Наталка Бабіна

Пастка для крата

Працяг. Пачатак у № 23—28.

Студэнтка менскай Палітэхнікі Яніна знаходзіць на лецішчы труп невядомага чалавека, а назаўтра ледзь ня робіцца ахвяраю забойцы. Ейны каханак-спэцслужбіст расьсьледуе справу. Галоўны падазроны — бацька Яніны. Але дзяўчына ведае, што ён не забіваў. У часе наступных візытаў на лецішча высьвятляецца, што да злачынства мае нейкія адносіны іхны сусед Мікалай Кержыч…

Cьніліся мне на гэтым тыдні адныя жахі. У чадзе плавалі ашмёткі рэчаіснасьці, пафарбаваныя ў чырвонае або атрутна-блакітнае... Аднак ні сьвежае з крывёю мяса, ні зьмеі кубламі ў пад’езьдзе, ні іншыя прыемнасьці, якія я зь незайздроснай рэгулярнасьцю бачыла па начох, не адбіваліся на маім дзённым жыцьці. Іспыты здаваліся пасьпяхова, і нават сапрамат, што наганяў жах на ўсю групу, прайшоў на “віват”.

Перад апошнім боем (курсач па тэхналёгіі) мы скаапэраваліся з Дубам: я мусіла зрабіць разьлік тэхпрацэсу, а ён па выніках — накрэсьліць чарцяжы. Аддаўшы яму разьлікі, якія занялі ў мяне чатыры гадзіны напружанай працы, я з галавою занурылася ў расьсьледаваньне забойства.

Як кліентка, якая не дачакалася тэлефанаваньня ад Мянцея, я наведала офіс ягонага агенцтва. Здаецца, тут сьмерць шэфа ўспрынялі як эфэктыўную рэкляму, здольную прыцягнуць кліентаў ня горай за відэаролік у прайм-тайм. Маладзенькая сакратарка сустрэла мяне зь нечалавечай добразычлівасьцю, прыгатавала распушчальную каву і засакатала, як сарока, — пра адпяваньне і памінальны стол, пра тое, як нейкі Мянцееў сваяк грымнуўся ля магілы непрытомны... Раптам яна сьціхла на паўслове. Я зьдзіўлена ўзьняла вочы:

— А вось і наша дырэктарка,— лісьліва прагаварыла дзяўчынка, і мёд зь ейных вуснаў, здавалася, накапаў калюжыну на падлозе.

Ад зьдзіўленьня я ледзьве не праліла гарачай кавы сабе на калені. Не чакала пабачыць тут гэтую жанчыну…

У кабінэце яна прапанавала мне сесьці.

— Слухаю вас. Пасьля сьмерці мужа справы вяду я,— потым, ветліва пасьміхнуўшыся, дадала: — А мы ж бачыліся! Памятаеце, на лецішчы ў дзядзькі Мікалая?

Я кіўнула, намагаючыся, каб на маім твары можна было пабачыць толькі дзяжурную ўсьмешку. Выяўляецца, жонка Мянцея — пляменьніца Кержыча! Летась яна зь дзіцем нейкі час жыла ў яго на лецішчы, і мы бачыліся ледзь не штодня!

Я выказала свае спачуваньні, трохі баючыся, што яна зараз кінецца на мяне з кулакамі. Але кабета спакойна і прыязна запыталася, што прывяло мяне ў агенцтва нерухомасьці. Значыць, ня ведае, што ейнага няшчаснага мужа знайшлі ў нашай прыбіральні? А мо справы йдуць ня вельмі добра, вось і хапаецца за кожнага кліента, працуе на свайго карапуза з чырвонымі шчочкамі і кудлатай белай галоўкай, пакінуўшы мёртвае мёртвым? Я выдала прыгатаваную загадзя легенду: зьбіраюся замуж, прыглядаю кватэру. Ні словам яна не дала зразумець, што неяк зьвязвае мяне з пагібельлю мужа. Запыталася, на якую суму разьлічваю, і я назвала ўзятыя са столі дваццаць тысячаў — насамрэч у нас з татам было толькі пяць, а ў Андрэя і наагул нічога. На тым і разьвіталіся: яна паабяцала днямі падабраць варыянты, і я злавіла сябе на думцы, што мне сапраўды хочацца дапамагчы гэтай жанчыне ў чорным, купіць кватэру менавіта празь ейнае агенцтва...

Ледзьве я пасьпела вярнуцца дамоў, як уварваўся разьюшаны Дуб.

— Ты чым думаеш, халера? Галавой ці адным месцам, халера? — накінуўся ён на мяне замест прывітаньня, тыцкаючы ў твар разьлікамі. — Ты хоць глядзела, што ты тут наваяла?

— Што такое? Я ні сном ні духам... — спалохалася я, адбіваючыся ад паперак.

— Глядзі сюды, халера!

Я зірнула, і мяне праняло цыганскім потам. Амегачкі! Замест зыходнай тэмпэратуры траўленьня 75 градусаў я, паглыбленая ў перажываньні, машынальна ўзяла мінус 75 градусаў, з-за чаго працэс вытворчасьці тыповай мікрасхемы МДП 38-02Т, згодна з маімі падлікамі, мусіў расьцягнуцца на 400 гадоў! І я гэтага не заўважыла!

А Дубочак мой зялёненькі! Прабач засранку!

— Хутчэй! — Дуб выхапіў калькулятар, як шаблю, і рынуў у пакой. — Трэба пасьпець!

Наступныя дзьве гадзіны мы лічылі, як два звар’яцелыя кампутары, прычым Дуб пэрыядычна кантраляваў мяне, баючыся новых выбрыкаў маёй неўтаймаванай натуры.

Нарэшце ўсё было гатова. Ён узяўся крэсьліць, а я пайшла гатаваць вячэру. Апоўначы Дуб апошні раз трыюмфальна ўзмахнуў лінейкай і абвясьціў:

— Усё!

Цяпер я села за кампутар: трэ было надрукаваць і аформіць курсач. Працы было да чорта. Я біла па клявішах, Фабіян мірна драмаў на канапе.

— Дуб! — прагаварыла я такім страшным голасам, што ён аж падскочыў.

— Асьпід ты безгаловы! Зьмей! Глядзі сюды!

Дуб вылупіўся на чарцяжы: там замест трох праекцыяў тапалёгіі тры разы была намаляваная адна і тая ж! Ён застагнаў. Мы адначасова зірнулі на гадзіньнік. Адтуль вылецела зязюля і пракувала два разы.

— Так, ты — від зьлева, я — від зьверху, — Дуб хутка ачомаўся і быў поўны рашучасьці здаць заўтра курсач або памерці. — Наперад!

Мы тры разы пілі моцную каву, пяць разоў тачылі алоўкі, а пад раніцу ўшчэнт рассварыліся, лаючы адно аднаго “гістэрычнай дурніцай” і “крывым ідыётам”...

Да аўдыторыі дабраліся зь цяжкасьцю. Чырвоныя вочы і бледныя твары нашых аднагрупнікаў красамоўна сьведчылі, што многія зь іх таксама перажылі не найлепшую ў жыцьці ноч...

Напружаньне расло. Дзяўчаты глыталі валяр’янку жменямі. А ўрэшце што? Сьвежы, як чэрвеньскі агурок, Руды Панько, што сваімі лютымі патрабаваньнямі за год сапсаваў нам больш крыві, чым усе астатнія выкладчыкі разам, абвясьціў, што ў гонар нараджэньня ўнучкі ставіць усім залік аўтаматам...

Таму што я цябе кахаю

Пасьля сямі ці васьмі начэй жахаў я нарэшце спала спакойна. Мне сьнілася рака, брунатная вада якой цячэ імкліва і магутна. Сонца сядала справа, працінаючы паветра прамянямі, як бывае толькі ў снах. Я ішла берагам па жвіры, і на мае босыя падэшвы зь вялікімі косткамі наліпала зямля і ракаўкі. За купкай дрэў мяне чакаў мужчына, які ніколі не хадзіў босым і чые перакрыжаваныя партупэямі плечы не былі шырэйшымі за мае...

Я ўскочыла ў ложку. Усё зразумела і не хацела верыць. Дрэнна памятаю, як дачакала раніцы, але ў момант, калі сонца паказалася на ўсходзе, мой плян быў гатовы.

Я ледзьве не ашалела ад нецярпеньня, пакуль дабралася да Кержычавай халупы. Чамусьці я была пэўная, што ў гэтую зімовую суботу ён сюды прыедзе. Не памылілася. Як мне было страшна! Сабраўшыся з духам, я адчыніла дзьверы.

Паўцёмны пакойчык зноў асьвятляўся толькі вугольлем у печы. Кержыч корпаўся ля стала зь нейкім старым радыёпрыёмнікам. На грукат дзьвярэй узьняў галаву. Ягоны твар быў спакойны і задуменны. Затое я хвалявалася за дваіх.

— Заходзь, Янечка, сядай, — сказаў дзядзька Мікалай. — Пэўна, зноў хочаш запытаць нешта пра забойства Міхася. Нешта зноў раскапала. Ты ж не супакоішся, пакуль не даб’ешся да праўды... Толькі навошта табе тая праўда? Кінь. Забудзься. Мае сьляды на вашым гародзе даўно змылі дажджы.

— Вы страцілі прытомнасьць на пахаваньні Мянцея, — я вырашыла ісьці ва-банк. — Чаму?

Кержыч уздыхнуў.

— Я стары знэрваваны чалавек. Раптоўная сьмерць маладога, здаровага сваяка — цяжкое відовішча. Ня вытрымаў.

— Любая сьмерць — цяжкое відовішча. Рэч ня ў гэтым: вы ведаеце, як загінуў Мянцей. Бо прыклалі да гэтага руку, — дадала я, аблізнуўшы засьмяглыя вусны.

Кержыч здрыгануўся.

— Адзіным доказам — вельмі сумнеўным — маглі быць мае сьляды. Але іх больш няма. Ёсьць толькі твая ўзбуялая фантазія.

— Доказаў у мяне сапраўды няма. Дый каб былі — не пабегла б зь імі ў міліцыю. Але я хачу ведаць, чаму ваш Міхась скончыў жыцьцё ў нашай прыбіральні. Калі ня дзеля праўды, дык хоць дзеля ўласнае бясьпекі. Майму бацьку шыюць крымінальную справу, у мяне самую стралялі. Я хачу зразумець, што адбываецца, хоць бы дзеля таго, каб ведаць, як сябе паводзіць.

— А ў цябе навошта ж страляць? — зьдзівіўся Кержыч.

— Вось і я хачу гэта ведаць. Раскажыце мне ўсё, што ведаеце, прашу вас! Хочаце, на калені стану?

Кержыч на хвіліну задумаўся. Потым узьняў зьбялелы твар, зноў уздыхнуў і адклаў убок адкрутку, якую дасюль трымаў у руках:

— Калі маёй жонцы паставілі дыягназ, я думаў, што звар’яцею. Ня мог спаць. Кідаўся да знахароў, гатовы быў зрабіць што заўгодна, абы толькі дапамагчы ёй. Загадчык аддзяленьня, калі даведаўся, сказаў мне пра ангельскія лекі. Маўляў, не панацэя, але ў многіх выпадках вельмі эфэктыўныя. Афіцыйна ён іх выпісаць ня мог: вельмі дарагія, а прымаць трэба вельмі доўга, мо нават усё жыцьцё. Я, вядома, адразу ў “Белфарм”... Ужо праз два месяцы дактары з задавальненьнем адзначылі, што “можна спадзявацца на ўстойлівую рэмісію”. Я плакаў, схаваўшыся ў сталоўцы...

Але гэты цудоўны прэпарат сапраўды вельмі дарагі: упакоўка на месяц каштуе 200 даляраў... Нашыя грошы — колькі іх там было? — хутка скончыліся. Я спадзяваўся прадаць лецішча — і на табе, дом згарэў… — Кержыч памаўчаў. — Калі надышла пара купляць лекі чарговы раз, а ў мяне не было за што, я сустрэў яго на вуліцы. Яго, гэтага чалавека...

Я напружана слухала.

— Ён усё ведаў. Сказаў, што дастане лекі бясплатна — з гуманітарнай дапамогі. І прынёс, нам хапіла на паўгоду... А пасьля, калі я прыйшоў да яго папрасіць яшчэ, паставіў умову: “Добра, я дапамагу вам, але й вы мне — таксама”. Сказаў, што мае патрэбу пагаварыць сам-насам з мужам маёй пляменьніцы, які пазьбягае яго. А справа пільная, бізнэсовая. Папрасіў яго на дачу паклікаць. У мяне і ў думках не было, што можа здарыцца...

Пляменьніца была зь дзіцём у санаторыі, так што пра запрашэньне ніхто ня ведае, акрамя мяне, яго і вось цябе...

Міша прыехаў. Прыйшоў і гэты чалавек, з бутэлькай гарэлкі, прапанаваў выпіць па чарцы — усё выглядала натуральна, за чаркай пра бізнэсовыя справы гаворыцца лягчэй... Пасьля першай я згубіў прытомнасьць. Ачуняў — цямнее, нідзе нікога. Я расхваляваўся, ускочыў і — да вас... — ён скоса паглядзеў на мяне.

Яго словы мяне як кіпенем абдалі. Я была гатовая да іх, ведала, што пачую, але ж, але ж...

— Вы пайшлі да нас, бо чалавек, які прасіў вас запрасіць Мянцея, — Андрэй,— у маіх словах амаль не было пытальнай інтанацыі.

— Ты ведаеш?! Адкуль?

— Здагадвалася. Расказвайце далей.

— Мне было не па сабе, і я прыхапіў сякерку. Калі ўжо падыходзіў, пачуў жахлівы крык — твой. Нейкае шостае пачуцьцё падказала мне не высоўвацца адразу ж, а асьцярожна выглянуць з-за хлеўчука.

Ад убачанага валасы дыбарам сталі. Я разумеў, што нешта нячыстае з гэтай “размовай”, але пабачыць Міхася з нажом у грудзях... І раптам мяне стукнула: у яго ж у кішэні маё насеньне! Таго самага рэдкага гатунку — аддаў яго Міхасю яшчэ раніцай, пакуль прыйшоў той трэці... Мяне выкрыюць і пасадзяць! А што будзе з жонкай? Я не вагаўся ні хвіліны. Падкрасьціся да цябе ззаду было няцяжка, як да глушца на такавішчы. Ну, — Кержыч зьбянтэжыўся, — давялося трохі... Ну, мне ж трэба было цябе неяк выключыць...

— Вядома, трэ было, — падбадзёрыла яго я. — Што далей, напрамілы бог, што далей?

— Ты, калі ласка, прабач мне, не крыўдуй... Не крыўдуеш? Ну вось, дастаў я зь Міхасёвай курткі насеньне... Тут пачуўся гук калатушкі — вуліцай бег стораж. Я кінуўся да сябе цераз гарод... Ведаеш, нават не ўсьвядоміў, што намагаўся не наступіць на спаржу, — неяк само атрымалася...

Потым былі жахлівыя дні. Колькі разоў я зьбіраўся прызнацца! Але што гэта дало б? Ты ж ведаеш, дзе працуе твой Андрэй, як прафэсійна ён зрабіў усё, каб застацца ўбаку. Я быў пэўны, што ён зможа абвергнуць мае словы, давесьці, што ў час забойства быў за сотні кілямэтраў адсюль... Потым ён прыйшоў да мяне сам. Прынёс лекі на год і па-сяброўску так параіў не высоўвацца. Я зразумеў, што, калі хачу жыць,— мушу маўчаць...

— Дык што ж вы не трымаецеся маёй парады? — пачуўся раптам знаёмы голас, дзьверы расчыніліся, і ўвайшоў Андрэй.

Заканчэньне будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0