Музыка

“Дзевяць балядаў” ад Тодара

Зьмiцер Вайцюшкевiч прэзэнтаваў сваю другую ўжо сольную праграму. Слухачы, што 18 ліпеня сабраліся ў Дольнай залі Чырвонага касьцёлу, пачулі ня толькi дзевяць народных балядаў — сьвяточных, казачных, пахавальных, вясельных, — але і сёе-тое з ужо знаёмых песьняў на вершы Дранька-Майсюка, Караткевiча, Жылкi… Цiкава, што рэшту з “Цацачнай крамы” Тодар выканаў па-польску: альбом хутка выйдзе i на гэтай мове.

Гурт Вайцюшкевiча нарэшце набыў назву — “WZ-orkiestra”. Зьміцер кажа, што “WZ” — гэта не абавязкова ягоныя iнiцыялы: тыя ж лiтары пазначаюць польскую шашу, што йдзе з усходу на захад. Да разнастайных iнструмэнтаў, якімі карыстаюцца музыкі “WZ-orkiestry”, дадаўся яшчэ кантрабас, а скрыпача Алеся Пузыню, што зьехаў у ЗША, замянiла Ксеня Мішчанка, што грала колісь у гурце “Безь Бiлета”.

Ня надта хацелася пакiдаць залю нi музыкам, нi гледачам. Зьмiцер знайшоў гэтаму тлумачэньне: “Баляда — як тая казка: цяжка выйсьцi пасьля яе ў нармальны сьвет”.

Сяргей Будкiн

Аж пульт заліло півам

13-е па ліку “Басовішча” сталася сьвятам аматараў цяжкога року. Гран-пры фэсту атрымаў менскі гурт “PartyZone”. Спэцыяльная ўзнагарода арганізатараў фэстывалю, Беларускага аб’яднаньня студэнтаў зь Беластоку, дасталася баранавіцкай “Дзеі”. Менскі гурт “Stod” атрымаў прыз ад Беларускага саюзу Польшчы, бярозаўская “БН” — ад мясцовых улад Гарадка. Гайнаўскі гурт “Rock-4” не абышлі сваёй увагай (і прызам) гледачы, якіх на фэсьце было каля васьмі тысячаў. З прыгодаў: у першы вечар нейкі фанат заліў півам гукарэжысэрскі пульт, і той зламаўся. Таму канцэрт быў перарваны і прадоўжыўся толькі на наступны дзень. Найбуйнейшы фэстываль беларускага року фільмавала здымачная група НТВ. Ні “нацыянальны”, ні “агульнацыянальны” каналы на “Басовішчы” не прысутнічалі.

А.Я.

як у суседзяў?

Культура пахне тытунём

Няма грошай на рок-фэстываль “Езярышча”, на фільм “Настасься Слуцкая”, на выданьне кнігі Алеся Адамовіча да 75-годзьдзя з дня ягонага нараджэньня… Няма, няма, няма… Гэтае слова перасьледуе беларускіх творцаў. А дзе знаходзяць фінансаваньне на хлеб духоўны нашы суседзі, чаму ў іх не адбылося такой духоўнай катастрофы, як у Беларусі? Фінансаваньне культуры ў прыбалтыйскіх краінах ажыцьцяўляецца за кошт “чалавечых слабасьцяў і заганаў”. У Літве — з адлічэньняў ад продажу алькаголю і цыгарэтаў, у Латвіі ды Эстоніі — з алькагольнага, цыгарэтнага і гульнёвага бізнэсу.

Вялікую ролю там адыгрываюць фонды, створаныя адмыслова дзеля падтрымкі культуры. Эстонскі фонд “Kultuurkapital” быў заснаваны яшчэ ў 1920 г. Зьнішчаны за саветамі, ён аднавіўся ў незалежнай Эстоніі на пачатку 90-х. У 1994 г. зьявіўся закон, які рэгулюе дзейнасьць гэтага фонду. Сродкі разьмяркоўваюцца на конкурснай аснове і ідуць збольшага на падтрымку буйных арганізацыяў (тэатраў, музэяў і г.д.). Аднак выдзяляюцца грошы і пад пэрсанальныя праекты. Сродкі, якія разьмяркоўвае “Kultuurkapital”, беларуская культура і ня сьніла. Так, на музычныя праекты ў 2000 г. фонд выдаткаваў каля мільёна даляраў.

У Латвіі фонд падтрымкі мастацтваў двойчы на год ладзіць конкурс для прэтэндэнтаў. Камісія конкурсу складаецца з творцаў і ніяк не зьвязаная зь Міністэрствам культуры. Гэта дазваляе творчым калектывам адчуваць незалежнасьць ад дзяржавы.

Літоўскі фонд падтрымкі культуры і спорту быў створаны пры канцы 1998 г. Згодна з законам, прынятым літоўскім Соймам, фонд мусіць падтрымліваць прафэсійнае і народнае мастацтва, а таксама фізкультуру і спорт. На гэта фонду штогод выдаткоўваецца зь дзяржбюджэту 2% леташніх фактычных паступленьняў ад акцызаў за алькаголь і тытунь. Апроч таго, фонд папаўняецца праз мэтавыя асыгнаваньні зь дзяржаўнага і муніцыпальнага бюджэтаў, праз ахвяраваньні юрыдычных і фізычных асобаў. Калі ў Сойме ўсчаліся спрэчкі — ці маральна падтрымліваць культуру на грошы, атрыманыя ад продажу алькаголю і тытуню, — тагачасны сьпікер Вітаўтас Ландсбэргіс іранічна зазначыў: “Тады трэба забараніць адлічэньні з алькагольных акцызаў на фінансаваньне больніцаў ды цэркваў і на дабрачыннасьць”.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0