Палітыка не трывае пустаты

У апошні час вядзецца шмат гаворак на тэму таго, ці гатовы Захад нармалізаваць свае адносіны зь Менскам у выпадку, калі Аляксандар Лукашэнка зробіць крокі ў кірунку дэмакратызацыі. Мы папрасілі выказаць сваё меркаваньне на гэтую тэму вядомага польскага экспэрта па Беларусі Паўла Казанэцкага, старшыню Рады таварыства варшаўскага Інстытуту падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе ЕЕDC-IDEE.

“Беларусь сварыцца з Расеяй”, “Канец СБіРу?” — пад такімі загалоўкамі Беларусь, упершыню пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, вярнулася на старонкі польскіх газэтаў. Аўтары ня дужа прыхільна адгукаюцца як пра саму Беларусь, так і пра яе прэзыдэнта. Але найперш кідаецца ў вочы тое, што ніхто — ні журналісты, ні дыпляматы — ужо не разглядае краіну як сур’ёзнага партнэра на міжнароднай арэне. Беларусь страціла свой чарговы шанец зрабіцца суб’ектам міжнароднай палітыкі. Беларусяй ніхто ўжо не цікавіцца, а гнеўныя выступы прэзыдэнта Лукашэнкі ўспрымаюцца хіба як невялікі сямейны скандал.

2001 г. завяршыў чарговы этап у міжнародных адносінах. Атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар зьмяніла палітычную карціну сьвету. Усходнеэўрапейскі рэгіён адсунуўся на задні плян. Злучаныя Штаты занятыя перш за ўсё падрыхтоўкай да вайны з Іракам. Беларусь жа ў новым сьветабачаньні страціла ўсялякую цікавасьць для сусьветнай супольнасьці. Можна сьмела сказаць, што Расея атрымала карт-блянш на вырашэньне “беларускай праблемы”. Бо палітыка не трывае пустаты. Адсутнасьць у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. партнэраў, зь якімі можна было б весьці палітычныя размовы, толькі паглыбляе гэты застой і млявасьць у міжнародных кантактах. З аднаго боку, нелегітымны парлямэнт і прэзыдэнт, які да таго ж яшчэ адмаўляецца ад усялякіх адносінаў з Эўропай, з другога — бяздарная і пасьля выбараў яшчэ больш разьяднаная апазыцыя такімі сур’ёзнымі партнэрамі не зьяўляюцца. А сэнс палітыкі — у няспынным дыялёгу. Калі няма суразмоўцы, няма і палітыкі.

Беларусь у пэрыяд сваёй незалежнасьці кідалася паміж трыма варыянтамі свайго далейшага існаваньня на міжнароднай арэне: нэўтралітэтам дзяржавы, адкрытай да ўсіх суседзяў (я назваў бы гэта фінскім варыянтам; да яго апэляваў Станіслаў Шушкевіч), патэнцыйным кандыдацтвам у Эўразьвяз (балтыйскі варыянт, за які выказваецца большасьць беларускай апазыцыі). І, нарэшце, рознымі формамі інтэграцыі з Расеяй. Сёньня Лукашэнка адкрыў перад Беларусяй новую палітычную пэрспэктыву — ізаляцыянісцкі варыянт кубінскага кшталту.

Якая ж будучыня чакае Беларусь? Я бачу тры магчымыя шляхі разьвіцьця падзей.

Першы — прэзыдэнты Беларусі і Расеі скончаць гуляць у “палітычны покер” і Беларусь зробіцца часткай Расеі ў той ці іншай форме. На карысьць гэтага сьведчаць як сучасная эканамічная сытуацыя — вынік шматгадовай палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі, так і зьнікненьне многіх атрыбутаў беларускай незалежнасьці. Але тады Лукашэнку давялося б мірыцца з Пуціным і пагаджацца на другарадную ролю ў гэтым саюзе.

Адначасова Расея зрабілася б адзіным гарантам улады Лукашэнкі. Гэта азначала б поўнае абмежаваньне ягонай самастойнасьці.

Калі прэзыдэнт хоча і надалей раздаваць карты, яму застаюцца толькі два шляхі — поўная ізаляцыя Беларусі ці паварот да Эўропы. Абодва гэтыя варыянты зьвязаны з адмовай ад ідэалягічнага курсу, які кіраўнік Беларусі адстойваў дагэтуль, што аслабіць ягоную ўладу, хоць і дазволіць захаваць яе на нейкі час.

Але выбар курсу на ізаляцыю краіны пацягне за сабой поўную дэградацыю эканомікі і далейшае падзеньне жыцьцёвага ўзроўню беларускага грамадзтва. Ці доўга беларусы будуць трываць такое становішча? Гэты варыянт рызыкоўны, асабліва ва ўмовах зьмяншэньня грамадзкай падтрымкі прэзыдэнта і ўсё большага азлабленьня намэнклятуры, якой абрыдла паступовая дэградацыя краіны і адсутнасьць пэрспэктываў падвышэньня ўласных жыцьцёвых стандартаў. Пэрспэктыва харчавацца травой, як у Паўночнай Карэі, не ўсьміхаецца нікому — думаю, што і самому прэзыдэнту.

Такім чынам, кубінскі варыянт ненадзейны і, перш за ўсё, не гарантуе бясьпечнай і прадказальнай перадачы ўлады наступніку ў будучыні. Фідэль Кастра стары і хоча спакойна дажыць да сьмерці ў сваёй закансэрваванай дзяржаве. Прэзыдэнт Лукашэнка адносна малады і ня можа кіравацца такімі падыходамі.

Таму ізаляцыянісцкі варыянт выглядае рэальным толькі пры пэўнай легітымізацыі Лукашэнкавага рэжыму. Гэтай легітымізацыі не далі прэзыдэнцкія выбары 2001 г. Не гарантуе яе і распачатая партызанская вайна з Расеяй, для якой прэзыдэнт не здабудзе падтрымкі народу.

У такіх умовах легітымізацыю можа забясьпечыць толькі пагадненьне з апазыцыяй. Ужываньне незалежніцкай рыторыкі разам са спыненьнем прыгнёту нацыянальнай культуры можа зрабіцца падставай для дасягненьня такой дамоўленасьці. Допуск апазыцыі ў органы мясцовай улады і нават у парлямэнт не здаецца надта высокай цаной за магчымасьць застацца пры ўладзе, няхай нават абмежаванай, яшчэ на адзін тэрмін.

Паварот тварам да Эўропы таксама можа стаць выйсьцем з сытуацыі для прэзыдэнта Лукашэнкі. Гэты варыянт мае некалькі перавагаў. Ён адкрывае магчымасьць укладаньня новых сродкаў у заняпалую эканоміку краіны, дазваляе прэзыдэнту ўладарыць яшчэ адзін тэрмін пры поўнай згодзе як міжнароднай супольнасьці, так і апазыцыі і, нарэшце, дае шанец з годнасьцю выйсьці са складанай палітычнай сытуацыі.

Варыянт гэты не выглядае непрымальным і для Эўропы. З часу прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. і ўсталяваньня поўнай блякады місіі АБСЭ ў Менску Эўропа перастала пільна сачыць за разьвіцьцём падзей у Беларусі. Але ж, як мы казалі, палітыка не трывае пустаты. Магчымасьць урэгуляваць адносіны з краінай, якая ў 2004 г. зробіцца суседам Эўрапейскага Зьвязу, можа ў будучым стацца цікавай і важнай для Эўропы (калі сама гэтая краіна ў той час яшчэ будзе існаваць!).

Якія ўмовы мусяць быць выкананы для гэтага?

Найпершая зь іх — паважлівае стаўленьне да партнэраў з боку прэзыдэнта Лукашэнкі. Бо ніхто ўжо ня будзе гуляць, не спадзеючыся на перамогу. Лукашэнка павінен зрабіцца прадказальным партнэрам. Ён мусіць усьвядоміць, што для паляпшэньня адносін з Эўропай патрэбна пэўная легітымізацыя ды стабілізацыя іх і зь ягонага боку. Крокам у гэтым кірунку можа стаць толькі спыненьне рэпрэсіяў супраць незалежных СМІ ды стварэньне мінімальна прыдатных умоваў для дыялёгу з апазыцыяй, а надалей — допуск яе да ўдзелу ў кіраваньні краінай.

Зь іншага боку, Эўропе варта было б адмовіцца ад захаваньня місіі АБСЭ і выпрацаваных чатырох умоў, неабходных для пачатку працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі. Такія ўмовы павінны быць выпрацаваны наноў. Эўропа ня будзе, аднак, гатовая да гэтага без выразных і пасьлядоўных палітычных сыгналаў зь Менску.

Дыялёг з Эўропай павінен прыняць новыя формы, што маюць быць выпрацаваныя ў часе ажыўленых дыпляматычных кантактаў, якіх Беларусь сёньня не падтрымлівае. Аднавіць іх будзе складана без падтрымкі патэнцыйна зацікаўленых краінаў.

Польшча і Літва засталіся, бадай, адзінымі краінамі, якіх хвалюе сытуацыя ў Беларусі. Нямеччына палічыла за лепшае вырашаць “беларускую праблему” рукамі Расеі. Польшча патэнцыйна можа быць зацікаўленая ва ўсталяваньні цясьнейшых кантактаў зь сёньняшнім беларускім рэжымам. З аднаго боку, як краіна-кандыдат на ўступленьне ў Эўразьвяз яна ўжо некаторы час падтрымлівае ў гэтым працэсе Літву, Латвію ды Эстонію і адначасова імкнецца будаваць асаблівыя адносіны з Украінай. У гэтым кантэксьце Польшча магла б стаць краінай, якая падтрымае Беларусь у яе імкненьні вярнуцца ў сям’ю дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаў. Такога роду місія падалася б прывабнай польскаму МЗС яшчэ й таму, што за пэрыяд працы цяперашняга ўраду яно ня можа пахваліцца ніводным дыпляматычным посьпехам. Аднак такія дзеяньні павінны быць падтрыманыя недвухсэнсоўнымі крокамі Лукашэнкі ў кірунку дэмакратыі.

Бо міністар Цімашэвіч летась ужо меў пэўны непрыемны досьвед, спрабуючы ажывіць дыпляматычныя адносіны зь Беларусяй, што прымушае яго быць асьцярожным, робячы наступныя крокі ў гэтым напрамку.

Ці Беларусь дасьпела ўжо, каб заняць сваё месца сярод эўрапейскіх дэмакратый, ці яна замкнецца ў сваёй шкарлупіне? Выбар за прэзыдэнтам Лукашэнкам. Настала пара вырашаць, ці варта надалей быць толькі інструмэнтам у руках Расеі, ці мо час ужо рэальна зрабіцца кіраўніком сувэрэннай дзяржавы і разам зь беларускімі элітамі выпрацаваць канцэпцыю нацыянальных інтарэсаў і пачаць яе рэалізацыю.

Павал Казанэцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0