справа “Пагоні”

Маркевіч спадзяецца на падтрымку
палаты і рэгіструе газэту “Голас”

15 жніўня Гарадзенскі абласны суд пачаў разгляд касацыйнай скаргі на рашэньне Ленінскага раённага суду Горадні па справе Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Нагадаем, што 24 чэрвеня яны былі засуджаныя на “хімію” (на 2,5 і 2 гады абмежаваньня правоў адпаведна) за “абразу гонару і годнасьці” Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер абласны суд можа альбо адмяніць прысуд, альбо пакінуць яго бязь зьменаў.

Мікола Маркевіч, адказваючы на пытаньні карэспандэнта “НН” напярэдадні разгляду касацыйнай скаргі, прызнаўся, што ў глыбіні душы спадзяецца на станоўчае рашэньне абласнога суду. Аднак зазначыў: “Ведаючы сытуацыю, пры якой Лукашэнка асабіста кантралюе суды ў Беларусі, ведаючы, што адбываецца ў судах усіх узроўняў, разумею, што спадзявацца няма на што. Фактычна, размова ідзе пра тое, што гэты суд — абавязковая фармальная ўмова для таго, каб зьвярнуцца ў міжнародныя судовыя інстанцыі”.

Калі калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суду пакіне прысуд бязь зьменаў, Маркевіч і Мажэйка зьбіраюцца ініцыяваць збор подпісаў за адмену артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі (“Паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі”). Маркевіч гаворыць, што ў Крымінальным кодэксе дастаткова артыкулу 188, які абараняе ад паклёпу ўсіх грамадзянаў Беларусі, і ствараць асабіста для галоўнага ўрадоўца іншы артыкул было вялікай для яго прывілеяй. “Самае галоўнае, — кажа рэдактар забароненай “Пагоні”, — гэты артыкул у руках заўзятых памочнікаў Лукашэнкі пераўтварыўся ў дубец, з дапамогай якога ў Беларусі мэтанакіравана зьнішчаецца іншадумства, свабода слова”.

Ініцыятыву Маркевіча падтрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая ўжо гатовая распачаць збор подпісаў.

Маркевіч упэўнены: калі зборам будзе займацца толькі Гарадзенская філія БАЖ, подпісаў будзе за 50 тысячаў. Асноўную іх частку Мікола Маркевіч плянуе сабраць у Горадні й на Гарадзеншчыне. Па-першае, журналістаў “Пагоні” тут больш ведаюць, тут Маркевіч абіраўся дэпутатам у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. Па-другое, ёсьць разьлік на дэпутатаў палаты прадстаўнікоў ад Горадні й Гарадзеншчыны. Калі іх выбарцы дзясяткамі тысячаў подпісаў засьведчаць сваё жаданьне выдаліць артыкул 367 з Крымінальнага кодэксу, дэпутаты павінны будуць да іх прыслухацца. Як вядома, менавіта палата прадстаўнікоў можа прыняць рашэньне пра адмену названага артыкулу.

Мікола Маркевіч пэўны, што “ўвосень у лукашэнкаўскай палатцы знойдзецца неабходная колькасьць дэпутатаў, якія паставяць гэтае пытаньне”. Маркевіч прызнае, што ўжо сустракаўся з дэпутатамі палаты прадстаўнікоў. Зразумела, што прозьвішчы гэтых дэпутатаў пакуль не называюцца. Але варта згадаць, што адзін з палатных “апазыцыянэраў” генэрал Фралоў быў абраны якраз у Горадні.

Тым часам Мікола Маркевіч спрабаваў зарэгістраваць у Горадні новае беларускамоўнае выданьне “Голас”, аднак гарадзенскі гарвыканкам не захацеў узгадняць месца разьмяшчэньня СМІ. Неабходнасьць такога “ўзгадненьня” зьявілася ў 1999 г. У артыкул 10 Закону аб СМІ быў унесены адзін сказ, які патрабаваў узгадняць зь мясцовымі ўладамі разьмяшчэньне сродкаў масавай інфармацыі. Гэтае ўдакладненьне да закону (у падрыхтоўцы якога, дарэчы, як дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня браў удзел Маркевіч) сталася бядою для рэгіянальных журналістаў. У той жа Горадні мясцовыя ўлады калісьці адмовіліся ўзгодніць разьмяшчэньне газэты “Репортёр”, праблемы былі ў незалежных журналістаў у Пінску, Магілёве, Астраўцы, Ашмянах ды іншых гарадах.

Гарадзенскія ўлады вырашылі, што разгледзяць пытаньне з “Голасам” толькі пасьля рашэньня суду па справе Маркевіча і Мажэйкі. Іхная пазыцыя зразумелая: калі абласны суд захавае ранейшае рашэньне бязь зьменаў і яно ўвойдзе ў сілу, рэдактар забароненай “Пагоні” на працягу двух гадоў ня будзе мець права рэгістраваць СМІ.

“Да мяне прыходзяць дзясяткі лістоў, прыходзяць наведнікі, людзі пытаюцца проста на вуліцы: калі выйдзе “Пагоня”? — кажа М.Маркевіч. — Людзі яе патрабуюць. Хай сабе і пад іншай назвай. Яе ж інфармацыйная ніша дагэтуль не занятая. Тую функцыю, якую выконвала “Пагоня”, сёньня ў Беларусі не выконвае ніводная газэта”.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0