Адысэя Антона Цьвячкоўскага

У кнізе айца Аляксандра Надсана “Друя і Грэка-Каталіцкая Царква на Беларусі, 1924—38” (Лёндан, 2001) сярод гадунцоў беларускіх айцоў-марыянаў з Друйскага кляштару згадваецца Антон Цьвячкоўскі. Быў ён сябрам яшчэ аднаго марыянскага студэнта — Чэслава Сіповіча, будучага біскупа, апостальскага візытатара беларусаў-каталікоў на эміграцыі. Яны разам вялі хроніку студэнцкага дому на Жыгімонта, 24 у Вільні. Пазьней, калі Цьвячкоўскі пакінуў марыянаў, ліставаліся. Далей іх шляхі разышліся. Антона Цьвячкоўскага чакалі шматлікія выпрабаваньні.

“Ён быў вясёлы, добры, выдатны гумарыст, аратар. Ніколі нічога ня меў, бо ўсё раздаваў людзям”, — успамінае ягоны сябра з-пад Шаркаўшчыны Віктар Сікора.

Паходзіў Антон Цьвячкоўскі зь вёскі Шальчыны на Мёршчыне. Пра сям’ю ягоную вядома, што былі ў яго брат і сястра. Скончыўшы гімназію, Антон вырашыў прысьвяціць сябе служэньню Богу. Пасьля закрыцьця польскімі ўладамі Друйскага кляштару, Цьвячкоўскі вучыўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, адкуль быў выключаны за беларускую дзейнасьць. Больш за тое, польскія ўлады забаранілі яму жыць у Заходняй Беларусі. Нейкі час ён быў у Львове, а пасьля — у Варшаве. Зь беларускім рухам не перапыняў кантактаў, друкаваўся ў віленскім часопісе “Шлях моладзі”.

“Шпіён” у нямецкім тыле

Пачатак другой сусьветнай вайны Антон Цьвячкоўскі сустрэў у Варшаве. Карыстаючыся ваеннай сумятнёю, ён вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну.

Пад бамбёжкамі дабраўся да Буга і пераплыў яго. Пазьней Цьвячкоўскі пісаў пра сваё падарожжа ў віленскай “Krynicy” (5 сьнежня 1939 г.): “Падняў галаву, уздыхнуў глыбака, азірнуўся навокал, быццам баючыся, ці хто ня бача, што я родную маці-зямлю асьмяляюся таптаць, — пайшоў па вёсках, хутарох і сёлах Заходняе Беларусі, кіруючы свае крокі да слаўнае Вільні”. Па дарозе Цьвячкоўскі захапіўся беларускім фальклёрам: запісваў песьні, зьбіраў паясы, ручнікі, мастацкую кераміку ды іншае — нібыта забыўся, што йдзе вайна… Сам Цьвячкоўскі прызнаваў, што, “абчэплены ўсім гэтым, выглядаў скарэй на якогась варажбіта, чымся на падарожніка-ўцекача”.

Пакуль бальшавікі марудзілі са сваім “вызвольным паходам”, нямецкія войскі ўвайшлі ў Берасьце й пайшлі далей — на Кобрынь. У вёсцы Більдзюкі спаткаў немцаў і Цьвячкоўскі. Ён ведаў нямецкую мову і ўзяўся дапамагаць сялянам і нямецкім вайскоўцам паразумецца. Афіцэр нават запрасіў Антона ў сваю часьць на абед. Той скарыстаўся запрашэньнем яшчэ і для таго, каб паглядзець зблізку на нямецкую тэхніку. За гэта жандармэрыя арыштавала небараку як “шпіёна”. “Было мне цёпла і горача, — успамінаў ён. — Бараніўся ўсімі языкамі, якія ведаў. Па скуры хадзілі мурашкі”. І ўсё ж Цьвячкоўскі здолеў пераканаць немцаў у сваёй невінаватасьці. Яны адпусьцілі яго, парадзіўшы хутчэй ісьці ў Вільню ды ня граць больш ролі “вучонага-этнографа”.

Паход на Маскву

Да пачатку нямецка-савецкай вайны Антон Цьвячкоўскі жыў у Літве, працаваў настаўнікам, падтрымліваў сувязь са сваімі старымі сябрамі. Толькі Чэслаў Сіповіч быў ужо далёка — у Рыме. Будучы генэрал ордэну марыянаў на Бацькаўшчыну ўжо ня вернецца ніколі…

Летам 1941 г. войскі Трэцяга Райху нагналі Цьвячкоўскага на Віленшчыне. І зноў ён “засьвяціўся” перад немцамі — прадэманстраваў сваё веданьне нямецкай мовы. Яго адразу ж мабілізавалі перакладчыкам. Калі Антон Цьвячкоўскі паспрабаваў уцячы з вайсковай часьці каля Маладэчна, у яго забралі цывільную вопратку, пакінуўшы толькі вайсковую.

Віктар Сікора сьцьвярджае, што Антон Цьвячкоўскі разам зь нямецкім войскам дайшоў аж да Масквы. Там Антон і атрымаў дзьве кантузіі ды магчымасьць вярнуцца ў Беларусь. Сябры яшчэ неаднойчы будуць чуць ад яго расказы пра “паход на Маскву”. Расказваў, што ўцякаць больш не спрабаваў: каб злавілі, адразу расстралялі б…

Уцёкі ад партызанаў

Дзесьці ў 1943 г. Цьвячкоўскага прызначылі бурмістрам Паставаў. У той час якраз ішла барацьба паміж беларусамі і палякамі за адміністрацыйныя пасады. Віктар Сікора сьцьвярджае, што палякі стараліся Цьвячкоўскага, як беларускага патрыёта, скампрамэтаваць перад немцамі. Відаць, удала. Аднойчы немец — начальнік жандармэрыі ўдарыў Цьвячкоўскага па твары. Той паехаў са скаргай у Глыбокае, дзе быў цэнтар акругі. Па дарозе назад напароўся на савецкіх партызанаў.

Яны пазналі бурмістра і пачалі яго біць. Гаварылі, што “гэта першы допыт, і цябе пакуль з кулаком дапытваем, на наступныя допыты прыедзе сам камандзір брыгады, ён сьцізорыкам будзе табе скуру здымаць”.

Антона Цьвячкоўскага ў адным споднім зачынілі ў нейкім хляве. Ратуючыся ад гібелі, ён цудам разьвязаў вяроўкі на руках і праз шчыт уцёк. Трапіў на нейкі хутар. А там ужо былі партызаны. Цьвячкоўскі закапаўся ў кастру каля лазьні і цэлы дзень там хаваўся. На хутар заяжджала пагоня, хадзілі партызаны каля самай лазьні, але яго не знайшлі. Ляснымі дарогамі пайшоў Цьвячкоўскі далей. “Куды ішоў — ня ведаў”, — расказваў ён пасьля. Зайшоў у вёску Сіўцы да знаёмых, якія далі яму адзеньне. Цьвячкоўскі сеў на цягнік і паехаў у Менск. Там ён, паводле ўспамінаў Віктара Сікоры, працаваў у рэдакцыі часопісу “Беларус на варце”, жыў на адной кватэры разам з Язэпам Найдзюком і Лявонам Галяком.

Летам 1944 г. Антон Цьвячкоўскі выехаў зь Беларусі ва Ўсходнюю Прусію. Жыў у Кёнігсбэргу. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусі захоўваецца позва, якую 5 лютага 1945 г. накіраваў Цьвячкоўскаму з Бэрліну генэрал Кастусь Езавітаў: “Гэтым Вы паклікаецеся на службу ў Беларускае Войска. Зьявіцца неадкладна ў Вайсковы Аддзел пры Беларускай Цэнтральнай Радзе”. Ці служыў ён там, невядома. Невядома таксама, калі Антон Цьвячкоўскі трапіў у рукі бальшавікоў.

Атрымаў ён 20 гадоў зьняволеньня. У 1951 г. у вугальнай шахце на Калыме зь ім здарыўся няшчасны выпадак — паламаў нагу, рэбры. Лягерныя гады так зьмянілі Антона, што знаёмыя і сваякі падчас першай сустрэчы яго не пазнавалі…

Чужыя песьні

На волю Цьвячкоўскі выйшаў у 1956-м. Зноў паехаў у Літву, дзе доўга ня мог знайсьці працу. 25 сьнежня 1956 г. ён пісаў да Віктара Сікоры:

“Дарагі Віктар Іванавіч!

Сёньня сьвята, але настрой душы зусім не сьвяточны. Сяджу дома. Няма куды пайсьці разьвеяць хандру. Ня маю такога сябры, перад якім можна было б адкрыць душу і выказаць усё тое, што набалела на пячонцы. Астаўся Ты ў мяне адзін, якому я давяраю і каму я хачу сказаць усё адкрыта. Думаю, мяне зразумееш, не пасьмяешся і не раскажаш іншым. Асабіста я вельмі хацеў адведаць Малыя Алашкі, каб асабіста пагутарыць з Табою, бо паперы ня хочацца зусім давярацца. Матэрыяльныя ўмовы не пазволілі. Проста кажучы, у кішэнях веюць ветры. Жыву так бедна, як ніколі яшчэ ня жыў. Пака безработны. Маніўся ўстроіцца нарміроўшчыкам у МТС, не ўдалося. У калхоз паступіць — мала толку. На працадні бадай нічога не атрымоўваюць калхозьнікі. Жывуць з сотак і з таго, што ўкрадуць у калхозе. Здароўе — разьбітае карыта, або жораў з падстрэленым крылом і зламанай нагой.

Зуб часу (12 гадоў) выгрыз у мяне 8 зубоў, паламаў правую нагу, 3 рэбрыны і парушыў касьцяк. Валасы мае ўжо ўпрыгажае сярэбраная сівізна. Жыцьцё яшчэ шавеліцца ў касьцёх — як мокрае гарыць. Думаю, хутка ўжо патухне, “дагарыць мая лучына”. У роднай Старонцы адчуваю сябе чужым. Старых сяброў пагубляў, а новых шукаць ужо ня хочацца. Моладзь наша пяе ўжо іншыя, чужыя песьні. Аднак я далёкі ад усялякіх дурных думак. Я неадменны аптымісты. Гляджу ў будучае ў розавых красках. Гол як сакол — гавару, мне добра жывецца; сумна на душы — я сьмяюся; баляць паламаныя косьці — я сьпяваю песьні.

Жыву я вельмі скромна. На вечарынкі рэдка хаджу. Маладыя гускі не глядзяць нат’ у мой бок. Часамі толькі вясёлыя ўдавіцы страляюць у беднага калымчаніна. Зь імі я знаходжу супольны язык. Не жыву я курортнікам або амэрыканскім назіральнікам. Памагаю ў дамашняй працы. Еду ў лес, сяку дровы, кармлю скаціну і да т.п. Вольнай хвілінай чытаю...”

У архіве Сікоры захавалася яшчэ колькі паштовак Цьвячкоўскага 1957—60 г. Пра далейшы ягоны лёс Віктар Сікора нічога ня ведаў. Той перастаў прыяжджаць, пісаць, а Сікора яго расшукваць не спрабаваў.

Выпадкова натрапіў я на прозьвішча Антона Цьвячкоўскага ў “Слоўніку беларускіх псэўданімаў” (Менск, 1983) Янкі Саламевіча. Аўтар, са словаў віленчука Янкі Багдановіча, падаваў псэўданімы Цьвячкоўскага ў часопісе “Шлях моладзі”: “Наддзьвінец”, “Наддзьвінскі”. Віктар Сікора дадае яшчэ некалькі ягоных псэўданімаў: “Антон Хітры” і “Антон Спрытны”. Падаў Саламевіч і дату сьмерці Цьвячкоўскага: 16 красавіка 1974 г. Янка Багдановіч колісь паведаміў яму, што памёр і пахаваны Антон Цьвячкоўскі ў Вільні.

Сяргей Ёрш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0