Названы ў гонар Касьцюшкі

Прачытаў у “НН” артыкул Сяргея Балахонава пра Фадзея Булгарына. Сумна стала, нiбыта апынуўся я зноў недзе ў часах таварыша Андропава. Вось, злавiлi Фадзея на працы з бутэлькай пiва i павалаклi ў парткам. А Фадзей нiчога сказаць у сваю абарону ня можа, бо нямы ён. Давядзецца адказваць мне.

Сп.Балахонаў пiша: “Iмя Фадзея Булгарына ў спэцыялiста выклiча натужлiвую ўсьмешку”. Хацелася б даведацца, дзе ён бачыў такога “спэцыялiста”. Бо пры камунiстах вывучаць творчасьць i жыцьцёвы шлях Булгарына наагул было забаронена. Калi сп.Балахонаў лiчыць спэцыялiстамi школьных настаўнiкаў, дык большасьць зь iх ведала Фадзея толькi з эпiграмаў яго лiтаратурных канкурэнтаў. А сапраўдныя спэцыялiсты, напрыклад вучоны сакратар Пушкiнскай камiсii Расейскай акадэмii навук прафэсар Сяргей Фамiчоў, могуць расказаць, як iм не дазвалялі друкаваць у сваiх кнiгах нават успамiны Булгарына пра Грыбаедава, хоць і былі яны найблiжэйшымі сябрамі.

Нiхто ў дзяцiнстве не вучыў Тадэвуша прыстасоўвацца. Тым больш бацька, для якога iмя Касьцюшкi заўжды было сьвятым. I Тадэвуша (Фадзея) назвалi менавiта ў гонар Касьцюшкi, якога бацька, Бенядзiкт Булгарын, ведаў асабiста. Калі граф Iван Фэрзэн спытаў 6-гадовага Тадзiка: “Навошта табе шабля?”, — той адказаў: “Бiць усiх, каго дзядзька Касьцюшка загадае!” Адбылася гэтая размова ўжо пасьля бітвы ля Мацяёвiцаў, а Iван Фэрзэн —расейскi генэрал, якi перамог і паланіў Касьцюшку.

А вось што прыгадваў чалавек, якi Булгарына зусiм не любiў, — Апалон Марын. Быў ён генэралам расейскай армii, а ў дзяцiнстве вучыўся ў адным кадэцкiм корпусе з Фадзеем. Там Фадзея бiлi — i моцна! — за ягоныя словы: “Вывучуся, перайду да палякаў i пачну рэзаць расейцаў!” Гэта ж трэба бачыць, якi прыстасаванец: сам просiць, каб яго пабiлi!..

Сп.Балахонаў піша, што, атрымаўшы адукацыю, Фадзей адразу ж зьбег з расейскага войска. Насамрэч ён пасьпеў яшчэ паваяваць за Расею. I атрымаў некалькi ўзнагародаў за сьмеласьць. А з войска яго выгналi за тое, што напiўся. I шмат каго так выганялi, нягледзячы на ўзнагароды. Пасьля гэтага, сапраўды, пайшоў Фадзей да Напалеона.

Вось толькi невялiкая недарэчнасьць атрымлiваецца ў эсэiста. Ён ня пiша, што ў гэты час Расея i Францыя былі саюзьнiкамі. Тыльзыцкi мiр — памятаеце? Вось пасьля Тыльзыту i ваяваў Фадзей разам з французамi. I зноў жа вядома, чаму менавiта зь iмi, а не, напрыклад, зь немцамi. Бо Банапарт паабяцаў аднавiць Рэч Паспалiтую. I тыя, хто паверыў яму, анiяк не заслугоўваюць зьнявагi. Бо былi сярод iх сапраўдныя героi, напрыклад маршал Юзаф Панятоўскi. Дый Фадзей быў не апошнi, бо званьне капiтана ён атрымаў па асабiстым загадзе iмпэратара Францыi — пры Баўцэне. Ваяваў ён у Гiшпанii, у Аўстрыi, у Нямеччыне. Тут яго i ўзялi ў палон расейцы. I нават дазволiлi яму вярнуцца на радзiму — як i астатнiм легiянэрам Панятоўскага.

Тут сп.Балахонаў зноў ня ведае, як ушчамiць Фадзея. Вось, маўляў, апынуўся Булгарын у Вiльнi, прыбiўся да лiтаратурнага таварыства шубраўцаў, а калi пачуў пах палёнага, дык зьбег у Пецярбург. Пах палёнага — гэта значыць, “фiляматам i фiлярэтам ужо дасталося на гарэхi”. Толькi зноў недарэчнасьць: гарэхi тыя Навасiльцаў пачаў раздаваць у 1823—24 г. А Булгарын у Пецярбург зьехаў у 1819 г., калi фiляматы i фiлярэты толькi-толькi пачыналi сваю дзейнасьць. I ня зьбег, а зьехаў на працу: булгарынскi дзядзька Павал наняў Фадзея як адваката — баранiць маёмасьць, наконт якой iшла судовая спрэчка з графам Тышкевiчам.

Суд той Фадзей выйграў, за што атрымаў ад дзядзькi добры ганарар i пачаў выдаваць часопic. Ды якi: першы, прысьвечаны гiсторыi, — “Северный Архив”. Гэта ж вам не Марынiна — гэта Шыбека зь Вячоркам! Амаль штонумар друкаваў Булгарын матэрыялы, якiя тычацца менавiта нашай гiсторыi. Першы дакумэнт за подпiсам Вiтаўта менавіта ў “Архіве” зьявіўся. I артыкулы Лялевелю Фадзей замаўляў.

“Булгарын быў зь сiм-тым прагрэсiўным расейцам на короткой ноге. Відаць, маецца на ўвазе ягонае сяброўства з Кандратам Рылеевым. Так, сябраваў. I нават 13 сьнежня прыйшоў да Рылеева на кватэру. Перад самым паўстаньнем. Рылееў сустрэў яго, даў кiпу нейкiх папераў i прагнаў са словамi: “Ідзі, ты мусіш жыць!” І Фадзей хаваў рукапісы дзяржаўнага злачынцы ўсё сваё доўгае жыцьцё. I ўжо пасьля сьмерцi бацькi, калi дазволiлi дзекабрыстам вярнуцца зь Сібiры, сыны Булгарына пачалi друкаваць рылееўскiя паперы. I вярнулi Расеі добрага паэта, таму што большая частка творчай спадчыны яго захавалася толькi дзякуючы Булгарыну! А што вярнуў культуры сп.Балахонаў? Гнюсны паклёп на суайчыньнiка?

Вось мы i дайшлi да КГБ тагачаснага — да III Аддзяленьня. Так i бачу сп.Балахонава, якi рыхтуецца спытаць мяне: “Ну, а зараз што скажаце, таварыш Фядута?” Воечкi, ёсьць што сказаць!

Булгарынскiя “даносы” сёньня ўсе надрукаваныя. Зрабiў гэта расейскi дасьледчык Абрам Рэйтблат. I вельмi цiкавая атрымлiваецца карцiна. Кожны раз, калi справа iдзе пра Беларусь, Лiтву, Польшчу, Булгарын баронiць беларусаў, лiтвiнаў, палякаў. I баронiць ад Навасiльцава i вялiкага князя Канстанцiна Паўлавiча. З Навасiльцавым i ягонымi паплечнiкамi Фадзей змагаўся нават пасьля 1831 г. А цi ведаеце вы, што гэта за час? I кiм стаў у гэты час сэнатар Навасiльцаў? I нешта я ня чуў, каб сп.Балахонаў “выкрываў”, напрыклад, Вiктара Шэймана ў лiстах да шэфа КДБ.

Сорамна, пане дабрадзею, тыражаваць плёткi, нават калi iх крынiцай зьяўляецца, напрыклад, Пушкiн. А сп.Балахонаў робіць менавіта так, бо сам ведае пра Булгарына, відаць, найбольш з даведнiка спадарынi Маслыкi — добрага, але трошкi iдэалягiзаванага.

Усе ссыльныя палякi i лiтвiны ведалi, што Фадзей дапаможа грашыма, дасьць прытулак (напрыклад, фiлямат Мiкалай Малiноўскi тры гады жыў у доме Булгарына), дапаможа з працай. Менавiта Булгарын дапамог Мiцкевiчу надрукаваць “Конрада Валенрода”. А калi фiлямат Юзаф Яжоўскi апынуўся без дапамогi, Булгарын за свой кошт надрукаваў ягоны камэнтар да одаў Гарацыя, а атрыманыя грошы перадаў Яжоўскаму. Колькi потым ляманту было ў расейскiм лiтаратурным сьвеце, але нiводны паляк альбо лiтвiн, якi ведаў, у чым справа, нiколi не абвiнавацiў Фадзея ў здрадзе i плягiяце.

Аляксандар Фядута

Ад рэдакцыі. У кастрычніку выдавецтва “Беларускі кнігазбор” мае выпусьціць з друку том выбраных твораў Фадзея Булгарына — плён чатырох гадоў працы аўтара гэтага водгуку.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0