Адказ Аляксандра Калінава

У сувязі са зваротам Юр’я Чавусава ў газэту з нагоды майго інтэрвію лічу неабходным паведаміць наступнае.

Дапаўненьні і зьмены ў Закон “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” Дзяржкамітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў унёс у Савет міністраў у жніўні 2001 г. Гэтыя дапаўненьні і зьмены былі ўзгодненыя з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіраваньня на прадмет адпаведнасьці заканадаўству Рэспублікі Беларусі. Да прыняцьця законапраекту ў першым чытаньні палатай прадстаўнікоў кіраўнікі рэлігійных канфэсіяў загадзя былі азнаёмленыя зь ім. Іхныя заўвагі і прапановы, якія не супярэчаць заканадаўству, былі ўзятыя пад увагу (з 115 заўвагаў 27 былі ўнесеныя ў законапраект).

Увогуле ж праблема ўнясеньня ў Закон “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” зьменаў і дапаўненьняў абмяркоўваецца з кіраўніцтвам рэлігійных арганізацый з 1998 г. Таму сьцьвярджэньне, што законапраект прымаўся зь некаторай пасьпешнасьцю, падаецца недастаткова абгрунтаваным.

Адносна ацэнак законапраекту з боку рэлігійных канфэсій і Інстытуту рэлігіі і права Расейскай акадэміі навук паведамляем наступнае. У Камітэт пасьля прыняцьця законапраекту ў першым чытаньні паступілі станоўчыя водгукі ад Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня, Менска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі рымска-каталіцкай царквы, Віцебскай дыяцэзіі рымска-каталіцкай царквы, Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня. Так, у звароце Эвангелісцка-лютэранскай царквы адзначаецца: “У сваіх узаемаадносінах з органамі дзяржаўнай улады Эвангелісцка-лютэранская царква прызнае права дзяржавы самой усталёўваць правілы і нормы, якія павінны рэгуляваць жыцьцё грамадзтва і садзейнічаць падтрыманьню парадку ў ім. …Мы цэнім, калі органы дзяржаўнай улады з разуменьнем ставяцца да інтарэсаў Царквы, улічваюць у сваёй дзейнасьці патрэбы і пажаданьні рэлігійных арганізацыяў. Наша Царква ўхваляе і падтрымлівае ўсе зьмены Закону, скіраваныя на паляпшэньне жыцьця грамадзтва і ўзмацненьне ў ім духу цярпімасьці і ўзаемаразуменьня. Мы вітаем, калі Закон улічвае гістарычную ролю канфэсіяў, якія існуюць на тэрыторыі краіны, іх уплыў на фармаваньне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый народу Беларусі”.

Інстытут рэлігіі і права, узгаданы ў лісьце Ю.Чавусава, зьяўляецца недзяржаўнай камэрцыйнай навукова-дасьледчай арганізацыяй.

У Камітэт паступіла экспэртыза законапраекту ад Нацыянальнага інстытуту разьвіцьця Расейскай акадэміі навук. У экспэртызе адзначана, што заканадаўчыя палажэньні створаць умовы, неабходныя дзяржаўным структурам для захаваньня гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны народу, што адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. У цэлым палажэньні законапраекту ёсьць юрыдычнымі нормамі, спрыяльнымі для рэалізацыі збалянсаванага варыянту ўзаемаадносінаў дзяржавы і рэлігійных арганізацый. Яны адпавядаюць Канстытуцыі і заканадаўству Рэспублікі Беларусі, адлюстроўваюць эўрапейскі і сусьветны досьвед. Зьдзіўляюць аргумэнты аўтара ліста пра некарэктнасьць выказваньняў адносна пытаньня аб ліквідацыі рэлігійнай арганізацыі. Артыкул 23 законапраекту вызначае парадак ліквідацыі рэлігійнай арганізацыі: паводле рашэньня яе заснавальнікаў ці органу, упаўнаважанага статутам рэлігійнай арганізацыі, або згодна з рашэньнем суду.

Зьвярнуцца ў суд з заявай аб ліквідацыі рэлігійнай аранізацыі мае права орган, які яе рэгістраваў. Кантрольныя функцыі выкананьня заканадаўства аб свабодзе сумленьня, веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях на адпаведных тэрыторыях ажыцьцяўляюць мясцовыя саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы.

Да таго ж, у арт.39 законапраекту пералічаныя парушэньні заканадаўства аб свабодзе сумленьня, веравызнаньня і рэлігійных арганізацыяў, дзе аўтар ліста знойдзе юрыдычна замацаваную гарантыю таямніцы споведзі. І нават пры пільным вывучэньні дадзенага артыкулу аўтар ліста ня знойдзе ў пададзеным там пераліку адказнасьці за парушэньне парадку афармленьня блянкаў ці правілаў пажарнай бясьпекі.

Прапанова аўтара ліста аб паўнамоцтвах рэгістрацыйнага органу адлюстраваная ў законапраекце. Так, у арт.8 прадугледжана, што дзяржава ня ўмешваецца ў дзейнасьць рэлігійных арганізацый, калі апошняя не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусі. А ў арт.11 адзначана, што рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіраваньня па справах рэлігіяў правярае і кантралюе дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў у частцы выкананьня імі заканадаўства Рэспублікі Беларусі аб свабодзе сумленьня, веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях, а таксама іх статутаў, дае абавязковыя прадпісаньні аб ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Сьцьвярджэньне аўтара ліста аб тым, што законапраект накіраваны супраць іншых канфэсій, апроч праваслаўнай, зьяўляецца ня толькі неабгрунтаваным, але і некарэктным для вернікаў зарэгістраваных у Рэспубліцы канфэсіяў і рэлігійных напрамкаў. У арт.6 падкрэсьленая роўнасьць рэлігіяў і веравызнаньняў перад законам. Прычым ідэалёгія рэлігійных арганізацыяў ня можа ўсталёўвацца ў якасьці абавязковай для грамадзянаў.

Адносна довадаў аўтара ліста пра магчымасьць дзейнасьці рэлігійнай арганізацыі безь дзяржаўнай рэгістрацыі з улікам заканадаўчай практыкі Эстоніі й Украіны. Падчас распрацоўкі законапраекту была ўзятая пад увагу норма існага заканадаўства аб свабодзе веравызнаньня, а таксама арт.11 (дзяржаўная рэгістрацыя рэлігійных арганізацый) Закону Расейскай Фэдэрацыі “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”.

Што тычыцца заканадаўства Ўкраіны, дык, паводле інфармацыі Дзяржкамітэту па справах рэлігіяў Украіны, павелічэньне колькасьці заснавальнікаў рэлігійнай суполкі да 25 чалавек зьвязана з папярэджаньнем уплыву псыхакультаў на насельніцтва і, найперш, на моладзь. Законапраект з улікам дадзенай нормы падрыхтаваны да другога чытаньня ў парлямэнце Ўкраіны.

У Камітэце разгледжаны зварот зь пярэчаньнямі адносна некаторых нормаў законапраекту вернікаў чатырох пратэстанцкіх кірункаў: эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў, хрысьціян веры эвангельскай (пяцідзясятнікаў), адвэнтыстаў сёмага дня і хрысьціян поўнага Эвангельля. Прычым асноўная колькасьць зваротаў паступіла ад пяцідзясятнікаў. Варта адзначыць, што многія звароты маюць аднатыпную рэдакцыю, а зьмест пытаньняў некаторых зваротаў вернікаў сьведчыць пра іх недастатковае веданьне законапраекту ці пра даведзеную да іх скажоную інфармацыю.

Пры канцы варта зацеміць, што прыняты ў другім чытаньні законапраект “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” у поўнай меры адпавядае заканадаўству Рэспубілікі Беларусі й забясьпечвае права кожнага грамадзяніна на свабоду сумленьня і веравызнаньня. Ён будзе садзейнічаць рэалізацыі збалянсаваных узаемаадносінаў дзяржавы і рэлігійных арганізацый, існуючых шматвяковых традыцыяў талерантнасьці і верацярпімасьці беларускага народу.

Начальнік аддзелу па справах рэлігій Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусі
Аляксандар Калінаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0