Нямеччына перад выбарамі. Баварыя і ХСС
Баварыя — зямля найвышэйшых ацэнак і стэрэатыпаў. Тут самае нізкае ў Нямеччыне беспрацоўе і найбольшыя інвэстыцыі ў навуку ды тэхналёгіі, найменшы працэнт бедных і злачынстваў на душу насельніцтва. Дзеці ў школах вучацца лепш чым дзе, а каманда “Баварыя” — найбагацейшы футбольны клюб у Нямеччыне. У Баварыі так добра, што адпачываць сюды едуць з усяе Нямеччыны — каб налазіцца дасхочу па стромых Альпах, пабачыць славутасьці й музэі, кшталту Ноўшванштайну — казачнага замку звар’яцелага караля Людвіка II — ці мюнхенскай Пінакатэкі. Вечары баварцы бавяць у піўным бары, які незалежныя нямецкія юрысты прызналі часткай баварскай культуры.
У Баварыі нібыта не адчуваецца тае шалёнае плыні жыцьця, што віруе за яе межамі: каровы тут ходзяць на папасах, а не адкормліваюцца на буйнапрамысловых фэрмах, жанчыны сядзяць дома і гадуюць дзяцей (колькасьць месцаў у дзіцячых садках і жаночых клюбах найніжэйшая ва ўсёй Нямеччыне), а ў нядзелі і сьвяты людзі ходзяць у касьцёл. Гэта зямля печаных галубоў, бясьпечнага і заможнага жыцьця. Кіруе тут усяўладная, мудрая і зьяднаная з народам партыя ХСС. На чале партыі і Баварыі стаіць Эдмунд Штойбэр.
Ці будзе так выглядаць уся Нямеччына, калі 22 верасьня выбары ў Бундэстаг выйграе ХДС/ХСС і Штойбэр зробіцца канцлерам? Ці сапраўды ў Баварыі ўсё так ладна, як вынікае са статыстычных зводак? У чым таямніца яе посьпеху і наколькі гэта заслуга ХСС?
Скачок у сучаснасьць
Яшчэ дзесяць гадоў таму тут разьлягаліся палі. Сёньня на гэтым месцы цэнтар сучасных генэтычных, біялягічных і фармацэўтычных тэхналёгіяў. У вёсцы Мартынсрыд пад Мюнхенам некалькі дзясяткаў малых і сярэдніх фірмаў даюць працу больш чым тысячы спэцыялістаў. Канструктарскія бюро, лябараторыі і вытворчыя цэхі яны атрымалі ад уладаў зямлі. Нямецкая прэса падлічыла, што ў пэрспэктыўную біятэхналягічную галіну баварскі ўрад за апошнія дзесяць гадоў упампаваў 41 млн. эўра. Амаль столькі ж даў фэдэральны ўрад. Сёньня ў Мартынсрыдзе не стае плошчы для новых фірмаў. Ня выключана, што неўзабаве тэхналягічны цэнтар паглыне вакольныя вёскі.
Гэта не бяда: сельская гаспадарка нават тут губляе свае пазыцыі. Сёньня ў ёй занята 4% баварцаў, а 50 гадоў таму гэты паказьнік складаў траціну насельніцтва. Пасьля вайны Баварыя была адным з найбяднейшых рэгіёнаў, пазбаўленым карысных выкапняў і энэрганосьбітаў, жалезнай заслонай аддзеленым ад рынкаў збыту і сыравінных базаў ГДР і Чэхаславаччыны. Сёньня баварскія вёскі выконваюць ролю дэкарацыяў для турыстаў, якія прагнуць з камфортам адпачыць на ўлоньні прыроды. 60% баварцаў працуюць у сфэры паслугаў, траціна — у прамысловасьці: машынабудаўнічай, электратэхнічнай, аўтамабільнай, авіяцыйнай.
Першыя пасьляваенныя баварскія ўрады ўзяліся за справу мэтадычна. Каб забясьпечыць зямлю энэргіяй, у 50-я быў пабудаваны нафтаперапрацоўчы завод у Інгальштаце. Потым стаўка была зробленая на атамную энэргію. Парадокс, але менавіта дзякуючы сваёй адсталасьці Баварыя праскочыла фазу традыцыйных вытворчасьцяў — горназдабыўной, мэталюргічнай і хімічнай, на якіх грунтаваўся пасьляваенны заходненямецкі бум. Франц Ёзэф Штраўс, спачатку міністар абароны ў Боне, а потым прэм’ер Баварыі і легендарны старшыня ХСС, сьцягваў пад Дунай авіяцыйную і касьмічную прамысловасьць.
Кіраванае і субсыдыяванае разьвіцьцё
Баварцы, зачараваныя статыстыкай, паціху забываюцца, што іхныя посьпехі — ня толькі іхныя. Спрыяла і шчодрая дапамога багацейшых рэгіёнаў Заходняй Нямеччыны. Баварцы спрытна карыстаюцца й сродкамі Эўразьвязу — іхнае “пасольства” ў Брусэлі самае прадстаўнічае на фоне астатніх нямецкіх земляў, і працуюць у ім найлепшыя знаўцы эўрапейскага права.
Прывабнасьці Баварыі спрыяе палітыка яе ўраду — шчодрыя датацыі, разьвіцьцё інфраструктуры, спрошчаныя бюракратычныя працэдуры. Чанг Вон Нам, эканаміст зь мюнхенскага інстытуту IFO, які многія гады вывучае рэгіянальную эканамічную палітыку, адзначае: баварскія ўрады ў 80—90-я пасьлядоўна разьвівалі транспартную (аэрапорт у Мюнхене, канал Дунай—Майн) і энэргетычную інфраструктуру, падтрымлівалі дасьледчыя і тэхналягічныя цэнтры, укаранялі іх дасягненьні ў дзейнасьць малых і сярэдніх фірмаў, былі пасярэднікамі ў крызысных сытуацыях паміж фірмамі і крэдыторамі, падтрымлівалі новыя фірмы, асабліва на вёсцы. У 90-я ўрад Эдмунда Штойбэра распачаў “хай-тэх-наступ”, плёнам якога сталіся такія тэхналягічныя аазысы, як Мартынсрыд. Мюнхен убухаў у іх усе 8 млрд. эўра даходаў ад прыватызацыі. Аднак посьпех не паўсюдны. Калі ў Мюнхене, Нюрнбэргу і Аўгсбургу інвэстарам цесна, цэны на зямлю і арэнду памяшканьняў падвышаюцца, а працоўную сілу трэба “імпартаваць”, дык паўночна-ўсходнія абшары Баварыі нагадваюць слабейшыя з постгэдээраўскіх земляў.
Гоф, ці “дзікая поўнач”
Шпацыр па галоўнай вуліцы 50-тысячнага гарадка Гоф на мяжы Баварыі з былой ГДР пакідае цяжкае ўражаньне. На кожным кроку — пустыя крамы і канторы, якія чакаюць уласьнікаў. “Вось ужо год няма ахвотнікаў набыць маю краму, дык я здала вітрыну музэю плюшавых мішак, каб не палохала людзей сваёй пустатой”, — гаворыць уладальніца будынку насупраць мэрыі. Ад шэрых дамоў адвальваецца тынкоўка, вялізарны чыгуначны вакзал, збудаваны ў XIX ст., не стасуецца са сьціплым раскладам руху: трэба мець вялікае цярпеньне і трываласьць, каб з Гофу даехаць цягніком да Мюнхену ці Бэрліну.
“Пануе прыгнечанасьць, бо канца крызысу ўсё не відаць”, — кажа Кляўс Зыбах, намесьнік дырэктара ўпраўленьня працы ў Гофе. Беспрацоўе тут у два разы вышэйшае, чым у сярэднім па Баварыі.
“Гоф праспаў паўстагодзьдзя, што мінулі пасьля вайны, — лічыць Вальтэр Фрыдль, кіраўнік аддзелу эканомікі мэрыі. — Франконія з Гофам, Вюрцбургам і Нюрнбэргам была перад вайной адзіным прамысловым рэгіёнам Баварыі, тут квітнелі тэкстыльныя і керамічныя фабрыкі. Пасьля Гоф паглыбіўся ў летаргічны сон — аддзелены жалезнай заслонай ад Саксоніі, Цюрынгіі й Чэхіі, ён трымаўся на датацыях з Бону”. “Жылося, можа, і не раскошна, але няблага”, — кажа пані Штробль, гаспадыня гатэлю. Так няблага, што тутэйшыя прамысловыя магнаты рабілі ўсё, каб не пусьціць сюды канкурэнтаў.
Неабходнасьць зьменаў не была адчутая нават тады, калі ўпала Бэрлінская сьцяна. У Гоф адразу павалілі натоўпы суседзяў з былой ГДР і Чэхіі — на закупы. Як грыбы пасьля дажджу ўзьнікалі шыкоўныя аўтасалёны, гандлёвыя дамы, рэстарацыі. Бум скончыўся праз тры гады. З таго часу гандаль гібее, неканкурэнтаздольныя тэкстыльныя і керамічныя прадпрыемствы звальняюць работнікаў. Чыгунка і пошта, якія ў памежным Гофе мелі вялікія перавалачныя пункты, зьбіраюць манаткі. За апошняе дзесяцігодзьдзе працу тут страцілі 10 тыс. чалавек.
“Мюнхен занадта позна заўважыў, што нам ня хопіць уласных сілаў для разьвіцьця”, — кажа бурмістар Гофу, сябар сацыял-дэмакратычнай партыі. Сацыял-дэмакраты перакананыя, што Гоф, якім яны кіруюць, далёкі ад сталіцы зямлі ня толькі геаграфічна, але й палітычна. Штойбэр клапоціцца толькі пра Мюнхен, забываючыся на “далёкую поўнач”.
“У Мюнхене трэба бываць, сустракацца зь міністрамі і чыноўнікамі. Бяз гэтага ні туды ні сюды. Наш бурмістар гэтага не рабіў”, — сьцьвярджае ўладальнік найстарэйшага бровару ў Гофе Пэтэр Шэрдэль. Аднак нават умяшальніцтва Мюнхену не дапамагло ўгаварыць “БМВ” збудаваць новы завод у Гофе. Канцэрн выбраў Ляйпцыг, хоць Гоф разьмешчаны паблізу трох аўтамагістраляў, мае аэрапорт і вытворчыя традыцыі. “Новым землям дастаецца больш датацыяў, чым нам”, — кажа Вальтэр Фрыдль.
Становішча гораду зробіцца яшчэ цяжэйшым, калі ў Эўразьвяз уступяць суседзі-чэхі: Гоф страціць зьвязаўскія датацыі для эканамічна неразьвітых рэгіёнаў. Толькі зь Мюнхену можа прыйсьці дапамога. Усё больш жыхароў сацыял-дэмакратычнага Гофу і акругі аддаюць перавагу ХСС. Бо ХСС — гэта сынонім посьпеху.
Дужыя, зьяднаныя і хуткія
ХСС у Баварыі ўсюды. У кожным павеце і кожным гарадзкім раёне. З 12 млн. баварцаў да ХСС належаць толькі 180 тысяч, але яго ўплыў значна шырэйшы. Сябры ХСС уваходзяць у мясцовыя спартовыя і фальклёрныя клюбы, таварыствы рыбаловаў і аматараў Альпаў, касьцельныя арганізацыі, хоры і аркестры, добраахвотныя пажарныя дружыны. 85% сяброў ХСС — мужчыны. Сярод мясцовых “шышак” заўсёды знойдзецца дзяяч ХСС. Дзякуючы гэтаму партыя добра ведае, адкуль вецер дзьме.
Амаль 40 гадоў ХСС непадзельна кіруе зямлёй. Гэты выключны для Нямеччыны цэнтралізм — яшчэ адна вартасьць Баварыі ў вачах інвэстараў.
“Калі Мюнхен кажа, што лічыць пэрспэктыўнымі генэтычныя тэхналёгіі, дык на ніжэйшых узроўнях гэтага ніхто нават не абмяркоўвае, паветы хутка ажыцьцяўляюць тое, што пастанавілі ў сталіцы, — гаворыць Міхаэль Гізэ, кіраўнік “Eucatech AG” у “Bad Kissingen”, якая вырабляе кардыялягічнае абсталяваньне. — На першых этапах існаваньня фірмы хуткасьць выкананьня адміністрацыйных працэдур мае велізарнае значэньне. У Баварыі яны выконваюцца найхутчэй”.
Эба-Карына Зандэр, мэнэджэрка, якая спэцыялізуецца ў мэдыцыне, сьцьвярджае, што палітыкі ХСС і чыноўнікі адчувальныя да аргумэнту “гэта будзе добра для Баварыі”. “Я часта маю стасункі зь Міністэрствам сацыяльных спраў у Мюнхене, — расказвае Зандэр. — Гэта сучасны орган кіраваньня, які паводзіць сябе як партнэр бізнэсу і гараджанаў. Папярэдняя міністарка Барбара Штам неаднаразова публічна казала супрацоўнікам: “Не жадаю чуць пярэчаньні — толькі ідэі, як дасягнуць мэты”.
“Дыскусіі ў ХСС адбываюцца, але яны праходзяць за зачыненымі дзьвярыма”, — кажа прафэсар Альф Мінтцэль, аўтар шматлікіх кніг пра гэтую партыю. “Даходзіць да вострых спрэчак, напрыклад, паміж сельскагаспадарчым і экалягічным лобі, паміж палітыкамі, зьвязанымі з дробным прадпрымальніцтвам і прафсаюзамі, — кажа Алёіс Глюк, кіраўнік прадстаўніцтва ХСС у баварскім ляндтагу. — Але няма ў нас фракцый, “партый у партыі”, максымум “рабочыя групы” па канкрэтных тэмах і задачах”. “Няспынна адбываюцца сустрэчы і канфэрэнцыі дзеячаў розных узроўняў, на якіх дырэктывы “вярхоў” перадаюцца ўніз, а меркаваньні “нізоў” — угару, — кажа прафэсар Мінтцэль. — Зьезды ХСС гэтыя добра абмеркаваныя пастановы толькі зацьвярджаюць”.
“Amigos” ХСС
Ці трэба быць у ХСС, каб зрабіць кар’еру ў Баварыі? Алёіс Глюк адмаўляе гэта, але Сюзана Бідэфэльд, генэральная сакратарка баварскай СДП, сьцьвярджае, што сацыял-дэмакратаў на самы верх не пускаюць. Прафэсар Мінтцэль падсумоўвае: “Баварыя — гэта ня Аўстрыя, на падзел партфэляў не ўплывае партыйная прыналежнасьць, але найвышэйшыя чыноўнікі альбо сябры ХСС, альбо ляяльныя да яе”. “Баварскі цуд”, удалая трансфармацыя рэгіёну на працягу жыцьця менш чым двух пакаленьняў, быў магчымы дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву элітаў. Гэта, аднак, нараджае пагрозу карупцыі, асабліва з той прычыны, што ў Баварыі апазыцыя слабая.
Да сёньня ўсе памятаюць афэру “Amigo” пачатку 90-х, ахвярай якой стаўся прэм’ер Макс Штрабль. Вялося пра паездкі ўрадоўцаў з ХСС на шыкоўных лімузынах за кошт “сяброў” з эканамічных колаў.
Калі сёлета ўвесну банкрутаваў мюнхенскі тэлеканцэрн Лео Кірха, абмяркоўвалі, ці не пагражае гэта Штойбэру. Кажуць, яны мелі цесныя кантакты — Штойбэр тры гады таму пераконваў Рупэрта Мэрдака ўкласьці інвэстыцыі ў платнае тэлебачаньне Кірха, каб Мюнхен і надалей быў нямецкай сталіцай тэлебізнэсу. Самы буйны Кірхаў крэдытор — напаўдзяржаўны Баварскі рэгіянальны банк. З гэтай калізіі Штойбэр выйшаў пераможцам: не было знойдзена доказаў якіх-небудзь парушэньняў закону зь яго боку.
Паміж традыцыяй, Касьцёлам і выгнанцамі
Стэрэатыпны баварац — селянін-гураль, але сапраўдная Баварыя — краіна зусім не аднародная з сацыяльнага і рэлігійнага пункту гледжаньня. Уласна Баварыя — каталіцкая, а вось Франконія, Швабія і таксама “чацьвёртае племя” Баварыі — судэцкія немцы, выгнаныя пасьля вайны з Чэхаславакіі, належаць як да каталіцкага касьцёлу, так і да пратэстанцкіх цэркваў. ХСС удалося зьяднаць гэтыя разнародныя рэгіёны ў адзіны арганізм. “Гэта з самага пачатку была сьвядомая палітыка: супрацоўніцтва з элітамі бізнэсу і касьцёлу, суцішэньне канфліктаў датацыямі, культываваньне інстытуту традыцыйнай сям’і як апірышча ў часе пераменаў, умелае выкарыстаньне баварскага сэпаратызму”, — кажа прафэсар Мінтцэль. “Хоць урад захаваў эканамічную структуру, заснаваную на сямейных гаспадарках і дробных фірмах, ён заўсёды быў адкрыты для прагрэсу”, — кажа Ёган Шахтнэр зь Міністэрства эканомікі. Адсюль неафіцыйны дэвіз: “Спалучаем ноўтбукі і скураныя гуральскія порткі”.
Прэм’ер Штойбэр кажа: “Баварыя старэйшая за Нямеччыну”. Баварцы ўсяляк падкрэсьліваюць сваё непадабенства і непрыязнасьць да “прусаў” з поўначы. Пасьля вайны Баварыя была адзіным рэгіёнам, межы якога не зьмяняліся. Гэтая выключная для Нямеччыны кансэрватыўнасьць і трапяткое стаўленьне да аўтаноміі (ад фальклёру да асобнай Баварскай акадэміі навук) прывялі Баварыю да бунту супраць заходненямецкай канстытуцыі ў 1949 г. “ХСС лічыла, што ў земляў замала правоў, — гаворыць А.Мінтцэль. — Урэшце баварскі ляндтаг дасягнуў палітычнага кампрамісу: калі канстытуцыя пройдзе ў дзьвюх трацінах земляў, яе прызнаюць і ў Баварыі”.
Гэтакае ж неадназначнае супрацоўніцтва ХСС і з Каталіцкім касьцёлам, да якога належаць дзьве траціны баварцаў. У сапраўднасьці 80% сяброў партыі — каталікі, але, як падкрэсьлівае Мінтцэль, нельга казаць пра клерыкалізм ХСС. Калі партыі выгадна, яна ўздымаецца на абарону Касьцёлу і рэлігіі, як у выпадку барацьбы супраць абортаў. З другога боку, ХСС — радыкальны абаронца біямэдычных тэхналёгіяў, у тым ліку экспэрымэнтаў на эмбрыёнах з тэрапэўтычнымі мэтамі, якія Касьцёл забараняе.
ХСС апякуецца зямляцтвам судэцкіх немцаў. Лідэры партыі штогод наведваюць іхныя зьезды, выдзяляюць сродкі на падтрымку іх культурных традыцыяў, падзяляюць іх патрабаваньні — каб чэхі адмянілі дэкрэты Бэнэша і выплацілі выгнаньнікам кампэнсацыю, — не зважаючы на тое, што іхныя дзеяньні наносяць палітычную шкоду Нямеччыне на міжнароднай арэне. Да нядаўняга часу ад гэтай лініі ХСС дыстанцыяваўся агульнанямецкі ХДС, аднак цяпер пункт аб ажыцьцяўленьні “права на радзіму” ўвайшоў у супольную праграму абедзьвюх партыяў.
Посьпех, якога не скапіюеш
Пад кансэрватыўнай вопраткай схавана, аднак, вельмі сучасная палітыка. “ХСС часта агучвае антыдэмакратычныя лёзунгі, але ў сапраўднасьці ажыцьцяўляе прамысловую рэвалюцыю”, — кажа прафэсар Мінтцэль. ХСС прышчапіў баварцам упэўненасьць, што “наша — значыць найлепшае”, з дапамогай ланцужка асацыяцыяў: “Баварыя — Штраўс (сёньня Штойбэр) — сучаснасьць — посьпех”. Партыя ня грэбавала папулізмам. На думку Мінтцэля, гэта было “цэмэнтам для няўстойлівага, неаднароднага і поўнага стоеных канфліктаў грамадзтва ў пэрыяд пералому”. Баварскі варыянт папулізму ня варта атаясамліваць з правай дэмагогіяй кшталту лепэнаўскай, хоць ХСС не цураецца лёзунгаў, афарбаваных ксэнафобіяй (так, у 99-м саюз ініцыяваў збор подпісаў супраць падвойнага грамадзянства; шмат хто пытаўся тады: “Дзе можна падпісацца супраць іншаземцаў?”). Алёіс Глюк сьцьвярджае, што гэта не папулізм — проста ХСС блізкі да грамадзтва і яго хвалююць праблемы людзей. “Дзякуючы гэтаму мы пазьбеглі росквіту такіх груповак, як Гайдэрава ў Аўстрыі, — пераконвае сп.Глюк. — Калі цэнтрысцкія партыі не наважваюцца казаць пра тое, што турбуе людзей, такія плыні пашыраюцца. Мы называем сваім імем праблемы, зьвязаныя, напрыклад, з іміграцыяй”.
Ці зможа Эдмунд Штойбэр, які ўсё сваё палітычнае жыцьцё прысьвяціў ХСС, перанесьці гэты багаж досьведу і посьпехаў у Бэрлін, калі зробіцца канцлерам? Нямеччына больш неаднародная за Баварыю, ва ўрадзе і Бундэстагу сутыкаюцца шматлікія інтарэсы. Тут у Штойбэра ня будуць разьвязаны рукі, як у Баварыі: урадавая кааліцыя непазьбежная, бо хрысьціянскія дэмакраты ня маюць шанцаў узяць на выбарах 50% галасоў. “Бацька баварскага посьпеху” — такі вобраз ён паклаў у аснову перадвыбарнай кампаніі, але гэты грунт можа хутка вычарпацца, бо фэдэральны бюджэт у даўгах і няма адкуль узяць датацыі. Ня ўдасца таксама паўтарыць баварскі “тэхналягічны наступ” у маштабах усёй Нямеччыны. “Гэтую мадэль папросту нельга перанесьці адзін у адзін, напрыклад, на былую ГДР”, — лічыць Сюзана Бідэфэльд. Бо “прусы” проста іншыя.
Ганна Рубіновіч, “Gazetа Wyborczа”