Выбары ідуць

Цэнтральная выбарчая камісія рэкамэндавала Аляксандру Лукашэнку прызначыць першы тур выбараў у мясцовыя саветы на 2 сакавіка 2003 г. Адпаведны ўказ мае зьявіцца сёлета — не пазьней за 2 сьнежня. “Калі мы прызначым выбары на тыдзень раней, другі тур выпадзе на 8 сакавіка — сябры камісіяў у асноўным жанчыны, таму не хацелася б адбіраць у іх сьвята. Калі на два тыдні раней — выбары выпадаюць на 23 лютага. З чыста прагматычных меркаваньняў мы і спыніліся на 2 сакавіка”, — патлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Саветы і дэпутаты

На 15 лютага ў Беларусі налічвалася 1679 саветаў дэпутатаў усіх узроўняў — 6 абласных, прыраўнаваны да іх Менскі гарадзкі, 117 раённых, 20 гарадзкіх у гарадох абласнога падпарадкаваньня, 11 гарадзкіх у гарадох раённага падпарадкаваньня, 79 пасялковых ды 1445 сельскіх саветаў.

Налета няменскім выбарцам трэ будзе абраць 24130 дэпутатаў — менавіта столькі выбарчых акругаў сфармавана ў шасьці абласьцях краіны. Менскі гарсавет мае завяршыць аналягічную працу да 4 лістапада. У сталіцы, дзе канкурэнцыя ў барацьбе за мандаты будзе наймацнейшай, “нарэжуць” ад 40 да 60 акругаў. Дакладная лічба яшчэ ня вызначаная.

 

Ня час сабаку карміць

Ніякіх істотных зьменаў, у параўнаньні нават з выбарамі ў палату прадстаўнікоў 2000 г., у правілах муніцыпальных выбараў не адбудзецца. Непрыемным сюрпрызам станецца пастанова пра абавязковае дэкляраваньне даходаў усімі патэнцыйнымі кандыдатамі. Выключэньне — кандыдаты ў сельскія ды пасялковыя саветы. Дэклярацыі аб даходах і маёмасьці “могуць і мусяць стаць дасягненьнем галоснасьці” — яны будуць вывешаныя на агульных інфармацыйных стэндах, заяўляе старшынька Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Гэта можа дыскрэдытаваць кандыдатаў ад правых партый, звычайна людзей багацейшых, у вачах левага электарату.

Што да зьменаў у выбарчым заканадаўстве, дык іх немэтазгоднасьць за некалькі месяцаў да выбараў даводзіць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. “Для нас, як арганізатараў выбараў, непасрэдна на этапе падрыхтоўкі кампаніі ня столькі важная магчымасьць унясеньня зьменаў у заканадаўства, колькі ягоная стабільнасьць. Наш Кодэкс прайшоў дзьве сур’ёзныя абкаткі на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Пэўныя ўдасканаленьні можна было б зрабіць. Але ёсьць беларуская прымаўка: “Не тады сабаку карміць, як на паляваньне ісьці”. У непасрэднай блізкасьці ад выбараў, напэўна, ня час уносіць нейкія зьмены”, — сьцьвярджае сакратар ЦВК.

 

Колькі каштуюць выбары

Выбары абыдуцца дзяржаве ў 7 млн. даляраў. Асноўная частка фінансаў мае пайсьці на заробкі сябрам выбарчых камісіяў усіх узроўняў. У Беларусі будзе працаваць блізу сямі тысячаў участковых камісіяў (колькасьць супрацоўнікаў кожнай складае 5—19 чалавек) і каля дзьвюх тысячаў тэрытарыяльных і акруговых камісіяў (іх штат — 9—13 чалавек). Разам ва ўсіх камісіях задзейнічаныя пад 90 тыс. чалавек. Грошы кожны зь іх атрымае невялікія: сярэдні заробак плюс 10%. “Але вялікая колькасьць камісіяў, іх супрацоўнікаў цягне адпаведныя фінансавыя расходы”, — тлумачыць М.Лазавік.

Усе гэтыя грошы давядзецца браць зь дзяржбюджэту. Фармальна існуе яшчэ і пазабюджэтны фонд ЦВК, які мусіць фінансавацца за кошт добраахвотных ахвяраваньняў фізычных ды юрыдычных асобаў.

Праблема зь фінансаваньнем кампаніі яшчэ і ў тым, што сродкі на муніцыпальныя выбары будуць закладзеныя толькі ў бюджэце на 2003 г., тады як асноўны цяжар падрыхтоўчае працы прыпадае на другую палову 2002 г. Таму ЦВК зьвярнулася да Міністэрства фінансаў з просьбаю ўжо ў чацьвертым квартале выдзеліць частку грошай — на мерапрыемствы, якія трэба правесьці ў лістападзе—сьнежні. “Грошай у нас няма ні капейкі, таму цяпер мы працуем над праблемамі, якія не вымагаюць фінансаваньня. Мы спадзяёмся, што Мінфін усё-такі выдзеліць сродкі. Выбары — усенародная кампанія, якая патрабуе паэтапнага фінансаваньня. Калі сродкі будуць выдзеленыя са спазьненьнем, то мы проста правалім выбары. А гэтага не дазваляе Канстытуцыя: выбары могуць быць адмененыя толькі ва ўмовах надзвычайнага становішча”, — кажа М.Лазавік.

 

Накладна для кішэні

На папярэдніх выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў “конкурс” склаў усяго 1,2 чалавека на месца. Гэта было зьвязана з тым, што дэмакратычная апазыцыя іх байкатавала. Тады нацыянал-дэмакраты баяліся, што ўдзел у выбарах можа легітымізаваць уладу А.Лукашэнкі. А гэта несла б пагрозу легітымізацыі верагоднага далучэньня Беларусі да Расеі. Яно тады сапраўды было як ніколі вераемным.

Налета “ў буйных гарадах актыўнасьць будзе высокая, — кажа М.Лазавік. — У Менску, я мяркую, на адно дэпутацкае месца будуць прэтэндаваць да 10 чалавек. Такая ж сытуацыя можа назірацца і ў абласных цэнтрах. На ўзроўні пасялковых ды сельскіх саветаў палітычная актыўнасьць кандыдатаў будзе прыкладна такая ж, як і на мінулых выбарах”.

Нізкая актыўнасьць прэтэндэнтаў тлумачыцца тым, што мясцовыя саветы накладныя для дэпутацкіх кішэняў. Гэта вельмі няўдзячная работа. Дэпутаты ня маюць нават права на бясплатны праезд па тэрыторыі свайго раёну. Дадатковых стымулаў для актывізацыі прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты няма.

 

Левыя рыхтуюцца, правыя чакаюць

Згодна з заканадаўствам, зрабіцца кандыдатам у дэпутаты можна двума спосабамі: праз вылучэньне працоўнымі калектывамі ці шляхам збору подпісаў. Для апазыцыйных партыяў, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, першы шлях адпадае: пры наяўнасьці адміністрацыйнае зьвязкі “начальнік—падначалены” прэтэндэнтаў будзе вызначаць начальства. Застаецца адно: збор подпісаў.

Аднак беларуская апазыцыя застаецца “множнаю”. КХП-БНФ ня бачыць сэнсу браць удзел у “кантраляваных выбарах”. Левыя мяркуюць ісьці на выбары канфэдэрацыяй “За сацыяльныя перамены” (у яе ўваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада), Беларуская партыя працы ды Партыя камуністаў). Яшчэ 28 траўня яны падпісалі пагадненьне “Аб каардынацыі падрыхтоўкі і правядзеньня мясцовых выбараў”. Гэтыя тры партыі ды яшчэ частка жанчынаў з партыі “Надзея” на чале з Валянцінай Матусевіч складуць левацэнтрысцкую кааліцыю. З 52 акругаў, на якія быў падзелены Менск падчас мінулых выбараў, яны зьбіраюцца ўзяць сабе 15. Астатнія пакідаюць правым. Апошнія ж пакуль ня маюць нейкага каардынацыйнага органу ці штабу, што можа выклікаць вэрхал непасрэдна ў акругах.

“Яшчэ ў траўні я публічна зьвяртаўся да лідэраў БНФ Вячоркі і АГП Лябедзькі даць рэгіянальным арганізацыям даручэньне падзяліць акругі, але вынікаў — ніякіх. Шкада. Ніхто не сумняецца, што выбары будуць несумленнымі, але іншае альтэрнатывы няма — трэба ісьці змагацца. Каля сямі тысячаў акругаў толькі ў гарадах — нехта ды пройдзе”, — гаворыць Мікола Статкевіч, лідэр БСДП(НГ).

Ён лічыць, што галоўная праблема правых — адсутнасьць вылучаных кандыдатаў па акругах — вось яны, маўляў, і цягнуць час. “У нас магло б быць і болей кандыдатаў, але мы пакідаем месца і для правых. Мы ж разумеем, і іншым трэба”, — гаворыць палітык.

Вінцук Вячорка яшчэ вясной заявіў: “На базе КРДС мы выйдзем на стварэньне палітычнага блёку прыкладна ў верасьні, але пагадненьне аб супрацоўніцтве ў рамках КРДС заключым значна хутчэй”. Аднак на пачатак кастрычніка ўгоды яшчэ няма.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заяўляе, что ніякага правага блёку ня будзе. “Мясцовыя выбары — палітычна-сацыяльная кампанія”, у часе якой 80% кандыдатаў будуць ісьці зь мясцовымі праблемамі: дарогі, грамадзкі транспарт, сацыяльныя праблемы, а астатнія 20% — з палітычнымі: адносіны да ўлады, да Лукашэнкі. “Калі весьці гаворку пра канкурэнтаздольнасьць кандыдатаў, то многія акругі застануцца незакрытымі. У Менску мы гатовыя закрыць 2/3 акругаў сваімі кандыдатамі. Па канкурэнтаздольнасьці пытаньні могуць узьнікнуць у Горадні, Менску, яшчэ 4—5 гарадах”, — сьцьвярджае А.Лябедзька.

Увесну быў праведзены “круглы стол” партыяў — сяброў Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў (КРАПП), на якім вырашана ў часе мясцовых выбараў усе кааліцыі ствараць па мадэлі “зьнізу ўверх”, а не наадварот. “Гэта азначае, што ўсе партыі рэкамэндавалі рэгіянальным структурам імкнуцца да стварэньня адзіных кааліцыяў у асобных рэгіёнах, якія б ядналі ўсе апазыцыйныя сілы. Па гэтай мадэлі мы працуем да сёньня. 5 кастрычніка адбыўся Нацыянальны камітэт, на якім зафіксавалі: адказнасьць за стварэньне мясцовых кааліцыяў нясуць нашыя мясцовыя арганізацыі — мы ім давяраем, лічым, што на месцы яны лепш ведаюць сытуацыю ды людзей”, — гаворыць А.Лябедзька. Пры гэтым “фармат кааліцыяў у кожным рэгіёне будзе розны: у адным месцы — кааліцыя з БНФ, у другім — з Народнай грамадой”. Паводле ягоных словаў, АГП гатовая вылучыць усяго каля 500 кандыдатаў.

Калі левыя поўным ходам рыхтуюцца да выбараў на ўзроўні нацыянальнага кіраўніцтва, падбіраючы кадры, то правыя збольшага вычэкваюць. Яны робяць стаўку на працу ў акругах, дзе на базе леташніх ініцыятыўных групаў за Домаша актыўна фармуюцца мясцовыя кааліцыі. Ці спрацуюць яны “бязь лідэра” так, як спрацавалі з Домашам, пабачым 2 сакавіка.

Глеб Хмяльніцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0