з усёй краіны

 

Rabaūnicy

U vioscy Nača Lachavickaha rajonu nočču raźnieśli biblijateku. Knihi byli paskidanyja z palicaū, čytackija farmulary papalenyja, partrety piśmieńnikaū, što visieli na ścienach, pabityja. Skradziena 5 tamoū Biełaruskaj savieckaj encyklapedyi. Naranicu ūčastkovy znajšoū rabaūnikoū. Heta byli try miascovyja dziaūčyny 15—16 hadoū. U toj viečar dzieūki zajmalisia ū spartzali, što mieścicca ū adnym budynku ź biblijatekaj. A potym ad niama čaho rabić vyrašyli pazabaūlacca.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Міні-рынак замест дому культуры

Дом культуры ў Воршы пачалі ўзводзіць у “перабудову”. Але далей першага паверху за 15 гадоў справа не пайшла. Сродкаў на такі буйны аб’ект у мясцовым бюджэце няма. Таму й вырашылі недабудаваны ГДК зруйнаваць. На ягоным месцы зробяць міні-рынак.

Раскопкі з удзелам Андрэя Мельнікава

Упершыню праведзеныя археалягічныя дасьледаваньні рэшткаў сярэднявечнай крэпасьці, што ў вёсцы Вялікая Міцькаўшчына на Аршаншчыне. З-за недахопу фінансаваньня плошча раскопак была сьціплай. Адзін дзень папрацаваў тут з рыдлёўкай і бард Андрэй Мельнікаў, які гасьцюе цяпер у бацькоў. Яму пашчасьціла знайсьці бадай самую цікавую рэч — фрагмэнт паліванай кафлі з геральдычнай выявай і літарай “М”.

Віктар Лютынскі, Ворша

Эстонцы ў Косаве

Група краязнаўцаў і бізнэсоўцаў з Эстоніі наведала Косаўскі палац, што на Івацэвіччыне. Госьці былі шакаваныя тым, у якім занядбаным стане ён знаходзіцца. Рэшткі палацу ацэньваюцца ў 7 млрд. 486 млн. 28 тыс. рублёў. Эстонцы гатовыя выкласьці такія грошы, каб выкупіць унікальны помнік і яго аднавіць. Яны ўжо зьмясьцілі ў Інтэрнэце спэцыяльны сайт, прысьвечаны Косаву. Усе выдаткі па стварэньні, рэгістрацыі і далейшай падтрымцы праекту эстонцы ўзялі на сябе. Але намеры, на жаль, застануцца намерамі, бо, згодна з пастановай нашага ўраду, рэстаўрацыяй гістарычных будынкаў могуць займацца толькі беларускія дзяржаўныя ўстановы.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Тралейбусы сыходзяць
з Скарыны

З 1 верасьня гарадзкія ўлады плянуюць спыніць тралейбусны рух па праспэкце Скарыны ў Менску ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа. Прычына такіх зьменаў — рэканструкцыя плошчы Незалежнасьці. У службе арганізацыі пасажырскіх перавозак Менгарвыканкаму паведамілі, што заменьнікам тралейбусаў стане адмысловы аўтобусны маршрут “Аэрапорт-1 — плошча Якуба Коласа”. Гораду ж такое рашэньне наўрад ці прынясе карысьць: тралейбусы, безумоўна, экалягічна чысьцейшыя за аўтобусы зь іхнымі выхлапнымі газамі. Нават калі гэта навюткія МАЗы.

А.Ш.

Лоўчыцкі мячэт

У Наваградзкім раёне адноўлены Лоўчыцкі мячэт — найстарэйшы мусульманскі храм Беларусі. Ён пабудаваны фактычна наноў, бо час не шкадаваў гэтага помніка культуры. Грошы на ўзьвядзеньне мячэту ахвяравалі татары, якія жывуць у Наваградзкім ды Івейскім раёнах. Сёньня гэта ня толькі храм — тут разьмешчаны музэй гісторыі й культуры беларускіх татараў.

Дамейка ў Міцкевіча

У Віленскім музэі імя Адама Міцкевіча адкрылася выстава, прысьвечаная 200-годзьдзю з дня нараджэньня Ігната Дамейкі. У экспазыцыі прадстаўленыя рукапісы з фондаў бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту, у якім вучыўся наш выдатны навуковец. Тут сабраныя таксама кнігі Дамейкі, ягоныя партрэты. У Літве галоўныя ўрачыстасьці, прысьвечаныя сьвяткаваньню году Дамейкі, адбудуцца ў верасьні. У Вільні пройдзе міжнародная канфэрэнцыя, адкрыецца яшчэ адна выстава. На тэрыторыі ўнівэрсытэту будзе ўсталяваны бюст Дамейкі. На сьцяне Базыльянскага кляштару мяркуецца адкрыць мэмарыяльную дошку.

Міхась Васілевіч, “Нёман-Інфарм”

Паводка ў нас наўрад ці будзе

Вось жа, менскія газэты першай паловы ХХ ст. рэгулярна паведамлялі пра паводкі.

Спэцыялісты кажуць, што прычынаў для хваляваньняў няма. У гарадзкім упраўленьні Міністэрства па надзвычайных сытуацыях зазначылі, што небясьпека прарыву Заслаўскага вадасховішча мізэрная. Апошнія 5—6 гадоў узровень вады там трымаецца ніжэй за норму. Кіраўнік упраўленьня Валянцін Карпіцкі кажа, што абсьледаваньне вадасховішча, праведзенае сёлета, паказала мінімальную верагоднасьць пагрозаў.

Але нават калі здарыцца нешта непрадбачанае, цалкам Менску не затопіць: вада залье 28—30 кв.км. Найбольшая небясьпека будзе пагражаць раёнам, празь якія цячэ Сьвіслач, — Цэнтральнаму, Ленінскаму, Заводзкаму і Савецкаму. Натуральна, жыхарам прыватнага сэктару давядзецца цяжэй за іншых.

Галоўны інжынэр “Менскводаканалу” Мікалай Крук, пад наглядам якога знаходзіцца Вілейска-Менская водная сыстэма, памятае паводкі 1950-х — да пабудовы плаціны на вадасховішчы: “Тады можна было з вокнаў хаты рыбу лавіць. А сёньня баяцца няма чаго: прарыву ня будзе. Дый у пойме Сьвіслачы практычна няма жылых дамоў. Затопіць хіба вуліцу Пуліхава ды ніз Чырвонаармейскай”.

Дый надмернай колькасьці ападкаў у Беларусі, у адрозьненьне ад падальпійскіх рэгіёнаў, мэтэаролягі не чакаюць.

Адам Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0