Аляксандар Калінаў:
Ёсьць афіцыйная статыстыка:
50% грамадзянаў — вернікі

Беларусь адвеку была шматканфэсійнай краінай. Некалі дамінавала паганства, пэўны час — уніяцтва. У нас шмат каталікоў, багатыя традыцыі пратэстантызму і мільёны атэістаў. Таму спробы зрабіць з праваслаўя “вызначальную рэлігію” выглядаюць палітычнай спэкуляцыяй.

Праект “Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”, які нарабіў столькі галасу, увосень будзе разглядацца на cавеце рэспублікі. Фармулёўкі закону і тая пасьпешлівасьць, зь якой яго прымала палата прадстаўнікоў, выклікалі крытыку праваабаронцаў і рэлігійных меншасьцяў. Як будуць пасьля прыняцьця закону складацца стасункі дзяржавы і рэлігій? Ці не пагражае Беларусі ператварэньне ў праваслаўную дзяржаву? На пытаньні “НН” адказвае начальнік аддзелу ў справах рэлігіяў Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Аляксандар Калінаў.

“НН”: Пратэстанцкія рэлігійныя аб’яднаньні й грамадзянская ініцыятыва “За свабоду сумленьня” выступілі супраць закону. Як яны паставіліся да прыняцьця яго ў другім чытаньні палатай прадстаўнікоў?

А.К.: 8—10 ліпеня мы правялі кансультацыі з кіраўнікамі рэспубліканскіх пратэстанцкіх рэлігійных аб’яднаньняў. Растлумачылі, што закон скіраваны ў першую чаргу супраць дэструкцыйных нэакультаў. Шэраг пытаньняў зьняты.

Пасьля прыняцьця законапраекту ў першым чытаньні ў наш камітэт паступіла шмат зваротаў ад рэлігійных грамадаў вернікаў-пратэстантаў — асабліва ад хрысьціянаў веры эвангельскай (пяцідзясятнікаў). Вялікая частка лістоў напісаная паводле аднаго ўзору — гэта сьведчыць, што ладзілася арганізаваная кампанія.

Новы варыянт закону створаны ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі 1996 г. і сучаснай канфэсійнай сытуацыяй. Ёсьць афіцыйная статыстыка: у нашай краіне 50% грамадзянаў — вернікі, зь іх 80% — праваслаўныя, 14% — каталікі, 2% — пратэстанты. Мы ж павінны гэта ўлічваць!

У артыкуле 16 Канстытуцыі гаворыцца, што ўзаемаадносіны дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фармаваньне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцыяў беларускага народу. Трэба памятаць, што цяперашнія пратэстанты — пяцідзясятнікі, харызматы, баптысты — гэта ня тыя пратэстанты, што былі ў Беларусі XVI—XVII ст. Тады былі кальвіністы і лютэране. І Радзівілы, і Сапегі, і іншыя былі кальвіністамі, лютэранамі. А цяперашнія пратэстанцкія канфэсіі ўзьніклі ў другой палове ХІХ стагодзьдзя.

“НН”: Што азначаюць словы ў прэамбуле наконт вызначальнай ролі праваслаўя ў фармаваньні беларускай нацыі? Усе іншыя робяцца вернікамі другога гатунку?

А.К.: У прэамбуле насамрэч прызнаецца вызначальная роля праваслаўнай Царквы ў фармаваньні дзяржаўных, духоўных і культурных традыцыяў беларускага народу. Але гаворыцца і пра духоўную, культурную і гістарычную ролю каталіцкага Касьцёлу на тэрыторыі Беларусі; неаддзельнасьць ад агульнай гісторыі Беларусі эвангелічна-лютэранскай Царквы, юдаізму і ісламу.

Такія прэцэдэнты вядомыя ў сьвеце. У Канстытуцыі Бэльгіі адзначаныя “прызнаныя рэлігіі” — 6 канфэсіяў (каталіцтва, лютэранства, англіканства, праваслаўе, юдаізм, іслам), “якія маюць грамадзкую каштоўнасьць і даказалі карысьць грамадзтву сваім служэньнем насельніцтву”. У Канстытуцыі Аўстрыі ёсьць панятак “прызнанае законам рэлігійнае вучэньне”: каталіцкі Касьцёл прызнаны такім у адпаведнасьці з канкардатам — пагадненьнем паміж Ватыканам і Венай. Прызнаюцца таксама пратэстанцкая, швайцарская, праваслаўная цэрквы, юдаізм і іслам.

Паміж Партугаліяй і Ватыканам таксама заключаны канкардат. У Даніі лютэранская царква ёсьць афіцыйнай царквой краіны. У Канстытуцыі Ірляндыі (1990 г.) замацаванае першынство рымска-каталіцкай Царквы. У Швэцыі афіцыйная дзяржаўная царква — лютэранская. У Вялікай Брытаніі афіцыйная царква — англіканская. Яна — частка дзяржавы: 24 ейныя біскупы ўваходзяць у палату лордаў.

Таму выдзяленьне ў прэамбуле беларускага закону пералічаных канфэсіяў — гэта адлюстраваньне іх гістарычнай ролі і рэальнай сытуацыі ў нашай краіне. Роўнасьць усіх канфэсіяў перад законам яшчэ не азначае іх роўнага ўнёску ў фармаваньне духоўнасьці і культуры народу. Калі ў нас ёсьць артыкул 16 Канстытуцыі, дзе замацавана, што дзяржава будуе свае адносіны з рэлігійнымі арганізацыямі з улікам гэтага, дык дзяржава мае права сама вызначаць, з кім і ў якім аб’ёме яна будзе будаваць гэтыя адносіны. У адпаведнасьці з прынятым палатай прадстаўнікоў законапраектам дзяржава можа будаваць свае адносіны з рэлігійнымі арганізацыямі, падпісваючы зь імі пагадненьні. У Беларусі ніколі ня будзе адзінай дзяржаўнай рэлігіі. Гэта супярэчыць Канстытуцыі, у прыватнасьці, артыкулам 4 і 15.

Закон не абмяжоўвае правы зарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў. У новым законапраекце ёсьць мэханізм супрацьдзеяньня пранікненьню ў Беларусь дэструкцыйных рэлігійных культаў.

“НН”: А хто будзе вырашаць пытаньне пра “дэструкцыйнасьць/недэструкцыйнасьць” культу?

А.К.: Рэлігіязнаўчая дзяржаўная экспэртыза, прызначаная рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіраваньня ў справах рэлігіяў. Яна будзе стварацца пры рэгістрацыі невядомых раней у Беларусі рэлігійных арганізацыяў. У нас створаная экспэртная рада, яе ўзначальвае доктар філязофскіх навук, прафэсар Анатоль Круглоў, спэцыяліст па ўсіх вядомых сусьветных рэлігіях і вучэньнях. Дзякуючы радзе ў нас не дапушчанае разрастаньне дэструкцыйных, псэўдарэлігійных, таталітарных культаў (“Дзеці Бога”, “Багародзічны цэнтар”, “Белае брацтва” і інш.).

Камітэт асабліва занепакоены пранікненьнем у Беларусь разнастайных астралягічных, псыханэўралягічных культаў.

“НН”: Чаму была ўведзеная норма ў 20 чалавек для заснаваньня рэлігійнай грамады?

А.К.: Каб не адбываліся расколы рэлігійных грамадаў, каб не ўтвараліся фанатычныя арганізацыі (зазвычай якраз нешматлікія). Мы ўлічылі досьвед іншых краінаў: Украіны (там норма заснавальнікаў — 25 чалавек), Эстоніі, Узбэкістану (у іх — яшчэ болей).

Выклікаў гучныя пратэсты артыкул пра папярэджаньні й ліквідацыю рэлігійных арганізацыяў у выпадку парушэньня заканадаўства. Дык займацца ж гэтым будзе суд! Толькі ён зможа ліквідаваць рэлігійную арганізацыю, як і любую іншую — палітычную, грамадзкую.

Заканадаўства прадугледжвае, што на працягу 2 гадоў рэлігійныя арганізацыі павінны прайсьці перарэгістрацыю. За гэты час яны мусяць унесьці зьмены і дапаўненьні ў свае статуты ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам.

Прававыя нормы, якія ёсьць у новым законе, не парушаюць правоў чалавека, а будуць спрыяць умацаваньню статусу рэлігійных арганізацыяў.

Гутарыў Адам Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0