Славамір Адамовіч

Сустрэча

Дванаццатага жніўня, у дванаццаць,

ты пазваніла. Я слухаўку зьняў

і голас твой пачуў, і дзённы шпацыр

на маналёг твой рэзка прамяняў.

Ты гаварыла… Ты мяне прасіла:

“…у Вязынку, у Лошыцу, альбо

ну хоць куды,

дзе ёсьць электрасіла

электрацягнікоў і правады”.

Я чуў — ня чуў, а ты мяне ўшчувала

за тое, што зьбіраюся зьяжджаць…

Не-не, ты пра каханьне прамаўчала,

але ў маўчаньні страсьць жыла кахаць.

Ты гаварыла… Я зьбіраўся з духам,

каб адказаць, каб нешта адказаць.

Здалося мне, што стаў я лёгкім пухам

і ўжо вось-вось пачну, як пух, лятаць.

Ты гаварыла: пра дачку, пра мужа,

пра тое, што пільнуе твой цябе,

што стала ты калючая, як ружа,

у вашае сямейнае брацьбе.

У рэшце рэшт сустрэліся мы ў пятым

тралейбусе, што йшоў, як трэба нам,

сустрэліся, як па вайне салдаты,

і тылавыя выпілі сто грам.

І праўда, мы пілі, ды не гарэлку —

шампанскае, і елі шакаляд…

Праз дваццаць год зьявіўшыся на стрэлку,

Мы ў небе дня шукалі зарапад.

24 жніўня 2002 г.

 

* * *

Пяшчотную скуру маіх рук

любяць жанчыны рознага веку.

Так любяць стрэлы горла базук,

а цар вужыны — цёплае млека.

Жанчына пакліча — і я іду

на покліч, на позірк вачэй зялёных,

каб шэптам гарачым прагнаць жуду

і адгаварыць злыбяду праклёнаў.

Я моцны, пакуль я жанчыну люблю,

пакуль цалуюся зь ёй радыкальна,

а потым белы слухаю блюз

і ціха кажу сабе: усё нармальна.

Пяшчотную скуру вуснаў маіх

цалуе жанчына малога веку…

О, як цудоўна — жыцьцё на дваіх

і проста нармальным быць чалавекам!

2000—2002 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0