Леаніду Яўменаву — 70

Вершы шэптам, ісьціну на поўны голас

Мы зь Леанідам Яўменавым сустрэліся ўпершыню на пасяджэньні літаратурнага аб’яднаньня — як паэты-пачаткоўцы. Помніцца, акрамя манеры чытаць вершы, ён зацікавіў яшчэ і тым, што ў адрозьненьне ад нас, студэнтаў-філёлягаў, вучыўся на аддзяленьні філязофіі гістарычнага факультэту БДУ. Праз колькі гадоў я павітаў выхад у сьвет першага зборніка вершаў ужо вядомага навукоўца-філёзафа і выкладчыка. Леанід Яўменаў пісаў аб замежжы, грунтуючыся не на чутках ці чужых расповедах і не на газэтнай інфармацыі, а на ўласных назіраньнях і ўражаньнях, пісаў у сваіх “вершах далёкіх дарог і вяртаньняў” пра тое, што сам бачыў, чуў, перажыў і асэнсаваў. Потым я, як рэдактар штогадовіка “Далягляды”, зь цікавасьцю чытаў і прымаў ахвотна да друку пераклады Леаніда Яўменава з францускай паэзіі.

Сёньня мне было б прасьцей гаварыць пра яго як пра калегу па паэтычным цэху, як пра аўтара вершаваных зборнікаў “Чужая плянэта”, “Блізкія далі” і “Існасьць”, разгледзець такія яго новыя, народжаныя злобай дня творы, як “Амаль перад Апакаліпсысам”, “Шэрасьць”, “Усякая ўлада ад Бога?”, “Толькі б ціха абы”, “Плямы”...

Але адкладзём гэта да наступнай нагоды. Дзеля таго, каб спыніцца на іншай іпастасі Леаніда Яўменава. Сваім асноўным прафэсійным заняткам ён лічыць філязофію. Яна — яго жонка, паэзія — палюбоўніца.

Ёсьць такі ўкраінскі жарт: “Хто такі філёзаф? Філёзаф — гэта чалавек, які нічога ня робіць, а толькі думае, і думае вельмі прыблізна”. Леаніда Яўменава ніяк не аднясеш да катэгорыі такіх “філёзафаў”. Яшчэ ў 60-я — гады маральна-палітычнага разводзьдзя — ён настойліва вывучаў праблему адчужэньня і прыйшоў са сваімі калегамі да адназначнага сьцьвярджэньня: існы (“рэальны”) сацыялізм цалкам пранізаны мэтастазамі адчужэньня. Праблему тут жа “зачынілі” палітагітатары з брэжнеўскага ЦК.

Не абыходзілася, вядома, і бяз хібаў, без адхіленьняў ад аб’ектыўнага аналізу падзей і зьяваў. Як прызнаецца сам Л.Яўменаў, ён выступаў іншы раз больш як ідэоляг сыстэмы, чым вучоны, як ідэоляг не па ведах, а па палітыка-эканамічнай веры. Прызнаецца, бо, як кажа: “Хочацца быць чыстым перад судом гісторыі і ўласным сумленьнем. Ад іх схавацца немагчыма”.

У асобе Леаніда Яўменава мы маем філёзафа, аналітыка, палеміста, добрасумленнага шукальніка і гарачага прыхільніка той самай аб’ектыўнай ісьціны. І яшчэ — філёзафа-грамадзяніна і патрыёта, глыбока занепакоенага сёньняшнім станам рэчаў у нашай краіне, лёсам яе нацыянальнай дзяржаўнасьці, яе мовы і культуры.

Пра свае паэтычныя творы Леанід Яўменаў гаворыць:

Шапчу я вершы, як малітву,

Як споведзь першую калісь.

А філязофскую публіцыстыку ён прамаўляе на поўны голас. У вершах ён спавядаецца, а ў дасьледаваньнях прапаведуе, змагаецца, шукае і адстойвае ісьціну.

Анатоль Вярцінскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0