Хто ён, новы прэзыдэнт Індыі?

Мусульманін, ідал індуістаў. Мілітарыст, які апэлюе да ідэяў Махатмы Гандзі. Пяюн міру ды спагады і стваральнік індыйскай атамнай бомбы. Інжынэр, філёзаф, паэт. Абдул Калам, адзінаццаты прэзыдэнт Індыі.

Заканчэньне. Пачатак у №28.

 

Ракеты і пратэзы

Альбэрт Айнштайн сказаў неяк, што праклінае той момант, калі даслаў прэзыдэнту Рузвэльту ліст з парадай пачаць распрацоўку атамнай бомбы.

Абдул Калам ня мае такіх комплексаў: “Я ганаруся сваім укладам у нацыянальную касьмічную, ракетную і атамную праграмы, — кажа ён, — бо яны павялічылі бясьпеку Індыі, дазволілі праводзіць самастойную замежную палітыку, дапамаглі пераадолець тэхналягічную дыскрымінацыю і санкцыі, навязаныя нам звонку”.

Калам часта спасылаецца на Махатму Гандзі. У якасьці эпіграфу да сваёй другой кнігі ён выбраў цытату з гэтага апостала пацыфізму: “Людзі часта робяцца тым, чым, на іхную думку, яны ёсьць”.

Праўда, у вайсковых пытаньнях два прарокі не пагадзіліся б. Гандзі прапаноўваў замест вайсковых гарнізонаў закладаць ашрамы (манаскія суполкі), дзе вывучаліся б мэтады духоўнай барацьбы. А Калам кажа: “На нашай плянэце толькі ўзброеныя дзяржавы маюць сяброў. Сіла паважае толькі сілу”.

Яшчэ з часоў брытанскага панаваньня ў індыйскім незалежніцкім руху сфармаваліся два кірункі. Першы, спавяданы Гандзі, выступаў за негвалтоўны шлях барацьбы за незалежнасьць, шляхам пасіўнага супраціўленьня і маральнай вышэйшасьці. Другі кірунак — узброеную барацьбу — прапагандавалі вялікадзяржаўныя нацыяналісты, частка кангрэсмэнаў і нават камуністаў. Спачатку перамагла канцэпцыя Гандзі: Індыя здабыла незалежнасьць мірным чынам. Аднак у працэсе пабудовы самастойнай дзяржавы культ сілы браў верх. Надзвычай сымбалічнай была сьмерць Гандзі ў 1948 г. ад рукі індуісцкага нацыяналіста. Махатму ў Індыі дагэтуль вельмі шануюць, пра змаганьне бяз гвалту гавораць часта і ахвотна — але толькі гавораць.

Калі Абдула Калама запыталі, ці не пакутуе ён ад таго, што стварыў зброю масавага зьнішчэньня, ён адказаў: “Так. Але я ведаю, што тая самая тэхніка, якая выкарыстоўваецца для вытворчасьці ракет, ужываецца і для правядзеньня апэрацый на сэрцы”.

Калам падкрэсьлівае, што вайсковыя тэхналёгіі маюць цывільнае прымяненьне. “Які самы шчасьлівы момант у Вашым жыцьці, доктар Калам?” — “Калі даведаўся, што з вынайдзенага нашым калектывам лёгкага і трывалага матэрыялу для ракетаў робяць пратэзы, якія дапамагаюць інвалідам хадзіць”.

Ня выключана, што Абдул Калам будзе добрым прэзыдэнтам. Ён робіць уражаньне чалавека, здольнага сказаць “не”, калі якое-небудзь рашэньне ўраду ці парлямэнту будзе супярэчыць ягоным ідэалам. Ён непрадказальны, але не радыкал. Ён прыгадвае, як нядаўна нейкае дзіця спытала ў яго, ці можа ракета “Агні” даляцець да Амэрыкі. Ён зьдзіўлена адказаў, што ніводная краіна не зьяўляецца такім ворагам Індыі, каб высылаць туды “Агні”.

Бо галоўны вораг — галеча.

Калам называе тры асноўныя прынцыпы індыйскай дзяржаўнасьці, якія трэба шанаваць і на якіх грунтавацца: свабода, разьвіцьцё, сіла. І пяць галоўных сфэраў, якія належыць разьвіваць: адукацыя і ахова здароўя, земляробства і жывёлагадоўля, камунікацыйныя і інфармацыйныя тэхналёгіі, інфраструктура, а таксама самадастатковасьць у стратэгічных сфэрах.

 

Самастойнасьць з компасам

Калам — прыхільнік прызабытай ідэалёгіі “швадэшы”, ці самадастатковасьці. “Чаму мы такія апантаныя замежнымі рэчамі? Хочам замежных тэлевізараў, кашуляў, тэхналёгіяў. Ці ж мы не разумеем, што павага да самога сябе пачынаецца з самастойнасьці?” — піша ён у сваёй аўтабіяграфіі. І наракае, што “як народ мы ня здолелі адчуць гонар за свае дасягненьні”.

Гэта бальсан на сэрцы нацыяналістаў, якія песьцяць тэорыі, што Індыя перад мусульманскай заваёвай выпрацавала ня толькі ўласную філязофію ды мастацтва, але і свае дасягненьні ў навуцы й тэхніцы. У 1909 г. Махатма Гандзі напісаў маніфэст “Індыйская незалежнасьць”, даючы адпор вэстэрнізацыі Індыі. Толькі адкінуўшы ідэі заходняга матэрыялізму, вярнуўшыся да каранёў, індусы могуць прывесьці Бацькаўшчыну да незалежнасьці, пісаў ён. Варта вярнуцца да традыцыйнай арганізацыі грамадзтва і эканомікі, да вэдыйскай мэдыцыны, пазбавіцца фабрык і чыгунак.

У такой радыкальнай форме гэтая праграма ніколі не была ажыцьцёўленая. Але посткаляніяльная траўма й культ аскетызму Гандзі паспрыялі таму, што ў незалежнай ужо Індыі спажывецкія паводзіны цэлыя дзесяцігодзьдзі лічыліся галоўным грахом. Індыя купляла за мяжой толькі самае неабходнае — машыны, лекі і зброю. Замежныя канцэрны, якія прагнулі трапіць на вялізарны індыйскі рынак, натыкаліся на шматлікія бар’еры.

Аднак калі стагодзьдзі таму Індыя сапраўды шмат у чым была самадастатковая — цёплы клімат не патрабаваў адзеньня, пажыўныя плады расьлі на дрэвах, — дык у Індыі глябальнай, сьвядомай, здольнай зарабляць і лічыць грошы, патрэбы жыхароў вырасьлі. На пастаўцы забароненых дабротаў у Дэлі багацелі “турысты” з многіх краінаў.

Індыя пачала адкрывацца пад канец 80-х, за прэм’ерам Раджывам Гандзі. Пасьля 1991-га пра самадастатковасьць забыліся ўсе, за выключэньнем ультранацыяналістаў. “Захад пабудаваў вялікі прыгожы карабель, але яму не хапае компаса, і ён ня ведае, куды плысьці. Такія людзі, як Тагор ці Гандзі, знайшлі компас”, — кажа Абдул Калам, усхваляючы “індыйскія каштоўнасьці”.

Але з Махатмам Гандзі ён згаджаецца толькі часткова: “Ня думаю, што заможнасьць і духоўнасьць узаемавыключаюць адна адну і што дрэнна жадаць рэчаў. Багацьце ідзе поруч зь бясьпекай і бароніць нашу свабоду… Ня варта рабіць цноты з самаахвярнасьці і ўслаўляць цярпеньне. Людзі маюць права марыць пра дабрабыт, прыемнасьці і выгоды. Мары пераўтвараюць думкі, а думкі выклікаюць дзеяньні”.

На адной сустрэчы з школьнікамі ў яго запыталіся: “Чаму ваду з Брахмапутры, што выклікае паводкі, нельга скіраваць у Раджастан, які пакутуе ад засухі?” Калам узрушыўся: “Толькі дзіця можа прапаноўваць такія ідэі”.

Здаецца, ён мае цьвярозы погляд на рэчы. Калі б пляны ягоных папярэднікаў былі менш далекасяжныя, больш прыземленыя, Індыя сёньня ня мела б атамнай зброі, затое салдаты ў Кашміры не ваявалі б у дзіравых ботах. Можа, менш было б добрых інжынэрных і кампутарных школаў, але больш дзяцей умелі б чытаць і пісаць. Мо ў космасе ня лётаў бы індыйскі спадарожнік, але вяскоўцы мелі б водаправод і сьвятло. Абдул Калам разумее такія парадоксы.

Салман Рушдзі пісаў: “Індыя — гэта поўная фікцыя, у якой усё было магчыма, казка, спаборнічаць зь якой маглі толькі дзьве іншыя велізарныя фантасмагорыі — грошы і Бог”. У такой краіне летуценьнік на пасадзе прэзыдэнта выглядае чалавекам на сваім месцы.

“Gazeta Wyborcza”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0