Праект захопу неабмежаванай улады
Працяг. Пачатак у № 22, 24—28.
Партнэры па саюзе, Беларусь і Расея зрабіліся жорсткiмi канкурэнтамi на супольным рынку. Зьявілася спакуса выкарыстоўваць дзяржаўнае рэгуляваньне (прыкладам, мытную палiтыку), каб падвысіць канкурэнтаздольнасьць сваiх вытворцаў.
Мытная інтэграцыя
Дый розная структура беларускай і расейскай эканомiк спрыяе разыходжаньню прыярытэтаў у вызначэньнi гандлёвага рэжыму. Так, беларускi тэлевiзар “Гарызонт” мае шанец прадацца на расейскiм рынку толькi з усходнеазiяцкім “начыньнем”. Таму беларускiм вытворцам нявыгадна падтрымліваць расейскiх вытворцаў камплектуючых. Расейскiя улады, з свайго боку, ня маюць падставаў бараніць свой унутраны рынак для “Гарызонтаў”, канкурэнтаздольных там толькi з-за дэмпiнгавых цэнаў, па якiх яны прадаюцца. З тае самае прычыны мала каму ў Беларусi выгадна бараніць рынак для “Жыгулёў”, а ў Расеi — для МАЗаў.
Далейшае разьвiцьцё рынкавых адносiнаў і дэпалiтызацыя гандлю з адначасовым захаваньнем палiтычнай незалежнасьцi абедзьвюх краiнаў будзе паглыбляць гэтыя супярэчнасьці. Іх можна зьняць, прызнаўшы за максымальны ўзровень мытнай iнтэграцыi памiж дзьвюма краiнамi зону вольнага гандлю (бестарыфны ўвоз i вываз тавараў i паслуг пры захаваньнi ўсiх атрыбутаў нацыянальнага гандлёвага рэжыму для гандлю з трэцiмi краiнамi). Фактычна на ўзроўнi зоны вольнага гандлю мытная iнтэграцыя памiж Беларусяй і Расеяй ужо даўно і спынiлася.
Валютная інтэграцыя
Розьніца ў структуры эканомiкі і эканамiчнай палiтыкі абедзьвюх краінаў тармозіць і валютную iнтэграцыю. З адраджэньнем ідэі стварэньня грашовага саюзу ў 1998 г. і падпiсаньнем “Заявы аб стварэньнi саюзнай дзяржавы” сутнасьць манэтарнай iнтэграцыі амаль не зьмянiлася. У гэтым пытаньнi найбольш яскрава выявілася жаданьне беларускiх уладаў спалучыць “поўную iнтэграцыю” з “поўным сувэрэнiтэтам”, выкарыстаць усе патэнцыйныя перавагі саюзу (дасягнуць манэтарнае стабiльнасьцi за кошт увядзеньня валюты iншай дзяржавы), але за тыя перавагі не плаціць (аб’яднаць грашовыя сыстэмы згодна з формулай “адна валюта — два эмiсійныя цэнтры”).
З часам патрабаваньнi беларускага боку да расейскага рабіліся ўсё больш суровымі. Калi Кебiч быў гатовы ўвесьцi на тэрыторыi Беларусi расейскi рубель, дык Лукашэнка з Пракаповiчам патрабавалі стварэньня прынцыпова новай наднацыянальнай валюты — саюзнага рубля.
Ёсьць шэраг аргумэнтаў, згодна зь якімі беларускiя прапановы для расейцаў цалкам непрымальныя. Па-першае, ужо на пачатковым этапе стварэньня адзiнай валюты высьветлiлася, што Расея ня дасьць Беларусі магчымасьці хавацца за iнтэграцыяй ад рэформаў (унiфiкацыя абменных курсаў — першае патрабаваньне Расеi на шляху манэтарнай iнтэграцыi — павялiчыла колькасьць стратных прадпрыемстваў у Беларусi й паставіла на парадак дня пытаньне рэструктурызацыi ды прыватызацыi). Па-другое, манэтарнае аб’яднаньне непазьбежна выкліча канфлiкт у вызначэньнi манэтарнай палiтыкі памiж краiнамi з рознымi структурамi эканомiкi.
Абменны курс расейскага рубля залежыць ад ваганьня сусьветных цэнаў на нафту. Іх падвышэньне выклікае прыток замежнай валюты ў Расею, падвышае рэальны курс расейскага рубля, але й зьнiжае канкурэнтаздольнасьць прамысловага сэктару расейскай эканомікі. Беларусь можа карыстаць з гэтага толькi пры ўмове наяўнасьцi ўласнай, менш “цяжкой” валюты, якая дае магчымасьць беларускім таварам канкураваць на расейскiм рынку дзякуючы іх нізкай цане (як ужо i было ў 1997—98 г., калi пераацэнены расейскi рубель спрыяў беларускаму экспарту ў Расею). Пры наяўнасьцi адзiнай валюты ў такiх варунках беларускую прамысловасьць чакае рэцэсія. Нават калі Беларусь атрымае некаторыя эканамiчныя выгады ад увядзеньня супольнай валюты, яны наўрад цi пакрыюць палiтычныя й эканамiчныя выдаткі ад гэткага кроку. Пагатоў што Беларусi яшчэ давядзецца перабудоўваць структуру эканомiкi, чым ужо даўно займаецца Расея, і канкурэнтаздольнасьць беларускiх вытворцаў яшчэ доўга будзе вызначацца, нават на расейскiм рынку, нізкім сабекоштам вытворчасьцi, якi ў кароткатэрмiновай пэрспэктыве можна будзе забясьпечыць толькi панiжэньнем рэальнага абменнага курсу нацыянальнай валюты.
Саюзны бюджэт
Дамовы аб стварэньні супольнасьці і саюзу Беларусі й Расеі 1996 і 1997 г. прадугледжвалі наяўнасьць у новых утварэньняў уласнага бюджэту, зь якога павінны былі фінансавацца розныя сумесныя праграмы — эканамічныя, вайсковыя, культурныя, адукацыйныя і г.д. Шмат якія з гэтых “саюзных праграмаў” мелі на мэце аднавіць супрацоўніцтва паміж высокатэхналягічнымі галінамі прамысловасьці Беларусі і Расеі, што дазволіла б пераадолець “разрыў вытворчых сувязяў” пачатку 90-х. У фантастычных марах прыхільнікаў інтэграцыі саюз мусіў ператварыцца ў бастыён на шляху эканамічнай глябалізацыі й экспансіі заходніх транснацыянальных карпарацыяў.
Памер саюзнага бюджэту, аднак, засьведчыў нерэальнасьць гэтых плянаў. У 1998 г. ён склаў усяго 60 млн. даляраў — трохі больш за 1% ад афіцыйнага дзяржбюджэту Беларусі, 0,1% ад расейскага фэдэральнага бюджэту і каля 0,001 ад сумы прафіцыту бюджэту ЗША на той год. Прыкладна палова расходаў накіроўвалася на ўзмацненьне памежнай аховы, 17% ішло на фінансаваньне культурных мерапрыемстваў кшталту “Славянскага базару”. Рэшта грошай расьцярушвалася больш чым на 50 “саюзных праграмаў”, ператвараючы бюджэт хутчэй у нязначную крыніцу дадатковых сродкаў для выбраных прадпрыемстваў, чымся ў эфэктыўны інструмэнт “агульнасаюзнай” прамысловай палітыкі.
Фінансава-прамысловыя групы
Чарговым “грандыёзным” эканамічным праектам было абвешчанае ў наступныя два гады стварэньне фінансава-прамысловых групаў (ФПГ) з удзелам беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў і банкаў.
Самымі вядомымі (дакладней, сумнавядомымі) зь іх былі “БелРасАўта” — канцэрн, які прывязваў аўтамабільныя заводы Беларусі да расейскіх вытворцаў рухавікоў, “Элетэкс” — група, што аб’ядноўвала прадпрыемствы дзьвюх краінаў па вырабе тэлевізараў і камплектуючых да іх дзеля выкананьня праграмы “Саюзны тэлевізар”, “Фармаш” — кансорцыюм хімічных вытворчых аб’яднаньняў, “Абарончыя сыстэмы” — альянс прадпрыемстваў вайсковага прызначэньня — і “Белаграінвэст”, які яднаў вытворцаў мінэральных угнаеньняў.
Стварэньню ФПГ спрыяў ня толькі палітычны націск з мэтай прадэманстраваць паўставаньне саюзу, але і ўласныя інтарэсы прадпрыемстваў, якія сягалі далей за просты пошук партнэраў. Так, “Беларуськалій” бачыў у ФПГ надзею на прыход інвэстыцыяў ад расейскіх камэрцыйных банкаў. Тыя грошы зьмякчылі б палітыку нацыянальнага ўраду, які выпампоўваў сродкі з прамысловых вытворцаў, у тым ліку праз сыстэму множнасьці валютных курсаў. Для іншых, у тым ліку чальцоў “Абарончых сыстэмаў”, гэта была спроба аднавіць супрацоўніцтва ў межах некалі адзінага ВПК і сумесна пралабіраваць прыняцьце адзінага для абедзьвюх дзяржаваў пляну закупак вайсковай тэхнікі. Вытворцы, што ўваходзілі ў “БелРасАўта”, разьлічвалі захаваць манаполію — адны на пакупнікоў, а другія на рынкі збыту, а таксама спадзяваліся сумеснымі намаганьнямі спрыяць усталяваньню высокіх мытаў унутры саюзу як на рухавікі, так і на аўтамабілі. А для многіх гэта была проста зручная магчымасьць атрымаць дадатковыя бюджэтныя субсыдыі й гарантаваныя замовы.
Апошняе асабліва яскрава прадэманстраваў правал праграмы “Саюзны тэлевізар”. Старт ёй быў дадзены ў 1998 г., а канчатковай мэтай быў перадзел расейска-беларускага рынку тэлевізійных прымачоў, 70% якога захапілі замежныя, пераважна азіяцкія кампаніі. Плянавалася, што да 2005 г. доля тутэйшых вытворцаў дасягне 50%. Для гэтага трэ было мадэрнізаваць тэхналягічны працэс і ўніфікаваць базу камплектуючых, наладзіўшы адзіную сетку распаўсюду і тэхнічнага абслугоўваньня тэлевізараў беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў.
У той час беларускія “Гарызонт” і “Віцязь” імпартавалі з “далёкага замежжа” амаль дзьве траціны камплектуючых, якіх на тэрыторыі былога СССР не выраблялі ўвогуле або выраблялі нізкае якасьці. Але будаўніцтва ўсяго аднаго заводу сучасных кінэскопаў каштавала 500 млн. даляраў — прыблізна 10 саюзных бюджэтаў. Таму дзеяньне праграмы “Саюзны тэлевізар” зьвялося да ціску на вытворцаў з мэтай прымусіць іх купляць кінэскопы ў адзінага прадпрыемства такога профілю, што захавалася з часоў СССР, — заводу ў Варонежы, прадукцыя якога значна саступала замежным аналягам як па якасьці, так і па цане. Гэты націск прывёў да выхаду з праграмы расейскага заводу “Рубін”, для якога залежнасьць ад паставак з Варонежу азначала страту канкурэнтаздольнасьці на фоне недарагіх і тэхналягічна прасунутых усходнеазіяцкіх тэлевізараў. Такое ж рашэньне прынялі й беларускія вытворцы, якія аддавалі перавагу кінэскопам фірмаў “Самсунг”, “Томпсан” і “Філіпс”, каб мець магчымасьць прадаваць свае тэлевізары на расейскім рынку. Праграма канчаткова развалілася, калі высьветлілася, што некаторыя яе расейскія ўдзельнікі атрымлівалі фінансаваньне з саюзнага бюджэту, не выконваючы абавязкаў. Гэтае выкрыцьцё дало пачатак крымінальнаму расьсьледаваньню, зладжанаму расейскімі праваахоўнымі органамі.
ФПГ “БелРасАўта” напаткаў шчасьлівейшы лёс, бо яна дапамагла пашырыць вытворчасьць абодвум сваім асноўным удзельнікам — Менскаму аўтазаводу і Яраслаўскаму заводу рухавікоў. Найбольшую карысьць ад гэтай праграмы меў яраслаўскі завод “Аўтадызэль”, які знаходзіўся на мяжы банкруцтва і ў 1997 г. амаль спыніў працу. Рашэньне аб працягу супрацоўніцтва з “Аўтадызэлем” і адхіленьні альтэрнатыўных прапановаў з боку “Вольва” ці “Шкоды” паспрыяла зьніжэньню якасьці беларускіх грузавікоў, але дазволіла МАЗу амаль непадзельна панаваць на расейскім рынку (КамАЗ быў на той час у глыбокім заняпадзе). Усё гэта забясьпечыла пэўную карысьць абодвум баком альянсу, пакуль Эўразьвяз не прыняў новых экалягічных стандартаў для рухавікоў. Ня здолеўшы дабіцца саступак, “постсавецкія” фірмы страцілі эўрапейскі рынак камэрцыйных перавозак, ільвіная доля якога была захоплена імі раней пры дапамозе дэмпінгу. Хоць рухавікі, што адпавядалі стандарту, былі распрацаваныя ў Яраслаўлі, дзеля іх масавай вытворчасьці патрабаваліся салідныя інвэстыцыі, якіх ні фінансава-прамысловая група, ні саюзны бюджэт забясьпечыць не маглі.
У выніку, нягледзячы на мытныя абмежаваньні, аднавілася канкурэнцыя на мясцовым рынку. Не спадзеючыся на Саюз, МАЗ шукаў выйсьця ў супрацоўніцтве зь нямецкім канцэрнам “МАN” і стварыў зь ім сумеснае прадпрыемства па вытворчасьці грузавікоў. “Аўтадызэль” тым часам апынуўся ў руках алюмініевай манаполіі “Сібал”, уладальнік якой Алег Дзерыпаска ператварыўся ў вядучага расейскага алігарха. Марачы стварыць аўтамабільную імпэрыю, ён скупіў асноўныя аўтамабільныя заводы і аб’яднаў іх у холдынг. Статус “Аўтадызэлю” як манапольнага пастаўніка МАЗу палягчаў Дзерыпаску націск на Лукашэнку, каб той даў дазвол на прыватызацыю заводу і наступнае ўключэньне яго ў холдынг. Урэшце давялося плаціць за манапольны доступ на расейскі рынак стратай кантролю над прадпрыемствам.
Віталь Сіліцкі
Працяг будзе.