Расею выкідаюць з Каўказу
Масква ня ёсьць адзіным геапалітычным цэнтрам СНД. На гэта ў Крамлі не хапае рэсурсаў, перш за ўсё эканамічных. Расея мала што можа прапанаваць дзяржавам СНД, якія ўсё больш у сваей палітыцы аглядаюцца на Захад. Яна ня здольная канкураваць з Вашынгтонам у маштабе сумесных з постсавецкімі краінамі эканамічных праектаў і таму дэманструе гатовасьць выкарыстаць для захаваньня геапалітычнага ўплыву грубую сілу. Менавіта так трэба разумець заяву Ўладзімера Пуціна ад 11 верасьня, адрасаваную кіраўніцтву Грузіі.
Сапраўдная прычына ўльтыматуму ня ў тым, што Тбілісі ня мае кантролю над Панкіскай цясьнінай, дзе базуюцца аддзелы чачэнскіх партызанаў. Патрабаваньне сумеснай антытэрарыстычнай апэрацыі ў Панкісі — толькі шырма, што хавае сапраўдныя намеры Крамля. Масква губляе пазыцыі ў Закаўказьзі. І не апошнюю ролю тут адыгрывае празаходняя арыентацыя Тбілісі.
Расея імкнецца перакласьці адказнасьць за стварэньне канфліктнай сытуацыі на Грузію. Але менавіта Масква вінная ў пагаршэньні двухбаковых адносінаў. У часе грузіна-абхаскага канфлікту 1992—93 г. яна фактычна санкцыянавала стварэньне Канфэдэрацыі народаў Каўказу дзеля вайсковае дапамогі Сухумі. Атрады этнічна блізкіх абхазам народаў Расеі — адыгейцаў і кабардзінцаў — адыгралі не апошнюю ролю ў тым, што грузінскі бок не здабыў перамогі ў вайне за аб’яднаньне краіны. На словах дэкляруючы павагу да тэрытарыяльнага адзінства Грузіі, Расея і надалей падтрымлівала сэпаратысцкія рэгіёны — Абхазію і Паўднёвую Асецію.
У Маскве разьлічвалі, што праз узмацненьне пазыцыяў у гэтых рэгіёнах Расея зможа ўтрымаць Грузію ў сфэры свайго ўплыву. У 1995—99 г. 80 тыс. жыхароў Абхазіі атрымалі расейскае грамадзянства. Грузінская эліта пасьля гэтага канчаткова страціла сымпатыі да Крамля.
На стамбульскім саміце АБСЭ (лістапад 1999 г.) Расея была вымушаная ў абмен на заходнія інвэстыцыі пагадзіцца на вывад войскаў з тэрыторыі Грузіі – з базаў у Вазіяні й Ахалкалакі. Адначасова было прынятае рашэньне пра пабудову трубаправоду Баку–Джэйхан, які зьвязаў бы багатыя нафтавыя і газавыя радовішчы Касьпію з турэцкімі партамі. Гэта кардынальна зьмяняла геапалітычны расклад на поўдні СНД: багатыя нафтай і газам Казахстан, Туркмэнія й Азэрбайджан выходзілі на заходні рынак у абход Расеі.
Тое, што касьпійскія энэрганосьбіты йшлі на Захад праз расейскія трубаправоды, давала Маскве вялікія транзытныя грошы й дазваляла дыктаваць умовы паўднёвым краінам СНД.
Галоўнымі інвэстарамі будаўніцтва выступалі ЗША. Сарваць рэалізацыю гэтага праекту Расея магла, толькі стварыўшы пояс ізаляцыі – праз захаваньне кантролю над Арменіяй і ўсталяваньне ў Грузіі прарасейскага рэжыму альбо, як мінімум, дэстабілізацыю там палітычнай сытуацыі.
Плян другой чачэнскай кампаніі прадугледжваў выцісканьне часткі ўзброеных чачэнцаў спачатку ў горы, а потым – на поўнач Грузіі.
Пры Пуціну, у 2000 г., Расея паспрабавала “даціснуць” Грузію. У адносінах да яе, адзінай з краінаў СНД, быў уведзены візавы рэжым. З Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй Расея захавала адкрытыя межы. Прадстаўнікі Крамля заяўлялі, што візавы рэжым дазволіць Расеі стварыць заслону для тэрарыстаў, якія з Грузіі вольна пераходзілі ў Чачэнію. Сапраўднай мэтай акцыі было стварэньне перашкоды для грузінаў, што зараблялі ў Расеі, каб праз гэта пагоршыць сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Грузіі. Увядзеньне візавага рэжыму “супала” зь перапынкамі ў пастаўках у Грузію расейскіх энэрганосьбітаў. Усё гэта мусіла выклікаць замену хворага Э.Шэварднадзэ на прарасейскага палітыка М.Геаргадзэ.
Але візавы рэжым не стварыў перашкодаў для тых, ад каго хацела абараніцца Расея (за 200 даляраў і болей візавыя праблемы вырашаюцца тут вельмі хутка), наадварот, настроіў супраць яе люмпэнізаваных грузінскіх жыхароў, што былі носьбітамі прарасейскіх настрояў.
Актыўныя спробы Расеі ўмяшацца ва ўнутраныя справы Грузіі змусілі Тбілісі да контракцыяў. Адным з чыньнікаў уплыву на палітыку Пуціна для Грузіі сталіся чачэнскія партызаны. Пакуль Расея будзе спрыяць сэпаратызму Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Грузія будзе пасіўна падтрымліваць чачэнскіх паўстанцаў.
У 2000 – 2001 г. грузінскае кіраўніцтва дэ-факта дало аўтаномію чачэнцам, што атабарыліся ў Панкіскай цясьніне на поўначы Грузіі. Улада ў Панкісі перайшла да лідэраў чачэнскіх партызанаў. Але страта кантролю над Панкісі была вымушанай для Тбілісі, што пераадольваў унутрыпалітычную нестабільнасьць і эканамічны крызыс. Дый чачэнскія паўстанцы мелі значна вышэйшую ступень баяздольнасьці за жаўнераў грузінскага войска.
У выніку чачэнскія палявыя камандзіры пачалі злоўжываць становішчам. Захоп заложнікаў, гандаль зброяй і наркотыкамі сталі прычынай таго, што ў суседніх з Панкісі раёнах Грузіі пачалі фармавацца непадкантрольныя ўладам узброеныя аддзелы самаабароны.
У 2002 г. грузінская ўлада вырашыла вярнуць кантроль над Панкісі. Пры гэтым стаўленьне да чачэнскіх партызанаў зьмяніцца ня мусіла. Толькі самыя адыёзныя ваяры былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Грузінскія войскі, што павольна зьмянялі дысьлякацыю ў бок мяжы з Расеяй, відавочна, маючы загад кіраўніцтва, “не знаходзілі” чачэнскіх аддзелаў і нават іх былых базаў.
Абстрэл расейскай авіяцыяй грузінскай тэрыторыі 23 жніўня, у выніку якога загінуў грамадзянін Грузіі Гурам Атыяшвілі, даў старт антытэрарыстычнай апэрацыі, на якой даўно настойвала Масква. Часьці грузінскіх войскаў хутка высунуліся да мяжы з Расеяй і, як заўжды, чачэнскіх партызанаў не адшукалі. Нічога дзіўнага – антытэрарыстычная апэрацыя, абвешчаная Тбілісі супраць чачэнскіх фармаваньняў, насамрэч накіраваная супраць Расеі. Самыя баяздольныя часьці грузінаў (Паційскі батальён марской пяхоты) высунуліся на інгушэцкі, а не на чачэнскі ўчастак грузіна-расейскай мяжы. Другая элітная часьць – 11-я мотапяхотная брыгада – накіраваная на мяжу прарасейска настроенай Паўднёвай Асеціі.
Вайсковае прызначэньне манэўру грузінскіх войскаў – усталяваць кантроль за паветранай прасторай у раёне мяжы з Расеяй. Грузія мае толькі 5 баявых самалётаў Су-25, таму супрацьстаяць самалётам праціўніка будзе з дапамогай пераносных ракетных комплексаў “Страла” й “Іголка” расейскай вытворчасьці. Нямала такіх комплексаў грузіны і чачэнцы атрымалі ад расейскіх вайскоўцаў, калі з Вазіяні выводзілася іхная дывізія.
Дыпляматычныя і інфармацыйныя напады Расеі ня могуць вярнуць ёй мінулых геапалітычных пазыцыяў. За плячыма Тбілісі стаіць Вашынгтон. У апошнія чатыры гады амэрыканская дапамога праграме рэфармаваньня грузінскай арміі склала 280 млн. даляраў. 30 млн. за апошнія два гады ўклала ў падвышэньне абараназдольнасьці Грузіі Турцыя. Цяпер недалёка ад Тбілісі, у Ялгуджы, пад кіраўніцтвам амэрыканскіх інструктараў праходзяць падрыхтоўку грузінскія сілы спэцпрызначэньня. У гэты праект ЗША ўклалі 4 млн. даляраў.
Злучаныя Штаты жорстка раскрытыкавалі абстрэл расейскай авіяцыяй грузінскай тэрыторыі. Прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі назвалі гэтую акцыю спалучэньнем хлусьні расейскіх дыпляматаў і непрафэсіяналізму расейскіх вайскоўцаў.
Дзярждэпартамэнт ЗША выступае супраць аднабаковых вайсковых акцыяў Расеі ў Панкісі. Ён, у адказ на заяву У.Пуціна ад 11 верасьня, абвясьціў, што сувязь паміж чачэнскімі партызанамі і Аль-Кайдай не даказаная. Захад зацікаўлены ў паўстанцкім руху ў Чачэніі: неспакой на поўдні Расеі сьведчыць, што праект Баку–Джэйхан ня мае альтэрнатывы.
Андрэй Ляховіч