Крымская элегія

Калі нясьцерпна пячэ сонца, невялічкі пляж Сімеізу затлумлены дарэшты, мора раптам усё зацягнула нейкімі водарасьцямі й мэдузамі, а нага раз-пораз выкопвае з камянёў недакуркі й абгорткі ад марозіва, мы зь сяброўкаю вырашаем зьмяніць абстаноўку ды паехаць на дзень у Ялту — колішнюю “ўсесаюзную здраўніцу” і, бадай, самае вядомае на Захадзе крымскае места.

Старэнькія вуліцы вельмі нагадваюць Сімферопаль, а нават і кіеўскі Падол: старадаўнія брукаванкі, сьпёка, вузкія зьвілістыя вуліцы ды залатыя купалы цэркваў. Гэткія ж паўсюдныя McDonalds’ы з аднолькавымі “МкФлурі”, “Морозиво Ріжок” ды “Чикен МкНагетс 9 шматочків”. Ленінская набярэжная, нібы брытанскі Брайтан, на шматлюдных пляжах загараюць top-less і каламуцяць ваду маскоўскія дзяўчаткі. Набываем турыстычную мапу Ялты й адразу ж заўважаем на ёй вуліцу Багдановіча і пазначэньне таго месца, дзе паэта адпачываў у гатэльчыку ў 1909 г. Дабірацца далёка: сьпярша трэба ехаць колькі прыпынкаў на ржавым тралейбусе, потым уздымацца вулкамі яшчэ мо з паўгадзіны. Па дарозе можна наведаць дом-музэй Чэхава, дзе акулярныя панны з прыдыханьнем і пашанаю распавядаюць пра Антона Палыча й ягоных знакамітых гасьцей — Горкага, Рахманінава ды Шаляпіна. А вашыя няўрымсьлівыя подумкі ўжо на кілямэтар вышэй за славутую Белую дачу.

Бянтэжыць у гэтым месьце суцэльная адсутнасьць шыльдаў з назвамі вуліц — няйначай гэтак захаваны калярыт чэхаўскае пары. Нарэшце апынаемся на нейкім брудным зьвілістым завулку. Праходзім туды й назад — аніводнае згадкі пра Максіма не відаць. Пэўна, памыліліся. Запытваем у выпадковай кабеты, як завецца вуліца, і чуем у адказ: “Багдановіча, а вам каго трэба?” Тхне цыбуляю й кіслай капустай, швэндаюцца кудлатыя сабакі, ганяюць шпуляк мурзатыя падшыванцы. Потым заўважаеш маленькую сьцежку паміж глухой сьцяной і сьмецьцевымі бакамі, якая вядзе ва ўтульны дворык, дзе сапраўды прыгожа захавалася спаруда былой гасьцініцы. На муры — мэмарыяльная дошка: “Тут адпачываў беларускі паэт”. Сохне бялізна на вяроўках, на сходах гуляюцца дзеці, у адным з вокнаў галёкае нейкая маладзіца...

Недалёка ад вуліцы Багдановіча някідкі ўваход на вялізныя старыя клады. Насустрач выходзіць магутны ахоўнік з сабакам. Ён распавядае, што могілкі старыя, што тут пахаваны “нават Бірукоў”. Адразу згадваецца чытанае ў Арлова “да магілы нейкага Бірукова” і робіцца ясна, што мы там, дзе трэба. Алеяў шмат. Ходзім, ходзім. Раптам побач са сходамі заўважаем слупок, на якім брунатнаю фарбаю выведзена “Багдановіч” і намаляваная стрэлка. “Арлоў”, — зноў мільгае ў галаве, і праз колькі сэкундаў мы стаім ля магілы Максіма. Наўкола гаючы спакой і цеплыня. Над помнікам зьвісае яловы лапік, на якім умацаваныя бел-чырвона-белы пасок і срэбная выява Пагоні.

Адчуваецца аддаленасьць і самотнасьць, а разам з тым — уздым і пачуцьцё стрыманае велічы й годнасьці. Ня так і шмат сюды прыходзіць пілігрымаў, таму адчуваеш сябе адным з абраных. Пакідаем вяночак, чытаем малітву і згадваем вершы Багдановіча. Ці варта было б перавезьці парэшткі паэта ў Менск? Калі прыйшоў сюды сам, дык думаеш, што не — ня варта.

...Пасажыры вечаровага аўтобуса зь цікавасьцю прыслухоўваюцца да нашай беларускае мовы. Нетутэйшая, але амаль зразумелая. Мо славакі якія ці чэхі?..

Віталь Стахіевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0