Мядзьведзевы падарожжы

Аляксандар Мядзьведзь — трохразовы алімпійскі чэмпіён, шматразовы чэмпіён сьвету па барацьбе ў вольным стылі, прафэсар. Магутная сіла прынесла яму сусьветную вядомасьць. Спаборніцтвы з удзелам Мядзьведзя зьбіралі тысячы гледачоў, бо кожны ягоны выступ быў відовішчам. Дагэтуль Мядзьведзь застаецца адным з самых папулярных беларусаў у сьвеце. Ягоныя студэнты часта кажуць у дэканаце, што згубілі залікоўку, каб захаваць на памяць аўтограф. У канцы 2000 г. Аляксандар Мядзьведзь быў прызнаны спартоўцам стагодзьдзя ў Беларусі. З 1959 г. ён езьдзіў на міжнародныя спаборніцтвы, звозіў з усяго сьвету мэдалі, кубкі ды проста сувэніры на памяць — для сябе і сям’і. Пра свае падарожжы Аляксандар Мядзьведзь распавядае чытачам “НН”.

“Нягледзячы на тое, што ўсе мае паездкі былі ў складзе зборнай, а пазьней — проста афіцыйныя візыты, мне заўсёды ўдавалася паглядзець краіну, у якой я быў. Шмат разоў наведваў Японію. Першая паездка была ў 1960-м, потым у 1961-м, Алімпійскія гульні 1964-га. Тады нас вельмі ўразілі высачэзныя хмарачосы. Такіх гіганцкіх пабудоваў мы яшчэ ня бачылі. А таксама завод радыёэлектронікі. Нам падаравалі транзыстары, і мы былі страшэнна задаволеныя. Гэта асаблівая краіна. Людзі ўразілі сваёй ветлівасьцю і гасьціннасьцю. Ніколі ніводзін японец не павярнуўся да мяне сьпінаю.

Кімано да пояса

Пасьля трэніроўкі мы звычайна парыліся ў саўне, а потым ішлі вячэраць. Для кожнага спартоўца ў нумары гатэлю былі падрыхтаваныя кімано. Уяўляеце, як я выглядаў, калі прыйшоў пасьля лазьні ў рэстарацыю, апрануўшы кімано, разьлічанае на рост 155 см? Пры маіх двух мэтрах яно было сантымэтраў на трыццаць вышэй калена. Абслуга была ў шоку. Я сеў за нізенькі столік і ўвесь вечар спрабаваў прыкрыць ногі. А тут на маю бяду прынесьлі шашлык, які мы самі павінны былі прыгатаваць. Так я і трымаў адною рукою шашлык, другою кімано нацягваў.

Тахці

Асаблівыя адносіны ў мяне склаліся з Іранам. Там мне ледзьве не пакланяюцца. У 1960 г. я перамог іхнага знакамітага барца Тахці. Пасьля гэтага паядынку ўся заля плакала. А нашу дэлегацыю назаўтра запрасілі на прыём да шаха. Славутага Тахці ўжо няма. Некаторыя кажуць, што скончыў жыцьцё самагубствам, а некаторыя — што забілі. Калі яго хавалі, некалькі заўзятараў забілі сябе каля магілы і былі пахаваныя разам са сваім кумірам.

Мазалі ад сьцяга

Зь Пятром Машэравым быў на фэстывалі на Кубе. Запрасіў нас на афіцыйны прыём Фідэль Кастра. На фэстывалі мне выпала несьці сьцяг. Палатно было прымацаванае да цяжкай мэталёвай трубы, і ад доўгага трыманьня на руках нацёр крывавыя мазалі.

Стрэльба на ланцугу

У 1967-м езьдзіў у Індыю на чэмпіянат сьвету. Шматлікія будысцкія храмы, незвычайная архітэктура, насычаныя колеры... Індыя зьдзіўляе і выклікае спачуваньне: неверагодныя багацьці — побач з жабрацтвам. Ідзём па горадзе і бачым, як каля шыкоўнага будынку банку сьпіць седзячы ахоўнік, прывязаўшы да сябе ланцугом стрэльбу. Зайшлі пад мост, а там жывуць людзі — ежу сабе гатуюць, жанчына ў пакутах нараджае дзіця. Людзі купаюцца ў такой бруднай вадзе, што проста жах бярэ. Наглядзеўшыся на ўсё гэта, перайшлі харчавацца ў пасольства. З Індыі я прывёз жонцы вельмі прыгожыя каляровыя пацеркі. А яшчэ купіў цёплы швэдар, які праз пару дзён рассыпаўся, бо быў зьвязаны зь няякасных нітак.

“Доктар! Доктар!”

У 1968 г. была Алімпіяда ў Мэхіка. Мэксыка — высакагорная краіна. На маё здароўе моцна ўплываў недахоп кіслароду. Некалькі разоў нават прытомнасьць губляў. Працягваць барацьбу прымушала толькі сіла волі. У фінале, падчас паядынку зь немцам Дытрыхам, адбыўся непрыемны выпадак: у разгар бою чую хруст, а потым дзікі боль — палец выскачыў. Немец паказвае, каб я ішоў да доктара. А я, не сыходзячы з дывана, сьцяў зубы і паставіў палец на месца. У тым паядынку я перамог. Праз сорак сэкундаў немец паваліўся на край дывана і закрычаў: “Доктар! Доктар!” Яго панесьлі на руках. Сваім учынкам я Дытрыха проста дабіў.

Рэвалюцыя як рэвалюцыя

Быў і ў Афрыцы — у Конга. Разьмясьцілі нас у маёнтках, адкуль, відаць, часова прагналі заможных гаспадароў. І раптам пачалася страшэнная страляніна. Нам загадалі легчы на падлогу. Сьвісталі кулі, ляцела шкло. Назаўтра ўсё сьціхла. Такія “рэвалюцыі” там — частая зьява. Потым перавезьлі нашую дэлегацыю бліжэй да акіяну, а грошай на гатэль не далі. Нам прапанавалі пажыць пад адкрытым небам на тэрыторыі вайсковай базы, дзе проста загрызаюць маскіты.

У белых мядзьведзяў

З паездак па Расеі запомнілася наведаньне Якуціі. Былі ў невялікім гарадку — у Беларусі вёскі ёсьць большыя. Выступілі ў спартовай залі, паказалі ім колькі прыёмаў, а потым пытаемся: “Дзе тут можна памыцца?” Нам паказалі вядро вады, нагрэтай з дапамогай электракіпяцільніка. Вядро вады на ўсю каманду! Затое ў Якуціі сустрэў свайго “белага брата” — калі езьдзіў да палярнікаў на льдзіну. Падышла мядзьведзіца зь медзьведзяняткам. Я кінуў ёй бляшанку згушчанага малака. Яна сьціснула яе лапамі, дык тая й луснула, бы яйка. Мядзьведзіца аблізала салодкае сама, а потым дала пакаштаваць свайму дзіцяці”.

Запісала Валянціна Лецка

16 верасьня Аляксандру Мядзьведзю споўнілася 65 гадоў. Рэдакцыя “НН” далучаецца да віншаваньняў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0