Уладзімер Лобач

Парахавішча

На пачатку 80-х, калі слова “кампутар” было гэткім жа экзатычным, як і “даляр”, для сярэднестатыстычнага новапалачаніна, што перарос “хованкі” і “вайнушку”, але яшчэ не спазнаў салодкага хваляваньня першай закаханасьці, шлях эвалюцыйнага разьвіцьця быў даволі просты. Хлопчыкі ўзорныя, паслухмяныя бацькам і паказальныя ў школе, праходзілі падлеткавую ініцыяцыю пад кваліфікаванай апекай трэнэраў спартовых сэкцыяў ці кіраўнікоў гурткоў па інтарэсах. Праўда, сустракаліся такія экзэмпляры не часьцей за чорных буслоў. Дасягнуўшы ж старэйшага школьнага ці студэнцкага веку, “хлопчыкі-званочкі” раптоўна выяўляліся юрлівымі монстрамі ці апантанымі служкамі дагэтуль ананімнага крывіцкага бога мясцовых алькалёідаў. Аднак для пераважнай большасьці “нармальных пацаноў” аб’ектыўны разрыў паміж школьным і сямейным выхаваньнем запаўняў фэнамэнальны інстытут урбаністычнай сацыялізацыі — “двор”. “Старыя”, што яшчэ не перасягнулі паўналецьця, “маладыя”, “малыя” — усе прыступкі дваровай гіерархіі жылі па нікім не пісаных, але абавязковых законах, што рэальна і жыцьцёва (дзе бойкай, а дзе зьедлівымі кпінамі) тлумачылі такія кніжныя паняткі, як “гонар”, “здрада”, ці “сяброўства”. Двор даваў адказы абсалютна на ўсе пытаньні, асабліва на тыя, што замоўчваліся дарослымі. Пайсьці на двор — пайсьці ў сьвет. Двор, для малога гараджаніна, — месца, адкуль пачынаецца Радзіма.

Наваполацкі двор пачатку 80-х быў невылечна хворы на выбуховую ліхаманку. Патроны, дэтанатары, пугачы, самастрэлы, выбуховыя пакеты, салетравыя ды парахавыя “ракеткі” — намэнклятура мілітарысцкіх забавак была надзвычай шырокай, а на пэрсанальным узроўні залежала ад асабістай фантазіі і спрактыкаванасьці ў піратэхнічнай справе. На кожным рагу і асабліва на будоўлях страляла, грымела, ірвалася так, быццам гэта быў ня горад беларускіх нафтахімікаў, а нейкі Бэлфаст. Дзякаваць небу, глупота накшталт вахабізму ці іншай рэлігійнай упёртасьці была нам невядомая, таму “пулялі”, “бамбілі” і “бабахалі” мы нязмушана і шчыра, салютуючы хіба партызанскім генам, што ёсьць невытрутным элемэнтам беларускай крыві.

Рэакцыя дарослых на “небясьпечныя гульні” была даволі млявай: шточвэрць у клясе зьяўляўся ўчастковы, які абыякава распавядаў пра чарговую партыю высмаленых вачэй ці адарваных пальцаў у нашым родным горадзе. Гэтыя выпадкі настолькі пачасьціліся, што аптэкі і гаспадарчыя крамы перасталі прадаваць марганцоўку, аміячную салетру, фарбу-парашок “серабранку” ды іншыя “радасьці школьніка” ў непаўналетнія рукі.

На сёньняшні розум я, вядома, параіў бы тагачасным “бацькам гораду” легалізаваць і ўзяць пад свой кантроль выбуховую жарсьць наваполацкіх падлеткаў. Перакананы, што гурток “юнага падрыўніка імя К.Заслонава” ў мясцовым Палацы піянэраў, кіраваны вэтэранамі апэрацыі “Канцэрт”, быў бы самым масавым і займаў бы выключна прызавыя месцы на спаборніцтвах.

Сыравінная блякада штурхнула юных падрыўнікоў да пошукавае дзейнасьці “па месцах баявой славы”. Піянэрамі ў гэтай справе сталіся “старыя” майго двара — Лук’ян, Бандэра, Стары, Лабэка, Гела, Паша Чукальскі (мянушкі да апошняга ніяк не прыставалі). Яны церабілі сьцежкі да шматлікіх дотаў, ліній абароны, закінутых нямецкіх могілак ды іншых радовішчаў часоў апошняй вайны. Дагэтуль для мяне вобраз другой сусьветнай грунтуецца не на журавінавай падліве шматлікіх кінастужак, не на склератычных трызьненьнях вэтэранаў, але на ціхіх аповедах маёй бабулі Ксені, на жоўтым пясочку ў вачніцах адкапанага чэрапа і на паскудным мокрым халадку між лапатак, калі, ляснуўшы папярэдне рыдлёўкай, выцягваеш на белы сьвет міну, што схібіла сорак гадоў таму.

Экспэдыцыі “старых” былі ахутаныя неверагоднай таямнічасьцю. Часам яны выбіраліся “на раён” аўтобусам, часам некуды шыбавалі пешкі. З часу тых выправаў дваровае жыцьцё ажыло — па руках пайшлі нямецкія й савецкія патроны, брудна-зялёныя трубкі пораху, спражкі і гузікі са свастыкамі ці зоркамі... Усе гэтыя рэчы выконвалі функцыю адмысловай валюты. На порах можна было выменяць усё: старыя манэты, маркі, калекцыйныя машынкі-мадэлькі, вэнджанага ляшча, цыгарэты і нават банальныя грошы. Вось тады, разам з гаркава-саладкаватым парахавым дымам, што да сьлёз рэзаў вочы, і залунала ў паветры майго двара загадкавае слова “Парахавішча”. Спэкулюючы порахам, “старыя” адмыслова распальвалі й без таго гострую цікавасьць да чароўнага месца, дзе порах валяецца скрозь, нібы сьмецьце, — толькі зьбірай. Адначасова “Парахавішча” ў іх апавяданьнях мела злавесную, пагрозьлівую аўру, бо, маўляў, шлях да яго пралягаў празь міннае поле, дзе ўжо не адзін ахвотнік да пораху быў раскіданы на чатыры вятры. Але найвялікшай небясьпекай, паводле словаў Гелы ці Лук’яна, былі “мясцовыя”, якія пільнавалі Парахавішча, што чэрці Папараць-кветку, зьбіваючы на горкі яблык любога прыблуду, акрамя “старых”, натуральна.

Аднак неўзабаве парахавая ручаіна, што жывіла арсэналы нашага і суседніх двароў, перасохла. “Старыя”, як і раней, рэгулярна выпраўляліся на промысел, але пасьля вяртаньня маўчалі ды імкнуліся са сваімі важкімі, перапэцканымі зямлёй торбамі хутчэй схавацца ў падвале Гелы.

Па ўсім было відаць, што хлопцы ахаланулі да пораху і дробязных абменаў на непатрэбныя рэчы і ўзьбіліся на нешта больш цікавае. Гэтая акалічнасьць і дазволіла мне патрапіць нарэшце ў сапраўднае Эльдарада, дзе брукаванка, як уяўлялася, пакладзеная ня з золата, а з чыстага артылерыйскага пораху.

Божачыся, што акрамя пораху мне нічога не патрэбна, што справы “старых” мне не цікавыя і таямніца “Парахавішча” за мной — “магіла”, я вымаліў, выенчыў санкцыю на допуск у Пашы Чукальскага, зь якім, нягледзячы на чатырохгадовую розьніцу ва ўзросьце, нас лучылі амаль прыяцельскія адносіны.

Адбылося! Прамінуўшы вёску Ропна і лагчыну з аднайменным азярком, каманда рэзка прыняла ўправа і перад самым ільнозаводам выйшла на шашу... Кожны крок тахкаў у галаве нэрвовым пульсам і перашкаджаў адэкватным чынам рэагаваць на жарты і кепікі з боку ”старых”.

Мітычнае “Парахавішча” выявілася невялікім лапікам, сотак зь дзесяць, звычайнага лесу за 30 мэтраў ад трасы, які вылучаўся хіба дзіўнай адсутнасьцю моху. Чалавек недасьведчаны мог меркаваць, што тут жыруюць дзікі, якія перапаролі лычамі ўсю дзялянку, шукаючы нейкіх сьвінячых далікатэсаў.

Порах, як высьветлілася, зусім не разьлягаўся тут шчыльным покрывам, а вымагаў даволі актыўнай земляробчай дзейнасьці. Што праўда, дзе ні капні — порах быў паўсюль. Аднак у кожным кутку — розны і ў розных колькасьцях. Найбольш распаўсюджанымі былі кавалкі цёмна-зялёных трубак (знайсьці цэлую было надзвычайнай удачай), якія пераважна і выкарыстоўваліся ў вытворчасьці “ракетак”. Радзей сустракаліся таўсьцейшыя трубкі чорнага “артылерыйскага” пораху. Каціраваўся ён вышэй за зялёны, бо меў большую выбуховую моц і йшоў амаль выключна на выраб запалаў ці розных бомбачак.

На паўночнай ускраіне Парахавішча, бліжэй да дарогі, траплялася парахавая нішчымніца — “сямідзіркі”, пласьцінкі і дробныя, бы мак, квадрацікі, зьбіраць якія лічылася дарэмнай згубай часу. “Соль” парахавішчанскай зямлі, якая, уласна, і вабіла “далакопаў” старэйшага веку, была непадалёк — у невялікай балаціне, што атачала запаветную тэрыторыю з усходу. Нібыта буслы ў пошуках жабаў, па лыткі ў тарфяной жыжы плюхалі па балоце Паша, Лук’ян і нейкі мясцовы Андрон, пэрыядычна працінаючы чорнае месіва прэнтамі-шчупамі. Рэшта каманды, пасеўшы на сухіх купінах, чакала вынікаў гэтага паляваньня, паліла цыгарэты ды “травіла” байкі з жыцьця пашукавікоў-нелегалаў. “Ёсьць!” — Лук’ян занурыў свае рукі ў сьмярдзючую твань па самыя плечы. Сьледам на бераг вылецела нешта важкае, шчыльна аблепленае гразёй, даўгаватае, але няпэўнай формы. Пасьля таго як знаходку памылі ў ручаіне, яна з камяка бруду ператварылася ў артылерыйскую боегалоўку 45-га калібру. Ніштаватая цаца з тупым мыском і дыхтоўным мядзяным пасікам бліжэй да пяткі ня мела аніякіх прыкметаў карозіі, нібы запраторылі яе ў гэтую балаціну толькі ўчора. Пасьля першай “саракапяткі” справы пайшлі лацьвей, і пры канцы маёй першай вахты на Парахавішчы ўжо 14 жалезных блізьнятаў грэліся на травеньскім сонейку. Але адкуль мне было ведаць, што завяршэньне кожнага працоўнага дня на Парахавішчы нашы “старыя” і мальцы з Калектыўнага пасёлку суправаджалі ня толькі сумесным спажываньнем латвійскага яблычнага “чарнільца”, званага ў народзе “аболтус”, але і адмысловым салютам. Калі я зразумеў, што ў якасьці пэтарды выкарыстоўваецца боегалоўка, у левым вуху працягла і нудна зазьвінела, а адрэналін з такой моцай стаў ціснуць на мачавы пузыр, што адліваць карцела кожныя пяць хвілінаў. “Малы, калі сцыш, ідзі дадому адзін. Дарогу ведаеш. Калі не — хадзем зьбіраць ламачча”, — сказаў п’янаваты ўжо Бандэра. Лепей загінуць, чым атрымаць няславу “сцыкуна”! Так, у кожным разе, падавалася на мой дзесяцігадовы розум.

Вогнішча традыцыйна раскладалі ў вялізнай варонцы ад авіябомбы, што й было адной з нормаў бясьпекі. Самі гледачы ўкладаліся за дрэвамі не далей як за 20 мэтраў. Я ляжаў за камлём самай магутнай, якую толькі мог знайсьці паблізу, яліны разам з Пашам Чукальскім. На ўсе ягоныя заклікі “Зыр, малы! Зыр!” я толькі глыбей уціскаў свой нос у хвою. Здавалася, варта толькі прыўзьняць галаву, як аскепак увап’ецца праміж вачэй.

Выбух прагучаў хвілін празь пятнаццаць і нічога супольнага ня меў з маімі ўяўленьнямі і страхамі. Уражаньне было такое, быццам нехта з усяе моцы лупануў па вялікім бубне, пакладзеным на зямлю, — гук быў рэзкі й глухаваты. Ніякіх заўважных пераменаў не адбылося. На месцы выбуху толькі курэла зямля ў варонцы, ды біў у нос саладкаваты, пярхлявы пах.

“Салюты” адбываліся два-тры разы на месяц. Дарма што побач пралягала ажыўленая шаша — раптоўныя грымоты, відаць, нікога не цікавілі, бо ніводнага разу на Парахавішча не завіталі міліцыянты. Вайскоўцы-сапёры былі, і мы нават мелі магчымасьць назіраць за іх працай, якая суправаджалася адчайнымі мацюкамі і праклёнамі на адрас ліхога месца, дзе кожная пядзь зямлі адчайна пішчала ў навушніках мэталашукальніка ці то снарадным аскалепкам, ці то нейкай нічога ня вартай жалезінай.

Сапраўдная ўдача пасьміхнулася сапёрам у 1985-м, калі Парахавішча ўжо згубіла свой сакрэтны статус і стала адкрытай зонай для ўсіх аматараў піратэхнічных практыкаваньняў. Нейкія хлопцы, рыючы порах на беспэрспэктыўным з гледзішча “вэтэранаў” месцы, закапаліся глыбей, чым звычайна. Нечакана адна за адной “паперлі” боегалоўкі. Калі яму пашырылі й зачысьцілі, высьветлілася, што “саракапяткі” ляжаць шчыльнымі радочкамі, а колькасьць іхная не паддаецца зьлічэньню. Паколькі на той час “сур’ёзныя” людзі на Парахавішчы ўжо даўно не зьяўляліся, а малеча, якая там круцілася, цікавілася выключна порахам, знаходка ня столькі ўзрадавала, колькі напалохала. Інфармацыю ананімна скінулі мянтам, тыя выклікалі вайскоўцаў.

Мяркуючы па памерах яміны, што засталася на месцы штабэлю, сапёры вывезьлі з Парахавішча кубамэтраў восем боегаловак.

Падзея гэтая была па-свойму сымбалічнаю, бо месца, аддаючы апошні скарб, разьвітвалася і зь лепшымі часамі сваёй пагрозьлівай славы. На пачатку 90-х тапонім “Парахавішча” больш не выклікаў хвалявальных асацыяцыяў у наваполацкіх падлеткаў.

А ў тым 1983-м “парахавая ліхаманка” віравала на ўсю моц. “Палявы сэзон” пачаўся быў даволі рана, пры канцы красавіка. Памятаю тую вясну і засмучэньне спакутаванай па “салютах” брыгады пашукавікоў, бо ўсе больш-менш значныя варонкі яшчэ стаялі залітыя талай вадой. Гэта рабіла фінальнае вогнішча небясьпечным. Але жарсьць падрыўнікоў-нефармалаў перасіліла сумневы й засьцярогі: “саракапятку”, абкладзеную сушняком, разьмясьцілі ў невялікай западзіне, самі ж залеглі мэтраў за 50, у самым лясным гушчары. Калі выбух не прагучаў ні праз 20, ні праз 40 хвілінаў, чаканьне стала гнятліва-трывожным, а жарты — нэрвовымі. Дурата сытуацыі палягала яшчэ і ў тым, што вогнішча было раскладзена блізу сьцяжыны, якая выводзіла з Парахавішча. Цяпер, каб абмінуць небясьпечнае цяпельца і выбрацца на бальшак, трэ было зрабіць вялікае кола, ды яшчэ па разбухлым вясновым балоце. Пстрыкнуць па носе “гарадзкім” захацеў Андрон з Калектыўнага, які ад боепрыпасаў заўсёды проста шалеў. Адпускаючы “салёныя” жарты ў наш бок, Андрон пацярухаў у бок жэглішча. І чамусьці адразу ўсім нам пагроза выбуху падалася нечым надуманым; усе паўскоквалі сьледам...

Андрон жа падышоў да папялішча і зь пераможным выглядам расшпіліў прарэх зашмальцаваных сініх школьных штаноў. Скуль было Андрону ведаць, што мачыцца на прысак — грэх. Што ў крыўдзіцеля агню ў лепшым выпадку на “прычынным месцы” высыпае “вогнік”.

Як грымнуў выбух, я ня бачыў. Памятаю толькі нейкія палкі і трэскі, што валіліся аднекуль зь неба ў шызы дым, памятаю, як прысеў рэфлекторна ад сполаху. Калі ачомаўся, хлопцы ўжо стаялі перад Андронам, які растапырыўся “ракам” і ціха галасіў: “Ой, бля! Ой, бля! Ой, бля!” Яго пляскалі па сьпіне, спрабавалі паставіць на ногі, але той упарта трымаў сваю паставу, ківаў уверх-уніз галавой ды цягнуў сваё.

Бандэра першым заўважыў, што з Андронавага азадку плыве кроў. Калі сьцягнулі нагавіцы і майткі, на яснае вечаровае неба вылупіліся заплаканыя чырвоным ягадзіцы. На правай зь іх, быццам выбітае вока, чарнела ніштаватая рваная дзірка, зь якой вытыркалася жалезная стрэмка. “Старыя” на поўным сур’ёзе пачалі абмяркоўваць правядзеньне мэдычнай апэрацыі ў палявых умовах. Плян быў геніяльны: адзін з “фаўстаў” віна меркавалася выкарыстаць у якасьці анэстэзіі, другі — для дэзінфэкцыі; перавязачным матэрыялам мусіла служыць кашуля. Галоўная роля адводзілася Бандэру, які сваімі тонкімі й учэпістымі пальцамі павінен быў вызваліць Андронаву задніцу ад залётнага элемэнту, не прадугледжанага анатоміяй. Працэдуру анэстэзіі Андрон пераносіў стаічна, але, як толькі справа дайшла да дэзінфэкцыі, ён зароў, як лось падчас шлюбнага гону. Хлопцы яго сарамацілі: ты ж адзіны ў сьвеце, каму віно ліюць ня толькі ў горла, але яшчэ і ў дупу. Абязбольваньне прынесла свой плён, і, калі Бандэра прыладжваўся да раны, Андрон толькі жаласна рохкаў, як падсьвінак перад Калядамі. На яго шчасьце, асколак практычна ня меў зазубінаў, а задніца, паводле сваіх канструкцыйных асаблівасьцяў, — вантробаў, за якія тыя зазубіны маглі б зачапіцца. Таму жалезіна выцягнулася. Рану прамылі рэшткамі віна, як маглі, перавязалі і ўсёй камандай эскартавалі добра-такі п’янага Андрона ў пасёлак.

Гісторыя гэтая набыла шырокі розгалас у Наваполацку і, як любая показка, абрастала ўсё новымі камічнымі дэталямі. Сьмех з Андрона быў сьмехам з саміх сябе — своеасаблівым абярогам, што сьцьвярджае жыцьцё і адпрэчвае сьмерць, бо кожная выправа на Парахавішча, доты, вайсковыя палігоны магла стацца апошняй. Але ініцыяцыя агнём давала ні з чым не параўнальнае адчуваньне праўдзівага жыцьця й свабоды. Што ўвогуле больш праўдзівае за агонь і порах? Напэўна, кожны на гэтай зямлі меў сваё парахавішча, хай сабе бяз пораху і боепрыпасаў; напэўна, кожны прайшоў праз сваё выпрабаваньне агнём.

Мая парахавішчанская пара скончылася ўвосень 1986 году, калі я разам зь сябрам ледзь не пазбавіўся вачэй і вымушаны быў месяц праваляцца ў больніцы. I нават калі б гэтага ня здарылася, было зразумела: Парахавішча ўжо не для мяне — для іншых, бо ў каляровых падлеткавых снах усё часьцей і часьцей замест іржавых дэтанатараў пачалі зьяўляцца ружовыя дзявочыя смочкі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0