Багатым можа стаць кожны

Прыватныя прадпрымальнікі і невялікія фірмы могуць атрымаць крэдыт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця пад разгортваньне сваёй справы. Больш за 70% тых, хто сабраў усе патрэбныя паперы, атрымліваюць грошы. Праграма набірае тэмпы: нядаўна “Белгазпрамбанк” выдаў соты мікракрэдыт — 5 тыс. даляраў. Чалавек на гэтыя грошы купіў мікрааўтобус і цяпер возіць людзей па маршруце “Камвольны камбінат — плошча Якуба Коласа”.

Дзеля таго каб зарабляць добрыя грошы на годнае жыцьцё, патрэбныя, у першыя чаргу… грошы — стартавы капітал. Адна з магчымасьцяў распачаць сваю справу, калі яго няма, — узяць крэдыт. Раней гэта маглі рабіць толькі фірмы, якія трывала стаяць на нагах і маюць дастаткова сродкаў, каб забясьпечыць заклад ды выплачваць вялікія працэнты. Цяпер атрымаць крэдыт можа нават небагаты прыватны прадпрымальнік.

У 2001 г. Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця (ЭБРР) распачаў у Беларусі праграму мікракрэдытаваньня. Яе сэнс у тым, каб даваць крэдыты прыватным прадпрымальнікам ці невялікім фірмам пад малыя працэнты. Чыстай дабрачыннасьцю гэта назваць нельга: выплаты па працэнтах невялікія, але прадпрымальнікаў шмат і будзе яшчэ болей, калі яны даведаюцца пра магчымасьць крэдытаваньня. Але зьвяртацца па крэдыт наўпрост у прадстаўніцтва ЭБРР ня варта: грошы выдаюцца праз два іншыя банкі — “Прыёрбанк” ды “Белгазпрамбанк”.

Умовы ў абодвух банках прыкладна аднолькавыя: у крэдыт можна ўзяць да 10 тыс. даляраў на тэрмін ад 1 да 18 месяцаў. Сума закладу вылічваецца лёгка: сума крэдыту плюс працэнты — 14—17% гадавых. Атрымаць крэдыт можна гатоўкай ці на рахунак, аддаваць — таксама. Невялікая фірма (прыватных прадпрымальнікаў гэта, на жаль, не датычыць) вызваляецца ад мытных падаткаў ды падатку на даданую вартасьць, калі мае набываць патрэбную сыравіну ці абсталяваньне за мяжой.

Праграма набірае тэмпы: нядаўна “Белгазпрамбанк” выдаў соты мікракрэдыт — 5 тыс. даляраў. Чалавек на гэтыя грошы купіў мікрааўтобус і цяпер возіць людзей па маршруце “Камвольны камбінат — плошча Якуба Коласа”.

Больш за 70% тых, хто сабраў усе патрэбныя паперы, атрымліваюць грошы. Многія з тых, хто крэдыту не атрымаў, зьвяртаюцца потым па меншую суму.

Сабраць патрэбныя дакумэнты складаней, чым атрымаць па іх крэдыт. Калі ж вы пакуль і не зарэгістраваны як прадпрымальнік, рыхтуйцеся да сапраўднай бюракратычнай эпапэі. Калі ж дакумэнты ў парадку, праз два тыдні банк паведаміць пра сваё рашэньне. Яшчэ тыдні тры зойме адкрыцьцё пазыковага рахунку ды афармленьне дакумэнтаў на маёмасьць, якая пойдзе ў заклад.

Найлепшы заклад — гэта аўто, не старэйшае за 10 гадоў. Потым ідзе абсталяваньне, нерухомасьць. Аднак кватэру ў Вас ня возьмуць: банкі ня маюць права высяляць жыхароў, нават калі яны не сплацілі пазыкі. Можна таксама ўнесьці заклад у валюце. Калі няма нічога, паручыцелем можа зрабіцца іншы прадпрымальнік ці фірма. Праўда, у такім выпадку дакумэнтаў трэба афармляць нашмат больш.

Падобную праграму мікракрэдытаваньня хутка распачне й яшчэ адна арганізацыя — Праграма разьвіцьця ААН (ПРААН). Яна ўжо давала мікракрэдыты беларускім прадпрымальнікам і нават плянавала адчыніць бізнэс-інкубатар, дзе нованароджаныя фірмы маглі б разьвівацца на льготных умовах. Але тыя праграмы перапыніліся, дый даводзілася чуць скаргі на залішнюю забюракратызаванасьць: маўляў, атрымліваеш крэдыт, а потым увесь час ідзе на зьвязаныя зь ім справаздачы. Цяпер ПРААН распачынае нешта новае. Вось і паглядзім, дзе выгадней.

Алесь Кудрыцкі

Прыкладны сьпіс дакумэнтаў, патрэбных для атрыманьня мікракрэдыту ў банку:

1. заява на атрыманьне крэдыту

2. копія пашпарту

3. кніга ўліку выдаткаў і прыбыткаў

4. кніга ўліку асноўных сродкаў

5. выпіскі з банкаўскіх рахункаў

6. бізнэс-плян

7. копія пасьведчаньня пра рэгістрацыю прыватнага прадпрымальніка

8. копіі ліцэнзіяў на дзейнасьць (калі патрэбныя)

9. пералік маёмасьці, якая пойдзе ў заклад, а таксама дакумэнты на яе


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0