Праект захопу неабмежаванай улады

Працяг. Пачатак у № 22, 24—26.

Арыентацыя на “сярэдняга выбарца” дапамагала Лукашэнку процістаяць унутранай апазыцыі, камфортна пачувацца ў Беларусі, ведучы, хоць і з паўзамі, перамовы з Крамлём. Заганным эфэктам гэтых паўзаў было запаволеньне інтэграцыйнага працэсу і зьмяншэньне цікавасьці да яго з боку грамадзтва. Невыпадкова Лукашэнка перасьцерагаў сваіх прыхільнікаў у Расеі: “Маладое пакаленьне, якое сёньня ўступае ў вялікую палітыку, ня мае ўяўленьня пра жыцьцё ў Савецкім Саюзе, пра тое, як савецкія людзі дасягалі сваіх высокіх ідэалаў. Ідзе пераацэнка вартасьцяў. Старэйшае пакаленьне выцясьняецца прагматычнымі, жорсткімі “маладымі ваўкамі”. Вось чаму мы ня можам, ня маем права зацягваць свае ваганьні на гады або дзесяцігодзьдзі”.

Утварэньне палітычнага саюзу тармазілася ня толькі з-за канкурэнцыі між кансэрватыўным Лукашэнкам і ягонымі расейскімі камуністычнымі ды нацыяналістычнымі прыхільнікамі, але і з прычыны несумяшчальнасьці стратэгіяў асноўных палітычных актораў у Расеі й Беларусі, а таксама іх мэтаў. Ідэальны эфэкт ад аб’яднаньня для аднаго з бакоў выглядаў зусім непрывабна для другога. Як вынік, працягваў трываць статус-кво.

Моцны супраціў інтэграцыйнаму праекту Лукашэнкі з боку часткі расейскай палітычнай эліты прымусіў беларускага прэзыдэнта публічна абвяргаць заявы аб намеры выкарыстаць саюз у якасьці пляцдарму для заваёвы Крамля: Расейскім грамадзянам увесь час уводзяць у вушы, што Лукашэнка разыгрывае расейскую карту ў сваіх палітычных інтарэсах. Што ён мроіць пра “шапку Манамаха” і толькі на гэта яму патрэбная дамова. Гэтая правакацыя мяне абражае. Я яшчэ раз заяўляю: саюзная дзяржава ствараецца ня дзеля задавальненьня амбіцый палітыкаў, а дзеля паляпшэньня жыцьця і задавальненьня інтарэсаў дзесяці мільёнаў простых людзей, нашых людзей.

Лукашэнка настойваў на сваіх інтэграцыйных прапановах, аж пакуль ня стала ясна, што Расея, і перш за ўсё Ельцын, нізавошта ня пойдзе на ўтварэньне канфэдэрацыі. Адраджэньню надзеяў беларускага прэзыдэнта пасьля фінансавага краху 1998 г. паспрыяў палітычны крызыс у Крамлі, пасьля якога прэм’ер-міністрам Расеі зрабіўся вэтэран кампартыі й былы кіраўнік Службы замежнай выведкi Яўген Прымакоў. Апошні здолеў хутка здабыць грамадзкую падтрымку й стварыў сабе імідж самага прадказальнага палітыка ў краіне і кандыдата ў пераемнікі Ельцына. Мабыць, Лукашэнка лічыў Прымакова патэнцыйным палітычным саюзьнікам дзякуючы прыхільнасьці новага прэм’ера да камуністаў, а таксама з прычыны ягонага паважнага веку. Апошняя акалічнасьць прадвяшчала зьяўленьне чарговага “крамлёўскага старца”, на фоне якога Лукашэнка зноў мог прадстаўляць сябе ў якасьці маладзейшай і здаравейшай альтэрнатывы. А паколькі расейскі эканамічны крызыс адгукнуўся ў Беларусі ростам сацыяльнай нездаволенасьці, Лукашэнка меў патрэбу ў нейкай палітычнай акцыі, каб супакоіць электарат хоць бы абяцаньнямі пазытыўных зьменаў. Тое самае трэ было і расейскаму прэзыдэнту, якога крытыкавалі за бязьдзейнасьць перад абліччам натаўскай ваеннай апэрацыі ў Косаве. Няздольнасьць расейскай дыпляматыі прадухіліць яе пагражала чарговы раз прадэманстраваць слабасьць Ельцына і ўскладніць працэс перадачы ўлады пераемніку. Як гэта здаралася і раней, супадзеньне інтарэсаў абодвух бакоў нарадзіла новую інтэграцыйную кампанію. 25 сьнежня 1998 г. Лукашэнка і Ельцын падпісалі дэклярацыю аб намеры стварыць саюзную дзяржаву.

Палітычная сытуацыя ў Расеі, аднак, хутка зьмянялася. Ельцын урэшце здолеў пазбавіцца ад Прымакова ў траўні 1999-га. Новы прэм’ер-міністар Сяргей Сьцяпашын — перакананы лібэрал, нягледзячы на колішнія сувязі з КДБ, — не выказваў захапленьня саюзам. Праект новай саюзнай дамовы, падрыхтаваны пад наглядам Сьцяпашына і вынесены на суд грамадзкасьці ў чэрвені, Лукашэнка сустрэў з абурэньнем, бо дакумэнт не прадугледжваў самай важнай для яго пасады — пасады прэзыдэнта. Замест гэтага прапаноўвалася, каб усе саюзныя пастановы зацьвярджаліся кіраўнікамі абедзьвюх дзяржаваў, якія павінны былі падпісваць дакумэнты, прынятыя саюзным парлямэнтам і ўрадам. Гэтым самым праект абмяжоўваў магчымасьці інстытутаў, якімі мог бы маніпуляваць беларускі прэзыдэнт (г.зн. парлямэнту і Найвышэйшай Рады, дзе падтрымка расейскіх камуністаў забясьпечвала б яму бальшыню галасоў, а значыць, і лідэрства ў саюзе). Дый сфэра паўнамоцтваў наднацыянальных органаў улады была моцна звужаная ў параўнаньні з тым, што прапаноўваў Лукашэнка. Усе разам узятыя, яны не пакідалі яму магчымасьці хоць неяк уплываць на расейскую ўнутраную палітыку. Лукашэнка абвясьціў праект дамовы “пустым”, зьвінаваціў Сьцяпашына ў падрыве інтэграцыі й нават прыгразіў пераарыентаваць сваю замежную палітыку ды “нармалізаваць адносіны з Захадам”, калі Расея адмовіцца прыняць ягоныя ініцыятывы. Апошнюю пагрозу Сьцяпашын успрыняў з іроніяй. Ён вітаў меркаваны паварот у беларускай замежнай палітыцы, адзначыўшы пры гэтым, што “саюз Беларусі й Расеі ніколі ня зьявіцца перашкодай для інтэграцыі ў Эўропу”.

Лукашэнка і расійскія СМІ

Нягледзячы на ўсю спрэчнасьць палітычных дасягненьняў Расеі часоў Ельцына, адзін абсяг, у якім палітыка апошняга выразна кантраставала з Лукашэнкавай, усё ж быў. Маюцца на ўвазе сродкі масавай інфармацыі. Амаль поўная свабода прэсы і палітычных дыскусіяў у Расеі — дасягненьне, якое прызнаюць нават самыя зацятыя крытыкі Ельцына, — не магла не паўплываць на яе менш лібэральнага суседа. Беларусь заставалася з адзіным агульнанацыянальным тэлеканалам, які знаходзіўся пад поўным кантролем рэжыму. Недастатковая прафэсійнасьць БТ прымушала гледачоў пераключацца на адзін з даступных расейскіх каналаў. Здавалася б, у сьвятле аб’яднаньня дзьвюх краінаў гэта не было заганай, наадварот — сьведчыла пра вялікі посьпех інтэграцыі. Аднак Лукашэнка быў не ў захапленьні. Расейскія тэлеканалы парушалі манаполію дзяржаўных СМІ на асьвятленьне падзеяў і пакідалі апанэнтам прэзыдэнта магчымасьць данесьці свае погляды да грамадзтва.

Першы канфлікт беларускага лідэра з расейскімі тэлеканаламі адбыўся, калі тыя паказалі сцэны разгону менскіх мітынгаў увесну 1996 г. Дарма што расейскія журналісты былі прадстаўнікамі “братняй краіны”, падчас разгону дэманстрацыяў па іх ня раз прайшліся гумавыя дручкі. Аляксандар Ступнікаў, кіраўнік прадстаўніцтва НТВ у Беларусі, быў выпраўлены з краіны, што, несумненна, ішло ўразрэз з Лукашэнкавым інтэграцыйным імпэтам.

Апраўдваючы рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў, афіцыйны Менск часта спасылаўся на сувэрэнітэт краіны і пратэставаў супраць умяшаньня Расеі ў тое, што ён лічыў сваімі ўнутранымі справамі.

У чэрвені 1997 г. Павал Шарамет са сваёй здымачнай групай зрабіў рэпартаж пра адсутнасьць належнага пагранічнага кантролю на беларуска-літоўскай мяжы. Праз колькі дзён Шарамет са сваім памочнікам, апэратарам Зьмітром Завадзкім, быў арыштаваны й зьвінавачаны ў незаконным пераходзе дзяржаўнай мяжы. У жніўні яшчэ адна здымачная група ОРТ была затрыманая з той самай прычыны. Арышты выклікалі буру крытыкі ў расейскіх СМІ, а таксама, што было нечакана для Лукашэнкі, раздражненьне ў Крамлі. Ельцын выступіў з жорсткай заявай, запатрабаваўшы растлумачыць факт арышту і неадкладна вызваліць журналістаў. Лукашэнка быў абвінавачаны ў непрыязных дзеяньнях, якіх нельга было б чакаць нават ад лютых ворагаў Расеі. Беларускі прэзыдэнт хутка адказаў на абвінавачаньні, растлумачыўшы рэзкасьць Ельцына інтрыгамі лібэралаў у ягоным атачэньні. Як заявіў Лукашэнка, Ельцын падпаў пад уплыў “лялькаводаў” Чубайса, Гайдара і іншых, якія “ненавідзяць усё расейскае” і хацелі б скарыстаць справу рэпарцёраў ОРТ для разбурэньня саюзу Беларусі й Расеі. Супрацьстаяньне нарастала. Пасьля націску з Крамля апальныя рэпарцёры нарэшце былі вызваленыя, атрымаўшы, адпаведна, два і паўтара году пазбаўленьня волі ўмоўна.

Адносіны паміж Лукашэнкам і Ельцыным ня вельмі сапсаваліся, паколькі яны ніколі не былі дужа добрыя. Дарма што інцыдэнт з журналістамі ОРТ быў вычарпаны, Лукашэнка працягваў “ставіць на месца” расейскія СМІ, як толькі яму надаралася такая магчымасьць. Ён, аднак, быў вымушаны цярпець прысутнасьць непрыязных журналістаў, бо адключэньне расейскіх каналаў з той пары, як яны зрабіліся ключавымі пастаўнікамі інфармацыі й забаўляльных праграмаў для беларускіх гледачоў, не абышлося б без скандалу. Такі крок быў бы зь вялікай незадаволенасьцю сустрэты ў Маскве і даў бы апанэнтам Лукашэнкі зручную магчымасьць зьвінаваціць яго ў процідзеяньні інтэграцыі. Адзінай рэальнай умовай, пры якой стаўленьне расейскіх СМІ да Лукашэнкавых мэтадаў кіраваньня магло б памяняцца, было аднаўленьне ўціску незалежнай прэсы ў самой Расеі. Часткова гэтак сталася з прыходам Пуціна, чыё абыходжаньне з апазыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі дапамагло яму разам з Лукашэнкам трапіць у сьпіс дзесяці самых заўзятых праціўнікаў свабоднай прэсы, які штогод складаецца амэрыканскім незалежным “Камітэтам аховы журналістаў”. Імкненьне расейскага прэзыдэнта ўзмацніць палітычны кантроль над незалежнымі СМІ было на руку Лукашэнку ў часе выбарчай кампаніі 2001 г. Паводле некаторых зьвестак, праграма “Адзін дзень з Аляксандрам Лукашэнкам”, паказаная па РТР за некалькі дзён да выбараў, падвысіла ягоны рэйтынг на 11%. Аднак выглядала на тое, што за аднаўленьне крамлёўскай падтрымкі давядзецца заплаціць цану, якая надоўга ляжа цяжарам на ягоны палітычны рэжым.

Віталь Сіліцкі

Працяг будзе.

Гэты артыкул — урывак з дасьледаваньня “Палітычная эканомія беларуска-расійскай інтэграцыі”, цалкам надрукаванага ў кнізе “Беларуска-расійская інтэграцыя”, што выйшла з друку ў выдавецтве часопісу “Arche”. Друкуецца ў газэтным варыянце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0