З усёй краіны

 

Буйная аўтааварыя

17 верасьня а 4-й раніцы вёска Вялікая Гаць, празь якую праходзіць шаша Івацэвічы—Пінск, абудзілася ад страшэннага грукату. Кіроўца “КамАЗу” выехаў на паласу сустрэчнага руху і зьбіў легкавік “Фальксваген-Пасат”. Загінулі прыватны таксыст, жыхар Івацэвічаў Васіль Папко, і чатыры ягоныя пасажыркі: тры жанчыны з Татарстану і адна — зь Ніжагародзкай вобласьці, якія ехалі ў Пінск па мясцовы трыкатаж. Ад іншамаркі засталася куча мэталалому. Кіроўца “КамАЗу” не спыніўся, а наадварот, прыбавіў газу. Міліцыянты затрымалі яго ў лесе за 10 кілямэтраў ад месца аварыі. Расеец Глеб Іваноў з Таганрогу быў у нецьвярозым стане, ён зьмешчаны ў ізалятар часовага затрыманьня. Пра дарожную трагедыю паведамлена паслу Расеі ў Беларусі. За сьледзтва ўзяўся сьледчы каміэт МУС па Берасьцейскай вобласьці.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Разбураны апошні вятрак

Моцны вецер зьнёс вятрак у вёсцы Адэльск (Гарадзеншчына), якому было больш за 200 гадоў. Ад яго засталіся адныя гранітныя жорны. Пасьля другой сусьветнай вайны, пакуль не пачалася жорсткая калектывізацыя ў “заходнікаў”, каля вёскі стаяла 10 ветракоў, а ўвогуле вакол Горадні іх было пад 30.

У больніцы не заляжышся

На тысячу скарацілася колькасьць месцаў ва ўстановах сыстэмы аховы здароўя Гарадзеншчыны. Адбылося гэта ў рамках абласное праграмы “пераарыентацыі мэдычнай дапамогі насельніцтву”. Сярэдні тэрмін знаходжаньня хворых у больніцах паменшаў з 13 да 12,5 дня. Павялічылася колькасьць дзённых стацыянараў, што дазволіла зьнізіць колькасьць выклікаў “хуткай” амаль на 7%. Надалей будуць арганізаваныя стацыянары аднаго дня: апэрацыя ў больніцы з наступным далечваньнем хворых ва ўмовах паліклінікі, што дазволіць зэканоміць значныя сродкі.

Андрэй Мялешка, Горадня

Bambist

U Baranavičach, prykładna a 23-j hadzinie, kala baru na vuł. Kamsamolskaj, 4 nieviadomy kinuū vybuchovaje prystasavańnie pad “Mersedes” raniej sudzimaha žychara horadu. Bambist uciok. Achviara teraktu zastałasia žyvaja, mašyna atrymała paškodžańni.

Zatrymali rekieciraū

Baranavickija milicyjanty zatrymali złačyncaū, jakija teraryzavali žančynu-pradprymalnicu. Jany prymušali kabietu płacić im pa 50 dalaraū štomiesiac. Taja nia vytrymała j źviarnułasia ū miłicyju. Dvuch złačyncaū zatrymałi, jašče dva paśpieli pachavacca.

Epidemija ŭ škole milicyji

U baranavickaj škole milicyji adbyłasia epidemija. 57 kursantaū z kryvaūkaj na minułym tydni byli špitalizavanyja. U samoj škole ūviedzieny karantyn — astatnich nie adpuskali na vychodnyja dachaty. Zachvareli budučyja milicyjanty ci to ad pitnoj vady, ci to z-za stałoūki.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Платная даведка

Паслугі гарадзенскай гарадзкой тэлефоннай даведачнай службы сталі платныя. Кошт адной даведкі ўдзень складае 20 рублёў, уначы (ад 22.00 да 7.00) — 40. Гарадзенская вобласьць — першая пасьля Менску, дзе былі ўведзеныя платныя паслугі гарадзкой даведкі.

Алеся Сідлярэвіч, “Нёман-Інфарм”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0