Музыка

“Чужыя дзеўкі”. Гурт “Палац”.
West Records”, (p) 2002.

Зладзіў экспэрымэнт. Зразумела, на чужых дзеўках. У сэнсе — ня нашых, прыежджых. Паставіў ім гэты альбом, папрасіў праслухаць. Тыя спачатку: “Ой, это же наш “Иван Купала”!” Потым: “Ой, это же по-русски!” А на трэцяй песьні іх стрымаць было ўжо немагчыма. Пачалося такое, што толькі падчас купальскае начы і бывае. Забойная сіла гэты альбом!

Практычна ўсе песьні тут — шлягеры. Такога “Палац” раней, за выключэньнем зборніка “Лепшае”, не рабіў. Што ні вазьмі — скрозь шэдэўрык: “Ой, Купала”, “Чужыя дзеўкі”, “Ляцеў воран”, “А ў заенкі...”.

На гукавую атмасфэру альбому паўплывала тое, што тут выкарыстоўваецца менш электронікі, а на першым пляне — жывое гучаньне. Акрамя таго, стварэньню больш натуральнага гукавога вобразу паспрыялі жывыя бубны і актыўная гітара Сяргея Трухановіча, музыкі стылёвага і дакладнага ў дробязях. Альбом пісаўся даўно, а “Палац” зьмяняецца пастаянна. Вось чаму “Чужыя дзеўкі” — гэта ня проста чарговы “Бэст оф”, але й яскравы дакумэнт таго, як калектыў сустрэў новае стагодзьдзе. Мяркуючы па прыгожай вокладцы альбому, зь дзеўкамі чужымі, бо сваім сказалі, што зьехалі на гастролі. А самі тым часам альбом пісалі.

Пераканальны прадукт, хоць дзе-нідзе ў вакальных партыях яшчэ аднаго галасочку не стае… Але — аўдыторыя сытая і дзеўкі задаволеныя. Чаго яшчэ трэба?

Свой Слухач

 

“Belorussian central police band of the Ministry of internal affairs”. “Ковчег”, (р) 2002.

Дажыліся! Мянты пачалі заваёўваць айчынны шоў-рынак. І робяць яны гэта значна лепш, чым змагаюцца за паказьнікі раскрыцьця розных брудных крымінальных справаў.

Сольны альбом галоўнай банды Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі даводзіць, што на гэты калектыў варта зьвяртаць пільную ўвагу. Добрыя музыкі, зь якіх шмат хто вядомы па іншых праектах (прыкладам, капітан Алег Крылоў, клярнэтыст ансамблю “Рэнэсанс”), разнастайны рэпэртуар, што ўключае як аранжаваньні вядомых кампазыцыяў, так і арыгінальныя творы, нарэшце, зладжанае выкананьне. Альбом гэты — у пэўным сэнсе нечаканасьць, бо паказвае, што ў краіне маецца ня толькі канцэртная банда сп.Фінбэрга, але й іншыя высокага ўзроўню калектывы.

Адчуваецца, што ў гэтай бандзе дысцыплінка ўсё ж лепшая, чым у цывільных аркестрах: добрай раскаванасьці, якая прадугледжвае поўную свабоду выкананьня, асабліва падчас імправізаваных фрагмэнтаў, тут не стае. Аднак калі міліцэйскі бэнд выконвае, напрыклад, “Friends Will Be Friends” са спадчыны “Queen” ці “From Blues to Rock-n-roll” лейтэнанта Сьцяпана Горына, гэта дае падставы сцьвярджаць, што мянты і народ усё ж адзіныя. У адносінах да нармалёвай музыкі, вядома...

Рэпэртуар альбому прадыктаваны імкненьнем паказаць банду з усіх бакоў, а тэксты на мове міжнароднага крыміналітэту сьведчаць, што альбом выдадзены перш за ўсё з разьлікам на замежныя цёмныя сілы. Для альбому былі запісаныя творы Шастаковіча, Пахмутавай, Майкла Джэксана, Чыка Карыа, Штраўса, Качыні, беларускія народныя творы, прычым п’еса “Take Five in Belаrusian Manner” таго ж Сьцяпана Горына — арыгінальнае спалучэньне славутай тэмы Пола Дэзманда зь беларускай народнай мэлёдыяй. Супэр!

У запісе альбому паўдзельнічалі й вядомыя салісты (Натальля Руднева).

Калі б яшчэ камандаваньне дазваляла музыкам пасьля адбою больш часу праводзіць на розных сумніцельнага характару начных сэйшанах і больш свабодна выказвацца падчас сола, канцэрты аркестру выклікалі б большую цікавасьць з боку прэсы. Уяўляеце: пасьля чарговага “Маршу свабоды” звозяць журналюгаў на Маякоўскага, а там ужо прыгожыя хлопцы ў мундзірах канцэрт даюць?! І палачка ў паветры лётае — не гумовая, а дырыжорская? І гучыць “Friends Will Be Friends”, а ня “…”. Ну хто ж тады дрэннае пра міліцыю напіша? Хіба што глухі да ўсяго апазыцыянэр.

Зьняволены Слухач

 

“Прыгожае”. Вікторыя Ільлінская. (р) “БМАgroup”, 2002.

Гэты альбом — цыкл лірычных, рамансавага складу песень Вікторыі Ільлінскай на вершы Славаміра Адамовіча. Слава Корань выступіў у ролі саўндпрадусара.

Разважаючы пра трываласьць творчага дуэту кампазытара ды аўтара тэкстаў, мы заўсёды выходзім на пытаньне, наколькі арганічна дапаўняюць яны адзін аднаго ў працэсе творчасьці. Уражаньне ад альбому атрымалася наступнае: аўтар музыкі і выканаўца Вікторыя Ільлінская саступае аўтару вершаў Славаміру Адамовічу. Альбом вытрыманы ў стылістыцы клясычнай аўтарскай песьні. Большасьць з трыццаці дзьвюх зьмешчаных на касэце песень, на жаль, ня радуюць менавіта мэлядычным вынаходніцтвам і разнастайнасьцю. Яны звычайныя, калі не сказаць — стандартныя. Спрабуючы разважаць пра іх адметнасьць, можна адно зазначыць, што некаторыя атрымаліся крыху лепей, некаторыя — крыху горай. Хоць аматарам менавіта аўтарскае песьні праграма спадабаецца. Мне ж падалася сумнаватай.

Непрыгожы Слухач

 

“Сшытак 2000—2001”.
Ірына Базылёва.
Дэма-запіс, (р) 2002.

Ірына Базылёва — імя ў беларускай музыцы невядомае. Яна пецярбуржка беларускага паходжаньня ды вучыцца тэорыі й гісторыі музыкі. Адначасова яна спрабуе свае сілы як кампазытар ды выканаўца. Запісаць больш за два дзясяткі ўласных твораў дапамаглі ёй тамтэйшыя суайчыньнікі. Малайцы! Няма больш высакароднае справы, як дапамагаць пачаткоўцам рабіць першыя крокі. І адначасова няма справы больш карыснае, як зь першых крокаў зьвяртаць увагу тых пачаткоўцаў на моманты, якія ня варта паўтараць надалей.

Сьпявае Ірына ня надта ўпэўнена, у многіх твораў нюансоўка заўважна кульгае, з-за чаго выканальніцкая манера пачынае спрачацца са зьместам песьні. А творы — самыя розныя: на вершы клясычных і сучасных паэтаў, на розных мовах, ёсьць нават фрагмэнты зь беларускіх Ірмалояў XVIII ст. Пакладзены на музыку нават “Ойча наш”, ювэлірна перакладзены Рыгорам Барадуліным.

Асабіста мяне зачапілі такія нумары праграмы, як народная песьня “Чаечка”, дзе менавіта народная манера выкананьня зазьзяла, як поўня ў начным возеры. Як песьня “Бог вялік”, заснаваная на песнапеньні з Ірмалоя й выкананая з хорам. Як песьня “Bardzo proszę” на верш Віктара Шведа або “Там” на словы Алеся Пісьмянкова, дзе гучаць акустычная гітара і ўдарныя, што ствараюць нешта водарам падобнае да блюзу. Можна яшчэ назваць песьню “Храм Сьв.Ганны” на верш Багдановіча. У песьні ўдалая мэлёдыя, якая, аднак, ня дужа гармануе з тэкстам.

Рэшта ж — пераважна кампазытарскія пошукі, якія колісь мо й дадуць плён. Калі — сказаць не вазьмуся, бо зазіраць у будучыню і не магу, і не імкнуся.

Сьціплы Слухач

 

Hardcoreманія: чАду!”. Розныя выканаўцы. “БМАgroup”, 2002.

Каб любіць нашу музыку родную, трэба ў розных краях пабываць... Прынамсі, там, дзе такая, як на гэтым альбоме, творчасьць даўно і трывала заняла ўласнае месца на музычным рынку. Няхай яе сэгмэнт і абмяжоўваецца якімі 2—3% ад агульнай колькасьці спажыўцоў. Вось чаму выданьне зборніку гардкоравай музыкі айчынных выканаўцаў варта вітаць буйным уздымам хаераў і гучнымі воклічамі.

Я не вялікі прыхільнік гэткага музыкаваньня, бо ўласна музыкі ў ім мала. Але гардкор і да яго падобныя плыні цікавыя, бо даюць уяўленьне пра тое, што кухарыцца ў андэрграўндзе — там, дзе высьпявае мода будучыні. Гэта па-першае. Па-другое, альбом пераконвае: беларускі гардкор — зьява вельмі нацыянальная, па-добраму злосная, шмат у чым актуальная і, безумоўна, іншая, чым у суседніх краінах.

Выканальніцкі ўзровень многіх калектываў далёкі ад таго, каб сьмела й пераканальна паказацца на вялікай сцэне. Прынамсі, у клюбе імя “жалезнага Фэлікса”, адкуль ёсьць два шляхі: у славу (на вуліцу) і ў гісторыю (у двор, у бок “амэрыканкі”). Дый па адным творы скласьці ўражаньне пра той ці іншы калектыў складана. Але многія зьвярнулі на сябе ўвагу.

Перш за ўсё тым, што актыўна ўжываюць цытаваньне іншых твораў зь іншых стыляў. Прыём удзячны, але рызыкоўны, бо цытата можа часам у нявыгадным сьвятле паказаць арыгінальны прадукт. Такое здарылася з гуртом “Galina Bэzu”: “Песьняры” ўсё ж — гэта фірма! А вось у песьні групы “Partyzone” нейкая літургічнага пляну цытата гучыць да месца і арганічна. Адно толькі падумаў: як такое “сьвятое пісаньне” можна ўжываць побач з будзённым словам “нас...аць”? Пытаньне адкрытае.

Група “Splenetic” & Шаман прэзэнтавалі рэзкі, рокавы твор, які на фоне творчасьці сёньняшніх FM-фарматных неведамаполых стварэньняў наагул глядзіцца як выклік. Не абышлося й без не зусім цэнзурных для “Беларускай дваццаткі” слоўцаў. А вось “Куклы” адштурхоўваюцца ад нацыянальнай паэтычнай клясыкі, і гэта таксама арыгінальна.

Я знарок ня згадваю вядомых калектываў, таксама прадстаўленых у альбоме: “Zet”, “Zygimont Vaza”, новыя праекты Піта Паўлава, Аляксандра Памідорава. Бо куды цікавейшыя прапановы маладых. Я згадваю касэту гомельскага гурту “Plastic Hardcore”, якую чуў гады з чатыры таму, атрымліваючы ледзь не асалоду ад дакладна падцэнзурнай іх творчасьці. Рады, што група жывая і не гастралюе ў двары згаданага вышэй клюбу.

Рок-музыка жывая. Бо калі ёсьць тыя, хто не прымае ў музыцы афіцыёзу, хто мае што сказаць, не азіраючыся на аддзелы культуры, каго хвалюе чад, а не прыгажосьць сцэнічнага касьцюму — за будучыню рок-музыкі можна не хвалявацца.

Хоць рэпэтаваць трэба пастаянна...

Учадзелы Слухач

Зь перцам

новы альбом “Red Hot Chili Peppers”

Дзесяць дзён таму ў музычных крамах усяго сьвету зьявіўся новы альбом гурту “Red Hot Chili Peppers” — таго самага, што любіць выходзіць на сцэну галяком.

Новая кружэлка завецца “By the Way”, ейны наклад — 2 млн. асобнікаў. Яна больш сьпелая, рэфлексійная і балядная за папярэдні альбом “Californication” (1999), якога прадалося 12 млн. экзэмпляраў. Гэтыя дзьве кружэлкі музыкі запісалі пасьля доўгага “пэрыяду паўраспаду”, у часе якога вакаліст Энтані Кідзіс лячыўся ад наркотыкаў і вандраваў па Ўсходзе. Нават з Далай-ламам сустракаўся. Гэта, відаць, і дало яму такі магутны творчы імпульс.

На “By the Way” мала хуткіх кампазыцыяў, але стае моцных твораў, збудаваных на дынамічнай рытм-сэкцыі — “візытоўцы” гурту. У канцэптуальны рэпэртуар групы напэўна ўвойдуць песьні “Throw Away Your Television”, “Don’t Stop” і загалоўная “By the Way”. Скарыстаных у апошняй музычных ідэяў менш таленавітай камандзе хапіла б на цэлы альбом. Тое самае можна сказаць і пра заключную песьню “Venice Queen”.

“By the Way” — гэта пэйзаж нашага любімага Лос-Анджэласу, — кажа вакаліст “RHCP” Энтані Кідзіс. — Уявіце сабе падчас слуханьня, што стрэліся з добрым чараўніком, які сьпявае вам песьні, бярэ за руку і вядзе туды, дзе вы яшчэ не былі. Вы будзеце там танчыць. Але разам з тым гэтая песьня пра тое, што людзі часам б’юцца, гандлююць наркотыкамі, займаюцца прастытуцыяй, трапляюць у аварыі, гуляюць у казіно. Во якая шматгранная песенька. У ёй — усё адначасова”.

Новая кружэлка “RHCP” адметная зваротамі да музыкі 60-х — “Тhe Beatles”, “Тhe Beach Boys”, “Тhe Animals” ды інш. Гэта чуваць у гітарных і асабліва ў харавых партыях. Такі ўхіл у бок рокавай традыцыі, больш асабістыя, рэфлексійныя тэксты ды “зьмякчаны” настрой усяго альбому сьведчыць, што гэтыя шалёныя рок-музыкі пасталелі. Станоўчая зьява — ня хочацца, каб дзядзькі зноўку абваліліся ў наркатычную ці алькагольную крызу, якіх хапала ў гісторыі гурту, само імя якога Кідзіс у свой час склаў з назваў двух улюбёных бараў — “Red Hot Peppers” і “Chili-Willie”.

Павал Бурдыка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0