Адказ “тамбоўскаму дэмакрату”

Чытаць таленавітага аўтара заўсёды цікава. Тым больш калі ён закранае блізкую табе тэму і цябе асабіста. Эсэ С.Дубаўца пад эпатуючым загалоўкам “Тамбовский демократ” дарма зьмешчанае на старонцы “Палітыка”, бо пераважаюць у ім эмоцыі, а не цьвярозы і рацыянальны аналіз. Ужо неаднойчы спрабаваў я ўнесьці яснасьць у паняцьце і сэнс апазыцыі, пратэстуючы супраць недыфэрэнцыяванага выкарыстаньня гэтага тэрміну, бо апазыцыя — разнастайная й супярэчлівая структура. Я пратэставаў супраць яе недаацэнкі і прыніжэньня, бо апазыцыя — першы інструмэнт дэмакратыі, які набыла Беларусь. Пра што пісала б “НН”, калі б не было апазыцыі?

Сп.Дубавец піша: “…Апазыцыйнасьць спадара Хадыкі і ягонае партыі – гэтая ніякая і ні для кога не каштоўнасьць…” Іншымі словамі, ён сьцьвярджае, што беларусы не гатовыя да дэмакратычнага палітычнага ладу, які патрабуе наяўнасьці альтэрнатывы кіроўчай эліце.

Магчыма, сп.Дубавец адмаўляе ў каштоўнаснай сутнасьці толькі партыі БНФ. Але Беларускі народны фронт быў першай дэмакратычнай арганізацыяй, якая праклала сабе шлях пры таталітарнай сыстэме, калі яшчэ не было іншых дэмакратычных партыяў. У студзені 1989 г., выступаючы на першым дазволеным мітынгу на стадыёне “Дынама”, я параўнаў БНФ з конным авангардам войска ВКЛ, які пачаў бітву пад Грунвальдам атакаю праз воўчыя ямы. Сказаў, што па нашых галовах прыйдуць новыя ваяры да перамогі свабоды і дэмакратыі. Я і сёньня сьцьвярджаю, што сваю місію БНФ выконвае мэтанакіравана, добрасумленна і ахвярна.

Мы ніколі не былі пэрсаналісцкай апазыцыяй. Я адкідаю намёк, быццам бы для нас “сьвет… сыходзіцца клінам на ППРБ”. Мы былі і ёсьць радыкальнай, але разумнай і гнуткай апазыцыяй. Нагадаю, што ў 1992 г. БНФ выступіў з ініцыятываю стварэньня Антыкрызіснага камітэту, у які ўвайшлі і В.Кебіч і С.Шушкевіч. І мы ніколі не адкідалі магчымасьці кампрамісу з уладаю. Калі ў 1999 г. пад ціскам міжнароднай супольнасьці А.Лукашэнка пайшоў на кантакты з апазыцыяй, мы былі самымі актыўнымі ўдзельнікамі КРАПП – структуры, створанай для перамоў па чатырох пытаньнях дэмакратызацыі беларускага рэжыму. Зь якіх сп.Сяргей таксама дарма кпіць, бо гэтыя ўмовы неабходна выканаць, каб Беларусь ператварылася з аскепка зьніклай савецкай імпэрыі ў нармальную краіну, незалежнасьць якой гарантуецца ня толькі адзіным чалавекам, пра што ён піша слушна і з трывогаю.

Тут і высьвятляецца асаблівая грамадзкая роля апазыцыі. Рэжым трапіў у складанае становішча. Яго галоўны палітычны і эканамічны рэсурс – імпэрскія колы Расеі – праявілі незадавальненьне расплывістай і пераменлівай пазыцыяй А.Лукашэнкі. І фактычна выставілі яму ўльтыматум, непрымальны ні для ППРБ, ні для дэмакратычнай апазыцыі.

Таму ўжо месяц дзяржаўныя СМІ вядуць эфэктыўную прапаганду незалежнасьці. Нас з Аляксандрам Рыгоравічам падзялялі тры грунтоўныя праблемы – незалежнасьць Беларусі, прававая дэмакратычная дзяржава і адраджэньне нацыянальнай культуры. Сёньня адна зь іх здымаецца. Мы мусім стрымана вітаць гэты працэс, добра разумеючы, што для А.Лукашэнкі сувэрэнітэт Беларусі – гэта найперш сувэрэнітэт яго ўлады.

Калі незалежніцкая рыторыка А.Лукашэнкі ня жарт і ня гандаль, яму неабходна тэрмінова шырэй расчыніць дзьверы на Захад. Апазыцыя можа эфэктыўна дапамагчы яму ў гэтым. Адмова ад інтэграцыйнай рыторыкі і патрыятычная прапаганда могуць разглядацца як гатоўнасьць да пакрокавай стратэгіі дэмакратызацыі. Гэтую стратэгію даўно прапаноўваў нам і Ганс-Георг Вік, і шматлікія эўрапейскія эмісары. Таму пачатак перамоў будзе толькі вітацца заходнімі дэмакратыямі. На гэтых перамовах апазыцыя будзе выступаць ужо ня ў якасьці беднага родзіча, бо менавіта яна працяглы час дамагалася ізаляцыі рэжыму. Калі мой прагноз спраўдзіцца, гэта і стане пераканаўчай ілюстрацыяй неабходнасьці апазыцыі. Яшчэ больш яна будзе неабходная, калі за незалежнасьць давядзецца змагацца на вуліцы. Яна неабходная нават у тым выпадку, калі Лукашэнка паспрабуе аднаасобна мабілізаваць грамадзкую думку. Прапаганда мае посьпех, калі трапляе на ўзараную глебу. А апазыцыя шмат гадоў рыхтавала гэтую глебу.

У адным я цалкам згодны са сп.Дубаўцом – у скептычнай ацэнцы зьвестак сацыялягічных апытаньняў. Сацыёлягі яшчэ ня вынайшлі інструмэнту, які б выключаў фактар страху. Паводле зьвестак НІСЭПД, не баяцца выказваць сваю думку толькі 15–20%. 50% лічаць, што баіцца большасьць ці наагул усе! У такой сытуацыі падказкаю зьяўляецца ня толькі мова апытальніка, але і сэнс пытаньня, і стаўленьне да гэтага пытаньня ўлады.

У такой сытуацыі ладзіць рэфэрэндумы немагчыма, бо яны вымагаюць поўнай інфармаванасьці насельніцтва і яго высокай палітычнай культуры.

Сп.Дубавец слушна адзначае: “Спадар Хадыка ніколі ня будзе ствараць тое, што называлася б партыяй улады”. Я ня буду ствараць і кампрамісную Канстытуцыйную партыю. Няма ніякай патрэбы. Бо маляваць БНФ як тупагаловую апазыцыю – і памылкова, і шкодна. А што тычыцца ахвотнікаў ствараць новыя партыі, дык гэткія спробы не ўдаліся ня толькі А.Лукашэнку, але і такому энтузіясту, як Сініцын. У чым нядаўна ён шчыра прызнаўся. Драбленьне партыяў, якое мы назіраем апошнім часам, ёсьць праявай нізкай палітычнай культуры. Калі аказваецца прасьцей раскалоцца, чым вырашыць праблему шляхам галасаваньня.

Я заклікаю сп.Дубаўца проста далучыцца да Партыі БНФ. Разам мы будзем і мацнейшымі, і разумнейшымі.

Юры Хадыка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0