Баронячы незалежнасьць краіны, што мы мусім бараніць перш за ўсё?

У гаворках зь беларускім людам паспалітым палітыкі і журналісты часьцяком сутыкаюцца з такім пытаньнем: “Вось вы кажаце пра незалежнасьць Беларусі, я цалкам за яе, за тое, што яе трэба адстаяць, абараніць. Але незалежнасьць — штука аб’ёмістая, і, каб кожны чалавек мог спрычыніцца да яе абароны, ён мусіць ведаць, што трэба бараніць канкрэтна яму. Як у войску: дзелай раз, дзелай два. Словам, што магу я? Ці мне карміць сабак, думаючы пра паляваньне, ці нарыхтоўваць ваду, прадбачачы пажар?..” Інакш кажучы, якія канкрэтныя атрыбуты незалежнасьці беларускі чалавек мусіць бараніць, каб зь ягоных высілкаў выходзіла абарона і мацаваньне незалежнасьці? З гэтым пытаньнем “Наша Ніва” зьвярнулася да вядомых у краіне людзей.

Зінаіда Бандарэнка, экс-дыктарка Беларускай тэлевізіі:

Мову! Бо толькі яна наўпрост зьвязаная зь дзяржаўнай незалежнасьцю і нацыянальнай сьвядомасьцю людзей. Пакуль існуе мова, існуе нацыя.

Сяргей Калякін, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай:

Канкрэтнага грамадзяніна Беларусі, ягоныя правы, яго магчымасьць нармальна жыць, выхоўваць сваіх дзяцей. Праз гэта мы зможам абараніць і незалежнасьць Беларусі.

Міхась Малько, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту радыяцыйных фізыка-хімічных праблемаў Нацыянальнай акадэміі навук:

Палітычную незалежнасьць: мытную прастору, войска, Канстытуцыю, уласную валюту (хай будзе слабая, але свая валюта!).

Аляксандар Гатоўскі, эканаміст:

Незалежнасьць у прыняцьці рашэньняў. У савецкі час беларускае кіраўніцтва езьдзіла ў Маскву, каб зацьвердзіць якую-небудзь сваю пастанову. У 90-я паўтаралася тое самае. Хацелася б, каб рашэньні наш урад прымаў усё ж на карысьць Беларусі, а ня іншых краінаў.

Лявон Вольскі, рок-музыка:

Сваю асобу, свой унутраны сьвет — ад сыстэмы, ад калгаснага ладу. Бо незалежнасьць Беларусі складаецца пакуль што з сугучча незалежных асобаў.

Мікола Купава, мастак:

Мову, бо мова — кроў народу, зь ёй зьвязана ўсё, усе нацыянальныя асаблівасьці. Гэта аснова ўсіх асноў, сама культура.

Ібрагім Канапацкі, віцэ-прэзыдэнт Беларускага грамадзкага згуртаваньня “Зікр уль-Кітаб”:

Трэба пачувацца ня горшым за астатніх, не саромецца таго, што ты беларус. Гэта не славалюбства, а нармальнае пачуваньне: каб цябе паважалі і ты сам сябе паважаў.

Алесь Мемус, мастак:

Годнасьць. Калі яна “дае асечку”, невыразна выяўляецца, дык і гаварыць няма пра што. Годнасьць — гэта ядро. А ў што гэтае ядро “абгарнуць”?.. Мабыць, ва ўзаеманатхненьне. Людзі павінны акрыляць адзін аднаго. А ўсялякая форма ня-годнасьці хоць і не ламае чалавека ўжо загартаванага, але і не акрыляе чалавека, які яшчэ ня склаўся. Ад “ня-годнасьці” ўжо і да “нягодніка” блізка.

Аляксандра Гесь, гісторык: Выдавецтвы, кнігі. Раней кнігі можна было купіць нават у вясковай краме, а цяпер там адна толькі гарэлка. Дырэктары выдавецтваў хіба ня ведаюць, што беларускіх кніг замала? Нават каляндар беларускі цяжка купіць! Я купляю за свае грошы па трыццаць календароў і адвожу ў сваю вёску, бо там гэтага няма. Мы адзначаем цяпер 120-годзьдзе Купалы і Коласа, а іхных кніжак у продажы няма. Перавыдалі толькі “Новую зямлю”. Кажуць, што беларускіх кніг не купляюць. А “Беларускія народныя казкі” з ілюстрацыямі Селешчука проста-такі разьмяталі ў кнігарні “Сьветач” — сама бачыла. Цяпер няма ня толькі беларускіх кніг, але й выданьняў пра Беларусь — хай сабе і па-расейску. Нядаўна бачыла: прадавалі кнігі па кулінарыі. Спыталася, ці ёсьць кніга па беларускай кухні. Няма! Паштовак па-беларуску нідзе не дакупіцца. Прыстойна тут выглядае хіба “Белпошта”: там па-беларуску і шапікі аздобленыя, і віншаванкі беларускія заўжды ёсьць, і блянкі.

Андрэй Федарэнка, пісьменьнік:

Літаратуру! Каб людзі больш чыталі, дык лепш ведалі б сваю гісторыю, разумелі б, што бараніць. Таму трэба больш чытаць (і ня толькі беларускую літаратуру, але і сусьветную клясыку) і рабіць з прачытанага высновы.

Уладзімер Конан, філёзаф:

Гістарычную і культурную спадчыну, нацыянальную дзяржаўнасьць, эўрапейскі нэўтралітэт. І, вядома, хрысьціянскія духоўныя каштоўнасьці.

Анатоль Сідарэвіч, гісторык літаратуры:

Культуру, у шырокім сэнсе слова: адукацыю, літаратуру, мастацтва… Усе акупанты, калі хочуць зьнішчыць народ, пачынаюць з школьніцтва, інтэлектуальнай эліты. Так зьнік цэлы народ Ізраілеў: з Ізраільскага царства акупанты вывелі вайскоўцаў, сьвятароў і г.д. Пакінулі толькі пастухоў і земляробаў. І народ Ізраілеў на гэтай тэрыторыі стаў народам самарыйскім, самарыцянамі. Адна кроў зь юдэямі, але іншы народ…

Царская ўлада ведала, што рабіла, — не дазваляла беларускай школы. Палякі ведалі, што рабілі, — зачынялі беларускую школу. Бальшавікі ведалі, што рабілі, — прыціскалі беларускую школу, зводзілі да нуля. І сувэрэнная беларуская ўлада робіць тое самае — ва ўсім спэктры інтэлектуальнае дзейнасьці.

Ігар Кузьняцоў, гісторык:

Інтэлігенцыю, якая ў нас ператвараецца ў “электарат”.

Аляксей Дудараў, драматург:

Канстытуцыю, бо ў ёй недвухсэнсоўна запісана, што мы — незалежная дзяржава, і яе гарантаў. Канстытуцыя — асноўны закон, і ў ёй не прадугледжана ні “паўзучай” інтэграцыі, якая адбываецца сёньня, ні рэвалюцыйнай.

Андрэй Саньнікаў, каардынатар “Хартыі’97”:

Сваю свабоду — свабоду асабіста кожнага чалавека і свабоду народу, свабоду выбару. На сёньня незалежнасьць і дэмакратыя — аднолькавыя паняткі. Змагаючыся за дэмакратыю, мы змагаемся за незалежнасьць, і наадварот.

Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады:

Права беларускага народу дзеяць у адпаведнасьці з нормамі закону. У першую чаргу — права абіраць уладу, ствараць незалежную дзяржаву, дзе будуць улічаныя правы меншасьцяў.

Павал Севярынец, лідэр “Маладога фронту”:

Душу беларускую: мову, культуру, духоўнасьць. Беларус — гэта ня той чалавек, які апранаецца і чытае па-беларуску, а той, хто сваімі дзеяньнямі сьцьвярджае права беларускай нацыі звацца эўрапейскай.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:

Першае, што мы павінны зрабіць, змагаючыся за Бацькаўшчыну, — абараніць яе ад змагароў за Бацькаўшчыну. Сама ідэя барацьбы, абароны — заганная, яна маргіналізуе Беларушчыну. І пакуль мы ня выведзем гэты “адраджэнскі каўтун” з галавы, датуль, што б ні баранілі, мы будзем бараніць толькі свае адраджэнскія высілкі. Бо мы прасякнутыя рыторыкай супраціву. А сёньня асноўная задача — зразумець: як Беларушчына магла б ня зьнікнуць, а ўзмацніцца? Дзе ейнае месца ў грамадзтве — на маргінэзе? У цэнтры? Як выйсьці з крызы? Знайшоўшы адказы на гэтыя пытаньні, можна вырашаць, што нам рабіць далей, што і як бараніць.

Васіль Сёмуха, перакладчык:

Усё беларускае — тут няма дробязяў. Усё, што тычыцца нашай зямлі, нашага народу. І бараніць трэба ўсімі магчымымі сродкамі — вядома, апроч забароненых Богам у дзесяці запаведзях.

Сяргей Шынкевіч, інжынэр-кампутаршчык:

Наагул культуру, важным элемэнтам якой ёсьць мова. А бараніць трэба ад маскоўска-імпэрскай бюракратыі, патрабуючы абраньня парлямэнту і вяртаньня да Канстытуцыі 1994 г.

Віталь Сіліцкі, дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, сябар АГП:

Мову, а таксама ўласную волю да незалежнасьці. Яна, магчыма, самае галоўнае, бо не дазволіць нам забывацца на нашыя мэты.

Зьміцер Магілеўцаў, фізык:

Найперш сябе, нашых людзей — ува ўсіх сэнсах: маральна, культурна, фізычна. Бо калі нашыя юнакі паедуць гінуць у Чачэнію…

Алесь Суша, бізнэсовец:

Сябе. У шырокім сэнсе.

Валянцін Стафановіч, юрыст:

У першую чаргу — дзяржаўны сувэрэнітэт. Беларусь — суб’ект міжнароднага права. І гэты статус трэба захаваць. Пад сувэрэнітэтам іншай дзяржавы Беларусь ня зможа ажыцьцяўляць права на сваёй тэрыторыі, яна ня зможа самастойна ўдзельнічаць у міжнародным жыцьці, на тэрыторыі краіны ня будзе замежных пасольстваў. Як у Савецкім Саюзе БССР, якая не была суб’ектам міжнароднага права, хоць і лічылася адной з заснавальніцаў ААН. Вядома, мова і культура таксама вельмі важныя, але без такога дзяржаўнага статусу становішча мовы і культуры будзе яшчэ горшым, чым цяпер.

Ігар Катляроў, дэпутат палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу:

Эканоміку, культуру, адукацыю, дзяржаўныя межы — усё трэба бараніць, усё гэта ўваходзіць у паняцьце незалежнасьці. І нават у саюзнай дзяржаве гэта ўсё застанецца. У сьвеце такое ёсьць. Чаму ў Эўропе можа быць такое аб’яднаньне, а ў Беларусі з Расеяй — не?

Хведар Баравы, прадпрымальнік:

Чалавека, яго душу, яго здароўе, яго правы. Лічу гэта галоўным. Калі ў гэтым пляне ўсе нашыя праблемы вырашацца, дык за астатняе можна не хвалявацца.

Ігар Жалязоўскі, прэзыдэнт Фэдэрацыі канькабежцаў, алімпійскі чэмпіён:

Магчымасьць самастойна прымаць рашэньні. Як гэта ёсьць у кожнай дзяржаве.

Апытваў Аркадзь Шанскі

ад рэдакцыі

Дык якім жа чынам паспаліты беларус можа спрычыніцца да абароны і ўмацаваньня незалежнасьці краіны? Бараніць дзяржаўныя межы? Ці — нацыянальную валюту? Для гэтага трэба мець пэўныя паўнамоцтвы, пасаду. Бараніць Канстытуцыю? Але й тут усё, што ёсьць у паспалітага беларуса, — ягоны голас на выбарах і рэфэрэндумах, які можа “згубіцца” пры падліках. Іншая рэч — самапавага, абарона сваіх уласных правоў, сваёй сям’і і маёмасьці. А што, калі гэтага ніхто не чапае, а Беларусь тым часам павольна ператвараецца ў частку іншай краіны?.. Нездарма ў бальшыні адказаў нашага апытаньня так ці інакш згадваецца родная мова. Кожны грамадзянін краіны можа:

— гаварыць па-беларуску,

— дамагацца беларускае школы для дзяцей,

— набываць беларускія кнігі і пэрыёдыкі,

— падтрымліваць усе праявы беларускае культуры,

— заахвочваць да гэтага іншых і патрабаваць гэтага ад уладаў.

Умацаваньне пазыцыяў беларушчыны ў Беларусі, да якога такім чынам можа спрычыніцца кожны беларускі чалавек, — гэта і ёсьць найважнейшая сёньня, сапраўды ўсенародная абарона незалежнасьці краіны.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0