Аб усім патроху

на тыдні

Канкурэнцыя

Кіраўніцтва БТ вінаваціць АНТ у парушэньні аўтарскіх правоў. Падстава — трансьляцыя на АНТ фрагмэнтаў матчу паміж зборнымі Беларусі і Латвіі, які ў той час паказвала БТ. Намесьнік старшыні БДТРК, апроч крадзяжу, закідае канкурэнтам парушэньне джэнтэльмэнскіх пагадненьняў, перацягваньне супрацоўнікаў. Шэф інфармацыйнага вяшчаньня АНТ Юры Казіятка адкідае абвінавачаньні і дзякуе БТ за PR-акцыю.

Спынілася “Наша свабода”

Газэта “Наша свабода” перастала існаваць, ня здолеўшы сплаціць старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатолю Тозіку суму кампэнсацыі за маральныя страты. Рашэньне суду яшчэ абскарджваецца, але рахунак газэты і яе абсталяваньне ўжо арыштаваныя. Рэдактар Павал Жук думае над стварэньнем новага выданьня, якое можа называцца “Время”.

БАЖ заклікае да адстаўкі Падгайнага

Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравала міністру інфармацыі Міхаілу Падгайнаму адкрыты ліст з абвінавачаньнямі ў выкананьні дзяржаўнай замовы па зьнішчэньні незалежнай прэсы і запатрабавала яго тэрміновай адстаўкі. Нагодай для звароту сталася прыпыненьне выхаду газэты “Свободные новости”.

Яшчэ адна калёна

Сёлета 30 афіцэраў беларускіх Узброеных Сілаў паступілі ў расейскія вайсковыя ВНУ. 10 зь іх будуць вучыцца ў Акадэміі Генштабу Расеі.

Маркевіч і Мажэйка —
на “хіміі”

Журналісты “Пагоні” Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка сталі на ўлік у крымінальна-папраўчай інспэкцыі. Яны здалі пашпарты і вайсковыя білеты. У іх зьнялі адбіткі пальцаў. Праз паўтара-два тыдні стане дакладна вядома, дзе яны будуць адбываць пакараньне. Звычайна асуджаных разьмяркоўваюць па спэцкамэндатурах у межах вобласьці.

Гінуць чачэнскія камандзіры

Асланбек Абдулагаджыеў, вядомы чачэнскі камандзір, натрапіў на расейскую засаду ў роднай вёсцы Шалі й загінуў. А ў ліпені ў калёніі на Ўрале памёр Турпал-Алі Атгерыеў, былы міністар бясьпекі Чачэніі (родныя сьцьвярджаюць, што яго там закатавалі).

Паводле БелаПАН, “Gazety Wyborczej”

навіны гаспадарскія

БЮДЖЭТ “ДАЖЫНАК”, што пройдуць 6—7 верасьня ў Полацку, складае 615 млн. рублёў. Падрыхтаваць горад да сьвяткаваньня каштавала 15 млрд. рублёў, прычым зь бюджэту гораду паступілі 4 млрд., зь Віцебскага абласнога бюджэту — 3 млрд.

Пацыенты будуць аплачваць налета 35% кошту паслугаў паліклінік. Бясплатнай мэдыцына застанецца толькі для хранічна хворых і інвалідаў. Адначасова з мэтай эканоміі Міністэрства аховы здароўя мае зьліквідаваць трэцюю частку ложкамесцаў у больніцах.

НОВЫЯ мытныя ПРАВІЛЫ ўвозу тавараў з-за мяжы пачалі працаваць у Беларусі. Цяпер бяз мыту можна ўвозіць маёмасьць агульным коштам ня болей за 1000 даляраў і вагой да 50 кг.

Зьмяніліся ўмовы ўвозу аўтамабіляў. Калі машына навейшая за 3 ці старэйшая за 10 гадоў або калі аб’ём яе рухавіка перавышае 2500 куб. см., дык за кожны “кубік” будуць браць не 0,5, а 0,55 эўра.

75% МЭДАБСТАЛЯВАНЬНЯ трэба сьпісваць у Менску. Але замяніць яго на новае няма як: на гэта трэба 250 млн. даляраў — чвэрць гадавога бюджэту сталіцы.

КУРЫНЫХ КУМПЯЧКОЎ у Расею сёлета прадалі ў 5 разоў болей проці мінулага году. У Мінсельгасхарчы кажуць, што хутка беларускія кумпячкі выціснуць з расейскага рынку амэрыканскую прадукцыю.

ДРАНІКІ ХУТКАГА ПРЫГАТАВАНЬНЯ зьявіліся ў крамах. Робіць іх менскае прадпрыемства “Анега”. Адной упакоўкі новага прадукту хапае на два дзясяткі дранікаў. Таксама з залітага вадой бульбянога паўфабрыкату можна хутка прыгатаваць клёцкі ці бабку.

УНУТРАНЫЯ ЧЫГУНАЧНЫЯ ПЕРАВОЗКІ не акупаюцца. За першае паўгодзьдзе беларуская чыгунка здолела пакрыць расходы па мясцовых перавозках толькі на 38,9%, а прыгарадных — на 35,8%.

ПЕРШЫ ГІПЭРМАРКЕТ збудуюць сёлета ў менскім Уруччы. Гандлёвая плошча аб’екту — 6,3 тыс. кв.м. Спэцыялізавацца ён будзе на продажы будматэрыялаў і заменіць цяперашні адкрыты рынак.

45 ТЫС. ДАЛЯРАЎ атрымае ад Сусьветнага банку Нацыянальная акадэмія навук. Грошы пойдуць на распрацоўку праграмаў інфармацыйных і камунікацыйных паслуг.

ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ за газ перад Расеяй на 1 жніўня вырасла да 274,9 млн. даляраў. Зь іх “Газпраму” мы вінаватыя 248,2 млн. даляраў. Урад да канца года спадзяецца зьменшыць гэтую лічбу на 50 млн. даляраў.

С.І., Глеб Хмяльніцкі, Міхал Чарвінскі

 

 

Беларусы перамаглі на Алімпіядзе

Каманда беларускіх вучняў, што ўдзельнічала ў міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па геаграфіі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, заняла трэцяе месца. Золата — у румынаў, серабро — у палякаў, ад якіх нашыя школьнікі адсталі ўсяго на пару балаў.

“НН” пісала ўжо пра гэтую каманду ў №23. Трое з чатырох ейных удзельнікаў — навучэнцы і выпускнікі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа: Аўгіньня Сідарчук, Алесь Ёкша, Зьміцер Кожух. Чацьверты ўдзельнік каманды — навучэнец Ліцэю пры БДУ Сяргей Васільеў.

У Паўднёвай Афрыцы нашыя школьнікі былі тыдзень. Кожны дзень быў насычаны экскурсіямі, знаёмствамі, заданьнямі. Давялося і прадстаўляць сваю краіну — сьпявалі “Пагоню”, чыталі верш “Слуцкія ткачыхі” па-беларуску й па-ангельску. Распавядалі пра Беларусь.

Жылі яны ў Дурбане, на беразе Індыйскага акіяну. Аднак выкупацца, на жаль, не давялося, бо небясьпечна: высокія хвалі і шмат камянёў каля берага. А да ўладкаванага пляжу дабрацца не пасьпелі: алімпіядная нагрузка не давала часу на адпачынак. Дый халодна было — у паўднёвым паўшар’і цяпер зіма.

Алімпіяда істотна розьнілася ад аналягічных беларускіх. Нашыя экзаменатары даюць пытаньні (тэст), а на міжнародных спаборніцтвах прымушаюць прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы. Прыкладам, вучняў, нічога ня кажучы, паўдня вадзілі па гарадзкім раёне, а ўвечары папрасілі намаляваць ягоны плян, пазначыць інтэнсіўнасьць руху, ацаніць мэтазгоднасьць забудовы і г.д. Іншае заданьне вучні рабілі ў... гіпэрмаркеце, якіх мала і ў Эўропе, — плошчай 700 га. У ім каля 260 крамаў, 44 рэстарацыі, некалькі кінатэатраў, тэатар ды яшчэ пляцоўка для заняткаў сёрфінгам. На аўтастаянцы побач можа зьмясьціцца 7000 машынаў. За кароткі час вучням трэба было высьветліць усе гэтыя лічбы ды яшчэ шмат іншага: як доўга будаваўся гіпэрмаркет, колькі грошай уклалі ў яго будаўніцтва, які таваразварот, колькі прыбытку. Нашым ліцэістам вельмі дапамаглі мэнэджэры крамы. Атрымліваць інфармацыю такім чынам не забаранялася.

Былі й іншыя “эканамічныя” заданьні. Прыкладам, вучням паказалі камуну, якая жыла практычна на поўным самазабесьпячэньні, але дужа бедна. Трэба было за кароткі час прадумаць, як найлепей укласьці 5000 даляраў для найлепшага разьвіцьця гэтай камуны. “Часу было, на жаль, малавата, таму гэтае заданьне мы выканалі ня дужа пасьпяхова, — кажа Аўгіньня. — Аднак прыкінулі, што трэба будаваць школы і штосьці падобнае, каб людзі атрымалі адукацыю і навучыліся самі зарабляць грошы”.

Нашым ліцэістам падалося дзіўным тое, што некаторыя з удзельнікаў алімпіяды слаба арыентаваліся па мапе. Нямецкая каманда доўга шукала сваю сталіцу Бон, прадстаўнік расейскай каманды аніяк ня мог знайсьці родны Ніжні Ноўгарад.

Зьдзівіла й сама Афрыка: “Мы чакалі ўбачыць дзікія мясьціны, — кажа А.Сідарчук, — а там суцэльныя гарадзкія эўрапейскія краявіды”. Што праўда, у гарадох па дрэвах лазяць малпы, а па кватэрах бегаюць яшчаркі, не раўнуючы як нашыя прусакі...

Ежа ў рацыёне ўдзельнікаў алімпіяды была пераважна эўрапейскай. “Гатавалі салодкія салаты зь мясцовай гародніны, — кажа З.Кожух, — але ўсе яны былі з мэню эўрапейскай кухні. Адзін раз толькі зварылі нам нейкі суп з бабоў — як ядуць мясцовыя жыхары”.

Ліцэйская выкладчыца Ірына Сідарэнка ганарыцца сваімі вучнямі.

Аркадзь Шанскі

 

Прынцэса з Катманду

Гады ў рады ў Беларусь завітала сапраўдная прынцэса — Джатсана Басьнят, родная сястра караля Нэпалу Г’янэндры. Яна прыехала ў Менск разам з мужам, паслом Нэпалу ў Вялікай Брытаніі. Для прынцэсы зладзілі сустрэчы ў МЗС і Нацыянальным сходзе ды звазілі на Берасьцейшчыну.

Толькі прынцэса Джатсана ды Г’янэндра й засталіся жывыя летась, калі іх брат прынц Дыпэндра перастраляў з аўтаматычнае вінтоўкі ўсю нэпальскую каралеўскую сям’ю.

Візыт прынцэсы — экзотыка для Беларусі. Між тым, ён мае вельмі банальныя прычыны. Джатсана Басьнят суправаджае свайго мужа-пасла. Хоць дыпляматычныя стасункі паміж нашымі краінамі ўсталяваныя яшчэ ў 1993 г., але пасольстваў няма, таму й вырашаюць пытаньні супрацоўніцтва праз кароткатэрміновыя візыты.

Менск і сталіца Нэпалу Катманду — гарады-пабрацімы. Каля 200 нэпальцаў атрымалі ў нас вышэйшую адукацыю, а гэта нямала для краіны, дзе ўсяго некалькі тысячаў чалавек маюць унівэрсытэцкія дыплёмы. Цяпер у нас вучацца яшчэ 56 нэпальскіх студэнтаў.

У лістападзе 2000 г. у Менск прыяжджалі нэпальскія бізнэсоўцы й падпісалі кантракт на пастаўку ў Нэпал трактароў МТЗ на паўмільёна даляраў. Прадстаўнікі нэпальскай дыяспары ў Беларусі — акцыянэры “Амкадору”.

Сяргей Радштэйн

 

Апошняе каралеўства індусаў

Нэпал – апошняе ў сьвеце індуісцкае каралеўства. Месьціцца яно ў Гімалаях. На яго тэрыторыі знаходзіцца Эвэрэст – першая вяршыня сьвету. Нэпал прыцягвае турыстаў – тут можна пабачыць сярэднявечныя гарады Катманду й Багдапур, пакарыць вышыні Гімалаяў, пашукаць “сьнежнага чалавека”. Пасьля акупацыі кітайцамі Тыбэту ў Нэпал перасяліліся тамтэйшыя вучоныя й манахі. Урэшце, тут нарадзіўся Буда.

Пэкін і Дэлі не спыняюць спрэчку за нэпальскія землі. У самім Нэпале з 1996 г. йдзе грамадзянская вайна: мааісцкія партызаны спрабуюць прыйсьці да ўлады.

У краіне 21 млн. жыхароў, падзеленых на 36 этнічных групаў, адрозных па мове й культуры. Нэпал – другая па беднасьці краіна Азіі з гадавым даходам на душу насельніцтва 150 даляраў.

Галоўным экспартным прадуктам краю зьяўляецца… ўрадлівая глеба: магутныя горныя рэкі змываюць у Індыю тысячы тонаў зямлі. Яшчэ з Нэпалу вывозяць драўніну, з-за чаго краіна імкліва “лысее”. Традыцыйнае жытло ў нэпальцаў вельмі простае, але трохпавярховае. Першы паверх – гэта адначасова хлеў і гумно. Абстаноўка ў хаце вельмі сьціплая: на глінянай падлозе ляжаць саламяныя дываны, а пасярод дому палае адкрыты агонь.

У жыцьці нэпальцы кіруюцца каставымі правіламі й законамі, галоўным патрабаваньнем зьяўляецца захаваньне чысьціні ў індуісцкім сэнсе. Напрыклад, у нэпальскіх дамох амаль няма прыбіральняў, бо гэта, маўляў, парушае рытуальную чысьціню. Усе рэчывы падзелены па “шкале чысьціні” – напрыклад, шоўк лічыцца чысьцейшым за бавоўну, а золата чысьцейшым за медзь.

С.Р.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0