водгук

Пішэце запыты

Паважаны спадар Руслан Равяка, шчыры дзякуй за прапановы па ўдасканаленьні працы ТБМ.

Хацела б Вам паведаміць, што ўжо два гады Таварыства беларускай мовы працуе з амбасадамі, што маюць акрэдытацыю ў Беларусі, на прадмет выкарыстаньня замежнымі таваравытворцамі беларускай мовы на ўпакоўках. Вынікам гэтае працы сталася рэкамэндацыя Нямецкай гандлёва-прамысловай палаты да сваіх таваравытворцаў, што працуюць зь Беларусяй, выкарыстоўваць на ўпакоўках беларускую мову. Напэўна, пад уплывам ТБМ і арганізатары нацыянальнага конкурсу “Брэнд году – 2002” сёлета будуць прысуджаць гран-пры “Брэнд Бацькаўшчына” за самы пасьпяховы вырыянт адлюстраваньня нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны ў вобразе беларускай гандлёвай маркі (газэта “Ва-банк”, №29 за 2002 г.). Усе айчынныя таваравытворцы, што выкарыстоўваюць беларускую мову, абавязкова атрымліваюць ліст падзякі ад ТБМ. Іншая справа, што пераважная большасьць вытворцаў не адчуваюць грамадзкай запатрабаванасьці на выкарыстаньне беларускай мовы. Трэба патрабаваць ад іх гэтага, слаць ім запыты. Заўпэўніваю Вас, што, калі б баранавіцкія ТБМ-аўцы разам з Вамі паставілі на мэце дамагчыся ўжываньня беларускай мовы на таварах баранавіцкіх вытворцаў, на працягу году ўсе тавары ў Баранавічах афармляліся б па-беларуску. Мясцовыя арганізацыі ТБМ могуць ладзіць грамадзкую сэртыфікацыю ўсіх пунктаў аказаньня паслугаў і, як у Валіі, клеіць там прыстойна зробленыя налепкі, што тут (у гэтай краме, кнігарні, майстэрні) грамадзянам могуць аказаць паслугі па-беларуску.

Рэспубліканская Рада ТБМ з задавальненьнем разгледзела б на пасяджэньні праект палажэньня аб узнагароджваньні таваравытворцаў згаданым Вамі мэдалём “За беларускую мову”, улічыўшы пры гэтым Указ ППРБ аб манаполіі дзяржавы на выраб, прысуджэньне, уручэньне мэдалёў ды іншых знакаў пашаны.

Ірына Марачкіна, адказны сакратар ТБМ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0