Славаччына галасуе за Саюз

Выбары ў Славаччыне скончыліся перамогай правацэнтрысцкае кааліцыі. Яе склад зьмяніўся, але на чале новага ўраду зноў устане Мікулаш Дзурында. Cтратэгічны курс Славаччыны на ўваходжаньне
ў NATO і Эўразьвяз застаецца нязьменны.

Уладзімер Мэчыяр — з-за якога Славакія ня трапіла ў NATO разам з Польшчай, Чэхіяй і Вугоршчынай тры гады таму — ужо чацьверты раз запар здабыў найбольшую колькасьць галасоў, але гэта была пустая перамога. Разам з папулісцкім “Шляхам” Робэрта Фіца і цьвердалобымі камуністамі Мэчыяраў рух правядзе найбліжэйшы час на лаве апазыцыі. Групоўка колішняга прэм’ера, які перажыў тры ўрады, у параўнаньні з папярэднімі выбарамі страціла больш за 7% галасоў.

Новы ўрад, хутчэй за ўсё, будзе ўтвораны кааліцыяй чатырох партый на чале з кансэрватыўнай СХДП, якой кіруе прэм’ер Мікулаш Дзурында. Яна заняла другое месца на выбарах, здабыўшы каля 16% галасоў. Разам з хадэкамі і вугорскай меншасьцю, зь якімі СХДП ужо каапэравалася цягам апошніх чатырох гадоў, кансэрватары будуць мець у Нацыянальнай Радзе 63 мандаты з 150. Супрацоўніцтва з новапаўсталай лібэральнай групоўкай Паўла Рускі (здабыла 15 мандатаў), стваральнікам папулярнага тэлеканалу “Маркіза”, забясьпечыць ім перавагу ў шэсьць галасоў.

— Я прыемна ўражаны. Гэта найлепшыя вынікі выбараў у Славакіі, пачынаючы з 1990 г., — кажа Марцін М.Шымачка, галоўны рэдактар газэты “Sme”.

— Найбольшую паразу пацярпела сацыял-дэмакратычнае крыло, якое ня трапіла ў парлямэнт, — кажа Соня Шамаляны, дырэктарка катэдры паліталёгіі Ўнівэрсытэту Каменскага ў Братыславе.

Прайграў і Робэрт Фіц, кіраўнік папулісцкага “Шляху”. Яшчэ нядаўна ён быў пэўным кандыдатам на пасаду прэм’ер-міністра, а апытаньні давалі ягонай партыі шанцы нават на перамогу ў выбарах. Выявілася, што адной раскруткі недастаткова, трэба яшчэ мець нейкую праграму.

Затое цешацца палітыкі вугорскай меншасьці. У калідоры іхнай сядзібы ў ноч пасьля выбараў сьпявала цыганская капэла. Кіраўнік мадзярскае кааліцыі Бэла Бугар не хаваў задавальненьня:

— Гэта наша самае лепшае дасягненьне. Найважней для мяне тое, што за нас галасавалі і славакі, галоўным чынам інтэлігенцыя з Братыславы і Кошыцэ.

“Сяброўства Славаччыны ў NATO і ЭЗ зьяўляецца толькі пытаньнем часу, — заявіў міністар замежных спраў краіны й Дзурындаў намесьнік у СХДП Эдуард Кукан. — Да нас не было прэтэнзіяў, што мы не адпавядаем, напрыклад, тэхнічным ці фінансавым крытэрам. Працяглы час, аднак, была занепакоенасьць тым, што адбудзецца, калі прыйдзе новы ўрад. Сёньня ўжо нічога не перашкаджае таму, каб мы атрымалі запрашэньне да сяброўства ў NATO падчас лістападаўскага саміту ў Празе. Партнэры на Захадзе часам сумняюцца ў нас. Нашы грамадзяне далі сыгнал — і ўжо ня першы раз, — што зацікаўленыя ва ўрадзе, які вядзе іх краіну ў ЭЗ і NATO. Мне вельмі хацелася б, каб нашы заходнія калегі пазбыліся страху наконт Славаччыны і больш нас не выпрабоўвалі. Ужо шмат разоў мы даводзілі, што зьяўляемся сталай эўрапейскай краінай”.

Камуністычная партыя Славакіі (КПС) упершыню пасьля дэмакратычных зьменаў 1990 г. правяла сваіх вылучэнцаў у Нацыянальную Раду. За іх прагаласавалі больш як 180 тыс. славакаў, што дало ім 11 месцаў у парлямэнце.

У камуністычныя часы (1948—89) КПС уяўляла сабой славацкую сэкцыю Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны. Зь яе шэрагаў выйшлі такія дзеячы, як чэх Аляксандар Дубчак, завадатар “Праскай вясны” 1968 г., што спрабаваў пабудаваць у Празе і Братыславе “сацыялізм з чалавечым тварам”, або ягоны наступнік славак Густаў Гусак, на якім ляжыць адказнасьць за ліквідацыю тых рэформаў.

Калі ў 1990 г. уладу ў краіне атрымала дэмакратычная апазыцыя, большасьць партыйцаў з сацыял-дэмакратычным ладам мысьленьня згуртаваліся ў Партыю сацыял-дэмакратычнага крыла (зараз яна ня будзе прадстаўлена ў парлямэнце, хоць на выбарах чатырохгадовай даўніны яна атрымала траціну месцаў і права ўдзелу ў фармаваньні цяперашняга ўраду Мікулаша Дзурынды). Праціўнікі гэтай трансфармацыі засталіся ў КПС. На чале партыі стаіць 54-гадовы Ёзаф Шэўц, зяць Васіля Біляка — аднаго з аўтараў ліста да Леаніда Брэжнева з просьбай дапамагчы “ў барацьбе з контррэвалюцыяй” 1968 г. Славацкія камуністы, як і іх чэскія калегі, настроеныя супраць сяброўства Славаччыны ў NATO. Уступленьне ў Эўразьвяз яны тэарэтычна дапускаюць, але пры ўмове, што ў ім адбудуцца істотныя рэформы. У выбарчай праграме КПС можна прачытаць, што краіна ад 1989 г. знаходзіцца ў крызысе і перажывае “поўнае спусташэньне”. Ёсьць там і характарыстыка КПС як “адзінай сапраўды левай партыі” ў краіне.

Вельмі падобна на тое, што Славаччына станецца адзінай дзяржавай Сярэдняй Эўропы, дзе будуць кіраваць правыя. Правацэнтрысцкія партыі пачалі свае перамовы аб кааліцыі ўжо ў ноч зь нядзелі на панядзелак. Абмяркоўваюцца супольная праграма і сьпіс міністраў. Спачатку лідэраў сямі партыяў прыме па чарзе прэзыдэнт Рудольф Шустэр, зацікаўлены ў як мага хутчэйшым фармаваньні новага ўраду. Гэта сталася б для Захаду знакам, што праблемы з Славаччынай адышлі ў мінулае.

Мікола Бугай

Партыі будучае правацэнтрысцкае кааліцыі:

Хрысьціянска-дэмакратычная партыя (СХДП) цяперашняга прэм’ера Мікулаша Дзурынды — 15,9%, 28 месцаў

Вугорская кааліцыя — 11,2%, 20 месцаў

Хрысьціянска-дэмакратычны рух (уваходзіў у папярэднюю ўрадавую кааліцыю з СХДП) — 8,2%, 15 месцаў

Лібэралы (Ano) на чале з уладальнікам прыватнага тэлеканалу “Маркіза” Паўлам Рускам — 8%, 15 месцаў

Партыі будучае апазыцыі:

Рух за дэмакратычную Славаччыну (РЗДС), прарасейская папулісцкая партыя экс-прэм’ера Мэчыяра
— 19,5% галасоў, 36 месцаў

“Шлях” (Smer), рух на чале з папулістам-нацыяналістам Робэртам Фіца — 13,5%, 25 месцаў

Камуністы — 6,3%, 11 месцаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0