Норман Дэйвіз

Месца для Эўропы

На першы погляд, атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар 11 верасьня 2001 г. ня мела ніякага дачыненьня да Эўропы. Учынак тых дваццаці тэрарыстаў быў выкліканы жаданьнем адпомсьціць ЗША за палітыку на Блізкім Усходзе.

Усе тэрарысты былі арабамі, пераважна з Саудаўскай Арабіі, а таксама мусульманскімі фундамэнталістамі, для якіх Амэрыка — “вялікі Шайтан”. Яны былі сябрамі арганізацыі “Аль-Кайда”, што кіруецца ды фінансуецца Асамам бэн Ладэнам, багатым саудаўскім дысыдэнтам. Камікадзэ не канкрэтызавалі сваіх задачаў, мы можам толькі здагадвацца пра іхныя матывы. Мне здаецца, што яны хацелі:

— перад усім сьветам пакараць і прынізіць Амэрыку за мінулыя грахі;

— зьвярнуць увагу амэрыканскай грамадзкай думкі на праблемы Блізкага Ўсходу, пра якія большасьць амэрыканцаў ня мае ўяўленьня;

— аслабіць уладу дынастыі Саудаў і яе сувязі з ЗША;

— перашкодзіць амэрыканцам эксплюатаваць запасы нафты на Блізкім Усходзе, збунтаваўшы Саудаўскую Арабію;

— паказаць, што ЗША заплацяць вялікую цану, калі будуць адкрыта падтрымліваць Ізраіль.

Зброя слабейшых

Тэрарызм — не найноўшая вынаходка. У 1605 г. у Вялікай Брытаніі была выкрытая “парахавая змова”: ангельскія каталікі-тэрарысты зьбіраліся ўзьняць у паветра парлямэнцкія будынкі Лёндану, разам з каралём, лордамі і ніжняй палатай. Калі б тэракт атрымаўся, ягоныя вынікі для Англіі былі б куды больш значныя, чым наступствы 11 верасьня для ЗША.

Многія эўрапейскія краіны, у тым ліку Вялікабрытанія і Гішпанія, змагаюцца з тэрарыстычнымі рухамі. “Аль-Кайда” істотна ня розьніцца ад ЭТА ці ІРА. Таму можна дастаткова пэўна вызначыць характэрныя рысы гэтых тэрарыстаў. Яны не вар’яты, якія даюць выхад сьляпой празе гвалту. Яны маюць свае матывы, маюць ідэалёгію, дзеля якой гатовыя пайсьці на сьмерць. Яны не паталягічныя забойцы і дзейнічаюць гвалтоўнымі мэтадамі толькі таму, што лічаць, нібыта іхных мэтаў нельга дасягнуць па-іншаму. Яны вераць, што ворагі надзвычай магутныя, што статус-кво ня можа быць зьменены шляхам дыпляматыі, пратэстаў і ўзброенай інтэрвэнцыі. Тэрарызм — апошняя надзея слабых і дэмаралізаваных.

Усё гэта сьведчыць, што атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар рыхтавалася з разьлікам на ўдар у адказ з боку Амэрыкі. І, з пункту гледжаньня тэрарыстаў, чым магутнейшы, тым лепшы. Так што ЗША мусяць захоўваць халодны розум і не рэагаваць занадта рэзка. Я ня пэўны, што прэзыдэнт Джордж Буш гэта разумее. Ён, кіраўнік самай магутнай краіны сьвету, мае, відаць, спакусу адным націскам кнопкі сьцерці ў пыл увесь Блізкі Ўсход. Але гэта было б на руку праціўніку. Вашынгтон меў рацыю, калі зладзіў у Аўганістане абмежаваную паліцэйскую апэрацыю, якая ліквідавала рэжым талібаў ды разьбіла “Аль-Кайду”. Больш рэзкія захады, кшталту поўнамаштабнай вайны з Іракам, пагражалі б дэстабілізацыяй усяго рэгіёну, а якраз гэта і трэба тэрарыстам. Дый няма доказаў, што Ірак падтрымлівае “Аль-Кайду”.

Змагар ці тэрарыст

Прэзыдэнт Буш выявіў некампэтэнтнасьць, абвясьціўшы “вайну з тэрарызмам”. Як сказаў адзін брытанскі камэнтатар, “нельга абвяшчаць вайну абстрактнаму панятку”. “Тэрарыст — гэта такое ж слова, што нічога ня значыць, як некалі вораг народу”, — цьвердзіць Ален Бэзансон, акадэмік Францускай Акадэміі. Вайна з абстрактным паняткам спрыяе ўзьнікненьню памылковых інтэрпрэтацыяў. Буш называе сваіх праціўнікаў “тэрарыстамі”, і яны таксама кажуць пра яго — “тэрарыст”. Арыэль Шарон сьцьвярджае, што Ясір Арафат — “тэрарыст”, аднак Арафат гэтаксама называе Шарона. Значэньне слова хутка дэвальвуецца.

Неабходна ўсьвядоміць некалькі ісьцін пра тэрарызм. Па-першае, дзяржаўны тэрарызм — такая ж рэальнасьць, як і антыдзяржаўны. Абстрэл зь цяжкой артылерыі лягераў для бежанцаў, руйнаваньне дамоў танкамі, забойствы палітычных лідэраў, зьдзейсьненыя “невядомымі выканаўцамі”, выкарыстаньне цывільных грамадзянаў у ролі “жывога шчыта” — усё гэта не ўваходзіць у пералік агульнапрынятых вайсковых мэтадаў. Па-другое, у цяжкія часіны пасьпяховыя палітычныя рухі часта выкарыстоўвалі непасьпяховых тэрарыстаў для рэалізацыі сваіх мэтаў. Так, колісь у змагара з апартэідам Нэльсана Мандэлы знайшлі абсталяваньне для вырабу бомбаў. У Палестыне габрэі, якія змагаліся супраць брытанскага панаваньня, ня грэбавалі падкладаньнем выбухоўкі і забойствам бязьвінных ерусалімскіх мінакоў. Па-трэцяе, значэньне маюць дзеяньні і матывы, а не ярлыкі. І эсэсаўцы, і савецкі НКУС называлі байцоў беларускай нацыянальнай партызанкі “бандытамі”. Ці значыць гэта, што барацьба з акупантамі — бандытызм?

Атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар была тэрарыстычным актам у любым значэньні гэтага слова. Але праблему дабра і зла на Блізкім Усходзе ня вырашыш, асудзіўшы выканаўцаў гвалту, бо гвалт прымяняюць усе бакі.

Зірнем, чаму амэрыканская палітыка на Блізкім Усходзе выклікае такое рэзкае абурэньне. На адрас дзядзькі Сэма можна было б высунуць наступныя абвінавачаньні:

Крывадушнасьць. Амэрыканскія СМІ заўсёды казалі пра абарону свабоды і дэмакратыі, але адначасова ЗША сябравалі амаль з усімі дыктатарамі рэгіёну. Спачатку падтрымлівалі іранскага шаха, потым узброілі Ірак, а цяпер утрымліваюць дэспатычны рэжым у Саудаўскай Арабіі.

Зьменлівасьць. ЗША выбіраюць сабе сяброў, а потым, калі тыя робяцца непатрэбнымі, адкідаюць іх. Ствараюць монстраў, якіх пасьля змушаныя зьнішчаць. У 80-я Амэрыка дапамагала Садаму Хусэйну, які змагаўся тады з рэвалюцыйным Іранам. ЦРУ абсталявала ў Аўганістане базы для бэн Ладэна, бо той ваяваў з Саветамі. Цяпер Садам і Асама — д’яблы ў чалавечым абліччы.

Падвойная мараль. Амэрыканцы карыстаюцца любымі сродкамі, каб ачарніць праціўнікаў, ігнаруючы крытыку на адрас сваіх саюзьнікаў. Яны слушна гавораць, што Ірак парушыў пастановы ААН, патаемна вырабляў зброю масавага зьнішчэньня, напаў на суседнія краіны і дрэнна абыходзіцца з уласнымі грамадзянамі. Чаму ж тады ЗША не крытыкуюць Ізраіль?

Карысьлівасьць. У вачах жыхароў рэгіёну амэрыканцаў найбольш турбуе доступ да таннай нафты, і яны падтрымліваюць той лад, які спрыяе яе спакойнай здабычы.

Заангажаванасьць. Амэрыканцы падзяляюць краіны на добрыя і дрэнныя, ствараючы пры гэтым шкодныя стэрэатыпы. Так, даўно прыжылася асацыяцыя “араб-тэрарыст”. Колькі гадоў таму, пасьля магутнага выбуху ў Аклахоме, ФБР шукала ў аэрапортах асобаў “арабскай нацыянальнасьці”, аж пакуль ня выявілася, што тэрарыст быў амэрыканцам англасаксонскага паходжаньня.

Удзячнасьць і зайздрасьць

Хоць 11 верасьня — перш за ўсё канфрантацыя ЗША з Блізкім Усходам, Эўропа займае ў ёй сваё месца, бо здаўна падтрымлівае адносіны з абодвума бакамі канфлікту. Злучаныя Штаты — дзіця Эўропы, якое вырасла зь дзіцячых штонікаў і цяпер значна дужэйшае ды заможнейшае за сваіх бацькоў. За апошнія сто гадоў яно ператварылася з дужага, але недасьведчанага падлетка ў баксэра-цяжкавагавіка, які дамінуе ў палітычнай, эканамічнай і вайсковай сфэрах. Амэрыка ўжо двойчы ратавала эўрапейскую дэмакратыю ад зьнішчэньня. Падчас другой сусьветнай вайны магутнасьць ЗША была ключавым элемэнтам у барацьбе з фашызмам. Яны гарантавалі саюзьнікам перамогу на заходнім фронце, пастаўляючы велізарную колькасьць тэхнікі. Пасьля вайны мудрая і велікадушная канцэпцыя пляну Маршала дазволіла аднавіць эканоміку Заходняй Эўропы і стварыць Эканамічную Супольнасьць — правобраз Эўразьвязу. Праз свой удзел у NATO Злучаныя Штаты дапамагалі Эўропе процістаяць амбіцыям СССР і забясьпечылі ёй перамогу ў халоднай вайне.

У эўрапейцаў ёсьць шмат слушных падставаў быць удзячнымі Амэрыцы. Але паводзіны апошняй часам выклікаюць зайздрасьць і абурэньне. ЗША дамінуюць над сьветам, як колісь Эўропа. Саюз з Амэрыкай зрабіў Эўропу моцнай эканамічна, але залежнай у вайсковай сфэры. Эўразьвяз ня можа ўмяшацца ў падзеі на Блізкім Усходзе, нават калі б захацеў, бо ня мае самастойных вайсковых арганізацыяў ці структураў бясьпекі.

Імпэрыялізм — навязваньне гегемоніі адной дзяржавы рэшце сьвету — таксама быў вынайдзены эўрапейцамі. Брытанцы, французы, расейцы, гішпанцы, галяндцы, партугальцы — усе зрабілі ўнёсак у ягонае мацаваньне. Амэрыканцы, што вырваліся з улоньня Брытанскай імпэрыі, любілі называць сябе антыімпэрыялістамі. Але часы і погляды зьмяняюцца.

Амэрыка не займалася захопам калёніяў. Інструмэнтамі ейнага імпэрыялізму былі грошы, магутная нафтаперапрацоўчая прамысловасьць, продаж зброі ды своеасаблівая замежная палітыка, калі шчодра ўзнагароджваліся лісьліўцы й апыналіся пад магутным ціскам непакорлівыя. Амэрыканцы імкнуліся да стабільнасьці любой цаной, а ў выніку спрыялі тыранам, ігнаравалі дэмакратычныя тэндэнцыі і абражалі арабскіх патрыётаў. Не пасьпелі арабы-нацыяналісты пакаштаваць так цяжка здабытай свабоды, як яе плён быў адабраны амэрыканскай гегемоніяй.

Нацыяналізм таксама нарадзіўся ў Эўропе. У самай частай сваёй форме — “інтэгральнага нацыяналізму” — ён абвяшчае, што кожны народ мае права на сваю тэрыторыю. У Нямеччыне з гэтае ідэалёгіі паўстаў знакаміты лёзунг “Blut und Boden” — “кроў і зямля”. У Францыі фашысты з “Action Francaise” далі пачатак слогану “Францыя для французаў”, у які Жан-Мары Ле Пэн апошнім часам удыхнуў новае жыцьцё. У арабскіх краінах нацыяналісты змагаліся з чужымі ўрадамі й айчыннымі дэспатамі пад лёзунгам “Арабская зямля для арабаў”. Сярод габрэяў, якія аселі ў Эўропе, нарадзіўся сіянізм.

На думку многіх лібэральных і дэмакратычных аглядальнікаў, інтэгральны нацыяналізм — бяда сучаснага сьвету. Варта адной групоўцы нацыяналістаў займець перавагу ў краіне з разгалінаванай этнічнай структурай, кшталту былой Югаславіі, як пачынаецца гвалт з чысткамі й дэпартацыямі.

Сіянізм, які кіраваўся ідэяй, што габрэі маюць права вярнуцца ў Сіён, — клясычны прыклад інтэгральнага нацыяналізму. Але ён не зьяўляецца, як імкнулася падаць камуністычная прапаганда, выказьнікам палітычных памкненьняў усіх габрэяў. Сіянізм узьнік перад Галакостам і ня быў даміноўчай плыньню. На пачатковым этапе ён не вызначаўся нецярпімасьцю ці дагматызмам. Шмат хто зь першых кіраўнікоў Ізраілю, напрыклад Давід Бэн-Гурыён, добра арыентаваўся ў праблемах шматнацыянальнай дзяржавы. Ён бачыў, што “зямля габрэяў”, ці Палестына, населеная арабамі. Заклікаючы габрэяў да эміграцыі, ён не зьбіраўся пазбаўляць маёмасьці і высяляць арабскае насельніцтва. Толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі сіянізм апынуўся ў руках непахісных супрэматыстаў: сьпярша быў Мэнахем Бэгін, былы тэрарыст родам зь Берасьця, Іцхак Шамір, таксама народжаны ў Беларусі, Бэньямін Натаньяху ды Арыэль Шарон. Гэта ня тыя палітыкі, якіх павінны падтрымліваць заходнія лібэралы. Хутчэй Шаронавых праціўнікаў трэба бараніць — як у самім Ізраілі, так і за яго межамі.

Арабскі нацыяналізм патэнцыйна мацнейшы за сіянізм, але ён ніколі ня быў у стане засьведчыць сваю перавагу. Нягледзячы на тое што большасьць арабаў — мусульмане, няма ніводнага кірунку ісламу, здольнага згуртаваць вакол сябе ўсе сілы. Арабы, што спавядаюць іслам, падзяляюцца на сунітаў і шыітаў, як заходнія эўрапейцы — на каталікоў і пратэстантаў. У найбагацейшай арабскай краіне, Саудаўскай Арабіі, практыкуецца самая строгая і эксцэнтрычная форма ісламу, якая ў большасьці мусульманаў не выклікае сымпатыі.

Арабскі сьвет ня мае супольнай палітычнай традыцыі. Большасьць краінаў — манархіі, кшталту Каралеўства Саудаўскай Арабіі, дзе душацца ўсе грамадзкія рухі, асабліва панарабскія. У Сырыі ды Іраку дамінуе партыя BAAS, ідэалёгія якой — грымучая сумесь ваяўнічага мясцовага нацыяналізму і дзяржаўнага сацыялізму — блізкая да паўночнакарэйскай ці колішняй альбанскай.

Прыгнечаныя і зьнявераныя

У такіх умовах змагаецца за выжываньне палестынскі народ. Яго лёс павінен выклікаць спачуваньне. Палестынцы вельмі бедныя; лягеры ў Джэніне і Газе перапоўненыя сотнямі тысяч бежанцаў; яны спрабуюць выжыць у паўднёвых гарадах і вёсках, на маленькіх лапіках зямлі, пазбаўленай вады, безь сельскагаспадарчай тэхнікі. Яны безабаронныя, іх увесь час прыніжаюць. У іх няма надзеі на разуменьне з боку іншых, якое маюць іх суседзі ў Ізраілі.

Арабы бачаць, як ізраільцяне езьдзяць па вуліцах на танках, тады як палестынскай паліцыі забараняюць мець цяжкую зброю і вінавацяць у дывэрсійнай дзейнасьці, ледзьве яна паспрабуе купіць за мяжой колькі старых вінтовак. Простых грамадзянаў арыштоўваюць, калі яны маюць пры сабе пісталет, хоць ізраільскія пасяленцы шпацыруюць з ручнымі кулямётамі ў абнесеных мурамі паселішчах, патруляваных салдатамі. Нарэшце, палестынцы бачаць, як на зямлі, што спрадвеку належала іхным бацькам і дзядам, ізраільцяне будуюць сучасныя дамы, разьбіваюць багатыя сады са штучным арашэньнем і вырошчваюць на экспарт экзатычныя расьліны. Пры такой несправядлівасьці палестынская палітыка ня можа быць ураўнаважанай. Палестынцы прыгнечаныя і зьнявераныя, яны гатовыя ў любы момант далучыцца да экстрэмісцкіх груповак, кшталту “Хамазу”, што рыхтуюць падлеткаў-камікадзэ для нападаў на ізраільцян. Арганізацыя “Фатах”, галоўнае апірышча палестынскіх уладаў, мае няшмат прасторы для манэўру, бо ніколі не размаўляла з Ізраілем на роўных. Ясір Арафат, кіраўнік Палестынскай аўтаноміі, узначальвае карумпаваны адміністрацыйны апарат, зьдзяйсьняе тэрарыстычныя акты, робіць драматычныя жэсты перад усім сьветам і бесьперастанку мяняе позу. Ён вядзе сваіх людзей ад паразы да паразы — у Ліване, дзе пры падтрымцы Шарона атрады хрысьціянскай міліцыі ўчынілі ім разьню, у Ярданіі, дзе тое самае зрабіла ярданская Каралеўская армія… Дваццаць гадоў ягонага процістаяньня з Шаронам — гэта асабістая вэндэта, канца якой не відаць.

Паводле “Rzeczpospolitej”,

са скарачэньнямі

Норман Дэйвіз (Norman Davies) (нар. у 1939 г. у Болтане, Англія) – гісторык, прафэсар Школы славянскіх дасьледаваньняў Лёнданскага ўнівэрсытэту, акадэмік Брытанскай Акадэміі. Ягоная доктарская дысэртацыя была прысьвечаная польска-расейскай вайне 1920 г. (White Eagle, Red Star. The Polish-Soviet War 1919–20. Лёндан, 1972). Атрымаў шырокую вядомасьць пасьля выхаду кніг God’s Playground: A History of Poland (1981) і Heart of Europe (1984), прысьвечаных гісторыі Ўсходняй Эўропы. Польскае выданьне працы God’s Playground пад назовам Boże igrzysko. Historia Polski (Znak, 1989–91) сталася бэстсэлерам, выйшаўшы накладам 150 тыс. асобнікаў. Найбольш вядомыя працы апошняга дзесяцігодзьдзя: Europe: A History (1996), дзе гісторыя краінаў Усходняй Эўропы паказаная нароўні з гісторыяй Заходняй Эўропы; The Isles: A History (1999), дзе разглядаецца гісторыя Вялікай Брытаніі й прадказваецца распад каралеўства.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0