тэлебачаньне

Дом на мяжы

Новая перадача ў праграме чацьвертага каналу ангельскай тэлевізіі мае назву “The Frontier House”. Тры амэрыканскія сям’і, адабраныя зь пяці з паловай тысяч кандыдатаў, былі зьмешчаныя ў бязьлюдны куток амэрыканскага штату Мантана, які ў канцы XIX ст. лічыўся “мяжой” (frontier) цывілізаванага сьвету. Пасьля таго як у 1883 г. да яго дацягнулася чыгунка, кожны ахвотны мог атрымаць там зямлю ў вечнае карыстаньне, калі быў гатовы пражыць у Мантане пяць гадоў. Сучасным “перасяленцам”, згодным паспрабаваць жыцьця на “дзікім захадзе”, трэ было пратрымацца толькі пяць месяцаў — збудаваць зь бярвеньня хату, насіць тагачасную вопратку і выжываць за кошт бесьперапыннай цяжкай працы, маючы за сьведкаў (але не за памочнікаў) толькі супрацоўнікаў тэлекампаніі.

Знаёмы з расейскім тэлеэтэрам беларускі глядач адразу згадае праграму “Апошні герой”. Як і большасьць расейскіх “навінак”, яна мае свой прататып на заходняй тэлевізіі, дзе “reality-show” ператварыліся ў асобны жанр. Але папулярныя там перадачы часьцей грунтуюцца на дакладным паўтарэньні пэўных гістарычных умоваў, а іхны посьпех тлумачыцца ўсеагульнай зацікаўленасьцю гісторыяй. Так, ужо амаль клясычным лічыцца ангельскі праект “Дом 1900 году”, посьпех якога ў Амэрыцы і даў пачатак стварэньню перадачы такога кшталту на амэрыканскай глебе. Пасьпяховымі былі й “Дом 1940 году” і “Сядзіба часоў караля Эдуарда”, а ў якасьці тэматычных адгалінаваньняў зьявіліся “Выжыць у жалезны век” і “Акоп”, дзе ахвотныя мелі магчымасьць паспрабаваць акопнага жыцьця жаўнераў Першай сусьветнай. Варта згадаць і праграму “Карабель на гарызонце”, якая дазваляла паўтарыць марскія вандроўкі славутага капітана Кука на дакладнай копіі ягонага карабля.

Добра было б нешта гэткае мець і нам. Дый здымачных пляцовак — колькі заўгодна. Выбірай любы зь дзясяткаў замкаў, тысячаў хутароў, сотняў гарадзішчаў. Папулярызацыя беларускай гісторыі пазбылася б зануднасьці, а накопленыя адмыслоўцамі веды ўліліся б у натуральнае рэчышча сучаснай масавай культуры і дапамаглі б тым самым адмыслоўцам выжыць у сучаснай Беларусі. І мы мелі б нагоду задумацца аб адноснасьці прагрэсу і атрымалі б шанец даведацца, чаго з сучаснай цывілізацыі найбольш бракавала б беларусам і беларускам. Амэрыканкам, напрыклад, не ставала касмэтыкі…

Міхал Чарвінскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0