Ён верыў у Беларусь

Артур Вольскi не дажыў 18 дзён да свайго 78-га дня нараджэньня. Ён належаў да пакаленьня ўдзельнiкаў другой сусьветнай вайны. Рэдкi для Беларусi паварот лёсу: нацыянальна сьведамы творца апынуўся на Далёкiм Усходзе, у флёце. Застаўся жывы, навучыўся цанiць жыцьцё ды яшчэ больш палюбiў Бацькаўшчыну. Вольскi ўсё жыцьцё рабiў беларускую справу. Выдатныя дзiцячыя кнiгi, высокамастацкiя й сучасныя, з запамiнальнымi вобразамi, зрабiлi яго папулярным. Ён шчодра сеяў у дзiцячых душах зярняткi беларускасьцi. I калi павеяла зьменамi, стаў у шэрагi змагароў за рэальную свабоду Беларусi. Уступiў у Народны фронт, быў сябрам Сойму БНФ “Адраджэньне” й Партыi БНФ. Праз свае лiтаратурныя кантакты дапамагаў Фронту завязаць першыя сувязi з калегамi з Украiны, выяжджаў у лiтаратурныя i адначасова палiтычныя туры ў гарады й вёскi, не цураўся руцiннае працы — кiраўнiцтва радаю БНФ Партызанскага раёну сталiцы. А.Вольскi заўсёды ўзначальваў калёну вэтэранаў вайны — сяброў БНФ, якая ўскладала кветкi да манумэнту Перамогi ў Менску, i прыгожа, з узнагародамi шпацыраваў разам зь iншымi падчас Дня беларускай вайсковай славы. Ненавiсьнiкi беларушчыны падступна й жорстка зьбiлi Вольскага пасьля выступу ў школе ў 1998 г., пасьля чаго паэт падупаў здароўем. Але ён працягваў пiсаць:

I слаўна пойдзе ўсё ды спраўна.

I заквiтнее край наш гожа.

I загучыць як Гiмн Дзяржаўны

сьпеў нашых душ – “Магутны Божа”.

Артур Вольскi не дажыў да лепшых дзён Беларусi, у якiя верыў, якiя наблiжаў усё сваё годнае жыцьцё. Нашыя глыбокiя спачуваньнi жонцы, сыну Лявону, усiм родным i блiзкiм. Хай будзе яму беларуская зямля пухам.

Сойм Партыi БНФ

Рэдакцыя далучаецца да спачуваньняў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0