Гаспадарка

 

факты тыдня

НА 9% МЕНЕЙ БУЛЬБЫ зьбяруць сёлета калгасы. Яе сярэдні ўраджай будзе невысокі — 95—105 цэнтнэраў з гектару.

67% ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦІ аплачваюць цяпер калгасы і саўгасы. У пачатку году гэты паказьнік быў 30%.

3 ТЫС. ЛІФТАЎ (10% ад агульнай колькасьці) у Беларусі працуюць ужо па 20—30 гадоў і таму небясьпечныя для карыстаньня. Камунальнікі ж мяняюць штогод толькі па 100—150 ліфтаў. Кожны каштуе 12—14 тыс. даляраў.

90% АЎДЫЁ- І ВІДЭАКАСЭТАЎ у Беларусі прадаецца безь ліцэнзіяў. У Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці цьвердзяць, што палова аўдыё- і відэамагнітафонаў, якія прадаюцца на рынках, — таксама падробкі.

УЗАЕМАРАЗЬЛІКІ ГАТОЎКАЙ для прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў адгэтуль абмежаваныя 50 базавымі велічынямі ў месяц (555 тыс.рублёў). Большыя сумы дазволена праводзіць толькі праз банкі.

ПЛОШЧА МЕНСКУ ў найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі павялічыцца ў 1,6 разу. А колькасьць насельнікаў, паводле генэральнага пляну разьвіцьця, вырасьце толькі на 10—15%. Менгарвыканкам тлумачыць: у сталіцы будуць будаваць кватэры большага мэтражу, а таксама пашыраць катэджавую забудову.

АКЦЫЗЫ НА БЭНЗЫН і дызпаліва зьніжаныя ў Беларусі з 1 верасьня. Акцыз для АІ-95 складае 100 эўра/т (раней 135 эўра/т), АІ-92 — 90 эўра/т (раней 120), А-76 — 70 эўра/т (раней 95), дызпаліва — 40 эўра/т (раней 60). У Расеі з студзеня 2003 г. акцызы на бэнзын падвысяцца на 45%.

ПРЫЗНАНЫ БАНКРУТАМ “Беларускі біржавы банк”. Польская фірма “Аптымаль”, якая мелася купіць кантрольны пакет акцыяў “БББ” і заплаціць частку пазыкаў, адмовілася ад сваіх намераў.

114 ТРАКТАРОЎ МТЗ-82 агульным коштам 1,5 млрд. даляраў, якія хацелі вывезьці зь Беларусі дзьве расейскія фірмы, былі канфіскаваныя паводле рашэньня Гаспадарчага суду. Трактары перададзеныя сельскагаспадарчым прадпрыемствам.

14 ТЫС. КАЛОДЗЕЖАЎ Менскай вобласьці забруджаныя нітратамі. Выкананьне абласной праграмы забесьпячэньня насельніцтва пітной вадой будзе разглядацца на сэсіі Менскага аблсавету дэпутатаў, якая пачнецца 23 верасьня.

АБРАБАВАНЫ Камэрцыйны інстытут кіраваньня і прадпрымальніцтва ў Менску. Рабаўнікі вынесьлі сэйф з дакумэнтамі й грашыма, а таксама 15 сыстэмных блёкаў ад кампутараў.

“БЕЛІНТЭРЭКСПА” падпісала пагадненьне аб супрацоўніцтве з ЗАТ “Ніжагародзкі кірмаш”: беларускія прадпрыемствы цяпер змогуць удзельнічаць у выставах і кірмашах Паволжа.

У ТУРКМЭНІСТАНЕ адкрылася беларускае дыпляматычнае і консульскае прадстаўніцтва. Пасьля акрэдытацыі распачаў працу другі сакратар пасольства Зьміцер Кішкурна. Гэта 53-е прадстаўніцтва нашай краіны за мяжой.

2,1 КГ МАРЫХУАНЫ затрымалі 15 верасьня ў Лідзе супрацоўнікі раённага аддзяленьня “Ахова”.

С.І.,А.Ш.

“Паўлінка” можа зачыніцца

Вядомая ўсяму Менску сувэнірная крама “Паўлінка”, што на праспэкце Скарыны, можа хутка зьнікнуць. Памяшканьне, якое яна займае, прыцягнула ўвагу Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Прадавачкі наракаюць, што менавіта таму на краму насылалі пажарныя праверкі, загадвалі тэрмінова рабіць капітальны рамонт (нягледзячы на тое, што апошні раз ён рабіўся ў другой палове 90-х), спрабавалі знайсьці парушэньні арэнднай дамовы… Урэшце, утрая падвысілі арэндную плату.

На сёньня “Паўлінка” — адзіная крама ў цэнтры Менску, якая спэцыялізуецца на гандлі сувэнірамі ў фольк-стылі: вырабамі зь лёну, керамікі, дрэва. Да нядаўняга часу была яшчэ адмысловая крама “Сувэніры” на скрыжаваньні вул.Валадарскага і Кірава. Аднак тая ў сувязі з рэканструкцыяй гатэлю “Сьвіслач”, зь якім яна суседнічала, вось ужо год як зачыненая.

Як паведамілі “НН” у канцэрне мастацкіх промыслаў, у падпарадкаваньні якога зь лютага знаходзіцца “Паўлінка”, пакуль лёс крамы канчаткова ня вырашаны: ейныя супрацоўнікі спрабуюць адстаяць сваё месца, зьвяртаючыся да прэзыдэнта канцэрну і ў Кіраўніцтва справамі.

А.Ш.

Ільготаў паменее

Плян рэфармаваньня льготаў прапанавала Міністэрства працы. Паводле словаў міністаркі спн.Моравай, налета льготы могуць страціць сем’і ганаровых вэтэранаў і ўдзельнікаў вайны. Скароцяцца й так званыя “прафэсійныя” льготы. Ужо скасаваная падатковая льгота для грамадзянаў, што карыстаюцца платнай мэдыцынай. Цяпер грошы, што выплачваюцца мэдычным установам за стацыянарнае лячэньне, уключаюцца ў сукупны гадавы прыбытак і абкладаюцца падаходным падаткам.

С.І.

Абнаўленьне птушкафабрыкі

Віцэ-прэм’ер Анатоль Цюцюноў узначаліць штаб па рэканструкцыі і тэхнічным пераабсталяваньні менскай птушкафабрыкі імя Крупскай. Абнаўленьне, якое абыдзецца ў 4 млрд. рублёў, выдзеленых зь дзяржаўнага і мясцовага бюджэту, павінна скончыцца да 1 верасьня 2003 г. Назва і пасьля рэканструкцыі застанецца ранейшая.

Мабілы ад “Белсэлу”

Сетку мабільнай лічбавай сувязі найноўшага стандарту cdma2000 дазволіла ствараць СП “Белсэл” Міністэрства сувязі. Ад GSM гэты стандарт розьніцца значна ніжэйшым узроўнем шкоднага электрамагнітнага выпрамяненьня.

Фуры будуць чыстыя

58 аўтамыечных комплексаў для грузавых аўтамабіляў зьявяцца на кальцавой дарозе вакол Менску і на асноўных уездах у горад. Сыстэма распрацаваная на замову Менгарвыканкаму. Першая чарга будаўніцтва мусіць скончыцца да 2005 г., другая — да 2010 г.

А.Ш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0