Курс на аўтарытарызм нязьменны

Дзяржаўны курс на аўтарытарнае кіраваньне і ўмацаваньне сувэрэнітэту застаецца нязьменны — такая галоўная выснова з прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. У той жа час рыторыка лагаднее, Беларусь болей не змагаецца з Захадам. Краіна гатовая скарыстацца падтрымкай “для прывязкі рубля да эўра або даляра”. Магчымасьцю памілаваньня Івашкевіча і Маркевіча не пацікавіўся ніхто з журналістаў.

Вопытны Лукашэнка на глыбокім сінім фоне. Старанна прадуманы пачатак прэс-канфэрэнцыі. Прэзыдэнт вярнуўся на чыстую трасянку, але асьцярожна падбірае словы. Прагаворваецца, што ня будзе шчырым, і з усьмешкай папраўляе сябе. У залі — журналісты з усяго сьвету і найвышэйшыя ўрадоўцы краіны. Адна з найбуйнейшых прэс-канфэрэнцый за час прэзыдэнцтва.

На пытаньне пра галоўныя дасягненьні году Лукашэнка адказвае: рэформы, найперш рэформа адукацыі.

Адносіны з Захадам: “У бліжэйшай будучыні, як бы гэтага каму ні хацелася, нашыя дачыненьні з Заходняй Эўропай палепшацца”. Міжнародны тэрарызм: змагацца трэба ня столькі зь ім, колькі зь беднасьцю, што яго спараджае. Расейска-грузінскі канфлікт: Расея ня пойдзе на распальваньне новай вайны на Каўказе. Прыватызацыя: у каго няма грошай, да нас хадзіць няма чаго. Лябедзька і Нямцоў: “хворыя людзі”. “Ніхто мяне ня зьвергне, мяне ўжо восем гадоў зьвяргаюць”. Гістарычныя рахункі: Беларусь штогод адлічвала ў саюзны бюджэт СССР 3 млрд. даляраў. Гістарычныя міты: у нас кожны трэці загінуў на вайне, нас за адно гэта сьвет павінен насіць на руках. Зьніклыя палітыкі: нічога новага. Адносіны Беларусі з Іракам: “добрыя”, але трохі горшыя, чым з Эміратамі і Бахрэйнам, камісія ААН па “нафце ў абмен на прадукты” тармозіць беларуска-ірацкія кантракты на 300 млн. даляраў. Валютны саюз з Расеяй: нам безь яго не абысьціся, пакуль большая частка гандлю прыходзіцца на ўсходняга суседа, але на ранейшых умовах, бяз шкоды для беларускага сувэрэнітэту. Аднак “мы гатовыя скарыстацца падтрымкай [Захаду] для прывязкі рубля да эўра або даляра”. Расейская праблема: “Вы, расейцы, у Беларусі заўжды будзеце жыць лепей, чым у сябе на радзіме”. Пуцін і Касьянаў: тут замест словаў было грэбліва прадэманстраванае апошняе кароткае “пасланьне”, атрыманае беларускай адміністрацыяй. Транзыт: Расея нам вінаватая за яго 800—1000 млн. даляраў штогод. Цана вайсковае падтрымкі Расеі з боку Беларусі: 30 млрд. даляраў. Але: “мы будзем вас абараняць, нават калі вы, расейцы, нам на гэта не дасьцё ні капейкі”. Прыватызацыя “Белтрансгазу”: чаму “Газпрому”, а не “Рургазу” ці амэрыканцам? Адносіны зь “сястронкай”-Украінай: у скарачэньні таваразвароту вінаваты ўкраінскі бок, які ўвёў непамерныя падаткі. Адносіны з Польшчай: Польшча – несамастойны гулец на геапалітычнай арэне.

Пасьля бяздарна падрыхтаваных уключэньняў “зь месцаў” прэс-сакратарка прымушае кіраўніка дзяржавы самога зачытваць пытаньні, зададзеныя праз Інтэрнэт. Антырасейскія пытаньні тэлегледачоў.

Па-беларуску да прэзыдэнта першым зьвярнуўся польскі карэспандэнт. Прадстаўнікі беларускае прэсы шпарылі па-расейску. Самі шыльды органаў прэсы былі выкананы зь дзікімі памылкамі: “Жыцце Палесся”. “Атлічылася” прадстаўніца беларускамоўнае “Культуры”, задаўшы па-расейску, як яна сама выказалася, “маштабнае пытаньне” пра глябалізацыю, культуру і гадаўскі Інтэрнэт. Русіфікаванасьць і неадукаванасьць як крочылі, так і крочаць поруч.

Ключавое пытаньне пад заслону ад упершыню запрошанага на гэткае мерапрыемства радыё “Свабода”: ці будзеце балятавацца на трэці тэрмін? “Няма нічога немагчымага”. І калі такое рашэньне будзе прынята, яму будзе папярэднічаць рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю, якія б дазволілі трэці тэрмін прэзыдэнцтва. “Ні на якія хітрыкі я не пайду, падаўжэньня паўнамоцтваў праз рэфэрэндум ня будзе”.

Мікола Бугай


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0