнага ведамства ня можа быць вынікам звычайнай агаворкі. Гэтыя словы выяўляюць ігнараваньне Масквой Беларусі як незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, што абсалютна недапушчальна ў практыцы міждзяржаўных стасункаў.

Рада БНР, якая ўвасабляе ідэю беларускай Незалежнасьці і выконвае функцыі ўраду ў выгнаньні, выказвае гэтым пратэст Міністэрству замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі.

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР

Вільня, 14 ліпеня 2002 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0