Бэн Ладэну варта пачытаць Кур’ан

Карані ісламскага тэрарызму — у малаадукаванасьці. Тэракты 11 верасьня выклікалі шырокую рэакцыю — на мусульманскім Усходзе радаваліся, па Эўропе й ЗША пракацілася хваля антыісламскае ксэнафобіі. Але абедзьве рэакцыі — з-за цемрашальства.

Сёньняшнюю антытэрарыстычную вайну спрабавалі прадставіць як сутыкненьне цывілізацыяў, процістаяньне заходняга й ісламскага сьветаў — такую сабе вайну паміж шарыятам і МCworld’ам. Але Захад і Ўсход маюць супольныя каштоўнасьці. Адно што на Ўсходзе многіх людзей у абдымкі тэрарыстаў штурхае элемэнтарная адсутнасьць асьветы. Усходу трэба яшчэ вучыцца і вучыцца ў самым літаральным сэнсе. Баючыся абвінавачваньняў у патэрналізьме ці нават расізьме, Эўропа маўчыць пра гэтую праблему. Бальшыня людзей у арабскіх краінах ці Іране жыве ў галечы. Галоўная праблема для іх — знайсьці кавалак хлеба, асноўная інфармацыя — вясковыя чуткі, адзіная кніжка — Кур’ан у выкладзе мясцовага мулы. Нават у супэрзаможнай Саудаўскай Арабіі 40% непісьменных. Якой талерантнасьці можна тут чакаць?

Не іслам вінаваты ў сёньняшняй вайне. Радыкалы карыстаюцца цемрашальствам, ператвараючы народную веру ў рэлігійны фашызм. Ягоны сэнс сьцісла выклаў бэн Ладэн у 1998 г.: “Кожны дарослы мусульманін ненавідзіць амэрыканцаў, жыдоў і хрысьціянаў. Гэта наша вера і рэлігія”.

Для ўтаймаваньня мусульманскіх радыкалаў досыць было б… рэлігійнай адукацыі. Проста прымусіць фанатыкаў вывучаць Кур’ан і асновы веры. Бо веды на Ўсходзе пакуль што застаюцца прывілеем нямногіх.

Тое, што звычайна называюць мусульманскім фундамэнталізмам, зьяўляецца нечым цалкам процілеглым — такім сабе мусульманскім трацкізмам. Вагабіты — гэта людзі, што адмаўляюць традыцыю і патрабуюць самай рашучай рэвізіі веры, але не дзеля вяртаньня да фундамэнту, а для падладжваньня яе пад сваё разуменьне ісламу.

Між тым сапраўдны іслам — такая ж рэлігія дабра і цярпімасьці, як і праўдзівае хрысьціянства. На думку мусульманаў, ён — “трэцяя рэдакцыя” адвечнае монатэістычнае рэлігіі. Першай “рэдакцыяй” было юдэйства, аднак, лічаць мусульмане, яно патанула ў памылках, для выпраўленьня якіх прыйшоў Ісус. Але і хрысьціянства скацілася да шматбожжа. Тады Алаг паслаў Мухамада. У Кур’ане напісана, што іслам — рэлігія не арабская, а боская. Многія тысячы пасланьнікаў Бога прыходзілі да ўсіх народаў, у тым ліку і беларускага. Большасьць згінула невядомымі, толькі Мухамад здолеў пашырыць сваё пасланьне па ўсім сьвеце — вось як трактуюць сваю веру мусульмане.

Бяда мусульманскага сьвету, што ён своечасова не пазнаёміў бэн Ладэна са здабыткамі ЯГОНАЙ жа культуры. Зрэшты, і ў Беларусі нянавісьць да іншых — ці то “амэрыкосаў”, ці то “чорных”, ці то “сьвядомых”, ці то “жыдоў” — жыве сярод самых неадукаваных слаёў насельніцтва.

Сяргей Радштэйн, Тэгеран


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0