Эпоха Дударава скончылася

Разам з восеньню пачаўся новы тэатральны сэзон. Сярод сёлетніх прыярытэтаў — п’есы Купалы і Курэйчыка. Рэжысэры па-ранейшаму аддаюць перавагу айчыннай драматургіі. Пра тое, чым яшчэ будзе адметны гэты сэзон, мы запыталіся ў Сяргея Кавалёва, крытыка і драматурга, аўтара п’есаў “Трышчан ды Іжота”, “Стомлены д’ябал”, “Баляда пра Бландою”, “Саламея” і інш.

“НН”: Чаго Вы чакаеце ад новага тэатральнага сэзону?

С.К.: Пастаноўкі маёй п’есы “Тарас на Парнасе” ў Віцебскім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. Віталь Баркоўскі вельмі хацеў, каб прапрэм’ера адбылася на Віцебшчыне: менавіта адтуль паходзіў Канстанцін Вераніцын, верагодны аўтар паэмы.

Апроч таго, у гэтым сэзоне Міністэрства культуры праводзіць конкурс на лепшыя п’есы. У выніку зьяўляюцца дзясяткі новых твораў, зь якіх потым можна нешта выбіраць. Вельмі шмат надараецца слабых п’ес, але бываюць і ўдачы.

“НН”: А чаго варта чакаць гледачам?

С.К.: Гэты сэзон можна назваць “купалаўскім”: у нас ёсьць адразу тры новыя пастаноўкі паводле самага загадкавага твору Купалы — паэмы “Сон на кургане”. Летась у Горадні зьявілася лялечная пастаноўка Алега Жугжды, у Віцебску спэктакль ставіць Віталь Баркоўскі, а ў Расейскім тэатры ў Менску — Барыс Луцэнка. Ды яшчэ спэктакль “Адвечная песьня” ў Тэатры беларускаай драматургіі.

“НН”: Ці толькі паводле твораў Купалы будуць ісьці асноўныя спэктаклі?

С.К.: Варта назваць яшчэ імя Андрэя Курэйчыка. Пастаноўкі ягоных п’есаў рыхтуюць Тэатар беларускай драматургіі, Тэатар юнага гледача, Купалаўскі.

“НН”: Беларускі тэатар перажываў “эпоху Крапівы”, “эпоху Макаёнка”, потым — “эпоху Дударава”. Цяпер надышла “эпоха Курэйчыка”? Такая монацэнтрычнасьць, арыентаванасьць на аднаго аўтара — гэта характэрная рыса беларускага тэатру?

С.К.: Відаць, унутраная ўласьцівасьць. Праўда, ёсьць пэўная праблема ў тым, што сёньня амаль усе тэатры імкнуцца паставіць п’есы Курэйчыка. Зь імі працуюць рэжысэры, старэйшыя за аўтара. У іх іншы досьвед, іншы погляд на жыцьцё. Я думаю, п’есы маладога драматурга павінен ставіць рэжысэр ягонага пакаленьня — блізкі яму па сьветаглядзе. Аднак маладых новых рэжысэрскіх імёнаў якраз і не чуваць апошнім часам.

“НН”: Але чаму з імёнаў маладых драматургаў чуваць толькі імя Курэйчыка?

С.К.: Зь цяперашняга пакаленьня ён самы таленавіты і працаздольны. Дый рэжысэрам заўсёды прасьцей працаваць з адным аўтарам: на яго ўсе арыентуюцца, ведаюць, што ад яго чакаць.

У драматургаў пакаленьня “тутэйшаўцаў” не было свайго лідэра, кшталту Кандрата Крапівы ці Андрэя Макаёнка. Кожны пісаў так, як сам хацеў: Міраслаў Шайбак з Максімам Клімковічам пісалі фарсы, дэтэктывы, Ігар Сідарук напісаў першую п’есу абсурду па-беларуску, я працаваў над “гермэнэўтычнымі” п’есамі, якія ядналі тэатар і літаратуру… Была большая жанравая і тэматычная разнастайнасьць. Папярэднім пакаленьням было цяжэй. Так, за постацьцю А.Макаёнка прамільгнуў незаўважаны нашым тэатрам драматург Уладзімер Караткевіч зь ягонымі гістарычнымі драмамі.

“НН”: А чым вызначаецца “пакаленьне Курэйчыка”?

С.К.: Яны практычна ўсе пішуць пакуль па-расейску. Назаву яшчэ Андрэя Карэліна, напрыклад. Наагул, існуе мяжа паміж беларускай культурай і беларускім тэатрам. Падставовыя рэчы, якія вызначаюць беларускую культуру, адсутнічаюць у нашым тэатральным асяродзьдзі. І гэта — аб’ектыўная прычына таго, што драматургі ня пішуць па-беларуску.

Другая прычына расейскамоўнасьці — асабістага характару. Андрэй Курэйчык імкнецца стаць вядомым ня толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай тэрыторыі. І піша па-расейску, каб п’есы маглі паставіць расейскія рэжысэры. Першы пераклад ягонага твору для “купалаўцаў” зрабіў Аляксей Дудараў. Праўда, Андрэй сам зрабіў беларускі варыянт сваёй найлепшай на гэты час п’есы “П’емонцкі зьвер”.

Ня ведаю, мо і ня варта было б пераўвасабляць расейскамоўныя тэксты на беларускую мову. Большасьць жа тэатраў расейскамоўныя. Мне вельмі не падабаецца, як перакладаюць п’есы.

“НН”: Але ці ня выкліча гэта зьяўленьня “расейскага тэатру ў Беларусі”?

С.К.: Не, гэта будзе беларускі тэатар зь беларускай драматургіяй. Але — напісанай па-расейску. Нацыянальная традыцыя вызначаецца ня толькі драматургіяй, але і рэжысурай, і акторскай гульнёй. Праўда, у Беларусі апошнім часам стаўка робіцца менавіта на драматургію: на міжнародных фэстывалях нашыя тэатры выступаюць зь беларускімі п’есамі. Тут можна згадаць, напрыклад, пастаноўку В.Баркоўскага “Шагал, Шагал” паводле п’есы Ўладзімера Драздова, пастаноўкі паводле твораў А.Паповай, паводле маіх п’есаў… Гэта вылучае наш тэатар спаміж іншых, якія арыентуюцца на клясыку (як сусьветна вядомы літоўскі тэатар). І ў гэтым вялікую ролю адыграў тэатар Валер’я Мазынскага “Вольная сцэна”. Ён спалучыў беларускую культуру і беларускі тэатар.

“НН”: А як бы Вы ацанілі тое, што адбылося з “Вольнай сцэнай”?

С.К.: Гэта трагедыя найперш для актораў, якія разышліся ў два тэатры: у “Вольнай сцэне” ў іх склаўся быў цудоўны калектыў. Тэатар ведалі. Я час ад часу анкетаваў студэнтаў, і яны адказвалі, што ведаюць Купалаўскі і “Вольную сцэну”.

Мазынскаму варта было пакінуць назву ў гісторыі й не забіраць з сабой у новы калектыў. Бо гэта быў менавіта той тэатар. Усё нашае пакаленьне было зьвязанае зь ім. Нават пасьля таго, як яго перайменавалі ў “Тэатар беларускай драматургіі”, калектыў застаўся з старой назвай — іначай іх ніхто не называў нават у прэсе, толькі “Вольнай сцэнай”. А цяпер у гледачоў пэрыядычна ўзьнікае блытаніна. Нават сярод сваіх студэнтаў я чуў такія размовы: “Пойдзем на “Вольную сцэну”. — “А на старую ці новую?”

“НН”: Як уплываюць на тэатральнае жыцьцё Беларусі прыватныя тэатры: “Мікола-тэатар”, “Малы тэатар” і г.д.?

С.К.: Адна з самых сумных зьяваў у тэатральным жыцьці Беларусі — амаль поўная адсутнасьць незалежных тэатраў, альтэрнатыўных. У Польшчы ёсьць дзяржаўныя, рэпэртуарныя тэатры і ёсьць альтэрнатыўныя. Яны, па сутнасьці, таксама дзяржаўныя: належаць муніцыпальным уладам ці ўнівэрсытэтам. Але яны робяць экспэрымэнтальныя пастаноўкі. У нас падобную ролю адыгрываў студыйны рух, зь якога выйшлі Віталь Баркоўскі, Рыд Таліпаў, Мікола Трухан.

Раней у Менску быў “Альтэрнатыўны тэатар” — з сваёй палітыкай, сваёй праграмай. Там была адроджаная “Камэдыя”, якая дагэтуль ёсьць найлепшай пастаноўкай “Малога тэатру” — пераемніка “Альтэрнатыўнага”. Аднак збольшага “Малы тэатар” сёньня займаецца антрэпрызамі — арганізацыяй гастроляў расейскіх тэатраў.

Цяперашнія прыватныя тэатры засяроджваюцца пераважна на лёгкіх францускіх камэдыях. Мікалай Пінігін у “Мікола-тэатры” — гэта зусім ня той Пінігін, якога мы ведаем па “Тутэйшых” і “Ідыліі”. Там няма эстэтычных пошукаў, бо рэжысэр вымушаны арыентавацца на патрабаваньні публікі. У гэтым ён вельмі жорстка абмежаваны.

“НН”: А прыватныя праекты?

С.К.: Прыватныя праекты ў нас не прыжыліся. Вельмі цяжка знайсьці сродкі на пастаноўку: багатыя людзі баяцца паказваць, што ў іх ёсьць грошы. Дзяржаўныя праекты фінансуюцца кепска, рыхтуюцца доўга, але ўсё ж даюць большы шанец на рэалізацыю.

А сёньня ад Беларусі на тэатральных фэстывалях чакаюць таго, чаго практычна ня робяць дзяржаўныя тэатры, — новага слова, нетрадыцыйных пастановак. Прыкладам зробленага ў апошні час можна назваць пастаноўку “Больш чым дождж”, зробленую маладымі купалаўцамі з дапамогаю Фонду падтрымкі культуры, — незалежны праект, ацэнены ня толькі ў Беларусі.

Гутарыў Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0