ліст у рэдакцыю

Маем справу з падрадчыкам?

Пра “пагаршэньне” стасункаў між Менскам і Масквой ужо панапісвана багата. Днямі сустрэў знаёмага навукоўца, шчырага адраджэнца. Дык той пачаў пераконваць, што трэба падтрымаць аднаго вядомага палітыка ў Менску, бо той, бачце, стаў “незалежнікам”. Але ж гэтае “пагаршэньне” ня што іншае, як спрэчка паміж заказчыкам і падрадчыкам. Падрадчыку даручалася “інтэграваць” Беларусь з Масковіяй. Узамен абяцалася першае месца ў Крамлі. І падрад выконваўся старанна. Але ў Крамлі адбыліся зьмены. Новы заказчык заявіў: а гэта ня я дамаўляўся пра такую плату. Тым больш што тавар ужо з душком… І разгарэлася спрэчка, як паміж цыганамі, што гандлююць коньмі. Заказчык прапануе цану мінімальную – месца расейскага губэрнатара. Падрадчык патрабуе па максымуме – “сувэрэнны” суб’ект у адзінай саюзнай дзяржаве. На маю думку, часовы ўсплёск паперна-слоўнага “незалежніцтва” ня што іншае, як спроба зноў узьняць цану на свой тавар.

Аднак ня выключана, што і падрад яшчэ ня цалкам выкананы. Бо ў газэтных шапіках, сярод соцень расейскамоўных выданьняў, яшчэ можна сустрэць адно-два беларускія, дый школ беларускіх крыху захавалася…

Дык на чым зацікаўленыя бакі могуць паразумецца? Як і ў кожным гандлі – на нечым сярэднім. У дадзеным выпадку – на статусе аўтаноміі, як Татарстан.

Я.Мехавіч, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0