Гульні спэцслужбаў

Палітычны крызыс у адносінах беларускага й расейскага кіраўніцтва ня мог не адбіцца на дзейнасьці спэцслужбаў дзьвюх дзяржаваў. Неўзабаве пасьля дэпартацыі зь Беларусі ў Расею чачэнскага палявога камандзіра наша краіна зноў “засьвяцілася” ў скандалах, зьвязаных са спэцслужбамі. На гэты раз справа выглядае больш сур’ёзнай.

На мінулым тыдні “Комсомольская правда” надрукавала сэнсацыйную навіну. Аказваецца, адказнасьць за выкраданьне віцэ-прэзыдэнта “Лукойла” Сяргея Кукуры ўзяло на сябе “Беларускае вызвольнае войска” (БВВ). Расейскія праваахоўныя органы і падумаць не маглі, што ў Маскве нахабна дзейнічаюць “беларускія баевікі”. У той жа час, у згаданай публікацыі дапускаецца, што да выкраданьня могуць мець адносіны беларускія спэцслужбы. У Кукуры меркавалася атрымаць зьвесткі пра карупцыю сярод расейскіх чыноўнікаў…

Сяброў незарэгістраванай патрыятычнай арганізацыі “Белы легіён” пачынаюць цягаць на допыты ў МУС і КДБ. Прычына — актывізацыя ейнай дзейнасьці, правядзеньне адмысловага летніка, рэпартаж зь якога ў №32 зьмясьціла “НН”, і, напэўна, нядаўняя жорсткая антыінтэграцыйная заява “Легіёну”. Як паведамляе арганізацыя ў сваім “адкрытым лісьце”, яе сяброў запалохваюць, спрабуюць вэрбаваць, прымушаюць прызнаць свой удзел у падрыве ў 1997 г. газаправоду Таржок—Менск—Івацэвічы. Як вядома, тады адказнасьць за той выбух узяло на сябе ўсё тое ж БВВ.

Калісьці, пасьля замахаў на прэзыдэнта Грузіі Шэварднадзэ, заходнія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю з амэрыканскіх крыніцаў пра дачыненьне да іх “сеткі ФСБ у Беларусі”. Нібыта на нашай тэрыторыі рыхтаваўся прынамсі адзін з замахаў. Тады на гэтую інфармацыю амаль не зьвярнулі ўвагі. Нядаўна пра гэтую таямнічую “сетку” зноў згадалі замежныя СМІ — у зьвязку з рашэньнем “размарозіць” яе, нібыта прынятым сёлета ў Маскве, якая перастала давяраць беларускаму кіраўніцтву. А ў панядзелак, 23 верасьня, kavkaz.org зьмясьціў зацемку пра здабытыя чачэнскай разьведкай сэнсацыйныя весткі. Нібыта ФСБ рыхтуе “буйнамаштабную правакацыю” — узрыў сабору Васіля Блажэннага ў Маскве, які выканаюць два чачэнцы-крымінальнікі. Для нас цікава тое, што, паводле інфармацыі сайту незалежнікаў Ічкерыі, чачэнцам за работу абяцаныя ня толькі грошы, рэабілітацыя, але й “далейшае бясьпечнае пражываньне на тэрыторыі Беларусі”. Як тут не згадаць нядаўна дэпартаванага намесьніка Салмана Радуева, якога не хацела прымаць Расея. Ці не за нейкія заслугі ён адпачываў у Беларусі?

Пакуль у “дыялёгу” прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі назіраецца зацішша, “у бой” уступілі спэцслужбы. Беларускія спрабуюць даказаць, што таксама чагосьці вартыя, а расейскія вядуць складаныя гульні, у адпаведнасьці з “расейскімі стратэгічнымі інтарэсамі” ў нашай краіне. Напэўна, абодва бакі зусім ня супраць, каб, “гуляючы”, падставіць пад удар беларускія патрыятычныя сілы. Інакш пры чым тут БВВ?

Павал Сумарока


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0